Вы тут

Як выбраць дэпазіт?


У мінулы раз мы закраналі тэму выгадных крэдытаў. Сёння паспрабуем разабрацца з такім паняццем, як "банкаўскія ўклады", ці "дэпазіты". Уявім, што ў вас ёсць лішнія грошы, якія вы сумленна назапасілі. Пакласці іх пад матрац неяк недальнабачна і непрактычна. Інфляцыя (злосны вораг усіх зберажэнняў) не спіць і абясцэньвае грошы з вялікім задавальненнем. Можна, вядома, купіць залаты злітак і сесці на яго, але нават золата мае такую шкодную ўласцівасць, як зменлівасць цаны. Тым больш, каб купіць золата, патрэбна занадта шмат грошай. Калі сума вашых зберажэнняў вызначаецца не ракфелераўскімі лічбамі, лепш пакладзіце грошы на дэпазіт (у нашай краіне пакуль што амаль адзіны спосаб прымусіць грошы "працаваць").

У якасці прыкладу возьмем умоўныя 5 мільёнаў рублёў. А цяпер будзем думаць, на які дэпазіт іх лепш за ўсё пакласці. Пачнём з кароткатэрміновых. На тры месяцы розныя банкі прапануюць уклады з працэнтнымі стаўкамі ад 15 да 39 працэнтаў. (Загадзя дамовімся, што мы разглядаем прапановы толькі з фіксаванай стаўкай). Але, акрамя стаўкі, варта звярнуць увагу і на шматлікія незразумелыя і малавядомыя паняцці, якія таксама суправаджаюць апісанне фінансавага прадукту. Капіталізацыя — гэта далучэнне да сумы дзеючага капіталу нормы прыбытку працэнта. Іншымі словамі, капіталізацыя азначае, што працэнты па вашым дэпазіце, якія налічваюцца кожны месяц, залічваюцца ў суму дэпазіту і працэнт ў наступным месяцы разлічваецца ўжо з большай сумы. Эфектыўная стаўка — рэальная стаўка, якая ўлічвае ўсе ўмовы дэпазіту. У тых укладах, дзе ёсць капіталізацыя, заяўленая і эфектыўная стаўка будзе адрознівацца, бо па факце даход будзе большым, чым па заяўленым працэнце з-за залічэння ў суму дэпазіту ўжо заробленых працэнтаў.

Аднак больш прывабным, на мой погляд, у кароткатэрміновых укладах (на 3, на 6 месяцаў) з'яўляецца вялікая стаўка без капіталізацыі (наўрад ці хто-небудзь з банкаў будзе прапаноўваць і адно і другое адначасова). Растлумачу чаму: на невялікі тэрмін стаўка, скажам, у 39%, будзе даваць большы даход, чым стаўка ў 35% з капіталізацыяй, бо ў апошнім выпадку эфектыўная стаўка складзе каля 36% (на тры месяцы) ці 38% (на 6 месяцаў), а ў першым — 39%.

Іншая справа, калі мы пакладзём свае 5 мільёнаў, скажам, на 1 год. Лічбы тады зменяцца. Дэпазіт з капіталізацыяй працэнтаў пакажацца больш выгадным. Мяркуйце самі: эфектыўная стаўка таго самага 35-працэнтнага дэпазіту атрымаецца роўнай каля 41%, а ў 39-працэнтнага застанецца зноў на ўзроўні 39%. І чым большым будзе тэрмін, на які вы паклалі свае грошы, тым больш прыбытковым акажацца дэпазіт. Адзінае, хачу папярэдзіць, што ўсе гэтыя разлікі вядуцца мною ідэалізавана, як у падручніку фізікі,
а ў жыцці ўсё можа аказацца зусім іншым. Каб не прагадаць, трэба быць вельмі пільным і ў кожным асобным выпадку пралічваць усе перавагі і недахопы. Банкі могуць заклікаць вас вельмі выгаднымі ўмовамі, але насамрэч прапанаваць нешта калі не адваротнае, то не такое прывабнае. Сачыце за тым, каб з вас не бралі нейкай дадатковай платы за што-небудзь. Абавязкова спытайце ў банкаўскага кансультанта, з якім будзеце размаўляць, пра такія рэчы, як:

– магчымасць частковага зняцця сродкаў з укладу, асабліва без камісій, змяненняў стаўкі і гэтак далей (іначай вы не зможаце, калі вам спатрэбіцца, зняць пэўную суму);

– магчымасць папаўнення ўкладу;

– умовы датэрміновага скасавання дагавора (звычайна пераразлік у такім выпадку ідзе па вельмі нізкай стаўцы — напрыклад, 0,01% ці 0,5%, а бывае і так, што за пэўны перыяд пераразлік увогуле не праводзіцца);

– сума дадатковага ўзносу;

– умовы працягу дзеяння ўкладу (у асноўным пралангацыя ідзе аўтаматычна, калі вы не забралі
з рахунку грошы, але будзьце пільнымі, бо некаторыя ўмовы могуць змяніцца, а вам працягнуць дэпазіт на старых, менш выгадных, умовах).

Трэба ўважліва вывучаць усе ўмовы ўкладу, тады вы зможаце знайсці найбольш выгадны для сябе варыянт.

***

Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай "для аддзела эканомікі" ці па тэлефоне 8 017 292 38 02.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».