Вы тут

"Апошнюю прыстаўку забралі на мінулым тыдні, а людзі ўсё ідуць..."


Сёлета ўсё часцей і часцей аб'ектам сямейных размоў на кухні становіцца лічбавае тэлебачанне. Падчас сняданку ці вячэры ўздымаецца актуальнае пытанне, як па чарнышэўскаму: "што рабіць?" Калі ж быць больш дакладнымі, то... Колькі грошай збіраць? Куды ісці? Як выбіраць і што купляць? І, вядома ж, анікому з беларусаў не хочацца памыліцца, бо памылкі заўжды каштуюць дорага. Каб істотна спрасціць жыццё нашым чытачам, карэспандэнт "Звязды" выпраўляецца ў шлях па сталічных крамах. Нас чакаюць пяць найбуйнейшых гандлёвых пунктаў. Што ж... Не губляем ніводнай хвіліны!..

Пакуль чырвоным маркерам малюем маршрут, Мінск паволі прачынаецца, а ў нашых думках спее грандыёзная ідэя. Ці чулі вы калі-небудзь пра "метад маскі"? Не, мы зусім не плануем пераўвасабляцца ў прадстаўнікоў іншых прафесій. Проста абмяжуемся займальнай гісторыяй для кансультантаў у крамах, якія несумненна будуць пытацца пра нашы мэты.

Жартуем пра бабулю

Плошча Якуба Коласа. Менавіта тут знаходзіцца гандлёвы пункт №1. Заходзім, азіраемся навокал у царстве бліскучых экранаў. Сярод пакупнікоў яскравымі плямамі мільгацяць вішнёвыя кашулі ахоўнікаў і кансультантаў. Самы час злавіць каго-небудзь з апошніх: "Добры дзень. Гэта вы мне адкажаце на ўсе пытанні пра тэлевізары, так? О, цудоўна! Слухайце. У мяне такая праблема. Бабуля сямідзесяці гадоў не ведае, як ёй далей жыць. Пачула пра пераход на лічбавае эфірнае вяшчанне, і цяпер хваляванню няма межаў"... Малады кансультант здзіўлена падымае левае брыво, а затым расплываецца ў шчырай усмешцы: "Гм... А які тэлевізар у вашай бабулі?" Праз дзесяць хвілін мы ведаем ледзь не ўсё асноўнае. Калі ў тэлевізары ёсць скарт (шырокі раз'ём), дастаткова дакупіць прыстаўку (у гэтай краме яна, расійскай вытворчасці, каштуе 380 тысяч). Калі ж раз'ёму няма, трэба набыць новы тэлевізар. Кансультант прапаноўвае два бюджэтныя варыянты за 2,5 і 3 мільёны рублёў: першы — Hоrіzоnt, другі — Sаmsung. Абедзве мадэлі цяпер стаяць на акцыі. Дарэчы, пра акцыі: "А ці ёсць у вас спецыяльныя зніжкі для кліентаў? Скажам, хутка ў бабулі чарговы дзень народзінаў... Вы ж абавязаны зрабіць ёй маленькі падаруначак?" Малады чалавек ужо паціху ўсміхаецца. "Так. Безумоўна. Мы скінем 3%, але папярэдне гэта неабходна ўзгадніць з адміністрацыяй", — паведамляе ён, а затым падмігвае: — Мы ж за справядлівасць". Так, яны ж за справядлівасць. Тым не менш, на паўторнае пытанне пра цану на прыстаўкі кансультант адказвае, што якаснае трэба набываць за 800 тысяч. Ужо ў дзвярах прыватнай крамы на наш адрас далятае вясёлае: "Будзем чакаць вас і вашу бабулю, калі яна адважыцца на сур'ёзную пакупку".

