Як праводзяцца раскопкі?
Спачатку трэба знайсці помнік. Часцей за ўсё ён можа знаходзіцца на высокім месцы, побач з ракой. На паверхні трапляюцца невялічкія каменьчыкі, якія ўяўляюць сабой пэўную цікавасць. Пасля ў некалькіх месцах робяцца шурфы, каб даведацца, дзе мяжа помніка ці найбольш насычаны культурны пласт. Калі ёсць знаходкі, якія цікавяць канкрэтнага археолага, то ў наступным годзе ён можа прыехаць і пачаць капаць.
Помнік звычайна разбіваецца на квадратную сетку. І раскоп размяркоўваецца па напрамках свету, каб можна было рабіць больш дакладную фіксацыю. Зямля здымаецца з дапамогай шуфлікаў, невялікімі ўчасткамі. Калі пласт зняты, робіцца зачыстка, усё фатаграфуецца і замалёўваецца. З кожнага пласта-квадрата знаходкі збіраюцца ў асобны пакецік, на якім ёсць паперка, дзе пішацца нумар квадрата і нумар пласта. Пасля таго, як усё сфатаграфавана і зафіксавана, выняты грунт засыпаецца назад. І гэта таксама вельмі важна, бо іначай сценкі раскопу, яго стратэграфія (напластаванні) разбурацца. Пасля, ужо ў Інстытуце гісторыі праводзіцца падрабязны аналіз таго, дзе што знаходзілася, узнаўляецца пэўны малюнак тых месцаў і эпохі.
Яго, верагодна, можна датаваць пачаткам І тысячагоддзя, аднак больш дакладную выснову зробяць ужо мінскія археолагі пасля завяршэння раскопак. Археалагічныя раскопкі, якія вяліся ў запаведніку, узначальваў малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Ткачоў. Пад яго кіраўніцтвам працавалі студэнты першага курса гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта
, а таксама іх выкладчыкі і іншыя валанцёры.
Да 2007 года ў Белавежскай пушчы быў вядомы толькі адзін археалагічны помнік першабытнай гісторыі — каля вёскі Камянюкі. Папярэдне ён адносіўся да жалезнага веку і трактаваўся як гарадзішча мілаградскай культуры. У выніку разведкі па берагах Лясной, іншых невялічкіх рачулках і вакол пушчы было знойдзена звыш 50 помнікаў археалогіі каменнага, бронзавага, жалезнага веку і больш позняга часу. Улічваючы, што дагэтуль у рэгіёне нічога не было вядома з гісторыі першабытнага жыцця (хто сюды прыйшоў, калі жыў), то ўсе гэтыя матэрыялы можна было лічыць сенсацыяй.
Адметна, што на тэрыторыі Белавежскай пушчы ў адным месцы былі знойдзены "розначасовыя" матэрыялы. Тут могуць сустракацца знаходкі, што адносяцца да перыяду "палеаліт — пачатак жалезнага веку", а побач, напрыклад, толькі тыя, што адносяцца да жалезнага веку. Такім чынам можна скласці суцэльную храналогію таго, як ішло жыццё, хто прыходзіў на змену тым ці іншым жыхарам. Алег Ткачоў патлумачыў, чаму ў адным месцы ёсць напластаванні розных часоў:
— Звычайна людзі сяліліся на адных і тых жа месцах, самых зручных. Яны прыходзілі і глядзелі, ці ёсць рака, ці высокае гэта месца, каб падчас паводкі не падтапілася. А ідэальным варыянтам было, калі з аднаго боку ў буйную раку ўпадала невялікая ручаіна. Бо для першабытнага чалавека месца знаходжання паселішча з'яўлялася вызначальным: вялікая рака — гэта рыба, а ручаіна — чыстая вада для піцця. Ідэальным было месца сутыкнення экалагічных зон: з аднаго боку балота, з другога — хваёвы лес, з трэцяга — лісцёвы. Усё гэта спрыяла больш разнастайнаму харчаванню. І, калі штосьці здаралася (напрыклад, у лесе знікала дзічына), жыхарам не даводзілася некуды пераходзіць — яны проста выкарыстоўвалі іншае харчаванне. Менавіта такое месца і тут: Белавежская пушча — а значыць, буйныя лясы на поўнач; на поўдзень — больш узвышаная тэрыторыя, на якой расце сасоннік. Тут жа зліваюцца дзве ракі — Белая і Лясная Правая. Гэта проста рай для жыцця першабытнага чалавека.
На месцы, дзе вядуцца раскопкі, відаць сляды першых плямёнаў (так званых "паляўнічых на паўночнага аленя"), якія хадзілі ўслед за статкамі гэтых жывёл, пасля таго, як адступіў ледавік. Ёсць таксама сляды кудлаеўскай, яніславіцкай культур, прадстаўнікі якіх першымі пачалі аседла жыць у Белавежскай пушчы. Таму атрымалася, што на самых лепшых месцах назапашваліся шматлікія матэрыялы розных часоў, якія знаходзяцца і сёння.
