Вы тут

Кацярына Цішкевіч: "Вядучы на тэлебачанні павінен мець дапытлівы розум"


Вядучы на тэлебачанні павінен быць асобай, сцвярджае Кацярына Цішкевіч, якая працуе ў "Нашых навінах" на канале АНТ. Яе ўнутранае ўспрыманне рэчаіснасці адпавядае дынамічнаму руху сучаснага жыцця. Магчыма, таму ўсё складваецца так, як трэба: падрастае дачка — маме на радасць, ёсць праца, якая прыносіць задавальненне. Дабіўшыся таго, аб чым нават не марыла, Каця поспех спісвае на лёс і лічыць: што ні здараецца — усё да лепшага. Сваімі меркаваннямі пра галоўныя сакрэты прафесіяналаў, уменне быць канкурэнтаздольнымі і "прабелы" ў праграме перадач яна дзеліцца з намі.

— Сёлета вы атрымалі "Тэлевяршыню" як лепшая вядучая інфармацыйнай праграмы. Хацелася б даведацца, якая "цана" гэтай узнагароды?

— Атрымаць яе пасля пяці гадоў працы ў эфіры вельмі прыемна і пачэсна. Калі разглядаць сітуацыю з пазіцыі гадоў, праведзеных на тэлебачанні, то магу сказаць, што гэты поспех — вынік карпатлівай працы над сабой. Давялося шмат папрацаваць над голасам, іміджам, над тым, каб "сесці ў кадр". Не заўсёды ёсць гарантыя, што намаганні, якія прыкладаеш, каб дасягнуць сваёй мэты, апраўдаюць сябе. Я рада, што мая праца над сабой дала такі вынік.

— Вядучы — чалавек з якімі якасцямі?

1376653436672_16-3

— Перш за ўсё, вядучы павінен быць рознабакова развітай асобай. Сваю ролю адыгрывае і яго сталасць. Я зараз кажу не пра фізіялагічны ўзрост, бо, як вядома, у нас працуе шмат маладых людзей. Але яны маюць багаты ўнутраны свет, таму што і ў школе, і ў інстытуце добра над сабой працавалі. Шмат чыталі і могуць характарызавацца такім словазлучэннем, як "дапытлівы розум". Цікавяцца ўсім, і дзякуючы багатаму багажу практычнага вопыту маюць свой пункт гледжання па многіх пытаннях. Калі казаць пра характар, то я, напрыклад, экстраверт, унутры сябе нічога не трымаю. Ёсць эмоцыі — трэба іх выплеснуць. Мая праца дае для гэтага ўнікальную магчымасць. Не абысціся і без стрэсаўстойлівасці, бо ў эфіры здараюцца розныя сітуацыі: суфлёр можа згаснуць альбо матэрыял не будзе падрыхтаваны своечасова. Але вядучы, што б ні здарылася, павінен не разгубіцца і давесці справу да канца. У эфіры ўсё трэба зрабіць як след, таму што за табой стаіць вялікая колькасць людзей, якія рыхтуюць выпуск. Вядучы — апошняе звяно, і яго галоўная задача — цікава прадставіць гледачу карціну дня і зрабіць гэта так, каб ён выбраў наш канал.

— Што робіце, каб заставацца "ў тонусе"?

— У першую чаргу (думаю, вы са мной пагадзіцеся) трэба ўвесь час пісаць, чытаць, і не толькі інфармацыйныя сайты. Пастаяннае ўнутранае ўзбагачэнне вельмі важнае для чалавека, які працуе ў кадры. Камера "чытае" ўсё, і перад ёй не схлусіш. Можна па-акцёрску падаваць інфармацыю, але мне бліжэй пазіцыя "быць самім сабой".

Акрамя таго, пастаянна працую над голасам. У ідэале трэба займацца кожны дзень. Але прафесіянал здольны інтуітыўна адсочваць патрэбу ў занятках такога кшталту. Калі ты выходзіш з працы, то акунаешся ў іншыя жыццёвыя клопаты. Аднак не варта забываць пра тое, чым ты зарабляеш на хлеб. Напрыклад, калі ўвечары ў мяне эфір, а раніцай гуляю з дачкой, то расказваю ёй скорагаворкі. Яна смяецца і з цікавасцю за мной назірае, а я тым часам сумяшчаю прыемнае з карысным.

— У кожнага тэлеканала свая аўдыторыя. Якім вы ўяўляеце свайго гледача?

