Вы тут

Выбіраем прафесію... паводле ўсходняй мудрасці


Няправільны выбар прафесіі і спецыяльнасці — гэта не толькі фінансавыя і матэрыяльныя страты для грамадства ў цэлым, але і нервовы, фізічныя, энергетычныя перагрузкі, якія прыводзяць чалавека да захворванняў, страты ўпэўненасці ў сабе і абыякавасці, калі размова ідзе пра грамадзянскі абавязак. Якім жа чынам ставіліся да выбару асноўнага занятку старажытныя ўсходнія мудрацы Тыбета і Кітая? Скарыстаем іх веды ў сучасных умовах.

Народжаныя пад знакам Зямлі: 1 — 19 студзеня, 20 красавіка — 19 мая, 20 жніўня — 19 верасня, 20 — 31 снежня.

Прафесіі зямлян, або меланхолікаў (іх асноўным колерам лічыцца зялёны, а таму жартоўна можна назваць іх "зялёнымі"), звязаны з вобразным мысленнем і жывой прыродай. Наогул гэта людзі з павышанай адчувальнасцю, іх жыццё ў параўнанні з іншымі значна ярчэй эмацыянальна афарбавана. Таму гэта добрыя мастакі, журналісты, акцёры. Перш за ўсё зямляне арыентуюцца на спецыяльнасці, звязаныя з абаронай навакольнага асяроддзя і ўсё, што жыве на гэтай планеце. Словам, біяфізіка, біяхімія, цыталогія, паразіталогія, арганічная хімія, фізіялогія, анатомія, генетыка, экалогія, эрганоміка і г.д. — гэта для "зялёных".

Людзі гэтай стыхіі могуць паспяхова браць вяршыні гуманітарных навук. Праблемы сацыяльнага парадку, чалавечай свядомасці, светапогляду, выхавання, адукацыі — тыя кірункі дзейнасці, дзе можна раскрыць свой талент. Узяць хоць бы псіхалогію — ваенную, дзіцячую, медыцынскую і г.д. Даследаванне ўнутранага свету чалавека, манер і характару паводзін — гэта ваша, паколькі вам "наканавана" пранікнуць у тайны чалавечага "Я", пачуццяў і адчуванняў, што пазней павінна дапамагчы папярэдзіць прыродныя і сацыяльныя катастрофы, уратаваць чалавецтва ад тых ці іншых захворванняў, зрабіць людзей дабрадушнымі, валявымі і сумленнымі.

Гістарычныя і этнаграфічныя навукі — таксама зямны від дзейнасці. Скрупулёзны меланхолік заўсёды грунтоўна бярэцца за гісторыка-храналагічны аналіз дакументаў, кніг, відэа і надае ўвагу кожнай дробязі. З бясконцай мазаікі падзей, чутак, здагадак прадстаўнікі гэтага знака збіраюць цэльную карціну таго, што адбылося. І іх не трэба прыспешваць ці прымушаць працаваць больш эфектыўна — яны і самі бачаць у гэтым працэсе стымул праявіць свае здольнасці, магчымасць прыкласці ўласны розум.

У філасофскіх, сацыялагічных, палітычных навуках яны таксама адчуваюць сябе ўпэўнена, умела спалучаюць выказванні старажытных і сучасных мудрацоў. А супастаўленне гэтага з уласнымі праектамі і меркаваннямі дае выдатны эфект інавацыйнай творчасці. Пабольш бы такіх палітыкаў і кіраўнікоў!

Значна ніжэйшая эфектыўнасць зямлян у тэхнічных, фізіка-матэматычных навуках, касмічных даследаваннях. У інжынернай справе, будаўніцтве, механіцы, мадэляванні, лінгвістыцы, вывучэнні моў, медыцыне, эканоміцы, юрыспрудэнцыі яны наўрад ці змогуць сябе бліскуча праявіць.

