Вы тут

Дзе пачуць усе славянскія мовы адразу?


Ад сённяшняга дня і на цэлы тыдзень сталіца Беларусі стане навуковым цэнтрам славянскага свету

Больш за 600 навукоўцаў з 35 краін свету прымуць удзел у працы ХV Міжнароднага з'езда славістаў. Гаворка пойдзе пра культуру, гісторыю, мову народаў славянскага свету. Але славянскі свет не існуе адасоблена, яго культура ў сучасных варунках не развіваецца толькі на традыцыйнай, этнічна акрэсленай тэрыторыі. Акрамя таго, яна ўплывае на культуру сусветную, і, наадварот, адчувае ўплывы звонку. Таму прадстаўніцтва на з'ездзе, які афіцыйна адкрыецца заўтра, будзе вельмі шырокім: гасцямі з'езда стануць даследчыкі не толькі са славянскіх краін, але і з Аўстрыі, Аўстраліі, Бельгіі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Іспаніі, Канады, Літвы, Францыі, Швейцарыі, Японіі... Таму калі хто завітае на паседжанні па секцыях у Лінгвістычным універсітэце (уваход вольны), то не трэба дзівіцца, што мовы будуць гучаць самыя розныя. Усе славянскія мовы — гэта афіцыйныя мовы з'езда. А таксама англійская, нямецкая, французская... І разумець адзін аднаго навукоўцы павінны без перакладу.

Удзельнікі з'езда пачалі прыязджаць ужо ў нядзелю. І да серады — дня ўрачыстага адкрыцця — у шмат каго з іх ёсць час на тое, каб агледзецца, пазнаёміцца з беларускай сталіцай, якая любіць і ўмее прымаць гасцей. Пачынаючы ад атэляў — замежных навукоўцаў сустракаюць у гасцініцах "Мінск", "Юбілейная", "Планета", "Спадарожнік", "Акадэмічная". Акрамя таго, будзе наладжаны прыём ад імя беларускага ўрада, дзе перавага будзе аддадзена беларускай страве. І падчас працы з'езда будзе час на экскурсіі. Па жаданні, кожны можа абраць маршрут, які найбольш зацікавіў: Дудуткі, Полацк, Мір, Нясвіж, Мінск

.

Міжнародны з'езд славістаў праходзіць ужо ў пятнаццаты раз з 1929 года, але наша краіна яго прымае ўпершыню. Адказнасць вялікая: не проста забяспечыць умовы плённай працы, але і прадэманстраваць гасцям славутую беларускую гасціннасць, каб у іх было ўяўленне пра асаблівасці беларускага характару і адметнасць нацыянальных традыцый. Гэта ж не жарт: да нас прыязджаюць 33 старшыні нацыянальных камітэтаў славістаў!.. Галоўнымі арганізатарамі з'язда з'яўляюцца Міжнародны камітэт славістаў, Беларускі камітэт славістаў, Нацыянальная Акадэмія Навук Беларусі. З беларускага боку далучыліся да арганізацыі міністэрствы адукацыі, культуры, інфармацыі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Праграма з'езда насычаная: гэта і тэматычныя блокі, праца па розных секцыях, "круглыя сталы" і дыскусіі. Напрыклад, адной з цікавых тэм падаецца такая: "Моўныя сітуацыі ў славянскім свеце", дзе гаворка пойдзе ў тым ліку і пра тэндэнцыі развіцця сістэм славянскіх моў у пачатку ХХІ стагоддзя, праблемы глабалізацыі, праблемы моўнай ідэнтыфікацыі і самаідэнтыфікацыі.

Будзе час і на важныя сустрэчы, напрыклад, з кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук. і знаёмства з дасягненнямі беларускіх навукоўцаў — дзейнічае нават пастаянная экспазіцыя пра гэта: "Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці". Навукоўцаў-славістаў могуць зацікавіць археалагічныя артэфакты (сабраныя айчыннымі даследчыкамі) і выстава рэдкіх кніг. Што да кніг, то кніжны збор нашай краіны можа папоўніцца адметнай калекцыяй менавіта дзякуючы з'езду: ёсць традыцыя падчас яго працы рабіць выставу літаратуры, якая выдавалася за апошнія пяць гадоў у розных краінах. Але пасля завяршэння з'езда кнігі застаюцца ў той краіне, якая яго прымала. І гэта ўжо важны вынік для нас, пры тым, што з'езд афіцыйна адкрываецца ў сераду.

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.