Вы тут

85 гадоў таму зборная Беларусі па футболе правяла свой першы афіцыйны матч


17 жніўня 1928 года каманда БССР у межах Усесаюзнай Спартакіяды сустрэлася са зборнай Швейцарыі.

Масква літаральна стракацела: Усесаюзная спартакіяда была маленькай Алімпіядай, якая сабрала больш за 7 тысяч удзельнікаў! У саюзную сталіцу прыехалі не толькі з усіх куткоў краіны Саветаў, былі яшчэ дэлегацыі спартыўных аб'яднанняў Фінляндыі, Англіі, Уругвая, Швейцарыі... На баксёрскім рынгу выдатна дзейнічаў фін Юр'ё Паакі, швед Гунар Берлунд, які ў 1934-м стане пераможцам кантынентальнага першынства. А вось у класічнай барацьбе (сярэдняя вага) роўных не было немцу Вернэру Зэленбіндэру

. Жыццёвы лёс не пашкадуе гэтага моцнага і целам, і душой чалавека. Праз 16 гадоў ён будзе расстраляны гітлераўцамі ў турме Брандэнбурга...

Але беларусаў на Усесаюзнай спартакіядзе, зразумела, найбольш цікавіў футбол. У турніры ўдзельнічала 21 зборная, сярод якіх былі 4 аматарскія замежныя каманды. У адной групе выступалі каманды РСФСР, а ў другой — астатнія савецкія рэспублікі і замежнікі. Пераможцы груп і разыгрывалі паміж сабой званне чэмпіёна спартакіяды.

— Яшчэ напярэдадні спаборніцтваў у беларускім друку актыўна абмяркоўвалі тых, хто павінен прадстаўляць рэспубліку на гэтым турніры, — кажа Аляксандр Томін, даследчык футбольнай гісторыі, суаўтар кнігі "Дынама Мінск. Гульня на полі гісторыі". — У выніку ў каманду трапілі наступныя футбалісты: варатар Халмагораў (Полацк), абаронцы Ільін (Полацк), Палякоў (Гомель), паўабаронцы Лабкоўскі (Гомель), Гаўрылаў (Полацк), Лавейка (мінскае "Дынама"), нападаючыя Гваздкоў (Полацк), Марозаў (кавалерыйская дывізія, Мінск), Феакцістаў (Полацк), Ціхаміраў і Кочын прадстаўлялі мінскае "Дынама".

1376927347435_17-17

Цікава, што матч паміж беларусамі і швейцарцамі быў дэбютным не толькі для нашай каманды, але і для маскоўскага стадыёна "Дынама". Арэна была спраектавана архітэктарамі Аркадзем Лангманам і Лазарам Чарыковерам спецыяльна для спартакіяды. На той момант трыбуны маглі прыняць 25 тысяч балельшчыкаў. За матчам паміж беларусамі і швейцарцамі сачылі 7 тысяч гледачоў, што ў два разы перавышае колькасць балельшчыкаў на нядаўняй гульні Беларусь — Чарнагорыя. Беларусы здолелі перайграць саперніка з лікам 6:3 — праўда, пасля саступілі Украіне (2:6) і Фінляндыі (1:2).

— У сваёй групе каманда БССР заняла 4-ы радок, але ў заліку сярод футбольных дружын СССР яны сталі трэцімі пасля зборных Масквы і Украіны. У такім выпадку можна лічыць, што наша зборная стала бронзавым прызёрам. Гэта першы поспех нашай каманды, — дзеліцца падрабязнасцямі Аляксандр Томін.

Пастаноўка пытання ў назве артыкула можа выклікаць шэраг пытанняў у чытача. Маўляў, якая гэта была зборная, калі Беларусь не была незалежнай краінай? Ці ўдзельнічала яна ў буйных міжнародных стартах? Зразумела, што не. Аднак, менавіта ў далёкім 1928 годзе зборная нашай саюзнай рэспублікі, складзеная цалкам з жыхароў нашай краіны, удзельнічала ў першых значных спаборніцтвах і атрымала першую прыгожую перамогу.

Тарас ШЧЫРЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?