Калі чалавек-Зямля стаў эканамістам, то работа максімальна павінна быць звязана з рэальнымі аб'ектамі, прыроднымі зонамі і сямейна-бытавымі стасункамі. Вам проста не прынясе задавальненне руціна статыстычных справаздач, запаўненне бланкаў, рэгістрацыя заяў і г.д. Вас абязлічвае і не здавальняе праца гандлёвага агента, білецёра, сакратара, кадравага і сацыяльнага работніка. Гэта губіць творчы пачатак чалавека-рэвалюцыянера, які катэгарычна не прымае стагнацыю і застой думкі. І нават добрыя грошы, якія абяцаюць за такую працу, не павінны вас збіваць з толку. Меланхоліку неабходна ствараць нешта канкрэтнае, адчуваць уласны ўклад у любімы занятак.

У чалавека Зямлі павінна быць асобнае, ізаляванае ад вытворчай мітусні працоўнае месца. Мабыць не вельмі прасторнае, але абавязкова аддзеленае ад іншых пакояў, і працаваць у памяшканні павінна не больш за 2-3 чалавекі. Для яго недапушчальна працаваць у вялікіх залах, цэхах, дзе шмат людзей, вытворчага шуму, што не сумяшчальна з развагамі і творчасцю. Непажадана выконваць адначасова некалькі вытворчых спраў, розных па функцыях і сэнсе. Так павышаецца стамляльнасць, небяспека ўзнікнення захворванняў сэрца, печані і нервовай сістэмы. Усходнія мудрацы раяць адмежавацца ў вялікім пакоі хоць бы шафай. Можна развесіць на сценах пышныя, але не яркія, расліны, якія падтрымліваюць пэўны эмацыянальны стан. Пабольш зялёнага і паменш яркіх колераў. Замест сексуальных фота, фота з жаночымі тварамі — фота сабакі або кошкі, зялёнага поля, лесу. Любіце прыроду, часцей гуляйце на прыродзе, і лёс вам аддзячыць.

Народжаныя пад знакам Паветра: 20 студзеня — 19 лютага, 20 мая — 19 чэрвеня, 20 верасня — 19 кастрычніка.

У паветраных (іх асноўны колер — белы) значна менш праблем з выбарам прафесіі ці спецыяльнасці, чым у іншых. І справа тут у трывалым характары экстраверта. "Белыя" вылучаюцца добрым здароўем, лёгка пераключаюцца на розныя работы, аднак менш адчувальныя, эмацыянальныя. Гэта нярэдка ратуе паветраных ад страсцяў і стрэсаў нашага вірлівага жыцця.

Для людзей гэтага знака падыходзяць практычна ўсе прафесіі. Дзякуючы сваёй рухавасці, актыўнасці яны лёгка могуць спалучаць выкананне складаных і розных па сваіх мэтах і характары работ. Сангвінік паспяхова спалучае функцыі фотакарэспандэнта, журналіста, аператара, ды яшчэ прафесійнага аквалангіста, альпініста, проста спартыўнага чалавека. Гэта дазваляе паветраным пабываць у незвычайных, а мабыць, і экстрэмальных, сітуацыях, займацца кіназдымкамі, апісаннем і навуковымі даследаваннямі там, дзе іншыя знакі практычна бяссільныя.

Тут мы маем на ўвазе людзей, здольных пераключаць увагу, кантраляваць працэс у некалькіх кірунках — напрыклад, размаўляць адразу з некалькімі асобамі. Яны могуць чытаць, глядзець тэлевізар, вязаць і размаўляць адначасова. Не прымушаючы сябе доўга разважаць над навакольным, "белы" захоўвае сілы для працяглых дзеянняў і не стамляе пры гэтым нервовую сістэму і мышцы.

Менш за ўсё такім людзям падыходзяць біялагічныя і геаграфічныя навукі, усё, што звязана з жывёльным і раслінным светам, вывучэнне фізіялогіі, псіхалогіі. Іншая справа — увесь спектр інжынерных спецыяльнасцяў, хімія, фізіка, кібернетыка, матэматыка, філалогія, усе варыянты тэхнікі — ад мікракамп'ютараў да спадарожнікаў, спорт, гандаль. Тут яны — практыкі, а не фундаментальныя даследчыкі, эксперыментатары і тэарэтыкі.

