Вы тут

Свая кроў? Ці... тая, якая вып'е ўсю кроў?


Паводле статыстычных даных, з-за ўмяшальніцтва свекрыві ў адносіны сямейнай пары распадаецца кожны восьмы шлюб у свеце, а паводле некаторых даследаванняў — нават кожны другі. Вось чаму так важна знайсці ўзаемапаразуменне з мамай мужа. Дасягнуць гэтага бывае вельмі складана, але, як лічаць спецыялісты, усё ж такі магчыма.

"Яна зачаравала майго сына!"

Святлане Сцяпанаўне нявестка не спадабалася з першага позірку. Як увайшла тая разам з сынам упершыню ў іх дом, так з таго часу і пачала раздражняць свякроў сваёй прыстунасцю ...

Спачатку Святлана Сцяпанаўна, мабыць, спадзявалася, што Ілона — гэта ўсяго толькі чарговая сяброўка яе Кірыла. Іх у жыцці сына ўжо было нямала, але ніхто не здолеў затрымацца. Таму жанчына толькі ветліва ўсміхалася чарговай дзяўчыне, а пра сябе заўжды думала: "Вось дурніца! Куды ёй да майго Кірыла?.. Яна ж яму — не пара, але на нешта ж спадзяецца". Толькі з Ілонай атрымалася ўсё інакш. Аднойчы Кірыл заехаў да маці і паведаміў, што яны збіраюцца пажаніцца. Ад нечаканасці Святлана Сцяпанаўна нават не здолела нічога сказаць.

Вядома, яна разумела, што рана ці позна ў жыцці сына з'явіцца нехта, хто яго "акруціць", але каб Ілона?!. У гэты дзень, які для маці стаў адным з самых змрочных у жыцці, яна не здолела заснуць амаль да раніцы. А на досвітку ёй падумалася: няхай сабе жэняцца, але яе Кірыл усё роўна не зможа жыць з такой, як Ілона. Адразу ж відаць — беларучка! Мабыць, і гатаваць як след не можа, не тое што падтрымліваць утульнасць у доме. А мужчынам догляд патрэбны, і пры гэтым каб жонка была заўсёды добрай, вясёлай, пяшчотнай. "Не, Ілона доўга не вытрывае", — вырашыла для сябе Святлана Сцяпанаўна.

Адгулялі вяселле, прайшоў месяц, другі, трэці... А сын хадзіў такі ж шчаслівы і закаханы!.. Святлана Сцяпанаўна адчула сябе падманутай. "Гэтая змяюка, мабыць, зачаравала майго сына!" — думала жанчына. І з кожным днём усё больш ненавідзела нявестку. Дайшло да таго, што ёй стала балюча нават бачыць Ілону побач з Кірылам...

"Яна не жадае яму шчасця!"

Зразумець, за што яе так не любіць свякроў, Ілона не магла. А тое, што яе не выносяць, дзяўчына адчула амаль адразу пасля знаёмства з будучай свекрывёю. А калі яны з Кірылам ажаніліся, дык свякроў нават перастала ўтойваць свае сапраўдныя адносіны да нявесткі.

"Калі мы разам прыязджалі да яго маці, яна нават мянялася з твару, як толькі бачыла мяне побач з сынам", — расказвае Ілона.

Чаго толькі маладая жонка ні рабіла, каб паладзіць з маці мужа: рабіла ёй падарункі, прывозіла дарагія прадукты, праз дзень тэлефанавала, каб тая не адчувала сябе кінутай. Нават аднойчы запрасіла Святлану Сцяпанаўну ў тэатр. Ды толькі нічога не давала вынікаў.

Ілоне нават здавалася, што чым больш яна спрабуе наблізіцца да маці мужа, тым больш тая аддаляецца ад яе. А калі ў маладой пары нарадзілася дачушка, Святлана Сцяпанаўна наогул больш за тыдзень не падыходзіла да тэлефона.

"Здаецца, усё раблю як след, муж з дачкой заўсёды дагледжаныя, накормленыя... У кватэры чысціня — усё зіхаціць! За сабой таксама заўсёды сачу: і прычоска, і макіяж, і прыгожая сукенка кожны дзень, каб Святлана Сцяпанаўна не гаварыла Кірылу, што я страшыдла! За што яна мяне так не любіць — не разумею, — шчыра прызнаецца Ілона. — Няўжо яна не бачыць, што ў нас з Кірылам усё добра? Што ён мяне кахае?.. Няўжо не жадае шчасця свайму сыну?.."

