Вы тут

"Кухня" студатрада, ці Студатрад — на кухню


Дзейнасць студатрадаў улетку арганізуецца па розных кірунках. Прапалоць грады? Лёгка! Папрацаваць на будоўлі? Без праблем! Прыгатаваць ежу на кухні? Будзе зроблена! За працай аднаго са студатрадаў у рэстаране хуткага харчавання паназіралі карэспандэнты "Чырвонкі".

У рэстаране нас сустрэла выканаўца абавязкаў дырэктара Надзея Сівіцкая. Яна распавяла, што падчас вучобы на геафаку БДУ сама ў свой час працавала, — праўда, на будоўлі. Па яе словах, праца ў студатрадзе дысцыплінуе чалавека і дапамагае самарэалізавацца, бо можна аб'ектыўна ацэньваць свае здольнасці.

— Нашы асноўныя кліенты — студэнты. Таму я і вырашыла паспрабаваць прыцягнуць да працы менавіта іх, — кажа Надзея Сівіцкая. — Яны працуюць у нас на кухні, прадаюць марозіва, становяцца адміністратарамі на зале і касірамі. Перад гэтым хлопцы і дзяўчаты прайшлі навучанне: іх праінструктавалі па тэхніцы бяспекі, растлумачылі сутнасць работы, і першыя тры дні змены яны працавалі пад наглядам вопытных работнікаў.

Кіраўнік рэстарана адзначае, што на працу прыходзяць розныя людзі, і не заўжды работа даецца ўсім.

1376583295579_1

— У нас няма ніякіх цяжкасцяў у рабочым працэсе: студэнты гатуюць сандвічы, бургеры, наразаюць прадукты — у прынцыпе, тое самае кожны робіць і дома. Хаця… Я сутыкнулася з тым, што не ўсе дома гатуюць. Я была вельмі здзіўлена, калі адна дзяўчына сказала, што яна не мые посуд, бо гэта "не яе"… Але ў асноўным я задаволена. Амаль усе хутка ўліліся ў працэс, самі размеркавалі графік і па ім працуюць. Адна дзяўчынка нават хоча застацца да канца лета, а яшчэ трое маюць жаданне вярнуцца на працу ў верасні.

Надзея кажа, што ў рэстаране студэнты могуць не толькі зарабіць грошы, хаця гэта асноўная іх матывацыя: студатрадаўцы тут атрымліваюць па 4 мільёны рублёў.

— У нас някепскі старт для кар'ернага росту. Чалавек прыходзіць спачатку членам брыгады рэстарана, пасля ён можа стаць інструктарам вытворчага навучання, адміністратарам… Я сама прыйшла сюды тры гады таму, пачынала з самага першага звяна і цяпер ужо выконваю абавязкі дырэктара.

На працу ў складзе студатрадаў прыходзяць людзі з розных універсітэтаў і факультэтаў. Шмат студэнтаў трапляе сюды па рэкамендацыях сяброў. Для таго, каб уладкавацца ў рэстаран хуткага харчавання, неабходна толькі жаданне працаваць і … санітарная кніжка. Без яе працаваць з прадуктамі харчавання немагчыма.

1376583297855_2

Каб не парушаць санітарных нормаў, мы апранаем белыя халаты і праходзім на кухню, аддзеленую ад залы перагародкай. Там дзяўчаты спрытна заварочваюць начынкі ў лавашы, наразаюць і ўпакоўваюць сандвічы. На першы погляд, работа нескладаная, але той аўтаматызм, з якім яе выконваюць студэнткі, з'яўляецца не адразу. Пра гэта паведаміла адна з іх, Насця Мяркулава, якую мы адарвалі ад рабочага працэсу. Дзяўчына прыехала ў Мінск з Асіповічаў,

скончыла 1 курс юрыдычнага каледжа БДУ. У складзе студатрада працуе ў рэстаране на кухні.

— Мы з дзяўчатамі, з якімі разам жывём у інтэрнаце, хацелі зарабіць грошай за лета. У каледжы нам параілі звярнуцца ў БДУ. Мы пакінулі свае звесткі і праз некаторы час былі залічаны на працу ў студатрад, — распавядае сваю гісторыю Насця.

Выбар месца працы яна тлумачыць тым, што тут цікава, можна завесці новыя знаёмствы, ды і ад інтэрната рэстаран знаходзіцца недалёка. Работай дзяўчына задаволена, хоць прызнаецца, што спачатку былі цяжкасці. Але поспех у працы, на думку студэнткі, залежыць ад стаўлення да яе. Калі ёсць жаданне працаваць, то ўсё атрымаецца.

— Тут вельмі добры калектыў і вельмі весела. Калі атрымаецца сумяшчаць працу з вучобай, я хацела б тут застацца.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Фота Надзеі БУЖАН.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.