Вы тут

Творчы пачатак


... алея каваных ліхтароў з'явілася ў Брэсце

Да 1000-годдзя Брэста застаецца шэсць гадоў. Хочацца спадзявацца, што на юбілей да нас прыедзе шмат гасцей і кожны з іх знойдзе нешта для сябе цікавае ў самым заходнім горадзе Беларусі. Гэтая тэма даўно абмяркоўваецца грамадскасцю горада, некалькі разоў яе выносілі на парадак дня сесій гарадскога Савета дэпутатаў. Пад эгідай гарвыканкама дзейнічае савет-камісія па выпрацоўцы канцэпцыі стварэння гісторыка-культурнага комплексу "Брэст".

1377076453992_1

Чатыры гады таму на скрыжаванні Савецкай і Гогаля ўзведзены помнік, на якім адлюстраваны асноўныя вехі 1000-гадовай гісторыі Брэста. Годам пазней на вуліцы Савецкай урачыста запалілі ліхтары з газай. Цяпер рэдкі госць не пажадае сфатаграфаваць ліхтаршчыка, які ўвечары запальвае святло.

А сёлета па вуліцы Гогаля з'явілася алея арыгінальных каваных ліхтароў, якая і стала яшчэ адной славутасцю. Яна нават прэтэндуе на "візітоўку" абласнога цэнтра. Амаль каля кожнага ліхтара цяпер спыняюцца гараджане і турысты: робяць здымкі, абмяркоўваюць, дзеляцца ўражаннямі.

Як аказалася, ідэя алеі ліхтароў належыць старшыні гарвыканкама Аляксандру Палышанкову

. Дарэчы, мэр з самага пачатку выказаўся за тое, каб праект быў рэалізаваны без прыцягнення бюджэтных сродкаў.

Унесці свой уклад у справу паляпшэння выгляду горада прапанавалі дзелавым людзям. Адгукнуліся многія. Спачатку гаворка вялася пра некалькі так званых "літаратурных" ліхтароў. Мелася на ўвазе прысвяціць іх творам і асобе пісьменніка Мікалая Гогаля, чыё імя носіць адна з цэнтральных вуліц горада. Мастакі і скульптары ўзяліся за эскізы, майстры-кавалі — за інструмент. Цікава, што ў гарвыканкаме нават не праводзілі ніякіх папярэдніх аглядаў. Майстрам быў аказаны поўны давер. Эскізы малявалі не толькі прафесійныя мастакі, але і вучні, студэнты, неабыякавыя гараджане. Конкурс праводзілі спонсары праектаў. І нават сам мэр, аўтар ідэі, убачыў многія гатовыя вырабы ўжо на пастаменце.

1377076456932_2

Большасць металічных ліхтароў вырабілі каваль Аляксандр Чумакоў і майстэрня "Жар-птушка". Вядомы ў Брэсце па ліхтарах на вуліцы Савецкай Аляксандр Чумакоў выкаваў "літаратурныя" ліхтары. Адзін з іх мае назву "Вечары на хутары бліз Дзіканькі" і адлюстроўвае момант, калі чорцік спрабуе ўкрасці месяц з неба. Ліхтар валодае эфектам "тэатра ценяў". Увечары, калі наступае змрок і запальваецца святло, у адным з вокнаў з'яўляецца постаць знакамітай Салохі, у другім — фігура старасты вёскі Дзіканька, пана Галавы. У гэтым шэдэўры кавальскага мастацтва памерам 3 метры 40 сантыметраў перададзены гумарыстычна-містычны дух "Вечароў". Шкада, што яго не было, калі адзін з тэатральных фестываляў "Белая вежа" быў прысвечаны творчасці Гогаля. Магчыма, нейкі з тэатраў выкарыстаў бы гэтую пляцоўку.

А літаральна днямі з'явіўся трыццаты па ліку ліхтар па матывах аповесці Гогаля — "Нос". Яго падарыў гораду асабіста Аляксандр Чумакоў. Убачыўшы гэты нос, згадаеш вышэйназваны твор Гогаля, нават калі чытаў яго гадоў 30 таму. Яшчэ адзін "літаратурны" ліхтар — "Спальванне другога тома "Мёртвых душ" Мікалая Гогаля. Кампазіцыя вельмі эфектна выглядае ў цёмны час сутак: чырвоныя "языкі" полымя напаўзаюць на рукі Майстра. Містыку, увасобленую ў метале, фінансавала кампанія "Заходняе фондавае бюро", пра што сведчыць гранітная зорка, усталяваная побач. Знакі з імёнамі спонсараў стаяць каля кожнага з ліхтароў.

Пасля ўстаноўкі першых ліхтароў справа набыла папулярнасць, з'явіліся новыя ахвотныя ўвекавечыць назву сваёй фірмы і падарыць гораду часцінку святла і творчасці. Адна з кампаній, якая фінансавала ліхтар у ліку першых, цяпер палічыла яго занадта сціплым у мастацкім сэнсе і выказала намер замяніць на новы. Такому душэўнаму і фінансаваму парыву ніхто, вядома, не будзе пярэчыць. А знакамітае ў краіне прадпрыемства ўжо аб'явіла творчы конкурс. Тым больш што прыклады арыгінальнага падыходу не проста ёсць — іх цэлая вуліца.

Вельмі цікавая работа кавальскай майстэрні "Жар-птушка" стаіць на скрыжаванні з вуліцай Куйбышава. Ліхтар у выглядзе карункавай сукенкі з каванага металу з капялюшыкам-абажурам чымсьці нагадвае валагодскія карункі. Так швейная фірма "Burvіn" нагадала гараджанам, што яна выпускае прыгожую жаночую вопратку. Другі вытворца адзення "Панда" замовіла ліхтар у выглядзе кампазіцыі, у цэнтры якой стаіць жалезная швейная машынка. І цяпер за гэту машынку сядае ледзь не кожны другі, каб сфатаграфавацца на памяць.

Звяртае на сябе ўвагу ліхтар Брэсцкага мясакамбіната ў выглядзе старадаўняга гадзінніка як сімвала нязменлівасці і ўстойлівасці. Іншыя ліхтары нясуць у сабе тэматыку высокіх тэхналогій і рамантыку марскіх падарожжаў, прыроды і музыкі. Нікога, пэўна, не пакіне абыякавым Маленькі прынц з яго вечнай Ружай. Ёсць ліхтары, зробленыя ў класічнай еўрапейскай традыцыі. А заяўкі ад прадпрыемстваў працягваюць паступаць. І вось ужо гарвыканкамам адведзена 10 пляцовак для новых ліхтароў. Думаю, у хуткім часе майстры-кавалі парадуюць нас новымі творамі.

...На жаль, няўмольны гістарычны лёс амаль нічога не пакінуў ад старажытнага Бярэсця, якое летапісцы параўноўвалі з Кракавам. Горад, фактычна ўзведзены на новым месцы, павінен ствараць новыя славутасці, якія паступова стануць яго адметнасцю, яго душой. Ліхтары — адзін з крокаў на гэтым шляху.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.

Культура

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Мы правялі ў кампаніі опернай дзівы ўсяго толькі адзін дзень, але так і не змаглі разгадаць яе таямніцу: дзе ж хаваецца ў яе сутках 25-я гадзіна?

Грамадства

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Сваім вопытам з чытачамі «Звязды» дзеліцца вядомая беларуская тэлевядучая Марыя Лемешава

Грамадства

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Людзі, у якіх няма даху над галавой, у першую чаргу маюць патрэбу ў падтрымцы ў экстрэмальных умовах надвор'я.