Вы тут

Жыццё, якога не было


Цёплае вясновае сонца хілілася да гарызонту. Май уладарыў напоўніцу, надвор'е было як летам... Хоць яблыні яшчэ не цвілі, а значыць, чакай маразоў?

Вось такой мілай сэрцу парою маладая пенсіянерка Вольга прыехала ў бацькоўскую хату, у вёску. Тут яна нарадзілася, тут адбегала свае пятнаццаць першых і лепшых гадоў, тут скончыла школу-васьмігодку. Адсюль падалася ў горад, кінулася ў вір сталічнага жыцця. Аднак і там яно ішло па раскладзе, нібы тыя электрычкі, якімі яна прыязджала да бацькоў. Ну як жа: пасля школы — вучылішча, спецыяльнасць маляра-тынкоўшчыка, праца — дзень пры дні, ад выхаднога да выхаднога. Будавала яна — школы, дзіцячыя садкі, дамы-шматпавярховікі.

Каб потым, у адным з такіх мурашнікаў ужо з мужам Васілём атрымаць кватэру. Каб у адзін з садкоў (а потым і ў школу...) павесці сынка. Яны галубком яго называлі. І, вядома ж, песцілі. Для яго найперш, для Алёшачкі, купляліся прысмакі і ўсе абноўкі. А што — яны малымі хлеба ўдосталь не ведалі, пра цукеркі-падушачкі толькі марылі, дык няхай хоць дзіця ад'есца... Адзінае ж...

Можа, тады яны нешта ўпусцілі, недзе памыліліся? Але ў мужа пра гэта ўжо не спытаеш: чатыры вясны як не стала яго, пахавала... І толькі тады зразумела, як жа любіла. А пры жыцці...

Пра каханне адно аднаму яны, былыя вясковыя дзеці, неяк не казалі, няёмка было. Проста сышліся, разам пражылі маладосць, потым у тлуме гарадскім, у працы і клопатах сустрэлі сталасць. А вось старасць — яе Васіль ужо не паспеў, памёр.

Вольга часам зайздросціла яму, бо з ёй, як лічыла, адбылося нешта страшнейшае, чым нават смерць.

Спакваля пачыналася: сын ажаніўся, прывёў у кватэру нявестку. Ім, як быццам, і не цесна было: маладыя ў адным пакоі, яна — у другім. Вось толькі рамонт бы неяк зрабіць.

Патрэба ў ім, вядома ж, была. Ці не ўсе суседзі ўжо паставілі шклопакеты, памянялі дзверы ў пакоях, павыкідвалі стары лінолеум, плітку... Яны таксама вырашылі — як толькі пацяплее...

Не, сын нядрэнна прыдумаў: яны з жонкай усе турботы возьмуць на сябе. А маці, каб не дыхаць рамонтным пылам, на лета пераедзе ў вёску.

Вольга згадзілася: балазе, гэта недалёка, ды і тэлефон у суседзяў ёсць: можна званіць, можна распытваць, як справы...

Аляксей, як падавалася, ахвотна расказваў. І Вольга пасля кожнай размовы не магла на яго нахваліцца, не магла нацешыцца — не магла не ганарыцца сабой, нябожчыкам-мужам, бо нічога ж не скажаш: хлопец вырас талковы, з галавой, з рукамі. І бач які дзелавы, як разгарнуўся...

З пачатку жніўня яна ўжо прапытвала, калі ж закончацца ўсе работы, калі ёй можна будзе вярнуцца дамоў. Сын тэрмінаў не называў, проста пералічваў, што яшчэ засталося зрабіць...

А ў першую суботу верасня ля яе вясковай хаты раптам спыніўся грузавік. Яна сцяміць нічога не паспела, як з яго трое дзябёлых хлопцаў згрузілі добра знаёмую старую мэблю і нейкія вандзэлкі, укінулі ўсё ў хату і... зніклі.

Вольга так разгубілася, што нічога не паспела спытаць. Потым, калі машына ўжо схавалася за паваротам, кінулася да суседзяў: ну як жа — трэба пазваніць сыну. Ён, відаць, і мэблю рашыў памяняць і старую, каб не выкідваць...

Тое, што ад яго пачула, перазвонам загрымела ў вушах: "Ты ведаеш, мама, табе трэба застацца ў вёсцы. Там табе лепей будзе: і здаравей, і прасторней. Тут жа нам і ўтраіх не павярнуцца было... А народзіцца хутка малое... Ты не сумуй там... Мы будзем прыязджаць..."

За цэлы доўгі, як вяроўка год аніхто да яе так і не прыехаў. Сына — адзінага, любімага — як не было... І з часам жанчыне стала здавацца, што адсюль, з вёскі, яна нікуды не з'язджала, што ўсё тое гарадское жыццё пражыў нехта іншы, а ёй пасля 15 споўнілася не 16, 17, 18 — адразу 57. І трэба дыхаць, трэба хадзіць па зямлі, трэба неяк падладзіць хату, каб не мерзнуць, як летась, і не хварэць, трэба паправіць печку і назапасіць дроў...

Новыя справы запаўнялі яе час, а галоўнае — думкі.

Сяргей КОНАН.
г. Жодзіна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»