Зацверджана праграма ХХ Дня беларускага пісьменства
Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ў першую нядзелю верасня — сёлета гэта 1 верасня, але святочныя мерапрыемствы пачнуцца ў апошнія дні жніўня. 28 жніўня ў Мінску стартуе навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да святыняў" з Дабрадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, якая пройдзе па тэрыторыі трох абласцей — Мінскай, Брэсцкай і Магілёўскай. Завершыцца экспедыцыя на Быхаўшчыне — у старажытным месцы Баркалабава, а пасля ў раённым цэнтры.
Субота, 31 жніўня, будзе запоўнена падзеямі. У Быхаве пасля рэканструкцыі адкрыюцца кінатэатр "Радзіма" і раённы цэнтр культуры, на якім будзе і мемарыяльная дошка, прысвечаная заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Барысу Стральцову. Адбудзецца конкурс юных чытальнікаў Быхаўскага раёна і ўзнагароджанне яго пераможцаў, а таксама прэзентацыя новага часопіса для дашкольнікаў.
У гэты ж дзень запланавана адкрыццё абноўленых чыгуначнай станцыі і аўтавакзала. На Прывакзальнай плошчы ўсталявана новая скульптура "Сустрэча"
, аўтарам якой стаў магілёўскі скульптар Андрэй Вараб'ёў.
У раённым цэнтры культуры адбудзецца пасяджэнне "круглага стала" па тэме "Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны" з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў. Яго арганізатары — Міністэрства інфармацыі, Выдавецкі дом "Звязда" і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Потым запланавана навукова-практычная канферэнцыя "Быхаўскія чытанні", дзе пройдзе прэзентацыя кнігі "Баркулабаўскі летапіс".
Асноўныя падзеі Дня пісьменства разгорнуцца 1 верасня. Яны, дарэчы, уключаюць у сябе і лінейку для быхаўскіх школьнікаў, прысвечаную Дню ведаў, бо сёлета два святы супадаюць.
Удзень на Кастрычніцкай плошчы Быхава адкрыецца сімвалічная скульптурная кампазіцыя пад назвай "Баркалабаўскі летапіс". Яе ідэя належыць студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Гэта вялікая разгорнутая кніга са старажытнымі пісьмёнамі, і побач — знакаміты абраз Баркалабаўскай Божай Маці, яшчэ адна святыня Быхаўшчыны.
Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства пачнецца а 12-й гадзіне на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, каля раённага Цэнтра культуры і стадыёна. Там будзе і афіцыйная частка, і тэатралізаваная дзея, і цырымонія ўзнагароджання пісьменнікаў, якія сталі пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор.
Фестываль кнігі і прэсы адкрыецца раніцай на гарадскім стадыёне: там будуць прадстаўлены выдавецкія праекты Беларусі і Саюзнай дзяржавы, сродкі масавай інфармацыі, адбудуцца сустрэчы з пісьменнікамі, выдаўцамі і журналістамі.
Побач — яшчэ адзін фестываль, гарадоў — сталіц Дня беларускага пісьменства. Усе 17 сталіц (у некаторых свята адбывалася двойчы) прадставяць свае выставы. А ў парку імя 50-годдзя Перамогі адбудзецца закладка алеі гарадоў-сталіц, якая застанецца на памяць сталіцы юбілейнага ХХ Дня пісьменства Быхаву.
Увесь дзень 1 верасня можна правесці на цэнтральнай вуліцы Быхава. Там будзе працаваць тэатралізаваная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі кнігі і сучаснай літаратуры. Гасцям свята прадставяць таксама вядомыя фестывалі Магілёўшчыны, дзіцячыя і моладзевыя пляцоўкі, выступяць харэаграфічныя калектывы, разгорнуцца літаратурна-канцэртныя праграмы.У двары Быхаўскага замка размесціцца пляцоўка "З крыніц гістарычнай спадчыны", дзе запланаваны рыцарскія турніры і спектаклі. Чакаюцца таксама акцыя "Кіно маёй краіны" і спартыўныя выступленні.
Мерапрыемстваў шмат, і яны вельмі разнастайныя, таму застаецца толькі спадзявацца, што хопіць сілу і часу пабачыць многае, а потым яшчэ атрымаць асалоду ад фінальнага канцэрта артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета і святочнага феерверку.
Таму варта загадзя пазнаёміцца з праграмай, і гэта можна, у прыватнасці, зрабіць на афіцыйным сайце Магілёўскага аблвыканкама rеgіоn.mоgіlеv.bу.
Ілона Іванова.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».