Вы тут

У Мінск едуць прыгажуні


Удзельніцы конкурсу "Mіss Suрrаnаtіоnаl 2013" падораць кнігі Нацыянальнай бібліятэцы

Даведка "Звязды"

"Mіss Suрrаnаtіоnаl" уваходзіць у тройку найбольш прэстыжных міжнародных конкурсаў прыгажосці. Раней ён праводзіўся выключна ў Лацінскай Амерыцы, але 5 гадоў таму выйшаў на міжнародны ўзровень і перамясціўся ў Еўропу.

Дзякуючы перамозе ў леташнім конкурсе беларускі Кацярыны Бурай сёлета права прымаць свята прыгажосці атрымала наша краіна.

Квіткі на фінальнае шоу "Mіss Suрrаnаtіоnаl 2013" ужо ёсць у продажы па цане ад 70 да 500 тысяч рублёў. Весці конкурс будуцьтэлевядучыя канала АНТ Дзяніс Кур'ян і Іван Падрэз. Паміж выхадамі канкурсантак у розных уборах, уключаючы відовішчнае дэфіле ў нацыянальных уборах (беларускай удзельніцы да яго дызайнер Наталля Ляхавец шые эфектную сукенку з карункамі і вязаным верхам) публіка ўбачыць некалькі музычных нумароў. "Гэта будзе квінтэсэнцыя ўсяго таго, чым ганарыцца Беларусь. Напрыклад, плануем задзейнічаць нацыянальную зборную па мастацкай гімнастыцы. Пастараемся прадставіць найсучаснейшыя візуальныя эфекты і выдатную "карцінку", — адзначыла рэжысёр-пастаноўшчык шоу Анжэліна Мікульская.

 

На гэтым тыдні ў Мінску стартаваў конкурс прыгажосці "Mіss Suрrаnаtіоnаl 2013". У беларускую сталіцу прыбылі ўжо больш за 70 яго ўдзельніц з розных краін свету, яшчэ каля 10 чалавек арганізатары чакаюць у найбліжэйшы час.

"Сёлета шоу абяцае стаць самым маштабным за ўсю гісторыю конкурсу, — сцвярджаюць на тэлеканале АНТ. — Параўнайце: летась у ім удзельнічалі дзяўчаты з 56 краін свету, а сёлета — ажно з 80!"

У каго "шпількі" большыя?

Каб не быць галаслоўнымі і перадаць маштаб дзеі, што называецца, з першых крокаў, арганізатары зладзілі на адкрыцці конкурсу дэфіле ўсіх дзяўчат, якія ўжо прыбылі ў Беларусь. Праход па дывановай дарожцы на высачэзных абцасах ("шпілек" і платформаў менш за 15 см здаецца, не было ні ў адной) сямі дзясяткаў зграбных, танканогіх фей як традыцыйна славянскай, так і зусім экзатычнай знешнасці — гэта, шчыра кажучы, выпрабаванне не для слабых нерваў. Памятаючы аб тым, што першае ўражанне мае вялікае значэнне, да выхаду "на камеры" дзяўчаты падышлі грунтоўна. Цемнаскурыя ўдзельніцы падкрэслівалі сваё хараство бліскучымі і вогненна-чырвонымі сукенкамі, нешматлікія бландзінкі "ігралі" на кантрастах; некаторыя прыцягвалі вока адчайнымі міні, іншыя абуджалі фантазію заманлівымі максі; дзяўчаты з Сальвадора і Панамы падкрэслілі даўжыню і стройнасць ножак цёмнымі легінсамі, а прадстаўніца Шры-Ланкі вылучылася тым, што адзіная з усіх выйшла на подыум у джынсах... Нават звыклыя да ўсяго фатографы раз-пораз захоплена ўздыхалі, адзначаючы, што некаторыя дзяўчаты вылучаліся зусім не мадэльнымі формамі. Гэта адметнасць менавіта "Mіss Suрrаnаtіоnаl": конкурс створаны для апявання натуральнай прыгажосці, таму яго ўдзельніцы не "заціснуты" ў межы "ад 170 і вышэй" ці "90-60-90".

