Вы тут

Звяртаемся да ўролага


На пытанні наведвальнікаў сайта www.dоktоrа.bу і чытачоў газеты "Звязда" адказаў загадчык аддзялення ўралогіі №3 4-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска, кандыдат медыцынскіх навук Дзмітрый МАЛАШЧЫЦКІ.

— У мужа на ўльтрагуку выявілі пухліну ў левай нырцы. Пухліну выдалілі. Анкалогія не пацвердзілася. На пятыя суткі ўзнялася тэмпература да 39 градусаў. Урачы гаварылі, што так трэба пасля складанай аперацыі. Спрабавалі па старым праходзе, дзе стаяў дрэнаж, вывесці трубку — не атрымалася, вывелі ў іншым месцы. Нібыта стала лягчэй. Аднак праз тры дні ноччу адкрылася кровацячэнне. Экстранная аперацыя. Выдалілі селязёнку. Пасля аперацыі прайшло 12 дзён. Тэмпература днём 36, а ўвечары 37,4. Цячэ ў дрэнаж вадкасць у адным і тым жа аб'ёме. Урачы сказалі, што гэта свішч утварыўся. Кропельніцы, вабэнзім, свечкі "Генферон", і ўсё. Кажуць, першы выпадак такі. Што рабіць? Прасілі, каб перавялі ў 4‑ю бальніцу, але нам адмовілі. Муж ужо другі месяц знаходзіцца ў 1-й бальніцы. Урачы кажуць, што робяць усё неабходнае. Што нам рабіць? Пражываем у Мінску, але прапісаны ў Заслаўі, а ў Мінску абслугоўваемся па дазволе…

— Па прадастаўленай інфармацыі я магу меркаваць, што размова ідзе аб рэзекцыі (выдаленне часткі) ныркі з-за пухліны. Аперацыя сама па сабе з'яўляецца досыць складанай, і пасляаперацыйны перыяд можа працякаць не заўсёды гладка і так, як хацелася б пацыенту. Таму падобныя праблемы могуць мець месца ў пасляаперацыйны перыяд, і ўсё павінна вырашацца індывідуальна. Каб даць вам больш дэталёвы адказ, патрэбна азнаёміцца з медыцынскай дакументацыяй. 4-я клініка не спецыялізуецца на лячэнні анкалагічных хворых.

— Мне 45 гадоў. Пасля ночы з жанчынай, якая на 4-м месяцы цяжарнасці, з'явіўся сып па целе, потым у сперме заўважыў кроў. Праз два тыдні колькасць крыві ў сперме павялічылася. Уролаг не выявіў змяненняў у наднырачніках і прастаце. Жанчыне, з якой я меў зносіны, прапісалі амаксіклаў і ністацін. Пачаў прымаць ністацін, сып прайшоў, але ў сперме стала больш крыві, баляць яечкі. Здаў аналізы, урач ніякіх адхіленняў не знайшоў.

— Сып, які з'явіўся на целе, хутчэй за ўсё, з уралагічнымі захворваннямі не звязаны. З гэтым пытаннем неабходна звярнуцца спачатку да тэрапеўта. А з'яўленне крыві ў сперме, як правіла, служыць прыкметай такога захворвання, як везікуліт — гэта запаленчы працэс у семявых пузырках яечкаў. Лечыцца захворванне прыкладна па той жа схеме, што і хранічны прастатыт. Схему вам павінен падабраць уролаг.

— Мне 28 гадоў. Пасля палавога акта з'явіўся чырвоны сып, месцамі язвачкі, якія лупяцца. Сверб, смыленне. Мазаў клатрымазолам пару дзён і піў аднаразова флуканазол 150 мг. Сверб і язвачкі знікалі, але дробны чырвоны сып заставаўся. Пры чарговым палавым кантакце ўсё паўтараецца зноў. Агульны і біяхімічны аналізы крыві ў норме. 1,5 года таму былі падобныя сімптомы — тады была малочніца, піў флуканазол, і ўсё праходзіла.

— У вас маюць быць прыкметы кандыдозу, і для эфектыўнага яго лячэння неабходна абследаваць і вашу партнёрку. Інакш мае месца рэінфекцыя — паўторнае інфіцыраванне. Ваша партнёрка павінна абследавацца ў гінеколага, нават калі ў яе няма ніякіх праяў. А вам трэба падысці на прыём да ўролага. Падчас лячэння варта пазбягаць неабароненых палавых кантактаў.

