Вы тут

Наладка біялагічнага гадзінніка


Медсястра раённай паліклінікі глыбакадумна гартала маю медыцынскую картку. І нарэшце з націскам на першыя словы вымавіла: "Вам 40 гадоў. Магчыма, у вас яшчэ будзе выкідыш". Ніякіх іншых падстаў, каб зрабіць падобную выснову, акрамя майго ўзросту, у яе не было. Я прыйшла ўсяго толькі стаць на ўлік па цяжарнасці. І, па шчырасці, дагэтуль не бачыла ў сваім становішчы нічога ненатуральнага.

А яны бачылі. Медсёстры і ўрачы (не ўсе, праўда, але такіх, хто лічыў маю цяжарнасць за драматычнае выпрабаванне, было ўсё ж больш). Мілыя калегі-жанчыны, якія імкнуліся ні на хвіліну не пакідаць мяне адну і наважваліся суправаджаць нават у метро (асабліва ў метро — гэта ж так небяспечна ў маім становішчы і ўзросце!). Газеты і інтэрнэт, што распавядалі пра агульнасусветную тэндэнцыю не спяшацца з нараджэннем першага дзіцяці, але адначасова амаль ніколі не забываліся нагадаць пра рызыкоўнасць падобнага рашэння і для маці, і для малога. Нават мой бацька-атэіст зрабіўся надзвычайна прымхлівым, услед за ўсімі нагадваючы, што ў мае гады... А ўрэшце, што ў мае гады? Да пенсіі яшчэ ой як далёка. Шкодных звычак не маю (ці паспяхова ад іх пазбавілася). З любымі ўласнымі (а часам і чужымі) праблемамі выдатна ўмею спраўляцца сама. Захоўваць душэўную раўнавагу ў любой сітуацыі навучылася (як, зрэшты, большасць маіх равесніц). Вартым мужам абзавялася, асобную ад бацькоў кватэру набыла (без дапамогі мужа, між іншым). Не так шмат гадоў таму амаль пад кожным з гэтых пунктаў я падпісалася б адмоўна. Дык што цяпер можа мне перашкодзіць свядома зрабіцца найлепшай маці?

І я вырашыла занатоўваць усё, што магло б пацвердзіць (ці абвергнуць) трываласць так званага "біялагічнага гадзінніка", на які так любяць спасылацца медыкі. Ды й не толькі яны. Хаця б таму, што навокал мяне процьма знаёмых маладых жанчын крыху за 30, якія даводзяць сябе да нервовага зрыву, уяўляючы адзінокую старасць у абдымках з коткай. Бо патэнцыяльны прынц і бацька будучых дзяцей усё яшчэ блукае недзе за гарызонтам, а "біялагічны гадзіннік" адлічвае быццам апошнія хвіліны... Ці ўсё так драматычна насамрэч?

Як высветлілася на практыцы, бывае па-рознаму. Але яшчэ пытанне, ці ўзрост таму прычынай.

Прызнаюся, наконт узросту я ніколі не мітусілася. Магчыма, таму, што маё першае працоўнае месца аказалася побач з крэслам 46-гадовай жанчыны, якая тады толькі што выйшла з дэкрэтнага адпачынку. Пра розныя там фітнэсы, дыеты і іншыя модныя штукі для падтрымання здароўя і маладосці яна ведала вельмі прыблізна. І жыццё ў яе было вельмі няпростым. Але панурай, без усмешкі я не бачыла яе ніколі... За ўсе гэтыя гады яна зусім не змянілася. Хаця расціць сына, так ужо сталася, ёй выпала адной. Сын вырас усім на зайздрасць. І наперадзе ў яе, упэўнена, яшчэ шмат паўнавартасных гадоў. Бо сапраўдны ўзрост, як пераканала мяне знаёмства з гэтай кабетай, не залежыць ні ад пашпартных лічбаў, ні ад колькасці гадзін, праведзеных у спартыўнай зале. А вось колькасць шчырых (абавязкова шчырых) усмешак на працягу дня адчувальна зніжае ўзроставую планку.

Урэшце, калі ўпэўненасці ў сваіх "узроставых" здольнасцях нарадзіць дзіця бракуе, можна пацікавіцца і біяграфіямі вядомых асоб. Яфім Шыфрын, напрыклад, з`явіўся на свет, калі яго маці было ўжо добра за 40. Каханне і, пэўна ж, здароўе яго бацькоў (дарэчы, абое родам з Магілёўскай губерні) прайшло выпрабаванне гадамі сталінскіх рэпрэсій. І ўзровень медыцыны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя (тым больш, на Калыме) наўрад ці прыстойна параўноўваць з сённяшнім. Але...

Тым не менш адных славутых біяграфій для ўзняцця настрою мне не хапіла, калі мы з мужам вырашылі, што цалкам гатовы да бадзёрых танцаў па начах у кампаніі немаўляці. Бо нічога істотнага ў нашым жыцці не адбылося ні праз месяц, ні праз паўгода, ні пазней. Я захапілася збіраннем народных рэцэптаў з мэтай як мага хутчэй прывабіць жаданую падзею. З самых экзатычных, што мне трапіліся, — парада пры любым зручным выпадку прыкладаць да жывата кавуны. Чым больш прыкладзеш — тым лепш. Яшчэ кажуць, што карысна як мага часцей пытацца ў пузатых мужчын (!), колькі гадзін. А яшчэ няблага завесці дома фікус... Фікус я завяла. І пачала рыхтаваць мужа да думкі, што калі-небудзь мы, напэўна, маглі б узяць дзіця на выхаванне. Спачатку ён пра гэта і слухаць не хацеў. Пакуль да нас у госці не завітала мая былая аднакласніца, якая напярэдадні якраз забрала дзяўчынку з дзіцячага дома. Муж быў настолькі зачараваны гэтай малой, што сам прапанаваў: "Заўтра ж едзем у дзіцячы дом!" Але назаўтра я захварэла. З высокай тэмпературай, цяжкай галавой і іншымі сімптомамі звычайных восеньскіх вірусаў. Застаўшыся дома, вырашыла прыбраць кватэру. І выпадкова натрапіла на нескарыстаны тэст на цяжарнасць... Словам, так выпадкова ўсё і адбылося.

А калі пазней мая сяброўка ў чарговы раз пачала скардзіцца, што вар'яцее ад свайго жадання нарадзіць дзіця, я параіла ёй для пачатку пацікавіцца працэдурай усынаўлення ва Украіне (там сяброўка зараз жыве). Проста каб зразумець, што заўжды ёсць альтэрнатыва. І нават калі вам "глыбока за 40", у вашага дзіцяці яшчэ цалкам можа з'явіцца брат ці сястра. І зноў глядзець на свет дзіцячымі вачыма вы будзеце ў любым выпадку... Дарэчы, хочаце — не верце, але неўзабаве сяброўка зацяжарала.

Марына Беразенская

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.