Вы тут

Часткі адзінага


Гэта было падобна на сустрэчу старых знаёмых. Яны і сапраўды адзін аднаго добра ведаюць — людзі займаюцца адной справай, адной вялікай тэмай, якая стала галоўнай у іх працы. Яны даследуюць славянскую культуру. Культуры розных славянскіх краін. Таму каля канцэртнай залы "Мінск" яшчэ да пачатку з'езда гучалі цёплыя — і такія зразумелыя — вітанні на розных мовах. І па-беларуску. Што прыемна, што беларуская мова гучала і з вуснаў замежных навукоўцаў. І потым, ужо ў зале, яна стала дамінаваць. На ёй гаварылі акадэмікі і міністры — адукацыі Уладзімір Маскевіч і культуры Барыс Святлоў. Яна гучала з вуснаў мітрапаліта Мінска-Магілёўскага архіепіскапа Тадэвуша Кандрусевіча, які прывітаў з'езд ад імя касцёла. Яна гучала ў вітальным слове Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. Вядома, узгадалі святкаванне ў гонар хрышчэння Русі. Успомнілі пра стварэнне славянскай пісьменнасці братамі Кірылам і Мяфодзіем. Ды прыгадалі традыцыі беларускага пісьменства...

"Як відаць з праграмы з'езда, першая літаратурная мова славян — стараславянская, у аснову якой пакладзена мова нашых далёкіх продкаў — дрыгавічоў-другавітаў, да гэтага часу прыцягвае ўвагу даследчыкаў усяго свету. Месца і роля славянскіх моў і літаратур у мінулым і сучасным свеце цікавіць не толькі вучоных славянскіх краін, але і шырокую навуковую грамадскасць ад Японіі да Злучаных Штатаў Амерыкі.

Нам асабліва прыемна адзначыць, што беларуская праблематыка традыцыйна займае значнае месца ў тэматыцы міжнародных з'ездаў славістаў, — адзначыў у сваім выступленні прафесар Аляксандр Лукашанец як беларускі даследчык. І як старшыня Міжнароднага камітэта славістаў падкрэсліў, што наогул правядзенне Міжнароднага з'езда славістаў у Беларусі варта разглядаць як "прызнанне пэўных поспехаў славістыкі ў нашай краіне", якая засведчыла пра сябе яшчэ з часоў выдатнага даследчыка Яўхіма Карскага. Факт правядзення ХV Міжнароднага з'езда славістаў значны для краіны: падзея можа даць новы стымул як для развіцця і пашырэння славістычных даследаванняў у нашай краіне, так і для прыцягнення ўвагі беларускага грамадства да праблем нацыянальна-культурнага жыцця дзяржавы ў ХХІ стагоддзі.

— На рубяжы стагоддзяў мы сутыкнуліся з феноменам істотнага пашырэння славянскай прасторы. З аднаго боку, інтэнсіўна пашыраецца славянская прысутнасць у неславянскіх краінах, што ставіць на парадак дня вывучэнне шляхоў уключэння славянскіх моў, культур і літаратур у неславянскае культурнае асяроддзе і іх захавання і развіцця ў гэтым асяроддзі, — сказаў Аляксандр Лукашанец.
— З другога боку, відавочным фактам стала на рубяжы стагоддзяў так званае ўнутрыславянскае пашырэнне. Гэта звязана са з'яўленнем на карце Еўропы новых славянскіх дзяржаў, што непазбежна прывяло да фарміравання новых славянскіх літаратурных моў, новых славянскіх літаратур і культурнай дыферэнцыяцыі...

У канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя істотна змяніліся ўмовы сацыяльна-палітычнага жыцця практычна ўсіх славянскіх народаў, што непасрэдна адбілася на развіцці славянскіх моў, літаратур і культур, на змене стэрэатыпаў гэтага развіцця, унесла новыя тэмы і праблемы ў кола славістычных даследаванняў. Таму ў процівагу тэндэнцыі да інтэрнацыяналізацыі і нівеліравання нацыянальных адрозненняў у сучасным славянскім моўным і культурным развіцці сфарміравалася і пашырылася тэндэнцыя да нацыяналізацыі, накіраваная якраз на ўзмацненне нацыянальнай адметнасці і спецыфікі. Фарміраванне гэтай тэндэнцыі абумоўлена некалькімі прычынамі, галоўнымі сярод якіх з'яўляюцца: рэакцыя на неславянскую моўную і культурную экспансію; фарміраванне новых літаратурных славянскіх моў, літаратур і культур, для якіх важна замацаваць сваю адметнасць; новыя ўмовы функцыянавання і развіцця тых славянскіх моў, літаратур і культур, якія доўгі час існавалі ў цесным узаемадзеянні і канкурэнцыі з іншымі больш моцнымі ў камунікатыўных адносінах блізкароднаснымі славянскімі мовамі. Усё гэта ставіць перад сучаснай славістыкай новыя праблемы і задачы, патрабуе выпрацоўкі новых падыходаў і поглядаў...

