Вы тут

Віцебск – дэсантная сталіца. І гавань маракоў


Віцебск — старажытны беларускі горад. Радзіма сусветна вядомага Марка Шагала. Яшчэ ў савецкі час горад на Дзвіне лічылі своеасаблівай сталіцай паветрана-дэсантных войск: тут стаяла дывізія ПДВ. І яшчэ адна дывізія была ў горадзе — ваенна-транспартная. Адразу дзве на адзін абласны цэнтр.

Далёкае мінулае

Мастацтвазнаўцы сцвярджаюць, што героямі першых работ маленькага Шагала сталі віцебскія вайскоўцы. Сям'я мастака жыла на Пакроўскай, побач з казармамі. І хлапчук маляваў тое, што там бачыў. Пад уплывам суседзяў, відаць, і працу выбраў — у 1916 годзе падаўся служыць у ваенна-прамысловы камітэт.

— Горад наш пачынаўся як замак, — распавядае мясцовы гісторык Валерый Шышанаў. — Як крэпасць старажытнарускіх княстваў. У Віцебску збудавалі адну з найлепшых крэпасцяў таго часу.

У 1772 годзе ў горадзе з'явіўся Вісцызкі батальён, праз два гады перайменаваны ў Віцебскі. Пасля батальён стаў палком. Яго найменне можна ўбачыць на мемарыяльнай дошцы ў цэнтры Севастопаля — у пераліку тых, хто асабліва вызначыўся падчас Крымскай вайны.

1376492841606_1

Плануючы кампанію 1812 года, Напалеон лічыў захоп Віцебска адной з найважнейшых задач. Меркаваў зрабіць у горадзе Стаўку і затрымацца, каб сабраць сілы для далейшага паходу. Але вельмі цяжкія баі пад Полацкам і Астраўно і ўдалае злучэнне рускіх войскаў ля Смаленска прымусілі Банапарта пакінуць Віцебск заўчасна.

З 1884 года ў горадзе стаў ленкаранскі полк. Калі ўспыхнула вайна на Каўказе — яго кінулі туды. Разгарэлася руска-японская вайна — і на Далёкім Усходзе без віцебскіх ленкаранцаў не абышлося.

Сёння аб палку нагадваюць толькі старыя казармы. Будавалі іх надзейна, грунтоўна — яшчэ нядаўна там знаходзілася сучасная ваенная камендатура.

Дэсантная эпоха

У 1945-м у горад прыслалі дэсантнікаў. Цэлую дывізію — гвардзейскую. Якую ў час новай вайны планавалася дэсантаваць з самалётаў — і салдат, і баявую тэхніку. Для чаго на складах ляжала патрэбная экіпіроўка, уключаючы пагрузачныя рампы і велізарныя грузавыя парашуты на кожную баявую машыну. Амуніцыі назапасілі столькі, што беларускія вайскоўцы пасля замучыліся вывозіць з Віцебска гэты рыштунак, які стаў непатрэбным.

Мець вайсковы дэсант — дарагая справа. Туды і людзей трэба адмысловых, і тэхніку адпаведную. Такая багатая і амбіцыйная ў ваенным сэнсе краіна, як Францыя, змагла сабе дазволіць трымаць толькі адну паветрана-дэсантную дывізію. СССР меў іх ажно сем.

Нядаўна з жыцця пайшоў Яўген Гаравы, які прызываўся ў Віцебскую дывізію ў пяцідзясятых звычайным радавым.
І заканчваў служыць там жа, у 103-й гвардзейскай, падпалкоўнікам.

— Сапраўды напружаная служба. Мы былі гатовы да вайны ў любую хвіліну. Плацілі на рубель больш, чым у другіх часцях. Там салдату ў месяц выдавалі тры з паловай рублі. А дэсантнікам — чатыры з паловай. Салдатаў падбіралі дужых — і па фізічных якасцях, і па духу. У казармах тады былі магазіны без прадаўца, дзе адкрыта ляжалі тавары з ваенторга. Узяў, што трэба, узамен паклаў грошы. І ніколі нічога не прападала. Такія салдаты служылі. З парашутам скакалі з непрыстасаванага для такіх мэт цяжкага бамбардзіроўшчыка Ту-4. Сігалі праз бамбалюкі на хуткасці пад 400 кіламетраў у гадзіну. Вылятаеш — аж іскры з вачэй сыплюцца. Трасло нас, як гарох. Часам нават боты на ляту зрывала паветраным патокам.