Зрабілі з камара каня

Набліжаемся да Камароўскага рынку. Паблізу размясціўся пункт №2. Нас сустракае жанчына сярэдніх гадоў. Выслухаўшы пытанні, яна пачынае цвёрда і вельмі канкрэтна. Апошнюю прыстаўку забралі на мінулым тыдні, а людзі ўсё ідуць і ідуць. Кожны дзень па дзесяць чалавек звяртаецца наконт пераходу на "лічбу". "Так, я магу паказаць танныя тэлевізары. Вось Hоrіzоnt за 2 мільёны 650 тысяч і 2 мільёны 750 тысяч адпаведна (калі дыяганаль 22 цалі). Хочаце больш прывабны варыянт? Калі ласка. Hоrіzоnt за 3 мільёны 199 тысяч. Так, гэта апошнія мадэлі. Ведаеце, зараз пытанне тэлевізараў неймаверна актуальнае. А чаго ж вы хочаце? Больш як 60% беларусаў карыстаецца старымі". Спраўны кансультант зноў вяртаецца да тэмы прыставак. Паводле яе слоў, усе дзяржаўныя крамы гандлююць або кітайскай прадукцыяй фірмы BBK (за 300 тысяч), або айчыннай фірмы Skуtесh (за 451 тысячу). Праз хвіліну жанчына ставіць праблему: "Але вы ж разумееце, што ўсе нашы прыстаўкі разлічаны на эфірнае вяшчанне? Гэта, як правіла, 7 каналаў, у выпадку ўзмоцненага сігнала — 14. А кабельнае? Няўжо яго пераход на "лічбу" цалкам забяспечаць пастаўшчыкі самой паслугі? Вось у Еўропе дакладна так і зрабілі. А ў нас... Адно магу канстатаваць упэўнена: пакуль у гандлёвы цэнтр прыставак для кабельнага тэлебачання не завозілі". Апошні факт выклікае непаразуменне: "І што? Няўжо наша бабуля не зможа сачыць за сюжэтамі ўлюбёных серыялаў на канале "Рамантыка" або засынаць вечарамі пад фільмы жахаў на "TV 3"?"

"НТВ" камандуе парадам

З вышэйакрэсленай праблемай накіроўваемся ў суседнюю дзяржаўную краму. Адчыняем дзверы і адразу ж бачым добра знаёмыя прыстаўкі, цёмныя корпусы якіх блішчаць за шклом. Застаецца пачакаць пакуль малады чалавек з бэйджыкам скончыць тлумачыць штосьці пра пульты адной вельмі дапытлівай жанчыне. Вось ён ужо вітае нас прафесійнай усмешкай кансультанта. Самы час паўтарыць і яму займальную гісторыю пра бабулю. "Старажытны кінескопны тэлевізар? — перапытвае ён. — Цяпер гэта надзённа. З'явіліся людзі, якія гатовы іх набыць. Таму такі цуд тэхнікі трыццацігадовай даўнасці прадаць вы зможаце". "Прадаць? Каму ён патрэбны?" — не ўтойваем здзіўлення ў голасе. І кансультант адразу ж падае ідэю завітаць на пэўны сайт, дзе ажыццяўляюцца такога кшталту аперацыі. А яшчэ раіць знайсці арганізацыі, супрацоўнікі якіх прыедуць да вас дахаты, забяруць старэнькі тэлевізар і, вядома ж, выплацяць пэўную кампенсацыю. Добра, цяпер высвятляем пытанне з "Рамантыкай" і "TV 3". Праз хвіліну мы ўжо разумеем: у папярэднім гандлёвым цэнтры з камара каня зрабілі, бо аніякай праблемы і з кабельным тэлебачаннем быць не можа. Першая ж прыстаўка, якую прапаноўвае кансультант, універсальная: і эфірнае, і кабельнае лічбавае вяшчанне гарантавана. А яшчэ забяспечана падтрымка высокага дазволу адлюстравання. Каштуе гэтая асалода 420 тысяч. Калі ж вам дастаткова эфірнага тэлебачання, то можна абысціся і 320 тысячамі. Пералічаныя прыстаўкі пастаўляюцца ўсё той жа айчыннай фірмай Skуtесh. Ёсць і іншы варыянт: можна набыць прыстаўку кітайскай вытворчасці фірмы TV Stаr. Гэтая тэхніка каштуе даражэй. Праўда, кансультант настойліва раіць купляць менавіта беларускае: цана меншая, упэўненасць у якасці большая. Падчас размовы ўзнікае прынцыпова новы момант. "А ці ідзе ў вашай бабулі канал "НТВ"?" — цікавіцца кансультант. "Апошнім часам не ідзе. Бабуля скардзіцца, што не можа глядзець перадачу "Надзвычайнае здарэнне". Гаворыць, ужо столькі цікавага прапусціла. А якое дачыненне "НТВ" мае да нашай тэмы?" Як выявілася пасля, дачыненне тут самае прамое: калі ідзе — то ўсё нармальна, а калі не — трэба купляць антэну. Самыя папулярныя — антэны фірмы "Дэльта", якія каштуюць 257 тысяч. У гэтым выпадку сэканомяць жыхары не вельмі аддаленых беларускіх вёсак, дзе паблізу ёсць рэтранслятар. Тады можна абмежавацца антэнай за 158 тысяч. Далей шукаем тэлевізары і прыходзім да высновы: цэны ўсюды падобныя (2 мільёны 500 тысяч і 2 мільёны 750 тысяч — кошт самых танных з усіх магчымых варыянтаў). Калі ж ваш "залаты запас" больш чым дастатковы, то вы смела можаце набыць адну з мадэляў тэлевізараў Fіlірs. Дарэчы, фірма на крок апярэджвае астатнія ў плане дызайну, выпускаючы прадукцыю белага колеру.