Алег Ткачоў расказаў, што кожную культуру можна вызначыць па прадметах ужытку. Напрыклад, у неаліце, калі з'явілася кераміка, гэта можна зрабіць па тэхналогіі і арнаментацыі глінянага начыння:
— У самую старажытную эпоху ў фармовачнае цеста дадавалі шмат раслін, таму яна была лёгкая, порыстая. Пасля была моднай добра загладжаная кераміка. У познім неаліце на тэрыторыі Заходняй Беларусі гаршкі падштрыхоўваліся. У жалезным веку ў керамічнае змесіва дадавалі шмат пяску, жарствы, таму яна больш грубая. Акрамя таго, у кожнай культуры быў свой набор элементаў арнаменту. І, калі мы знаходзім у пэўным месцы элементы нетутэйшага арнаменту, тады можна казаць пра пэўныя міжкультурныя стасункі. Менавіта на тэрыторыі Белавежскай пушчы знойдзены такі "мікс". З аднаго боку, тут сутыкнуліся так званае насельніцтва "ляснога неаліту" — мясцовыя плямёны, — а з тэрыторыі Польшчы пачалі пранікаць плямёны класічнага сярэднееўрапейскага гарызонту, якія ўжо ведалі жывёлагадоўлю і земляробства. Тут была памежная, кантактная зона, і гэта адлюстроўвалася ў керамічным матэрыяле. Так, на адным гаршку мы можам бачыць адначасова як мясцовыя, так і запазычаныя элементы арнаментацыі.
Кераміка, знойдзеная падчас раскопак, спалучае ў сабе рысы як мясцовай, нёманскай культуры, так і сярэднееўрапейскіх культур. Такім чынам, тэрыторыя Белавежскай пушчы (як і ўсё Беларускае Пабужжа) была пэўнай буфернай зонай, мяркуе Ткачоў, адным са шляхоў, праз які ў нашу краіну пранікалі жывёлагадоўля і раслінаводства — з аднаго боку. А з другога, трансфармавалася на захад "ідэалогія" паляўнічых і збіральнікаў — тагачаснага насельніцтва сучаснай Беларусі.
Навукоўцам удалося аднавіць верхнюю частку неалітычнага гаршка, які быў знойдзены летась. Аздабленне яго адзін у адзін супадае з арнаментацыяй начыння, адшуканага ў 2000 годзе на берагах Мухаўца каля Жабінкі. Гэта вастрадонны гаршчок з вузкім горлачкам, пад краем венца якога ідуць наколы, ямачкі. Ён аздоблены так званым "лінейным штампам", які запазычаны ад заходнееўрапейскіх культур варонкападобных кубкаў і шаравідных амфар. Аднак у мясцовых неалітычных культур была свая асаблівая сістэма аздаблення, характэрная толькі для беларускага рэгіёна Пабужжа, упэўнены археолаг. Гэта быў суцэльны моцны анклаў, які меў добрыя стасункі як паміж сабой, так і з Захадам.
Алег Ткачоў адзначыў, што за некалькі гадоў раскопак, якія актыўна вядуцца ў Белавежскай пушчы, атрымана вялізная колькасць знаходак. Толькі летась было знойдзена 7000 артэфактаў, калі ўлічваць самыя дробныя. Тых, якія можна прэзентаваць, паказаць, — больш за сотню. Напрыклад, на аб'екце "Камянюкі 2" за адзін археалагічны сезон было знойдзена больш за 12000 артэфактаў.
Даўно вядзецца размова пра стварэнне музея археалогіі ў Белавежскай пушчы. Гэта мог быць музей пад адкрытым небам, калі цалкам выкопваецца пэўнае паселішча і на матэрыялах, якія ў ім ёсць, ствараюцца пэўныя рэканструкцыі. Ставяцца будынкі, тут жа захоўваюцца знойдзеныя матэрыялы. Пакідаецца і пэўны ўчастак, на якім відаць, як вядуцца археалагічныя раскопкі. Праект музея археалогіі пад адкрытым небам ужо распрацаваны, аднак пакуль няма фінансавання. Аднак у новым музеі прыроды і гісторыі Белавежскай пушчы зараз створана невялікая археалагічная экспазіцыя з матэрыялаў, што былі атрыманы падчас першых раскопак.
Для Алега Ткачова археалогія — любімая справа. Ён падзяліўся сваімі думкамі адносна таго, чым жа яна яго так прываблівае:
— Гэта вельмі цікавы занятак у тым плане, што даводзіцца наведваць розныя мясціны. А для гэтага трэба быць рамантыкам. Каб не такая, хоць і вельмі сціпла аплачваемая праца, я ўсё лета сядзеў бы ў душным кабінеце за камп'ютарам. А тут атрымліваецца спалучэнне фізічнай і інтэлектуальнай дзейнасці: усё лета капаеш, зімой гэта замалёўваеш, пішаш справаздачы. Мяне з дзяцінства цікавілі загадкі, тут іх надзвычай шмат... Археалогію часта параўноўваюць з крыміналістыкай. Але крыміналіст з'яўляецца на месцы здарэння праз гадзіну, дзве, суткі — а мы прыходзім праз тысячагоддзі і па маленькіх кавалачках, артэфактах, стараемся аднавіць не асобны факт, а гісторыю.
Дарэчы, уся кампанія валанцёраў і навукоўцаў падчас раскопак жыла ў прыватным доме мясцовага жыхара Сяргея Нікіцюка. Хтосьці з іх адмовіўся ад працы з вялізным заробкам, каб займацца археалогіяй, хтосьці проста патраціў на гэта сваё лета, хтосьці толькі мроіць пра навучанне на заветнай спецыяльнасці і пакуль практыкуецца на раскопках. Аднак пасля такой практыкі ўсе яны, падаецца, навучыліся капаць углыб не толькі зямныя нетры, але і падзеі, і факты. Бо толькі так, калі знаходзіш і захоўваеш дробязі, робіш каштоўныя знаходкі, і пачынае вымалёўвацца агульная карціна жыцця.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, фота аўтара.
Камянецкі раён
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.