У 1968 годзе віцебскія "блакітныя берэты" ляталі ў Чэхаславакію ратаваць мясцовую камуністычную ўладу. Другі раз іх ваенныя гарадкі апусцелі, калі СССР увязаўся ў вайну ў Афганістане.

Існуе шмат меркаванняў, чаму менавіта віцябчан паслалі на тую вайну. У Савецкай Арміі было яшчэ шэсць такіх дывізій: у Туле, Пскове, Кіравабадзе, у Адэскай вобласці і яшчэ дзве ў Прыбалтыцы — любую выбірай

. Кажуць, што віцебская выглядала найбольш баявой. Спрэчны момант. Праграма падрыхтоўкі дэсанта была агульная, і астатнія злучэнні выглядалі не горш. Па другой версіі — каля Віцебска ў той момант сабралася найбольшая групоўка ваенна-транспартнай авіяцыі, і гэта ўсё вызначыла.

1376492844972_2

Пра сапраўдныя прычыны, мяркую, даведаемся не хутка. Як і пра тое, ці была наогул логіка ў "афганскага" лёсу 103-й дывізіі, дарэчы, як і ва ўсёй той кампаніі. Бо калі савецкія стратэгі з розумам планавалі ваенную авантуру, навошта напярэдадні ліквідавалі дэсантную дывізію ў Фергане? Тое злучэнне на ўзбекскай зямлі было "заточана" менавіта на вайну ў горна-пустыннай мясцовасці. Добра, што хоць адзін полк там "разабраць" не паспелі, і 345-ы, ферганскі, трапіў у Афганістан яшчэ раней за віцябчан. "Ферганцы" і прыкрывалі на аэрадромах Кабула і Баграма прыбыццё "беларускай" дывізіі.

У час высадкі і першая бяда напаткала. Ноччу 25 снежня транспартны самалёт Іл-76 капітана Віталя Галаўчына на падлёце сутыкнуўся з гарой. Выжыць нікому не ўдалося, бо на борт, апроч людзей, быў пагружаны яшчэ і бензавоз з палівам. Загінулі 7 членаў экіпажа і 34 дэсантнікі, чацвёра з якіх прызываліся з Беларусі. Каб знайсці іх целы на цяжкадаступнай вяршыні, з Саюза вызвалі майстроў-альпіністаў.

Адным з першых Герояў Савецкага Саюза на той вайне стаў ваеннаслужачы 103-й дывізіі, старшы сяржант Мікалай Чэпік. Ураджэнец Пухавіцкага раёна атрымаў гэтае званне пасмяротна. Атрымаў за тое, што трапіўшы ў акружэнне, не здаўся, а падарваў і сябе, і душманаў.

Планы адпраўкі віцебскіх дэсантнікаў у Афганістан да апошняга трымалі ў сакрэце. Лічаныя хіба што здагадваліся. Напярэдадні некалькі палкавых і батальённых камандзіраў пад відам турыстаў звазілі ў Кабул, паказалі ім горад. Але не тлумачылі, навошта паказваюць.

Падпалкоўнік Гаравы, начальнік сувязі дывізіі, даведаўся пра баявую задачу за паўтары гадзіны да пачатку. Афіцэры атрымалі карты, а там мясцовасць спрэч карычневага колеру, адны горы. Вось і зразумелі, куды пасылаюць. Пачалі ламаць галаву — як планаваць марш, да якіх арыенціраў прывязвацца, бо дагэтуль вучыліся ваяваць толькі на палях ды ў лясах.

Увесну васьмідзясятага года, калі стараслужачым тэрміновай службы прыйшла пара звальнення, іх з Кабула спачатку прывезлі ў Віцебск. Каб пераапрануць у парадную форму і адправіць дахаты. Прапахшыя порахам салдаты шакіравалі мірны горад сваімі аповедамі пра жахі той вайны (у савецкай прэсе пра афганскую кампанію яшчэ маўчалі ці пісалі, што нашы салдаты дапамагаюць мясцовым жыхарам садзіць кветкі і даюць ім канцэрты самадзейнасці). Дарэчы, і пра абставіны гібелі Мікалая Чэпіка, вельмі засакрэчаныя, яны першымі сказалі праўду. А яшчэ прыехаўшыя з вайны дваццацігадовыя салдаты, як франтавікі, насілі баявыя ўзнагароды. Папрывозілі сапраўдныя амерыканскія джынсы, швейцарскія гадзіннікі, японскія магнітолы — там, у паўфеадальным Афганістане, тавары, пра якія марыла наша моладзь, прадаваліся свабодна і адносна танна. У СССР жа нічога падобнага на прылаўках не было.

