Вы тут

ФАКТЫ, ПАДЗЕІ, НАВІНЫ


Школьная фізіка: цяпер не толькі тэорыя?

Згодна з Праграмай развіцця агульнай сярэдняй адукацыі, на аснашчэнне вучэбных кабінетаў фізікі ў беларускіх школах прадугледжана выдаткаваць у 2013 годзе 150 млрд рублёў. Спецыялістамі Нацыянальнага інстытута адукацыі быў распрацаваны пералік адпаведных прыбораў і інструментарыя, які павінен быць прадстаўлены ў сучасным кабінеце фізікі.

Міністэрствам адукацыі вызначаны 222 установы агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх плануецца поўнасцю абсталяваць кабінеты фізікі ў гэтым годзе. Як расказалі журналісту "Звязды" ў галоўным адукацыйным ведамстве, да 1 верасня будуць аснашчаны 22 кабінеты фізікі. Згодна з заключанымі дамовамі, на 13 жніўня ў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Глобус" было пастаўлена 71 найменне абсталявання: мэбля, інтэрактыўныя дошкі, тэлевізары, шматфункцыянальныя ўстройствы, вэб-камеры, мадэмы, маніторы, тэлескопы. Дарэчы, дэманстрацыйныя наборы па электрычнасці, стэнды, плакаты, тэлескопы. Тэлескопамі плануюць аснасціць усе 222 школы.

Завяршыць перааснашчэнне кабінетаў фізікі, хіміі і біялогіі плануецца да 2016 года. Згодна з Праграмай развіцця агульнай сярэдняй адукацыі, з 2014 па 2016 год на аснашчэнне кабінетаў фізікі, хіміі і біялогіі прадугледжана выдаткоўваць па 475,5 млрд рублёў штогод.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Трымальнікам картак МТБанка цяпер даступныя 600 банкаматаў

Учора да партнёрскай сеткі МТБанка далучыўся адзін з найбуйнейшых банкаў краіны — Белінвестбанк. Таму цяпер трымальнікі плацежных картак МТБанка змогуць дадаткова карыстацца больш чым 600 банкаматамі па ўсёй краіне, уключаючы машыны банкаў-партнёраў — Белінвестбанка і Белгазпрамбанка. Дарэчы, у банкаматах гэтых дзвюх устаноў усталёўваюцца аналагічныя ўмовы па выдачы наяўных тым, што дзейнічалі ў банкаматах "Пріорбанка". МТБанк рэкамендуе ў сувязі з гэтым сваім кліентам выкарыстоўваць банкаматы менавіта пазначаных устаноў на выгадных умовах. Акрамя таго, у банкаматах Пріорбанка з 1 верасня выдача наяўных будзе ажыццяўляцца на агульных умовах. МТБанк просіць улічыць апошняе пры планаванні сваіх аперацый з карткамі.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Кватэрныя зладзеі "выйшлі"... праз акно

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама разам з калегамі з Фрунзенскага РУУС сталіцы затрымалі серыйных кватэрных зладзеяў.

Напачатку ў райаддзел міліцыі звярнуўся з заявай жыхар раёна, які заспеў у сваёй кватэры па вуліцы Панамарэнкі двух невядомых гасцей, што старана абшуквалі яго жыллё. Злоўленыя ледзь не за руку, зладзеі паспрабавалі збегчы праз акно. Гэта пры тым, што кватэра, дзе яны вырашылі пажывіцца чужымі каштоўнасцямі, знаходзілася на трэцім паверсе. Пры падзенні адзін са зламыснікаў атрымаў траўму нагі. Гаспадар кватэры звярнуў на гэтую акалічнасць увагу аператыўнікаў. І ўжо праз два дні супрацоўнікі крымінальнага вышуку разам з байцамі спецпадраздзялення "Алмаз" затрымалі зладзеяў каля ўвахода ў паліклініку, куды яны звярнуліся па дапамогу. Абодва прыяцелі ўжо былі раней судзімыя, ужываюць наркотыкі. Праваахоўнікі не выключаюць, што затрыманыя могуць мець дачыненне да іншых аналагічных злачынстваў. Прынамсі, вядома як мінімум пра два такія выпадкі, але тады ўладальнікам была вернута іх маёмасць і яны ў міліцыю не звярталіся.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Прысвоілі сродкі ўдзельнікаў долевага будаўніцтва

У дачыненні да заснавальнікаў і службовых асоб будаўнічай кампаніі таварыства з абмежаванай адказнасцю "Антасам" Камітэт дзяржаўнай бяспекі завёў крымінальную справу.

