Вы тут

Іх спасціг лёс Хатыні


Каля дваццаці вёсак Капыльскага раёна спасціг лёс Хатыні. Многія з іх не ўзнавіліся. Спіс спаленых паселішчаў адкрываюць Вялікія Прусы. За два дні — 26 і 27 верасня 1942 года — гітлераўцы знішчылі ў агні 258 чалавек. На ўскрайку вёскі знаходзіцца брацкая магіла, дзе ў 1975 годзе ўстаноўлена стэла.

Асабліва трагічным для жыхароў Капыльшчыны быў люты 1943-га. У прыватнасці, другога лютага фашысты спалілі вёску Масявічы разам са 130 жыхарамі. Сярод іх 11 дзяцей да двух і 47 — да дванаццаці гадоў. Выжыў толькі адзін чалавек, далейшы лёс якога невядомы. Пасля вайны вёска так і не паўстала з попелу. У 1998 годзе на гэтым месцы ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя па праекце галоўнага архітэктара раёна Уладзіміра Чарняўскага. На будаўніцтва помніка збіралі грошы з усяго раёна, калгасаў, арганізацый, прадпрыемстваў.

— У фундамент манумента закладзена капсула са зваротам да нашчадкаў: "Мы — за блакітнае бясхмарнае неба для нашых дзяцей, мы — за далейшае прымірэнне двух народаў, беларускага і нямецкага, за ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва". З нагоды жалобнай даты ў Капыль прыязджала дэлегацыя з Германіі, у тым ліку і прадстаўнікі духавенства. Як толькі госці выйшлі з аўтобуса, адзін з пастыраў прамовіў: "Даруйце нам, мы прыехалі з мірам", — распавёў навуковы супрацоўнік Капыльскага краязнаўчага музея Андрэй Лятчэня.

...2-га і 3 лютага згарэлі разам з жыхарамі вёскі Прагрэс, Рулёва, Калодзезнае. 5 лютага спалены Жавалкі, у агні загінулі 512 чалавек: дзеці, жанчыны, старыя. На заходняй ускраіне вёскі знаходзіцца магіла ахвяр фашызму, на якой у 1967 годзе ўстаноўлены помнік.

Чаму менавіта на пачатку лютага пачалі лютаваць фашысты? Прычын гэтаму, на думку Андрэя Лятчэні, некалькі. Па-першае, ворага раз'юшыла перамога савецкіх войскаў пад Сталінградам. Акрамя таго, на Капыльшчыне быў моцны партызанскі рух. Адразу пасля акупацыі раёна тут былі створаны тры атрады народных мсціўцаў, якія спачатку дзейнічалі асобна, а потым аб'ядналіся ў брыгаду імя К. Я. Варашылава. Ужо 9 мая 1942 года партызаны далі сур'ёзны бой ворагам ва ўрочышчы Гнілуха і знішчылі 700 гітлераўцаў. Дата сімвалічная, бо на той час ніхто не ведаў, што 9 мая наступіць перамога.

Трэцяга снежня 1942-га адбыўся Лаўскі бой

— па назве вёскі Лавы. Тут размяшчаўся партызанскі шпіталь, які імкнуліся захапіць фашысты. Атрад імя Катоўскага пад камандаваннем ураджэнца Капыльшчыны, старшыны міліцыі Вікенція Драздовіча атрымаў загад затрымаць ворага на 2-3 гадзіны, пакуль эвакуіруюць раненых. Партызаны наладзілі засаду на могілках. Усе 18 чалавек загінулі, малодшаму, Валодзю Качаноўскаму, было 15, а самаму старэйшаму — 32 гады.

Бясспрэчна, за гэта гітлераўцы жорстка помсцілі мірнаму насельніцтву, імкнуліся зламаць волю да барацьбы: не было на Капыльшчыне сям'і, дзе б ні ваяваў у партызанах муж, бацька, сваяк, знаёмы. Нярэдка фашысты знішчалі ў полымі толькі сваякоў партызан. Для таго, каб даць "урок" іншым жыхарам.

23 лютага 1943 года карнікі загубілі 64 ні ў чым не павінныя жыцці з вёскі Рым (цяпер Дусаеўшчына). Вось як згадвае той страшны дзень сведка жудасных падзей Маіна Фёдараўна Каспяровіч: "Як сёння перад вачыма тое чорнае ранне. Мама, Стасевіч Марыя Пятроўна, падпаліла ў печцы. Дзеці: пяць дачок, хто спаў яшчэ, а хто бегаў па хаце. Муж Марыі — Фёдар Сямёнавіч — ваяваў на фронце... На душы было неспакойна: дайшоў слых, што ў Аножкаўскім лесе партызаны забілі немца...

У другой палове дома прачнулася сям'я Алены Акуліч. Муж яе партызаніў, а на руках у жанчыны было пяцёра дзяцей: Валодзя (1930), Валя (1935), Клара (1938), Лёва (1937), Нэля (1939) гадоў нараджэння. Алена чакала шостае дзіця. Гадаваць малых ёй дапамагала старэнькая маці".

Прадчуваючы бяду, жанчыны з дзеткамі забраліся пад застрэшак хаты і назіралі за дарогай, па якой рухаліся немцы на матацыклах, падводах з саломай. Убачылі, што каля аднапавярховага драўлянага васьмікватэрнага дома насупраць збіраліся вяскоўцы. Жанчыны чулі, як карнікі выклікалі па імёнах членаў партызанскіх сем'яў. Маці Алены Акуліч, баючыся, што падпаляць іх хату, сказала, што трэба ісці да людзей. Усе спусціліся і далучыліся да натоўпу якраз у той момант, калі выклікалі сям'ю Акуліч. Пасля таго, як пераклічка закончылася, карнікі загадалі разыходзіцца тым, каго не назвалі. Сем'і партызан яны зачынілі ў доме, праз вокны накідалі туды саломы і падпалілі...

...У 1970 годзе на брацкай магіле вёскі Дусаеўшчына ўстаноўлены абеліск, побач з ім у 1975-м — скульптура і стэла з імёнамі загінулых.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

Капыльскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»