Тых, хто адслужыў сваё, у Віцебск больш не прывозілі — іх сталі адпраўляць дахаты з Афганістана.

Не ўсіх жывымі.

На той незразумелай вайне 11 тысяч салдат і афіцэраў дывізіі былі ўзнагароджаны, сямёра атрымалі званні Герояў Савецкага Саюза. 845 чалавек загінулі, 10 — прапалі без вестак. Такая цана іх афганскага шляху.

Пад канец СССР з дывізіяй яшчэ адзін цуд здарыўся: яе перапарадкавалі пагранічным войскам. Дэсантнікі пачалі насіць зялёныя пагоны з зялёнымі берэтамі. Так камічна пад ціскам міжнародных дамоў у СССР спрабавалі ўтаіць сапраўдную колькасць баявых злучэнняў.

Лёс цяперашняга прэзідэнта Інгушэціі Героя Расіі Юнус-бек Яўкурава таксама звязаны з Віцебскам. Летам 1989 года той пачынаў лейтэнанцкую службу ў разведроце 350-га паветрана-дэсантнага палка.

Пасля развалу Саюза беларуская армія спрабавала захаваць дывізію. Аказалася дорага. Пачаліся скарачэнні. Перасталі існаваць два палкі ў Баравусе, артылерыйскі полк у Віцебску, асобныя батальёны сувязі, рота разведкі, аўтарота.

З дывізіі спала заслона сакрэтнасці, сюды пачалі наведвацца замежныя калегі. Нават хваленыя "зялёныя берэты" з-за акіяна прыляталі на парашутныя скачкі. Гэта было цікава і надавала гонару. Было ж відаць: выглядаем не горш. Хаця б у баявым сэнсе. Жылі, праўда, куды больш сціпла. Але "дэсантура" не скардзілася. Камандзір дывізіённай разведроты, змучаны адсутнасцю ўласнага жылля, звольніўся, арганізаваў сваю фірму. Як толькі зарабіў на кватэру, то кінуў прыбытковы бізнес і зноў папрасіўся ў дэсант. І ўсё ж яго прынялі назад, у тую ж роту. Прафесіяналамі не раскідваюцца.

Цяпер замест дывізіі — брыгада. Пад тым жа нумарам — 103...

А яшчэ — самалёты...

Вайсковую форму з блакітнымі пятліцамі ў Віцебску насілі не толькі дэсантнікі. У мікрараёне Віцебск-Паўночны з пасляваенных часоў стаяў штаб 3-й гвардзейскай авіятранспартнай дывізіі. І адзін з яе палкоў — 339-ы (два астатнія знаходзіліся на аэрадромах каля Пскова і Ноўгарада).

Служыць у 339-м імкнуліся многія лётчыкі. Зразумела, што Віцебск куды прывабней, чым далёкаўсходні Завіцінск ці пустынны Кіравабад, дзе былі аналагічныя авіяпалкі. Тут і служба была цікавей. Віцебскія транспартнікі абляцелі ці не ўвесь свет. Траплялі на вайну. Вазілі грузы на тундравыя аэрадромы газавікам ды нафтавікам. Куды, апроч ваенных пілотаў, ніхто даляцець не мог. 339-ы віцебскі і новыя самалёты атрымліваў самым першым. І Ан-12 у свой час, і першыя мадэлі Іл-76 пасля заводскага канвеера менавіта тут аблётвалі.

У студзені 1973 года самалёт з віцебскага палка ажыццявіў унікальную аперацыю — дэсантаванне баявой машыны дэсанта (БМД-1) з ваеннаслужачымі ўнутры. (Дагэтуль экіпажы і машыны скідвалі на парашутах паасобку.) Ахвотных першымі скокнуць у бездань, седзячы ўнутры жалезнай машыны, знайшлося няшмат. І тады тагачасны камандуючы паветрана-дэсантнымі сіламі СССР генерал Маргелаў выбраў свайго сына.

Аналагічнае дэсантаванне паспрабавалі ажыццявіць у Францыі, пасадзіўшы ў машыну прыгаворанага да смяротнага пакарання зняволенага. Там скачок закончыўся трагічна, машына з чалавекам разбілася.

Кажуць, пажадаўшы экіпажу поспеху, генерал падняўся на назіральную вышку і паклаў побач пісталет. Для сябе, калі здарыцца благое. Праўда гэта ці прыгожы вымысел — невядома. Але ўсё скончылася добра: віцебскія транспартнікі бліскуча выканалі задачу, парашутная сістэма "Кентаўр" таксама не падвяла.