— Як бачыце, мы не жартавалі: гэта максімальная колькасць удзельніц за час існавання конкурсу "Mіss Suрrаnаtіоnаl", — рэзюмаваў першы намеснік старшыні праўлення АНТ Сяргей Хоміч. — Мы замахнуліся на правядзенне вельмі маштабнага праекта, грандыёзнага шоу, вартага таго, каб яго паглядзець. Але галоўная задача яшчэ больш амбіцыйная і шырокая — рэклама краіны на міжнародным узроўні. Ужо ёсць дамоўленасць аб трансляцыі конкурсу ў больш як 100 краінах.

Ад сабораў да "БелАЗаў"

Не ва ўсіх дзяўчат дарога на сёлетні конкурс была лёгкай. Хтосьці ўвогуле не даехаў з-за праблем з візай, хтосьці згубіў багаж у шматлікіх стыкоўках авіярэйсаў — паненкі з Руанды і Новай Зеландыі дагэтуль яшчэ чакаюць прыбыцця сваіх рэчаў. Але большасць удзельніц проста вельмі стамілася з-за доўгай дарогі і змены часавых паясоў. Абсалютны рэкорд у гэтым сэнсе паставіла прадстаўніца М'янмы Він Хінт Ва, у якой з яе няведаннем ніводнай мовы, акрамя роднай, шлях да беларускай сталіцы заняў трое сутак!

Цягам бліжэйшых 14 дзён удзельніц чакае вандроўка па Беларусі. У графіку азнаямляльнай паездкі — Сафійскі сабор у Полацку, дом-музей Марка Шагала і амфітэатр "Славянскага базару" ў Віцебску, экскурсія па Лідскім, Нясвіжскім і Мірскім замках, водная прагулка па Аўгустоўскім канале, знаёмства з Белавежскай пушчай, агляд памятных мясцін Брэста і Гродна, візіт на прадпрыемства "БелАЗ", а паралельна — штодзённыя рэпетыцыі дэфіле і харэаграфіі для будучага шоу.

— У многіх конкурсах прыгажосці немалое значэнне мае дабрачынны складнік. Ці будзе ён прысутнічаць на "Mіss Suрrаnаtіоnаl 2013"? — пацікавіліся мы ў прэзідэнта кампаніі Nоvа Sсеnа, што з 2009 года выступае арганізатарам конкурсу, Герхарда Паршутка фон Ліпінскага.

— Мы імкнёмся не паўтараць тое, што існуе на іншых конкурсах прыгажосці, а прыдумваць свае новыя, адметныя хады. Сёлета, напрыклад, кожная з удзельніц прывезла кнігі і альбомы пра сваю краіну, якія дзяўчаты падораць Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

"Людзі любяць есці бульбу"

Раптам у стройных, у любым сэнсе, шэрагах прыгажунь узнікае сумятня: 17-гадовая прадстаўніца Гвадэлупы Эладзі Одадан страціла прытомнасць. Ахоўнікі тэрмінова аднеслі дзяўчыну за кулісы, дзе паклалі на канапу, далі вады і выклікалі ўрачоў. Праўда, ужо праз некалькі хвілін канкурсантка ачуняла і з дапамогай перакладчыцы запэўніла арганізатараў і прэсу, што з ёю усё ў парадку.