Ужо амаль пяць гадоў Ілона і Кірыл разам і шчаслівыя ў шлюбе, а свякроў не змяніла свайго стаўлення да нявесткі. Ілона ж, страціўшы ўсялякую надзею на паразуменне, вырашыла, што лепшы сродак не псаваць сабе настрой, захаваць унутраны спакой — гэта наогул не бачыцца са свекрывёю. Не таму, што Ілона не любіць Святлану Сцяпанаўну, а таму, што так будзе лепш для ўсіх. У першую чаргу для Кірыла і Святланы Сцяпанаўны.

"Я ж — такая, як яна!"

— Няўжо не крыўдна, што яна да цябе так ставіцца? Прызнайся, ты ж яе, пэўна, таксама ненавідзіш?! — правакую Ілону.

А тая ў адказ толькі ўсміхаецца:

— Ты ж усё роўна не паверыш, што я ёй... сімпатызую, ды і як інакш?.. Гэта яна выхавала такога цудоўнага сына. Няхай свякроў мяне не любіць (хаця, безумоўна, крыўдна!), затое побач са мной верны, добры і пяшчотны мужчына, і такім ён стаў дзякуючы яе ўплыву. Ды і, шчыра кажучы, я на Святлану Сцяпанаўну вельмі падобная. Аднойчы знайшла ў альбоме мужа здымак, дзе яны разам з маці адпачывалі ў Крыме, дык нават спужалася нашага з ёю падабенства. Яна там крыху старэйшая за мяне цяперашнюю, але... такая прыгожая, так шчыра ўсміхаецца! Пэўна, недарма кажуць, што сын выбірае жонку, падобную на сваю маці...Дарэчы, існуе меркаванне, што менавіта падабенства свекрыві і нявесткі часцей за ўсё і становіцца падставай для нелюбові паміж жанчынамі. Спецыялісты тлумачаць гэтую з'яву так. Калі нявестка мае такі ж моцны характар, як і свякроў, то сутычкі паміж імі — гэта толькі справа часу. Канфліктаў у гэтай сітуацыі пазбегнуць амаль немагчыма. Свякроў і нявестка нават могуць не разумець, што з'яўляецца сапраўднай падставай для нелюбові — яны не любяць адна адну падсвядома. Проста дзвюм моцным жанчынам цесна ў жыцці аднаго мужчыны, які для адной — сын, "заўсёды маленькі хлопчык", а для другой — каханы муж, ідэал мужчыны.

Калі свякроў і нявестка аднолькава слабыя, пяшчотныя, мяккія па характары, то яны амаль заўсёды знаходзяць паразуменне. Але пры гэтым спецыялісты папярэджваюць маладых жонак, што станавіцца сяброўкай свекрыві ўсё ж не трэба. Бо як бы цудоўна ні ставілася да нявесткі свякроў, якімі б добрымі ні былі паміж імі адносіны, сын заўсёды будзе для мамы бліжэй.

Што ж рабіць, калі час ідзе, а адносіны са свякроўю не складваюцца?.. Дыстанцыравацца, а потым... проста чакаць, калі свякроў змірыцца, што вы ў жыцці сына назаўсёды і ў вас усё цудоўна ў шлюбе. Можна, вядома, і не дачакацца змен да лепшага ў стаўленні свекрыві. Але звычайна з цягам часу, калі свякроў бачыць, што ўнукі растуць, сям'я не распадаецца, а сын задаволены — яна змяняе гнеў на міласць і нават пачынае ставіцца да нявесткі з сімпатыяй. Проста адным свякроўкам на гэта спатрэбіцца год, іншым — пяць, а камусьці — амаль усё жыццё. Так ці інакш, а канфліктаваць са свекрывёю (і гэта абсалютна дакладна!) — занятак шкодны і непатрэбны. Тое, кім яна для вас стане — "сваёй крывёю" ці "той, якая вып'е ўсю кроў", — залежыць у значнай ступені ад вас, а не толькі ад яе. Дык дайце маці вашага мужа шанц стаць для вас калі не такім жа родным чалавекам, як вашы бацькі, дык хаця б — не чужым!..

Алена Кавалёва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».