У 339-м палку да 1991 года служыў Віктар Бут, які сёння мае рэпутацыю зброевага барона планетарнага маштабу. У Віцебску ён насіў пагоны звычайнага старшага лейтэнанта. Славіўся як бліскучы паліглот, ведаў шмат моў — англійскую, коха, фарсі, партугальскую. Ці паспеў за тыя віцебскія гады вывучыць беларускую — невядома.

Пасля развалу СССР штаб дывізіі перадыслацыраваўся ў Смаленск — да расійскіх Ваенна-паветраных сіл. А 339-ы полк яшчэ чатыры гады знаходзіўся ў складзе беларускай ваеннай авіяцыі. Пасля яго расфарміравалі, а самалёты перагналі пад Мінск, у Мачулішчы.

Магутныя белакрылыя самалёты прыгожа пакідалі горад — круцілі над яго вуліцамі развітальныя кругі, нібы буслы перад адлётам у вырай. Адстрэльвалі каляровыя феерверкі ракет — цеплавых пастак, як рабілі гэта над краінамі, дзе вяліся баявыя дзеянні. Апошні вылет з віцебскага ваеннага аэрадрома датаваны 30 ліпеня 1996 года. Лётчыкі не ўжываюць слова "апошні" — кажуць "крайні". Але вось тут і сапраўды — апошні вылет.

Пра сённяшняе...

Цяпер віцебскі ваенны аэрадром знайсці няпроста. Мы шмат паблукалі па гарадскіх ваколіцах, пакуль натыкнуліся на паросшую травой і хмызняком былую ўзлётную паласу. Тая бетонка па сваіх характарыстыках магла прымаць нават "Боінгі" і "Аэрбасы". Але не прыняла. Жыццё прымусіла стварыць на тэрыторыі ваеннага аэрадрома прадпрыемствы свабоднай эканамічнай зоны.

— Здаралася, без сувязі ляталі праз увесь свет, над акіянамі трымалі рэжым радыёмаўчання, што ніякаму грамадзянскаму пілоту не пад сілу, — успамінае ветэран палка Іван Навічкоў. — У раёнах баявых дзеянняў ішлі на пасадку, амаль у піке звальваючыся. Каб менш было шанцаў падбіць самалёт. І гэтак жа, на звышперагрузках да цемры ў вачах, узляталі. А Іл-76 не знішчальнік ці спартыўны самалёт, а цяжкі транспартнік вагой пад дзвесце тон. Пакуль узляціш ці сядзеш — кашуля наскрозь ад поту мокрая.

Полк перастаў існаваць, але некаторыя яго лётчыкі працягваюць сваю справу.

Некалькі гадоў таму Віцебск запоўніўся вайскоўцамі-маракамі. Тут прайшла маштабная сустрэча ветэранаў-падводнікаў Беларусі і Расіі. Былыя камандзіры, штурманы і матросы экіпажаў атамных і дызельных субмарын для святкавання Дня падводніка ўпадабалі горад над Дзвіной. Віцебск яны выбралі невыпадкова. Горад заўсёды слаў падводнаму флоту добрае папаўненне. За подзвігі пад вадой два яго ўраджэнцы атрымалі зоркі Герояў. Сённяшні камандуючы Чарнаморскім флотам Расіі таксама ў Віцебску нарадзіўся.

У Віцебску жыве Іван Фёдаравіч Алейнік. На вайне ён быў з самага першага дня. Служыў у дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі. Яго полк і Маскву абараняў, і яшчэ з сорак першага лятаў бамбіць далёкія тылы праціўніка — аж да Аўстрыі і Румыніі даляталі. Пасля вайны афіцэра перавялі на Віцебшчыну. Дзе давялося стаць звышсакрэтным спецыялістам: іх часць першай атрымала для ўзбраення самалётаў атамныя бомбы.

— Страшна было спачатку нават глядзець на іх, ведаючы, што за жудасная моц туды закладзена. Ды і працаваць было няпроста, — успамінае ветэран "атамнай" часці. — Не буду раскрываць тэхналогію нашай службы. Гэтага і сёння рабіць не трэба. Скажу толькі пра ўзрывальнікі. У першых мадэлях бомбаў яны былі вадкаснымі, вельмі небяспечнымі самі па сабе. Хто ў нас іх тады абслугоўваў, вельмі рана пайшлі з жыцця. Нас было дзесяць у камандзе, а хутка засталося ўсяго двое. Праўда, мы яшчэ і сёння ўжывых.

Віцебскі ветэран не губляе бадзёрасці, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці і піша вершы. Многія яго паэтычныя радкі — менавіта пра горад, які стаў яму родным.

Вікенцій Ключнік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».