Вы тут

Дылетанцкія разважанні пра ЦТ пазбаўлены аб'ектыўнасці


40,5 тысячы абітурыентаў не пераадолелі сёлета на цэнтралізаваным тэсціраванні мінімальны парог. Гэтай лічбай апошні месяц аперыруюць усе запар: журналісты, педагогі, рэпетытары, бацькі абітурыентаў, прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй, універсітэцкія выкладчыкі. І кожны інтэрпрэтуе вынікі ЦТ на свой лад. Адны ўпэўнены, што ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў знізіўся ўжо да крытычнай адзнакі, інакш не было б такой вялікай колькасці тых, хто заўчасна пазбавіўся права ўдзельнічаць у конкурсе ў ВНУ. Іншыя спрабуюць на падставе вынікаў удзельнікаў ЦТ зрабіць высновы аб эфектыўнасці і якасці работы педагогаў асобных школ і нават цэлых рэгіёнаў. Трэція лічаць, што мінімальны парог трэба было ўводзіць толькі для абітурыентаў, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы. Адно можна сцвярджаць дакладна: вынікі ўдзельнікаў ЦТ сталі гэтым летам адной з галоўных топ-навін. Мы вырашылі пацікавіцца, а што думаюць пра бурныя "грамадскія абмеркаванні" вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання яго непасрэдныя арганізатары, і сустрэліся з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалаем ФЯСЬКОВЫМ.

ЦТ — не школьны экзамен

— Мікалай Сцяпанавіч, як вы лічыце, ці заўсёды карэктна ў нашай краіне трактуюцца вынікі праведзеных уступных іспытаў? Калі хтосьці сцвярджае, што ў сярэднім рускую мову школьнікі ведаюць на 30 балаў, а матэматыку — на 20, наколькі іх меркаванне адпавядае рэчаіснасці?

— Праблема ў тым, што нават многія педагогі блытаюць цэнтралізаванае тэсціраванне і выніковую атэстацыю і не бачаць паміж імі прынцыповай розніцы. Задача ЦТ — складанне рэйтынгавых спісаў абітурыентаў у адпаведнасці з узроўнем іх падрыхтоўкі. Гэта фактычна конкурс сярод абітурыентаў з прэтэнзіяй на пэўнае месца, пажадана больш высокае, у агульным спісе прэтэндэнтаў. І пакуль гэта ўсе не зразумеюць, так і будуць думаць, што 30 балаў на ЦТ — гэта школьная "тройка", а 20 балаў — "двойка".

Вядома, цэнтралізаванае тэсціраванне адначасова з адборам найбольш падрыхтаваных абітурыентаў дазваляе даць характарыстыку ўзроўню авалодання абітурыентамі асобных раздзелаў і тэм вучэбных праграм і выяўляе магчымыя недахопы ў іх засваенні. Але ж мы не ацэньваем работу ўсёй школы. У суседняй Расіі з моманту ўкаранення там Адзінага дзяржаўнага экзамену апошні ўсё часцей пазіцыянуецца як ацэначная працэдура, якая дазваляе атрымліваць інфармацыю аб стане адукацыі ў краіне і рэгіёне і меркаваць аб характэрных тэндэнцыях у адукацыі. Але там Адзіны дзяржаўны экзамен і сапраўды з'яўляецца адначасова і выпускным экзаменам за курс сярэдняй школы. Да таго ж і падыходы да ацэньвання ў Расіі і ў нас выкарыстоўваюцца прынцыпова розныя.

Ацэньваючы вынікі ЦТ гэтага года, некаторыя аўтары ў сацыяльных сетках адзначаюць нібыта "няўхільнае зніжэнне ўзроўню падрыхтоўкі сучасных абітурыентаў". Але хачу заўважыць, што любая ацэнка ўзроўню падрыхтоўкі выпускнікоў школ можа грунтавацца толькі на адпаведных даследаваннях. Наколькі мне вядома, такіх даследаванняў у нашай краіне не праводзілася, тым больш на працягу шэрагу гадоў. Таму любыя меркаванні і высновы, якія грунтуюцца на выніках цэнтралізаванага тэсціравання, не больш чым суб'ектыўны погляд на сітуацыю, адвольная ацэнка і ўласнае трактаванне паняццяў "здавальняюча" і "нездавальняюча".