Слова "бізнес" не выклікае ў сангвінікаў ніякіх дрыжыкаў у каленках. Яны хутка арыентуюцца на новыя каштоўнасці ў галіне камерцыі. На Усходзе такіх людзей называюць людзьмі біржавых ставак, падзенняў і ўздымаў курсаў валют, бо яны прадпрымальныя, гатовы пайсці на рызыку і добра арыентуюцца ў палітыка-эканамічнай сітуацыі. Словам, мы маем справу з выдатнымі вандроўнікамі, следапытамі, геолагамі, археолагамі, гатовымі шукаць нешта тайнае і не заседжвацца падоўгу на адным месцы (на адной працы).

Людзям паветра лепш працаваць у прасторных памяшканнях, дзе шмат людзей і дзелавая мітусня. Атмасфера павінна быць дынамічнай. Каб там мела месца калектыўнае мысленне і не было ніякай апатыі і стомленасці. На працоўным месцы не трэба ніякіх кветак і наогул лішніх дэкарацый. Праўда, можна павесіць плакат эратычнага зместу. Па сутнасці, для гэтых людзей няма ідалаў, а што падумаюць пра іх іншыя — ім гэта нецікава.

Народжаныя пад знакам Вады: 20 лютага — 19 сакавіка, 20 чэрвеня — 19 ліпеня, 20 кастрычніка — 19 лістапада.

Флегматыкі — мяккія, салідныя, павольныя (іх асноўны колер — сіні). Яны не спяшаюцца ў працы і павольна даводзяць пачатае да канца, у адрозненне ад чалавека паветранага. Флегматыкі — самыя абавязковыя сярод усіх іншых знакаў. Гэта носьбіты дзелавых якасцяў, настойлівага вытрымлівання вытворча-службовых нарматываў, прычым з абавязковым выкарыстаннем прафесійнай этыкі, гуманнымі і маральнымі мэтамі і ўстаноўкамі. Аднак павольнасць у дзеяннях, скаванасць у рухах, схільнасць да паўнаты негатыўна адбіваюцца на прафесійнай дзейнасці. На Усходзе такім людзям раяць устрымацца ад экстрэмальных заняткаў і захапленняў. Не рэкамендуецца флегматыкам працаваць у службах ратавання, у якасці трэнераў, інструктараў, у абслугоўванні падвясных канатных дарог, вадзіцелямі ў высакагорных раёнах, а таксама падрыўнікамі, будаўнікамі — і ім наогул лепш трымацца як мага далей ад горных мясцін.

Старажытныя манускрыпты расказваюць аб тым, што паветранае асяроддзе (што вышэй за ўзровень раўнін) досыць раўніва ўспрымае прадстаўнікоў воднай стыхіі. "Сінія" цяжэй за іншых пераносяць перапады атмасфернага ціску, недахоп кіслароду, павышаную рызыку аварыйнай сітуацыі. Такім людзям не падыходзяць прафесіі выпрабавальнікаў авіятэхнікі, пілотаў самалётаў, работа, дзе трэба сутыкацца з высокімі тэмпературамі.

Перш за ўсё "сінія" — выдатныя ўрачы, вучоныя, праекціроўшчыкі. Іх вылучае фундаментальнасць у навуцы, сур'ёзны тэарэтычны падыход да ўсяго, што яны вывучаюць. Яны ствараюць нешта прынцыпова новае, што адпавядае часу. Нярэдка яны нават не разважаюць над сваім асабістым укладам у справу, а крочаць далей. Нам здаецца, што перад намі кансерватары, чые думкі і погляды састарэлі яшчэ ў мінулым стагоддзі. Аднак думкі флегматыка сістэматызуюць глыбокі навуковы пошук, якому не патрэбны паспешлівасць і мітуслівасць.