Паводле інфармацыі прэс-службы КДБ, папярэдняе даследаванне паказала, што з мая 2009 года па жнівень 2013-га дырэктар кампаніі, знаходзячыся ў змове з заснавальнікамі, прысвоіў грашовыя сродкі ўдзельнікаў долевага будаўніцтва. Грошы былі пералічаны на адрас ТАА "Антасам" на будаўніцтва кватэр у жылым комплексе "Самацветы" ва Фрунзенскім раёне сталіцы. Па месцы жыхарства падазроных асоб і ў офісах падкантрольных ім камерцыйных структур канфіскавана каля 18 кг золата ў злітках Нацбанка Беларусі. Устаноўлена таксама наяўнасць дарагіх аб'ектаў нерухомасці і транспартных сродкаў.

Святлана БАРЫСЕНКА.

З травы полымя перакінулася на адзенне...

У Салігорскім раёне шасцігадовы хлопчык атрымаў цяжкія апёкі, распальваючы вогнішча пры дапамозе бензіну.

— Няшчасны выпадак адбыўся ў вёсцы Доўгае, дзе дзіця разам з 15-гадовым братам знаходзілася на падворку. У свой час хлопчык неаднойчы назіраў, як бацька пры дапамозе бензіну распальваў вогнішча, і паспрабаваў паўтарыць яго дзеянні, — паведамілі ў Мінскім абласным упраўленні МНС. — Калі ён адкаркоўваў ёмістасць, гаручая вадкасць патрапіла на адзенне. Усё астатняе дзіця выліла на траву і запаліла. З травы полымя перакінулася на адзенне. Пры спробе самастойна затушыць агонь пацярпелы і атрымаў апёкі 40 працэнтаў цела. Дзіця шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне дзіцячай бальніцы ў крайне цяжкім стане.

Сяргей РАСОЛЬКА.

"Прэм'ер" на 180 мільёнаў рублёў

Кантрабандысты амаль штодня хаваюць буйныя партыі тытуню пад вугалем, які вязуць у Латвію.

У рэспубліканскім пункце мытнага афармлення "Бігосава-2" супрацоўнікамі Віцебскай мытні быў спынены грузавы чыгуначны састаў, які ехаў з Расіі ў Латвію. Падчас агляду двух паўвагонаў пад вугалем знайшлі 60 каробак з цыгарэтамі "Прэм'ер" беларускай вытворчасці з акцызнымі маркамі. 30 тысяч пачкаў на агульную суму 180 мільёнаў рублёў канфіскавалі.

Згарэў аўтамабіль

У Віцебску ноччу згарэў аўтамабіль, які належыць рэспубліканскаму ўнітарнаму прадпрыемству "Белпошта".

— Пажар адбыўся а пятай гадзіне ночы на вуліцы Петруся Броўкі, каля дома № 9. Агнём быў знішчаны аўтамабіль "ГАЗ-2705", 2006 года вырабу. Пры спробе самастойнага тушэння пажару кіроўца атрымаў апёкі рук, галавы 1-2 ступені, — паведаміла Марына Фандо, прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях. Мужчыну шпіталізавалі. Прычына пажару высвятляецца.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

П'яная трагедыя

38-гадовая жыхарка Лунінецкага раёна і трое яе сабутэльнікаў забілі 34-гадовага мужчыну. Паводле версіі следства, уся кампанія спачатку гуляла ў доме жанчыны. Затым узнікла сварка, падчас якой дама і яе маладыя госці сталі збіваць 34-гадовага сужыцеля гаспадыні дома. Білі рукамі і нагамі, пакуль няшчасны не памёр. Цяпер усе ўдзельнікі застолля затрыманы. Двое з іх — 1989 года нараджэння — раней адбывалі пакаранне за розныя злачынствы.

Яна СВЕТАВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.