— 25 гадоў. Адчуваю смыленне напрыканцы мочаспускання. Потым стала крыху лепш, а пасля вярнулася смыленне, у мачы — крыху крыві. Што гэта можа быць?

— Падобныя сімптомы характэрныя для цыстыту. Смыленне напрыканцы мочаспускання — для шыечнай формы цыстыту. Неабходна здаць аналіз мачы, зрабіць ультрагук мачавога пузыра для выключэння наяўнасці ў мачавым пузыры нейкіх анамалій, наяўнасці камянёў, пухлін і падабраць адпаведнае лячэнне. Пры неабходнасці — зрабіць пасеў мачы на флору і адчувальнасць да антыбактэрыяльных прэпаратаў. Лячэнне будзе прызначана згодна з вынікамі пасеву. Наогул у выпадку цыстыту лячэнне прызначаецца па так званай эмпірычнай схеме. Існуе пратакол лячэння ўралагічных хворых, згодна з якім у выпадку вострага цыстыту прызначаюцца пэўныя групы прэпаратаў, для якіх не патрабуецца вынік бактэрыялагічнага даследавання. Аднак калі не будзе выніку ад гэтага лячэння, пры пастаянным вяртанні непрыемных сімптомаў, урач звяртаецца да аналізу пасеву мачы і прызначае лячэнне ўжо на падставе выніку такога даследавання.

— У сына ў 3 месяцы хуткасць асядання эрытрацытаў — 31. Пасеў мачы — Еsсhеrісhіа соlі 10^5. Прапісалі аўгменцін. Зрабілі ўльтрагук нырак і мочавыдзяляльнай сістэмы — выявілі слізь у мачы. Пасля антыбактэрыяльнай тэрапіі хуткасць асядання эрытрацытаў — 4, аналіз мачы (лейкацыты 1,25х10^6), пасеў мачы (Сіtrоbасtеr dіvеrsus 5х10^4). Паўторны аналіз мачы (лейкацыты 2–3). Новы пасеў (Еsсhеrісhіа соlі 10^8). Прызначылі антыбіётык амікацын. Аналіз мачы (лейкацыты 1–2), пасеў мачы (Еntеrосос fаесіum 10^8). Агульны аналіз мачы (лейкацыты 5–6, бактэрыі 2+). Пілі бісептол. Пасеў мачы (Еsсhеrісhіа соlі 10^8). Ультрагук нырак і мочавыдзяляльнай сістэмы ў норме. Прызначылі біятраксон. Дзіцяці 7 месяцаў. Ці прымаць нам чарговы антыбіётык? У цэлым дзіця актыўнае, ніякіх прыкмет захворвання няма.

— Каб сабраць аналіз мачы на флору і адчувальнасць да антыбіётыкаў, умовы збору павінны быць максімальна набліжаны да стэрыльнасці. Мачу трэба правільна сабраць і не кранаць шклянку знутры рукамі. У выпадку з немаўлятамі такое забяспечыць фактычна немагчыма. Як правіла, прапануецца рабіць так. Дзіця мочыцца ў стэрыльную вату ці марлевую сурвэтку, якую адціскаюць пасля ў шклянку. Пры гэтым усё роўна будзе адчувацца занос бактэрый у шклянку, што мы і бачым па выніках вашых аналізаў. Наяўнасць розных бактэрый не стыкуецца з колькасцю лейкацытаў. Таму я мяркую, што антыбактэрыяльны прэпарат вашаму дзіцяці не патрэбны.

— Зяць служыць па кантракце. Зараз знаходзіцца ў шпіталі з дыягназам "неспецыфічны двухбаковы орхаэпідыдыміт". Была высокая тэмпература і значнае павелічэнне яечак. Лячэнне — антыбіётыкі, трыхапол. Як гэта можа адбіцца на здароўі маёй дачкі, у якой піеланефрыт?

— Неспецыфічны двухбаковы орхаэпідыдыміт у зяця і піеланефрыт у дачкі ніякім чынам паміж сабой не звязаны. Так што ў гэтым сэнсе пагрозы здароўю вашай дачкі няма. Аднак такое захворванне, як орхаэпідыдыміт, можа адбіцца на рэпрадуктыўнай функцыі вашага зяця. Усё залежыць ад выражанасці хваробы. Калі праявы вельмі моцныя, то можа быць нават так, што пазней сперматазоіды акажуцца няздольнымі трапіць у палавыя шляхі жанчыны, паколькі разаўецца постзапаленчы стэноз пратокаў, па якіх ідзе выкід семявай вадкасці. Можа быць проста зніжэнне функцыі яечак — іх будзе менш, яны будуць мець шмат паталагічных формаў. З другога боку, трэба мець на ўвазе, што гэтае захворванне магло развіцца ў выніку наяўнасці інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Інфекцыя можа быць не лечанай або недалечанай. І такая інфекцыя можа быць і ў вашай дачкі. Такім чынам, пасля вылечвання ваш зяць і дачка павінны абследавацца на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам. Ён — ва ўролага, яна — у гінеколага.