Старшыня балгарскага фонду "Славяне" прафесар Захарыя Захар'еў гаварыў па-балгарску, бо рабочымі мовамі з'езду лічацца ўсе славянскія мовы. Перакладчыкі тут не прадугледжаны. І гэта сапраўды не перашкодзіла зразумець, што так усхвалявала балгарына:

1377178184468_1

— Славянская культура і цывілізацыя зрабілі вялізны ўклад у развіццё новай агульнаеўрапейскай і сусветнай культуры. Дасягненні, роля славян у еўрапейскай супольнасці і будзе прадметам нашай размовы. Міжнародны з'езд славістаў — гэта магчымасць яшчэ больш узмацніць сувязі паміж нашымі народамі. Іх духоўнае адзінства дасягаецца дзякуючы навуковаму дыялогу і агульначалавечым каштоўнасцям. А гэта немагчыма без сумесных высілкаў навукоўцаў і іншых спецыялістаў кожнай славянскай краіны паасобку.

Член Міжнароднага камітэта славістаў, старшыня Расійскага камітэта славістаў Аляксандр Малдаван адзначыў, што з'езд далёка перабольшыў тыя спадзяванні, якія на яго ўскладалі пачынальнікі, і дадаў:

— Мы зыходзім з таго, што гісторыя культур славянскіх народаў — гэта гісторыя іх шчыльнага ўзаемадзеяння. Нас яднае цікавасць да славістычных праблем розных народаў у іх шматбаковасці і перапляценні. Гэтым тэматыка з'езда прынцыпова адрозніваецца ад вывучэння асобных славянскіх моў і літаратур. Дарэчы будзе ўзгадаць і тое, што нават у часы ідэалагічнага дыктату міжнародны характар славянскага супрацоўніцтва дазваляў навукоўцам адходзіць ад палітызацыі.

Член Міжнароднага камітэта славістаў, старшыня Германскага нацыянальнага камітэта славістаў Герт Гентшаль адзначыў, што сёлета ў Мінску трэба абмеркаваць некаторыя праблемы рэарганізацыі Міжнароднага з'езда славістаў, аднак закрануў і важную для ўсіх беларусаў тэму:

1377178187337_2

— Мая прысутнасць на з'ездзе, як і многіх іншых удзельнікаў, разам з цікавасцю да славістыкі, не ў апошнюю чаргу звязана і з цікавасцю да беларускай мовы і літаратуры. Няхай на гэтай мове будзе сказана шмат важнага, у першую чаргу, для саміх беларусаў. І няхай беларуская мова і літаратура будуць адным са шматлікіх прыкладаў культурнай разнастайнасці, якой вылучаецца наш стары еўрапейскі кантынент сярод іншых. Моўная разнастайнасць прыносіць карысць, у тым ліку эканамічную. Давайце разгледзім адзін невялікі прыклад — Швейцарыю. Гэты народ вельмі ветлівы, таму з намі, немцамі, размаўляе па-нямецку. Аднак паміж сабой яны ніколі гэтага рабіць не стануць. Справа ў тым, што швейцарцы, незалежна ад сацыяльнага статусу і адукацыі, адзін з адным заўсёды размаўляюць толькі на роднай мове, і немцы іх амаль не разумеюць. А раптам і Беларусь калі-небудзь ператворыцца ў славянскую Швейцарыю? Марыць не забараняецца, як кажуць у народзе. І мары часам спраўджваюцца, нават вельмі нечакана.

Герт Гентшаль сказаў некалькі сказаў на чыстай беларускай мове. І свае пажаданні ўдзельнікам Міжнароднага з'езда славістаў выказаў таксама на ёй. Гэта пэўным чынам адлюстравала сутнасць форуму: пашана да ўласных культуры і мовы, іх абарона, а таксама надзвычай уважлівае стаўленне да іншых народаў і клопат пра іх культурную адметнасць. Бо ўсе славяне, як вядома, браты.

Ларыса ЦІМОШЫК, Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.