Лепшыя прафесіі "сініх" — біялогія жывёльнага і расліннага свету (пажадана звязаная з морам, акіянам, рэкамі, азёрамі), суднабудаванне, ваенна-марскі флот, падводная справа, геаграфія марскога дна і г.д. Моцныя такія людзі і ў інжынерыі (праектаванне і распрацоўка аб'ектаў, збудаванняў воднага і марскога прызначэння), медыцыне (за выключэннем хірургіі, анестэзіялогіі, спецыяльнасцяў і пасад арганізацыйнага профілю медыцынскіх устаноў). Ім па сілах фізіка, матэматыка, хімія, геаграфія, гісторыя, псіхалогія, філасофія і іншыя навукі. Аднак тут іх патэнцыял рэалізуецца не поўнасцю, мае месца частковая незадаволенасць сваім прафесійным выбарам і вынікамі доследнага пошуку.

Прафесіі эканамічнага і юрыдычнага характару — далёка не лепшы варыянт жыццёвага выбару для Вады, бо сціскаюць і абмяжоўваюць жывы, творчы падыход.

"Сінім" пажадана працаваць у памяшканнях ізаляваных або невялікіх па габарытах. Лепш за ўсё мець свой кут са сваім мікракліматам — акварыумам, карцінкай з вадой, морам, ракой. Яшчэ — свае крэсла, стол, шафку. У гэтым куце павінны быць рэчы пераважна блакітнага, сіняга і фіялетавага колераў. Кветак шмат не трэба, лепш паставіць вазу з жывымі водарасцямі. Усё гэта будзе спрыяць канцэнтрацыі думак, што немалаважна, паколькі размова ідзе пра выдатных кіраўнікоў, начальнікаў самага рознага ўзроўню. Праўда, у намесніках "сінім" лепш мець больш энергічнага і рухавага чалавека, народжанага пад знакам Зямлі ці Паветра. А вось Агонь сам можа выціснуць флегматыка і стаць кіраўніком арганізацыі. Праўда, тут ёсць пэўныя выключэнні. Так, актыўная Вада (20 кастрычніка — 19 лістапада) не баіцца супрацоўнічаць з халерыкамі, умела карыстаецца іх актыўнасцю і энтузіязмам у вытворчых дасягненнях.

Народжаныя пад знакам Агню: 20 сакавіка — 19 красавіка, 20 ліпеня— 19 жніўня, 20 лістапада — 19 снежня.

Надзвычай актыўныя, упэўненыя ў сваіх сілах, што адчуваецца падчас выканання імі любой працы. Валодаючы значнай фізічнай сілай, воляй, здагадлівасцю, яны здольны ўпарта працаваць і лёгка спраўляцца з цяжкімі і аб'ёмнымі аперацыямі. Іх не палохаюць сумныя, манатонныя дзеянні на рабочым месцы. Нельга сказаць, што вогненныя цалкам пазбаўлены творчага пачатку. Ён праяўляецца ў канкрэтных дэталях. Фундаментальнасць у развагах і справах у меншай ступені ім уласцівая, а вось пастаяннае ўдасканаленне ўжо зробленага вылучае халерыкаў сярод іншых знакаў, за рэдкім выключэннем меланхолікаў. Невыпадкова Агонь спрыяе інжынерам розных спецыяльнасцяў (акрамя будаўнікоў і азеляніцеляў) — вынаходнікам і выпрабавальнікам новай тэхнікі, уключаючы баявую, спартсменам-прафесіяналам (толькі не ў стральбе і плаванні), трэнерам і выхавацелям моладзі.

Валодаючы моцным біяполем, людзі гэтай стыхіі маюць прыроджаны талент настаўніцтва, умеюць пераконваць сваім голасам, сур'ёзнай мімікай. Валодаючы аратарскім майстэрствам, манерамі рымскага гладыятара, педагогі халерычнага тыпу ўяўляюць сабой галоўную зброю дысцыпліны і парадку.