Трэба мець на ўвазе таксама і тую акалічнасць, што сітуацыя кожны год змяняецца. Па-першае, абнаўляецца склад удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання. Па-другое, з кожным годам змяншаецца і агульная колькасць абітурыентаў, і, адпаведна, колькасць самай падрыхтаванай яе часткі — выпускнікоў агульнаадукацыйных школ гэтага года. Напрыклад, сёлета ўчарашнія адзінаццацікласнікі склалі толькі 45% ад агульнай колькасці тых, хто ўдзельнічаў у здачы тэсціравання. А ўсе астатнія абітурыенты былі або выпускнікамі прафтэхустаноў і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, або закончылі сярэднюю школу ў папярэднія гады. Па-трэцяе, штогод адбываецца абнаўленне зместу тэстаў. Таму параўнанне ўзроўняў падрыхтоўкі абітурыентаў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання за шэраг гадоў не зусім карэктнае і рабіць высновы пра зніжэнне якасці падрыхтоўкі выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў толькі па выніках ЦТ я не стаў бы.

Масавасць — не сінонім якасці

 

— Ёсць меркаванне, што заданні на тэсціраванні з года ў год спрашчаюцца. У той жа час заўсёды ёсць абітурыенты, якія спрабуюць усіх пераканаць, што тэсты былі вельмі складаныя. Скажыце, вялікая колькасць высакабальных работ у гэтым годзе парадавала ці засмуціла арганізатараў цэнтралізаванага тэсціравання?

— Палярызацыя вынікаў абітурыентаў прасочвалася заўсёды, але асабліва выразна — у апошнія гады, калі вышэйшая адукацыя стала ў нашай краіне масавай. Так, калі 20-30 гадоў таму заявы ў прыёмныя камісіі ВНУ падавалі не больш як 20% выпускнікоў школ, а студэнтамі станавіліся яшчэ менш, то сёлета ў цэнтралізаваным тэсціраванні ўдзельнічалі 86% адзінаццацікласнікаў. Часта на ўступныя экзамены выпускнікі ідуць цэлым класам!

Не сумняваюся, што простымі тэсты падаюцца той частцы абітурыентаў, якая знаходзіцца ўверсе рэйтынгавага спісу. Гэта найбольш матываваная частка абітурыенцкага кантынгенту, маладыя людзі, якія рыхтаваліся да паступлення не ў апошнія месяцы, а на працягу апошніх гадоў. А на складанасць тэстаў спасылаюцца тыя, хто імкнецца апраўдаць сваю неканкурэнтаздольнасць падчас прыёмнай кампаніі. Кожны год мы карэктуем нашы тэсты з тым, каб "дагадзіць" так званаму сярэднестатыстычнаму абітурыенту. Аналізуем вынікі абітурыентаў папярэдняга года, вынікі ўдзельнікаў усіх трох тураў рэпетыцыйнага тэсціравання. Задача, як вы разумееце, няпростая, і, каб вырашыць яе, часам даводзіцца крыху зніжаць складанасць некаторых заданняў. Але тэсты проста не будуць спраўляцца са сваёй задачай па ранжыраванні абітурыентаў, калі яны будуць вельмі складанымі або, наадварот, вельмі лёгкімі.

Сёлета мы ўсе назіралі высокую шчыльнасць уладальнікаў высокіх балаў на некаторых асабліва прэстыжных у моладзі спецыяльнасцях. Каб стаць студэнтам, у чаргу выстраіліся абітурыенты, якія мелі 360, 370 балаў і нават больш. На некаторых спецыяльнасцях колькасць месцаў на бюджэтнай форме навучання — адносна невялікая. Да таго ж на гэтыя спецыяльнасці падаюць свае дакументы і пераможцы алімпіяд. Таму канкурэнцыя нават паміж уладальнікамі балаў у сертыфікатах у дыяпазоне ад 90 да 100 балаў назіралася вельмі вострая. Напэўна, для пэўнай часткі абітурыентаў тэсты ўжо трэба ўскладняць, інакш прыёмныя камісіі не змогуць у будучыні іх ранжыраваць. З іншага боку, вялікая колькасць стабальных вынікаў — гэта добрая матывацыя для тых, хто яшчэ толькі плануе сваё паступленне. Сведчанне таго, што з тэстам можна справіцца і што мэтанакіраванасць навучэнца будзе ў выніку ўзнагароджана.

— А ці не баіцеся вы, што калі ў наступным годзе колькасць стабальнікаў зменшыцца, у ваш адрас зноў пасыплюцца папрокі ў звышскладанасці тэстаў?