— Не тое каб я перахвалявалася ці там дрэнна спала — можа, проста акліматызацыя і стома, — з крыху сарамлівай усмешкай выйшла да нас прыгажуня. Яна расказала, што першыя ўражанні ад краіны атрымала вельмі пазітыўныя. Паводле яе слоў, у Беларусі зусім не холадна ў любым сэнсе: усім удзельніцам конкурсу быў аказаны вельмі цёплы прыём. Дарэчы, Эладзі вучыцца на філолага, вельмі цікавіцца іншымі мовамі і прызналася, што хацела б вывучыць колькі слоў на беларускай. "Добры вечар, мяне завуць Эладзі", — прадэманстравала яна свае першыя засвоеныя словы. Пра Беларусь дзяўчына з Гвадэлупы (як, зрэшты, і большасць канкурсантак) раней не ведала амаль нічога, хіба толькі што надвор'е ў нас блізкае да лонданскага, а тыповыя харчовыя прадукты — бульба ды гарэлка. Зрэшты, у некаторых дзяўчат, як паказала папярэдняе анкетаванне, уяўленні пра Беларусь яшчэ больш фантастычныя: "нацыянальная музыка — "Кацюша", "краіна рыхтуецца да правядзення чэмпіянату свету па футболе", "вядомы спявак — Аляксандр Рыбак", "надвор'е ўлетку падобнае да Эквадора" і г.д. Арганізатары абяцаюць зрабіць усё магчымае, каб напрыканцы конкурсу сітуацыя змянілася і дзяўчатам было што расказаць на радзіме пра нашу краіну.

Прадстаўніцы ж краін-суседак па СНД, добра знаёмыя з беларускай кльтурай, мовай і традыцыямі, акрамя пазітыўных эмоцый і новага вопыту, спадзяюцца дзякуючы конкурсу завесці новых сяброў і падцягнуць англійскую мову. "Нас пасялілі разам з дзяўчынай з Турцыі, што мяне вельмі радуе, — падзялілася сваімі ўражаннямі ўкраінка Кацярына Шадулава, — бо я вымушана буду актыўна карыстацца англійскай. Хоць паступова, мяркую, мы ўсё адно падзелімся на групы паводле менталітэту, каму з кім цікавей".

Гамяльчанка Вераніка Чачына, якая на "Mіss Suрrаnаtіоnаl 2013" прадстаўляе Беларусь, прызналася, што цяпер вельмі востра адчувае гонар і адказнасць, ускладзеную на яе: "Я пастараюся годна прадставіць нашу краіну і зрабіць усё магчымае, каб у дзяўчат засталіся толькі самыя прыемныя ўражанні ад наведвання Беларусі". Для таго, каб рэалізаваць гэтыя планы, у 17-гадовай студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту ёсць крыху больш за 2 тыдні экскурсійных паездак, культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, папярэдніх міні-конкурсаў і рэпетыцый. 6 верасня конкурс фінішуе ў сталічным Палацы спорту, дзе некалькі дзясяткаў прыгажунь паспаборнічаюць за галоўныя ўзнагароды конкурсу — адмысловую карону каралевы прыгажосці і прыз у 25 тысяч долараў.

І прыгожая, і разумная

А яшчэ таленавітая, абаяльная, пластычная, шчырая, адкрытая — менавіта такой бачаць будучую пераможцу арганізатары конкурсу. Зрэшты, сёлета ў гэты спіс дабавіцца яшчэ адна абавязковая характарыстыка: спартыўная! Дзяўчат, хоць многія з іх пра тое яшчэ не ведаюць, напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі- 2014 чакае блізкае знаёмства з гэтым відам спорту.

— Прывезяце ў "Мінск-Арэну" і дасце прымераць форму? — удакладняем у Сяргея Хоміча.

— І канькі дадзім, і на лёд паставім! — дадае першы намеснік старшыні праўлення закрытага акцыянернага таварыства "Другі нацыянальны тэлеканал". — Хочам даць магчымасць дзяўчатам сустрэцца з гульцамі нацыянальнай хакейнай зборнай, але гэта залежыць ад іх занятасці.

— Цяпер толькі лянівы не падколвае ўдзельніц конкурсаў прыгажосці пытаннем "Зямля круціцца вакол Сонца ці Сонца вакол Зямлі". Плануеце зладзіць пэўны тэст на інтэлект?

— За некалькі дзён да фіналу журы правядзе з кожнай удзельніцай міні-інтэрв'ю, ацэньваючы кругагляд і знаходлівасць — уласна, тут і праявяцца інтэлектуальныя здольнасці дзяўчат і іх уменне падтрымліваць гаворку на розныя тэмы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ і БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.