У гэтых людзей ёсць арганізатарскія і кіраўніцкія здольнасці. Яны выдатныя каардынатары праектаў і праграм, вое-
начальнікі і камандзіры самых розных падраздзяленняў у сілавых структурах. Ім падыходзіць праца ў органах юстыцыі, сувязі, пошты, аховы. Юрыдычная дзейнасць — іх стыхія, паколькі тут патрабуецца настойлівасць, цвярозы розум і жорсткая дысцыпліна. Такім людзям не лішне было б звяраць свае развагі з думкамі іншых людзей, аднак чамусьці яны не жадаюць гэтага рабіць. Па меркаванні старажытных мудрацоў Тыбета і Кітая, лепш за ўсё Агню рабіць стаўку на стратэгаў-флегматыкаў (для рашэння доўгатэрміновых праграм з прыцягненнем вялікай колькасці выканаўцаў) і тактыкаў-меланхолікаў (для рэалізацыі бліжэйшых і хутказмяняльных планаў). Халерык-кіраўнік не павінен забываць аб здольнасцях сангвінікаў — людзей, якія мабільна звязваюць і інфармуюць усіх у калектыве, аператыўна выконваюць хуткія задачы.

Удала могуць вогненныя паказаць сябе ў навуковай дзейнасці. Для іх адчынены дзверы ў тэхнічныя, гуманітарныя дысцыпліны. Яны могуць праявіць сябе і ў народных промыслах, ганчарнай справе, разьбе, лепцы, плаўцы, інкрустацыі і г.д. А яшчэ ў выпечцы і кулінарным майстэрстве.

Бізнес, гандаль, абмен, грошы — тое, што трэба. Халерыкі ўмеюць лічыць казначэйскія білеты і цалкам маглі б быць бухгалтарамі, фінансістамі любых структур. Іх месца — у ламбардзе, казіно, латарэйным, гульнявым і забаўляльным бізнесе. Перамога не заўсёды на баку Агню, аднак розум, упартасць, вера ў свае сілы прымушаюць такіх людзей не здавацца ніколі.

Пажадана трымацца як мага падалей ад праблем жывёльнага і расліннага свету, фізіялогіі і псіхалогіі чалавека. Праўда, тут ёсць выключэнне. Вогненным падыходзяць спецыяльнасці хірурга, траўматолага, тэрапеўта, урача і санітара хуткай дапамогі. Адсутнасць павышанай эмацыянальнай адчувальнасці не заўсёды дае магчымасць аптымальна праявіць сябе ў журналістыцы, рэдактарскай працы, выяўленчым мастацтве (што часцей прыводзіць да абстракцыянізму), пісьменніцкай справе. Аднак гэта добрыя паэты, аратары, лектары.

Працоўнае месца вогненных — вялікія залы, творчая мітусня. Усё гэта дазваляе пазбавіцца ад адмоўнай энергіі, напаўняе новымі сіламі. "Чырвоным" не трэба адмяжоўвацца ад іншых, можна вешаць побач яркія плакаты. Мудрыя людзі Усходу не раяць халерыку ствараць пад бокам кветкавую аранжарэю. Лепш за ўсё паставіць медна-нікелевую статуэтку, маналітны пісьмовы прыбор, салідны па форме, і, пажадана, залацістага колеру гадзіннік. Гэта павінна заспакойваць неспакойны характар і надаваць паслядоўнасць думкам і пачуццям. А яркія плакаты будуць актывізаваць зрокавыя рэцэптары, у тым ліку сваімі рэкламнымі абяцаннямі і прапановамі, спрыяць аператыўнаму чытанню патрэбных папер. Можна размясціць фота або карціну з выявай самога сонца — усходу, захаду, або вогнішча ці вулкана. Мэблю ў офісе рэкамендуецца мець трывалую, не надта старую, лепш — паліраваную, расфарбоўкі — ад цёмна-чырвонай, карычневай да жоўта-аранжавай. Такая атмасфера спрыяе халерыку, абараняе ад "дурных" вачэй і нагавораў. Навакольныя прадметы, тыя ж шпалеры, павінны быць вытрыманы прыкладна ў той жа гаме. Дапушчальнае нават спалучэнне з чорным. Вашы кветкі — кшталту "дзекабрыста". Мэтазгодна час ад часу пазіраць у акно, каб назіраць за ходам яго вялікасці Сонца. Часцей кантактуйце з калегамі, імкніцеся быць душой калектыву. Гэта павінна стаць залогам поспеху, службовага росту.

Сяргей АНУПРЫЕНКА,

вядучы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі,

доктар філасофскіх навук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».