Сямейная ідылія

Перамяшчаемся на праспект Незалежнасці, дзе нас чакае пункт № 4. "Звяртайцеся — мы дапаможам" гаворыць надпіс на спінах супрацоўнікаў гандлёвага цэнтра. Што ж... Грэх не звярнуцца, праўда? Першы кансультант у чырвонай футболцы накіроўвае нас да іншага, бо сам ён можа адказваць на пытанні пра чайнікі, але ніяк не пра тэлевізары. А вось і невялікая праблема: тэлевізійны спецыяліст кудысьці знік у пошуках чагосьці. Мужчына, што стаіць поруч, ужо не ўтойвае раздражненне: "Я яго паўгадзіны чакаю". Пасля да раздражнёнага кліента падыходзіць жонка з дачкою: "Ігар, я тваю маму пераканала купіць чайнік". А затым з'яўляецца і сама мама нецярплівага пакупніка. Яна, шчаслівая, задаволена трымае запакаваную скрыню: "Ігар. Паглядзі, чайнік купіла. Я даўно новы хацела". Вось такая сямейная ідылія. Яшчэ колькі часу — і мы ўжо размаўляем з доўгачаканым кансультантам. "Не, прыставак няма. Раскупілі. Новых не завезлі. Так, ёсць бюджэтныя тэлевізары за 3 мільёны 99 тысяч фірмы LG. Можаце запісваць на флэшку фотаздымкі, відэа, а пасля праглядаць на экране. Хаця... Вы кажаце, што для бабулі... Яшчэ ёсць класны тэлевізар за 6 мільёнаў 999 тысяч беларускіх рублёў". Усё зразумела.

Па сакрэце ўсяму свету

Праспект Машэрава. Пункт №5. Прыватны гандлёвы цэнтр амаль пусты. За касай — дзяўчына з выразам твару, што адлюстроўвае сум усіх часоў і народаў. А вось кансультант выглядае вельмі жвавым. "Так, у нас ёсць прыстаўкі. Rоlsеn — ад 240 тысяч, BBK — ад 280, TV Stаr — ад 420. Першыя дзве разлічаны выключна на эфірнае тэлебачанне. Яшчэ ёсць універсальная прыстаўка "Віцязь" за 690 тысяч. Адкрыю вам невялікі сакрэт: у чатырох пакупнікоў яна "не пацягнула" кабельнае тэлебачанне. З эфірным жа ўсё цудоўна". На палічках стаяць тэлевізары LG (3 мільёны 400 тысяч), Hоrіzоnt (3 мільёны 570 тысяч), Sаmsung (3 мільёны 750 тысяч), Раnаsоnіс (3 мільёны 900 тысяч). Далей размяшчаюцца вельмі дарагія мадэлі. "Спадзяёмся, ваша бабуля аддасць перавагу нашаму цэнтру", — усміхаецца жвавы кансультант.

Зноў выходзім на праспект Машэрава, разумеючы: на гэтым тэлевізійны шоп-агляд скончаны. Маршрут пройдзены ўдала. Алгарытм дзеянняў таксама відавочны, і чарнышэўскае "што рабіць?: больш не здаецца такім невырашальным. Разумеем, дзесьці можна сэканоміць, дзесьці — не паскупіцца і на заморскі варыянт. Так ці інакш, права выбару заўжды за вамі.

Парады "Звязды"

Уважліва сачыце, каб колькасць пікселяў вашага будучага тэлевізара не была меншай за 1920:1080.

Найлепшая падсветка — святлодыёдная. Яна абазначаецца літарамі LЕD.

Абавязкова павінна быць пазнака пра наяўнасць лічбавага цюнара (пазначаецца як DVB-T).

Памятайце, лепш выбіраць тэлевізар з вадкакрышталічны экран. Плазменны экран, хоць і адрозніваецца павышанай яскравасцю фарбаў, "з'ядае" шмат электраэнергіі.

Маргарыта СІДАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».