— Любыя ваганні ў той ці іншы бок небяспечныя для ўспрымання грамадскасцю. Напрыклад, усе прызвычаіліся, што, скажам, для гарантаванага паступлення на многія спецыяльнасці ў БДУ трэба мець не менш як 300 балаў. І раптам гэты арыенцір змяняецца... Нават прадстаўнікі ВНУ звычайна арыентуюць будучых абітурыентаў на прахадныя балы, якія склаліся ў папярэднім годзе. Дарэчы, гэта не зусім правільна. Шкала складанасці тэстаў можа змяняцца, што адбіваецца і на складзе абітурыентаў, якія прыходзяць падаваць свае дакументы ў прыёмныя камісіі (у прыватнасці, на іх балах у сертыфікатах). Той факт, што прахадныя балы ў гэтым годзе ўзраслі, многія прадстаўнікі ВНУ інтэрпрэтавалі на свой лад: маўляў, павысіўся якасны склад будучых першакурснікаў. Але гэта не зусім так. Проста вынікі ЦТ у верхняй частцы аказаліся сёлета больш высокія. Адначасова з гэтым у ВНУ не змаглі прайсці абітурыенты з вельмі нізкімі баламі.

Тры гадзіны на экзамен? Навошта?

— Калі летась мы апублікавалі ў газеце ўмовы задачы па матэматыцы, з якой не змаглі справіцца 60% удзельнікаў ЦТ, многія кінуліся на інтэрнэт-форумах яе рашаць. І было шмат водгукаў накшталт "Задача на пару хвілін", "Такія задачы павінны рашацца ўвогуле ў галаве", "Проста сорамна становіцца за нашу школу". Ці былі сёлета аналагічныя нескладаныя задачы, якія аказаліся абітурыентам не па сілах?

— На тэсціраванні па фізіцы абітурыентам была прапанавана задача прыкладнога характару, якая правярала ўменне здымаць паказчыкі са шкалы вымяральнага прыбора. На прыведзеным малюнку стрэлка спідометра ўказвала хуткасць 130 кіламетраў у гадзіну. Удзельнікам экзамену трэба было вызначыць, колькі ж кіламетраў аўтамабіль праехаў за 18 хвілін пры ўмове захавання пастаяннай хуткасці. Для таго, каб яе рашыць, дастаткова было падлічыць адлегласць, якую аўтамабіль праязджае за 1 хвіліну. 130 кіламетраў падзяліць на 60 хвілін (1 гадзіна — гэта 60 хвілін) і памножыць на 18. Не справіліся з элементарнай задачай больш як 60 працэнтаў тэстуемых...

Некаторыя нашы апаненты абвінавачваюць тэсты ў тым, што ў іх бракуе творчасці. Я з гэтым меркаваннем не згодны. Практычных задач у тэстах становіцца ўсё больш. Адна справа, калі абітурыенту прапануецца вызначыць плошчу прамавугольніка, і зусім іншая — калі трэба вызначыць плошчу кухні ці колькі трубак шпалер спатрэбіцца падчас рамонту на чатыры сцяны. Вось толькі нашы назіранні сведчаць аб тым, што знаходзіць плошчу прамавугольніка ўмеюць амаль усе, а калі ў заданні трэба разлічыць колькасць ламінату для падлогі, то працэнт правільных адказаў чамусьці істотна скарачаецца.

— Скажыце, ці шмат, па назіраннях арганізатараў, прыходзіла на тэсціраванне выпадковых людзей, якія разлічвалі на элементарнае шанцаванне?

— На выкананне 30 заданняў па фізіцы адводзілася 180 хвілін. Як паказаў маніторынг часу, выдаткаванага ўдзельнікамі тэсціравання на выкананне заданняў па фізіцы , ужо праз 30 хвілін завяршылі работу з экзаменацыйнымі матэрыяламі 23% тэстуемых. Некаторыя абітурыенты з гэтай групы здалі абсалютна чыстыя лісты для рабочых запісаў, а ў некаторых былі запісаны адказы да асобных заданняў часткі А. Яшчэ праз паўгадзіны аўдыторыі пакінулі 30 працэнтаў абітурыентаў. На працягу другой гадзіны здалі свае работы яшчэ 11% удзельнікаў. Такім чынам, да завяршэння паловы часу, адведзенага на выкананне тэста па фізіцы, аўдыторыі пакінулі
64% (!) абітурыентаў. А, так бы мовіць, да канца з тэстам працавалі толькі 10% абітурыентаў.

