Вы тут

Вераніка Чачына: "Я не планую засяроджвацца на нечым адным"


Тым, хто лічыць, што розум і прыгажосць не могуць суіснаваць у тандэме, варта пазнаёміцца з Веранікай Чачынай. Гэтае імя апошнім часам на слыху ў тых, хто цікавіцца конкурсамі прыгажосці. Бо менавіта яна будзе прадстаўляць нашу краіну на "Mіss Suрrаnаtіоnаl — 2013", які пройдзе 6 верасня ў Мінску. Як перспектыўная мадэль дзяўчына зарэкамендавала сябе ў конкурсе "Міс Палессе-2013" (Гомель), дзе заваявала тытул "Міс Прыгажосць і грацыя", у праекце "ФотаАRT-2013", стаўшы фіналісткай у намінацыі "Фотамадэль" (Гомель). Заявіла пра сябе і на міжнародным фестывалі прыгажосці "Неўскія берагі" ў Санкт-Пецярбургу, дзе стала лаўрэатам у некалькіх намінацыях, а зараз вось рыхтуецца да пакарэння новай вяршыні. Акрамя таго, наша гераіня мае перамогі на алімпіядах па беларускай мове і гісторыі, захапляецца жывапісам, архітэктурай і фатаграфіяй і вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.

 

— Як успрынялі навіну, што менавіта вы будзеце прадстаўляць Беларусь на конкурсе "Mіss Suрrаnаtіоnаl-2013"?

 

— Адчуваеце адказнасць за місію, якую вам даверылі?

— Безумоўна. Адчуваю значную адказнасць і вельмі хвалююся! Хачу ўсім даказаць, што мяне выбралі справядліва, і каб ніхто не пашкадаваў аб гэтым рашэнні.

— Хацелі б паўтарыць поспех нашай канкурсанткі ў мінулым годзе?

— Была б рада, але прагназаваць нічога не хачу, бо ўсё самае лепшае адбываецца тады, калі яго не чакаеш. Сапраўдным сюрпрызам стала навіна, што я буду прадстаўніцай Беларусі ў гэтым годзе. Ніколі б не падумала!

— Вы скончылі Цэнтр моды і прыгажосці "Крыштальная німфа". Як трапілі туды?

— Тут таксама ўсё адбылося выпадкова. Аднакласніца папрасіла скласці ёй кампанію, а я на той момант якраз хацела паспрабаваць сябе ў нечым новым. Атрымалася так, што з кастынгам мы спазніліся прыкладна на месяц (смяецца). Нас гэта не спыніла і мы адаслалі свае фотаздымкі. Нас запрасілі на навучанне ў Цэнтр. Новыя знаёмствы, потым першыя кастынгі, паказы, розныя мерапрыемствы... Было настолькі цікава, што хацелася спасцігнуць усё ў гэтай сферы. Не абыходзілася і без цяжкасцяў. Не адразу навучылася хадзіць на абцасах. Прыходзіла дадому і перад люстэркам адпрацоўвала крок, фіксацыі, усмешку, бо хацелася на наступным занятку быць лепшай за ўсіх. Атрымлівалася не заўсёды, але я старалася.

— Раскажыце аб удзеле ў праекце "ФотаАRT-2013"?

— "ФотаАRT-2013" — яркі і запамінальны конкурс у маім жыцці. На кастынг я не трапіла, але праз нейкі час усё ж атрымала прапанову паўдзельнічаць і, зразумела, адмаўляцца не стала. Прыйшла незадоўга да фіналу. Два дні падрыхтоўкі — і я апынулася ў ліку фіналістак конкурсу.

— Міжнародны фестываль "Неўскія берагі" таксама пакінуў прыемныя ўспаміны?

— Мноства фатографаў... Усе на цябе звяртаюць увагу... Плюс прафесійны вопыт і паездка ў іншую краіну. Мора эмоцый, новыя кантакты. Адна магчымасць пабываць у найпрыгажэйшым горадзе Санкт-Пецярбургу чаго вартая! Я наведала многія славутыя мясціны ў горадзе, але больш за ўсё мне, як творчаму чалавеку, спадабалася экскурсія па Эрмітажы. Там можна суткамі хадзіць па залах і атрымліваць асалоду...

— Ці даводзілася вам адчуць на сабе закулісныя інтрыгі конкурсаў прыгажосці?

— Канфліктаў ніколі не здаралася. Канкурсанткі заўсёды станавіліся для мяне добрымі знаёмымі.
З многімі дзяўчатамі, з якімі мы пазнаёміліся менавіта на конкурсах, кантактуем і дагэтуль. Кожны праект робіцца настолькі родным, што пасля яго завяршэння нават сумна вяртацца да звыклага ладу жыцця.

— Хто з людзей у сферы моды вам імпануе?

— Думаю, што конкурс дасць мне магчымасць больш даведацца пра людзей з гэтай сферы. Сёння ж сваім вобразам мне імпануеАляксандр Кірынюк.

— Як ставіцеся да сучаснай тэндэнцыі штучна карэктаваць сваю знешнасць?

— Абсалютна нармальна. Калі дзяўчаты пасля такіх пераўтварэнняў адчуваюць сябе камфортна, то чаму такое "ўдасканаленне" не мае права на існаванне? Але асабіста я аддаю перавагу натуральнасці, бо сваё — гэта сваё,
а штучную прыгажосць можа навесці кожная.

— Падтрымліваць форму вам дапамагае захапленне спортам?

— Дапамагаць дапамагае, але, каб бачыць вынік, трэба займацца ім пастаянна, што мне рабіць не заўсёды ўдаецца. Аднак у сувязі з апошнімі падзеямі імкнуся займацца спортам рэгулярна.

— Ці жывы яшчэ стэрэатып, што прыгажосць і розум не могуць існаваць разам?

— На гэты конт у кожнага сваё меркаванне. Я лічу, што сёння такая пазіцыя ўжо не актуальная.
Бо многія прыгожыя дзяўчаты вельмі таленавітыя, ведаюць замежныя мовы, паспяхова заканчваюць навучальныя ўстановы і часта маюць нават не адну вышэйшую адукацыю. І прыгажосць ім у гэтым не перашкаджае.

— А ў якой галіне вы бачыце сваю будучыню, маючы ў арсенале такое спалучэнне?

— Я імкнуся развівацца ў розных кірунках, з цікавасцю спрабую нешта новае. І, думаю, таму мне ўдаецца дасягаць поспехаў у розных сферах. Я не планую спыняцца на нечым адным. Хачу сумяшчаць усё тое, што яшчэ выкліча мой інтарэс.

Алена ДРАПКО.

Фота з уласнага архіва Веранікі Чачынай.

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.