Вы тут

Чым для нас карысныя ўратаваныя мастацкія каштоўнасці?


У Нацыянальным гістарычным музеі працуе выстава "Выратаваныя каштоўнасці". Выстава арганізавана сумесна з філіялам Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея (Музеем "Выратаваныя мастацкія каштоўнасці") і дзейнічае ў рамках доўгатэрміновага выставачнага праекта "Культура не ведае правінцыі", мэта якога — паказаць унікальныя музейныя калекцыі абласных і раённых музеяў краіны.

Выстава "Выратаваныя каштоўнасці" прэзентуе больш за 300 помнікаў гісторыі і культуры, якія былі канфіскаваны на беларускай мяжы падчас спроб незаконнага вывазу. Гэта помнікі нумізматыкі і баністыкі VІ-ХХ стст. — манеты Візантыі, еўрапейскіх краін, Рэчы Паспалітай і

інш. Калекцыя прадметаў з каштоўных металаў прадстаўлена паясамі і кінжаламі працы майстроў Паўночнага Каўказа, сярэбранымі партсігарамі і іншымі вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Экспануюцца творы мастацтва краін Усходу, сярод якіх кітайскія дэкаратыўныя накладкі і сярэднеазіяцкі посуд з медзі. Заходнюю Еўропу прадстаўляюць рыжскі хрусталь, вытанчаныя прадметы побыту, посуд, графіка. Адной з найбольш шматлікіх частак экспазіцыі з'яўляецца калекцыя абразоў ХVІІІ-ХХ стст.

— Калі раней усё везлі з тэрыторыі краін былога Савецкага Саюза, то на працягу некалькіх апошніх гадоў усё больш вязуць сюды. Летась мы затрымалі вялікую калекцыю антыкварнай мэблі, сёлета затрымалі ў аэрапорце грамадзяніна ЗША, які меў від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь і таксама спрабаваў увезці сюды прадметы, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць: ордэны, медалі, манеты розных краін, — распавядае Уладзімір ГАРЫФАЎ, начальнік аддзела каардынацыі барацьбы з кантрабандай Дзяржаўнага мытнага камітэта. — Вельмі насцярожвае тое, што на тэрыторыю былога Савецкага Саюза апошнім часам увозіцца вельмі шмат прадметаў з нацысцкай сімволікай. Гэта і ордэны, і зброя Трэцяга рэйха, і кнігі 1930-х гадоў, у тым ліку і "Mеіn Kаmрf". Гэта, у прынцыпе, таксама гістарычныя каштоўнасці, але інтарэс да іх не можа не насцярожваць...

Што ж тычыцца прадметаў, прадстаўленых музеем "Выратаваныя мастацкія каштоўнасці", калекцыя якога ўвогуле, дарэчы, налічвае ўжо 5 тысяч экспанатаў, "здабытых" брэсцкімі мытнікамі, то гэтыя творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва паходзяць у асноўным з іншых краін. А таму...

— Я ўважліва паглядзеў выставу і хачу сказаць, што ніводны з твораў, прадстаўленых тут, не выклікаў у маёй душы вялікага хвалявання. Чаму? Таму што гэта чужыя каштоўнасці. Пераважна расійскія, украінскія і гэтак далей. Што з гэтага вынікае? — разважае Адам МАЛЬДЗІС, прафесар, гісторык, мастацтвазнаўца. — Гэта добра, што існуе такі музей у Брэсце. Але мне здаецца (тут я выступаю не толькі ад імя камісіі "Вяртанне" Беларускага фонду культуры, але і ад імя апякунскага савета Нацыянальнага гістарычнага музея і ад імя Камісіі па рэстытуцыі пры Савеце Міністраў), што гэтыя вялікія каштоўнасці, якія нам не належаць, можна выкарыстаць у інтарэсах Беларусі. У інтарэсах абмену каштоўнасцямі. Калі мы не можам бесперашкодна вяртаць нашыя каштоўнасці з-за мяжы, дык мы можам памяняць іх на гэтыя каштоўнасці.

Выстава "Выратаваныя каштоўнасці" працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску да сярэдзіны верасня. Дагэтуль яна паспела пабываць у іншых гарадах Беларусі, у Расіі, Польшчы, ва Украіне. Падарожжа яе, відаць, працягнецца. І, магчыма, якраз гэта паспрыяе таму, што нехта з замежжа захоча абмяняць экспанаты нашай калекцыі на каштоўнасці, якія належаць беларускаму народу і на працягу многіх стагоддзяў вывозіліся з краіны ў невядомых і вядомых кірунках.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.