— 41 год. Ад нараджэння анамалія палавых органаў. У 1999 годзе зрабілі няўдалую энтэрапохвапластыку, рэзекцыю яечнікаў у Бараўлянах. З таго моманту — пастаяннае нетрыманне мачы. Урачы спрабавалі выправіць, але нічога не атрымалася. Ці можна чым-небудзь дапамагчы?

— Дакладна вызначыць прычыну нетрымання мачы можна толькі падчас дадатковага даследавання. Магчыма, ёсць свішч мочапалавы, пры якім будзе татальнае нетрыманне мачы. Калі ж свішча няма, і на падставе рэнтгеналагічнага даследавання можна падумаць аб слінгавай карэкцыі, якая выконваецца шляхам малаінвазіўнага ўмяшання, працягласцю не больш за 20 хвілін. Імплантуецца спецыяльная сетка, якая будзе падтрымліваць урэтру і ствараць дадатковы механізм утрымання мачы.

— Ці можна павялічыць палавы член якім-небудзь шляхам?

— Існуюць такія спосабы. Аднак тут трэба разбірацца індывідуальна. Можа быць, мае месца мікрапеніс — прыроджаная анамалія, або гэта вынік нейкай траўмы. А можа быць, гэта асабістая незадаволенасць памерам, што наогул не патрабуе ніякіх дзеянняў. Кансультавацца неабходна з урачом-андролагам. Існуюць розныя хірургічныя методыкі, амаль да фалапратэзавання. У нашай краіне такія аперацыі выконваюцца, хоць гэта і не надта шырока распаўсюджана.

— Нейкі час таму падмерз у гарах. Быў цыстыт. Піў антыбіётыкі, цэфтрыяксон. Зараз дыскамфорт вярнуўся. Урач кажа, што солі ідуць… Рабіў ультрагук — камянёў няма. Што рабіць цяпер?

— Вам неабходна здаць пасеў мачы на флору і адчувальнасць да антыбактэрыяльных прэпаратаў. Гэта дапаможа вызначыць, ці не застаўся які-небудзь мікроб пасля першага прыступу і якой адчувальнасцю ён валодае да канкрэтнага прэпарата. Можа быць, што такі прэпарат, як цэфтрыяксон, не аказаў належнага ўплыву на мікроб або курс яго прыёму быў надта кароткім. Параіць вам нейкі антыбіётык завочна будзе некарэктна.

— Для лячэння дабраякаснай гіперплазіі прастаты прызначылі прэпарат — омнік окас. Аднак пасля 2 таблетак ужо назіраецца зніжэнне ціску, які і дагэтуль быў невысокі — 110/70. Што рабіць?

— Прэпарат, які вам прызначылі, павінен зменшыць частату мочаспускання, выдаліць адчуванне няпоўнага мачавога пузыра. Гэта сімптаматычнае лячэнне. Калі вы такім чынам рэагуеце на омнік, трэба паспрабаваць памяняць яго ў межах групы альфаадрэнаблакатараў. Іх некалькі — доксазазін, тэразазін… І гіпатэнзіўная адчувальнасць на кожны з іх можа быць рознай. Яны ўсе зніжаюць ціск, аднак адзін прэпарат можа мацней зніжаць, а другі — менш. Трэба мець на ўвазе, што падчас моманту максімальнага дзеяння прэпарата — на працягу 3–5 гадзін — ціск будзе зніжацца, аднак пасля ён вернецца да ранейшых лічбаў. Хоць моцныя хістанні тут, сапраўды, не пажаданыя. Важна яшчэ, ці не прынялі вы дзве таблеткі ў адзін дзень, ці не парушылася такім чынам дазіроўка. Трэба паглядзець, ці не прымаеце вы якія-небудзь прэпараты па лячэнні таго ж павышанага артэрыяльнага ціску. Узаемадзеянне першых і другіх здольнае даваць такі эфект… Калі ж высветліцца, што вы не пераносіце лячэння таблеткамі, можна разгледзець варыянт хірургічнай дапамогі.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.