— У эфіры я не думаю пра колькасць сваёй аўдыторыі. Бо гэта адцягвае ўвагу. Проста ведаю: ёсць людзі, якія глядзяць мяне зараз, і ім не ўсё роўна, што адбываецца ў нашай краіне і ў свеце. Тэлебачанне сёння наогул перажывае цікавы час, бо ўсё вельмі хутка змяняецца і рухаецца наперад. Ёсць пэўнае адчуванне, што газеты, часопісы і нават тэлебачанне можа "сысці" ў інтэрнэт. Камп'ютар і інтэрнэт сёння ёсць практычна ў кожнага, таму няма патрэбы чакаць вячэрніх навін, каб даведацца пра тое, што здарылася. Актуальная інфармацыя зараз даступна ўсім ахвотным у любую хвіліну.

— Такім чынам, пытанне хуткасці перадачы інфармацыі сёння ўжо не актуальнае?

— Зараз на першы план выходзяць дэталі. Інфармацыя можа быць аднолькавая, і, зразумела, нехта першым яе паведаміць. Але потым перавага будзе ў таго, хто здолее больш даведацца пра сітуацыю. І тут не ўсе могуць "капаць" аднолькава глыбока. Хуткасць адыходзіць на другі план. Аснова цяпер — змест, глыбіня і здольнасць яе адшукаць. Калі казаць пра "Нашы навіны", то мне вельмі падабаецца тое, што мы паказваем падзеі ў дынаміцы на працягу дня. Зараз нікога не зацікавіш канстатацыяй фактаў, людзям патрэбны падрабязнасці. Навіны павінны быць такімі ж дынамічнымі, як і наша жыццё.

— Якія тэмы навінных выпускаў цікавяць вас асабіста?

— Заўсёды імкнуся глыбей даследаваць пытанні, якія маюць практычны бок і непасрэдна датычацца мяне. Напрыклад, зараз цікаўлюся работай спецыяльнай камісіі пры Прэзідэнце па ліквідацыі даўгабудаў. Тэма будаўніцтва мне блізкая, бо я асабіста займаюся вырашэннем жыллёвага пытання. Пільна назіраю за падзеямі ў культурным жыцці краіны. Шмат цікавага адбываецца ў Мінску, а "Нашы навіны" даюць шыкоўную магчымасць даведацца, якое мерапрыемства і дзе лепш наведаць.

— Сёння вельмі вялікі працэнт складаюць навіны са знакам "мінус". У чым, на ваш погляд, прычына?

— Гэта тэндэнцыя часу. Моду на негатыў завялі ў свой час расійскія каналы. Там станоўчай інфармацыі было мала, і ў параўнанні з імі нашы выпускі навін здаваліся пазітыўнымі. Зразумела, што мы жывём у розных краінах, але прычына ў людзях. Аўдыторыю хутчэй зацікавіш нейкім здарэннем, чым добрай навіной. Нельга абагульняць і адказваць за ўсіх, аднак тэндэнцыя прэваліравання адмоўнай інфармацыі існуе. Падаюць самалёты, дзеці гінуць на дарогах... Станоўчы бок ад падачы такой інфармацыі таксама ёсць. І справа не толькі ў спачуванні. Магчыма, для некага такія навіны стануць напамінам, што варта быць больш абачлівымі.

— Чаго ў наш час не хапае гледачам на тэлебачанні?

— Перш за ўсё, на мой погляд, ёсць вялікая патрэба ў праграмах для дзяцей. Мне вельмі падабаўся праект "Дзеці новага пакалення", які некалькі гадоў таму выходзіў на "Беларусь-2". Ён закранаў сферу адукацыі. Каб адабраць удзельнікаў для яго, у школах праводзілі кастынгі. І гэта быў стымул для юнага пакалення заявіць пра сябе. Другі прыклад — "Я спяваю" на тэканале АНТ — дае шанц дзецям паказаць свае таленты. Чаму не працаваць у гэтым кірунку больш актыўна? У нас жа ёсць розныя ток-шоу, палітычныя і эканамічныя праграмы, а дзіцячая аўдыторыя застаецца ўбаку. Школьнік не будзе глядзець такія праграмы, бо ў яго ёсць інтэрнэт, дзе яму больш цікава. Але, калі вы прапануеце яму магчымасць з'явіцца ў кадры, паказаць, на што ён здольны, я ўпэўнена, ніхто не адмовіцца.

— Тэлебачанне здольнае выхоўваць?

— Я згодная з тым, што нашы дзеці разбэшчаны свабодным доступам да інфармацыі. Часам ім нават складана патлумачыць, што тэлевізар і інтэрнэт — розныя рэчы. І атрымаць доступ да тых жа мультфільмаў у тэлевізары "тут і зараз" немагчыма па прынцыпе. У гэтым плане дзякуючы ТБ у пэўнай меры прытупляецца пачуццё эгаізму. Тэлебачанне вучыць не патрабаваць нешта, а атрымліваць задавальненне ад таго, што ёсць галоўнае для бацькоў — памятаць, што з сынам ці з дачкой трэба больш размаўляць, бо, у першую чаргу, менавіта любоў і камунікацыя фарміруюць асобу.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.