На ЦТ па матэматыцы ў першыя 30 хвілін завяршылі здачу экзамену больш як 6% яго ўдзельнікаў. У іх рабочых запісах змяшчаліся перапісаныя ўмовы задач і адказы на асобныя заданні часткі А, якія можна рашыць вусна. Многія абітурыенты выкарыстоўвалі свае чарнавікі для старонніх запісаў і фрагментарных замалёвак, якія не мелі ніякага дачынення да матэматыкі. Праз 60 хвілін з моманту пачатку экзамену завяршылі работу над тэстам яшчэ каля 20% экзаменуемых. А праз 90 хвілін у аўдыторыях засталося ўсяго 50% абітурыентаў. І толькі не больш як 20% абітурыентаў выкарысталі цалкам час, адведзены на выкананне тэста па матэматыцы. Між іншым, згодна з сусветнай практыкай, для паспяховага выканання тэста сярэднестатыстычнаму абітурыенту патрабуецца не менш як 80% адведзенага часу. Мяркую, прыведзеныя звесткі ў многім тлумачаць невысокія вынікі многіх удзельнікаў тэсціравання па фізіцы і матэматыцы...

Першая сесія і... апошняя

— А вы цікавіліся, наколькі карэлююць вынікі ЦТ з паспяховасцю студэнтаў на малодшых курсах?

— Мы кантактуем на пастаяннай аснове з некаторымі ВНУ: супастаўляем вынікі ЦТ, школьныя атэстаты і вынікі экзаменацыйнай сесіі. Наша ацэнка ведаў маладых людзей на ЦТ і ацэнка іх ведаў падчас сесіі ў ВНУ, як правіла, супадаюць. Уладальнікі высокіх балаў без праблем адаптуюцца да патрабаванняў вышэйшай школы. А вось у тых, хто з вялікімі цяжкасцямі пераадолеў мінімальны парог, часцей за ўсё ў працэсе навучання ўзнікаюць сур'ёзныя праблемы. І ўжо першая экзаменацыйная сесія можа стаць для іх "лебядзінай песняй". Што тычыцца школьных атэстатаў, то школьныя адзнакі карэлююць з паспяховасцю студэнтаў у меншай ступені. Яно і зразумела, бо школьны бал — гэта ацэнка настаўнікам ведаў школьніка, якая пры гэтым выконвае і ролю стымулу ў навучанні, таму часта завышаецца. Школьны настаўнік не толькі ацэньвае кожнага вучня, але і ўлічвае мінулыя яго заслугі, індывідуальныя якасці. Абітурыент мог быць умоўна "зоркай" сярод сваіх аднакласнікаў, але пры паступленні ў ВНУ страціць свае лідарскія пазіцыі. Некаторыя выдатнікі даведваюцца пра сваю неканкурэнтаздольнасць яшчэ падчас уступных выпрабаванняў.

Увогуле, я лічу, што вышэйшая адукацыя стала для моладзі ідэяй фікс. У 2008 годзе ў нас удзельнічалі ў цэнтралізаваным тэсціраванні 96 працэнтаў выпускнікоў бягучага года! У гэтым годзе — 86 працэнтаў! Стаць студэнтамі разлічваюць усе, хто ідзе ў старшыя класы. Таму, напэўна, больш правільным было б уводзіць нейкі парог на ўваходзе ў старшую школу. У гэтым выпадку якасны склад абітурыентаў адразу палепшыўся б, а на цэнтралізаваным тэсціраванні стала б менш выпадковых людзей.

Даведка "Звязды":

Пасля здачы экзамену па матэматыцы за бортам аказаліся 32,7% яго ўдзельнікаў, а на ЦТ па фізіцы менш як 15 балаў набралі 37% абітурыентаў. Затое менавіта на фізіцы і матэматыцы была зарэгістравана рэкордная колькасць 100-бальных вынікаў: максімум набралі на ЦТ па матэматыцы аж 146 чалавек і 46 чалавек — па фізіцы.

2064 абітурыенты не набралі мінімальны бал на ЦТ адразу па трох (!) вучэбных прадметах, 11 454 — па дзвюх дысцыплінах і
27 164 — па адной вучэбнай дысцыпліне.

Гутарку вяла
Надзея НІКАЛАЕВА.

Загаловак у газеце: Мікалай ФЯСЬКОЎ: "Дылетанцкія разважанні пра ЦТ пазбаўлены аб'ектыўнасці"

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.