Вы тут

Дэбютанты верхаводзяць!


Мужчынская зборная Беларусі па баскетболе выйшла ў плэй-оф кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2015

Перад пачаткам вырашальнага паядынку ў групе D мала хто асмеліўся б назваць фаварытам сустрэчы беларускую каманду. Больш упэўнена ў гэтай ролі выглядала зборная Славакіі, якая ўжо мела ў сваім актыве перамогу над падапечнымі Руслана Байдакова. У славацкай Левіцы нашы хлопцы прайгралі гаспадарам. Пасля фінальнага матча кваліфікацыі галоўны трэнер беларускай дружыны Руслан Байдакоў прызнаўся, што той пройгрыш "стаў сапраўднай пстрычкай па носе, якая прымусіла мабілізавацца перад наступнай сустрэчай з венграмі".

Напэўна, вопыт сустрэч з учэпістымі мадзьярамі дапамог беларусам цалкам раскрыцца. Тое, што падапечныя Руслана Байдакова падчас турніру значна прыбавілі ў абароне, стала відавочна адразу на старце матча са славакамі. Асабліва ўдала нашы хлопцы дзейнічалі на падборы. Тут варта адзначыць і якасную гульню Аляксандра Кудраўцава

, які быццам часова змяніў амплуа, выдатна спраўляючыся з роляй асноўнага разыгрываючага. Асабліва запомнілася дальняя перадача на Віталя Лютыча, які выканаў кідок з-пад кальца. Але яшчэ больш эфектнымі ў форварда зборнай атрымліваліся трохачковыя кідкі з-за дугі. Гэты ж элемент удала праходзіў у ініцыятыўнага Аляксандра Пустагвара. У пэўны момант здалося, што Лютыч і Пустагвар спаборнічаюць, хто больш "накідае" эфектных трохачковых.

Але ўжо пасля фінальнай сірэны Віталь Лютыч прызнаўся карэспандэнту "Звязды", што не ўсім задаволены ў сваіх дзеяннях: "Было мала праходаў. Я люблю гуляць пад кальцом, але сёння чамусьці лепш атрымліваліся трохачковыя кідкі. Тым не менш прыемна, што мае ачкі дапамаглі камандзе".

У трэцім перыядзе беларусы канчаткова разбурылі гульню сапернікаў. У славакаў ужо не атрымлівалася амаль нічога: дрэнная рэалізацыя кідкоў, нават штрафных, недарэчныя страты мяча, спантанныя рашэнні, выдаленні за неспартыўныя фалы. Адрыў нашых хлопцаў складаў больш за трыццаць ачкоў! І тут Байдакоў вырашыў выпусціць на паркет фактычна другі склад каманды, даў пагуляць маладому "дэсанту". На пляцоўцы верхаводзілі Дзмітрый Акуліч, Уладзімір Крысевіч, Аляксей Трасцінецкі. Дарэчы, апошні стаў самым рэзультатыўным гульцом, паспеўшы фактычна за адзін перыяд "накідаць" 21 ачко. Апошнюю дзесяціхвілінку беларусы адыгралі ўнічыю, аднак гэта не пашкодзіла адсвяткаваць выніковую перамогу з разгромным лікам 114:73.

Пасля заканчэння сустрэчы Руслан Байдакоў падсумаваў вынікі выступлення сваіх падапечных: "Магчыма, не так добра дзейнічалі мы, як дрэнна згулялі сапернікі. Зборная Славакіі дома і зборная Славакіі ў гасцях — гэта дзве розныя каманды. Безумоўна, прыемна, што хлопцы прадэманстравалі пераможны настрой і сапраўдны камандны дух. Гэта вельмі важна ва ўзаемадзеянні маладых гульцоў і вопытных баскетбалістаў. Да канца стараўся трымаць хлопцаў у тонусе, эмацыянальна падказваў, каб дэбютанты зборнай не расслабляліся і не дазвалялі сабе піжонства. Мы толькі што з першага месца выйшлі ў паўфінал, а ўжо праз некалькі дзён трэба гуляць з эстонцамі. Нельга расслабляцца! Прыбалты — вельмі вопытная каманда, якая пастаянна ўзмацняецца. Так што будзе цяжка".

Дарэчы, хатні матч супраць зборнай Эстоніі беларускія баскетбалісты правядуць 22 жніўня ў Магілёве. Прыходзьце падтрымаць сваю каманду!

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».