Вы тут

Не ўзрост, а пачатак шляху


Дэпутат любога ўзроўню заўсёды працуе з людзьмі і для людзей. Бо толькі на сустрэчах з выбаршчыкамі можна адчуць пульс сапраўднага жыцця, зразумець мары, надзеі і спадзяванні тваіх суайчыннікаў, даведацца пра іх праблемы і знайсці шляхі іх вырашэння, абмеркаваць важныя моманты функцыянавання рэгіёна.

Чалавеку неабходна, каб яго ўважліва выслухалі, у сумесным дыялогу вызначылі сутнасць праблемы, адшукалі выйсце з няпростай сітуацыі. Асабліва прыемна, калі выбаршчыкі прыходзяць са словамі падзякі ў адрас раённых, абласных улад ці вышэйшых службовых асоб. Пазітыўную ацэнку рабоце райвыканкама і райсавета даюць у Салігорскім раёне. Напэўна, гэта невыпадкова. Паспрабую абгрунтаваць сваё меркаванне.

1377255194653_23-13

...Лёс звязаў мяне са сталіцай беларускіх шахцёраў 35 гадоў таму. У Салігорскі раён, невялікую вёсачку Чэланец мяне адправілі працаваць сельскай настаўніцай пасля заканчэння педагагічнага вучылішча. Я і сёння памятаю, як упершыню ўбачыла тэрыконы і копры шахт. Ды і сам горад калійшчыкаў уразіў мяне сваёй кампактнасцю і прадуманасцю.

Тады я яшчэ не ведала, што з Салігорскам мяне звяжуць тысячы нітак і я з поўным правам буду лічыць яго сваёй другой радзімай. І, нават пражыўшы больш за дзесяць гадоў у Мінску, заўсёды з асаблівымі пачуццямі пад'язджаю да салігорскіх тэрыконаў.

Хутка сталіца беларускіх шахцёраў адзначыць свой 55-ы юбілейны дзень народзінаў. Як гісторык, добра разумею, што для горада гэта не ўзрост, а толькі пачатак шляху. Аднак кожная з 55 старонак гісторыі Салігорска напоўнена слаўнымі справамі. Сёння Салігорск сустракае сваіх гасцей яркімі фасадамі, добраўпарадкаванымі вуліцамі і новымі мікрараёнамі. Гэта не проста словы. Мне ёсць з чым параўноўваць і на падставе чаго рабіць высновы. Дзесяць гадоў я працавала начальнікам упраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. За гэты час аб'ехала ўсе гарады, сельскія населеныя пункты сталічнага рэгіёна. Добра разумела, што павінна ўсё ўбачыць на свае вочы, а пасля даць усяму ацэнку. Галоўная выснова, якую магу сёння зрабіць, наступная: парадак заўсёды там, дзе ёсць неабыякавы кіраўнік. У гаспадарчага дырэктара ўстановы адукацыі і клумбы квітнеюць, і ў сталовай усё на належным узроўні, і ў кацельні парадак, і вучэбна-выхаваўчы працэс адладжаны, як гадзіннік.

Гэты тэзіс справядлівы і для рэгіёнаў. У 2007 годзе ўказам Прэзідэнта нашай краіны горад Салігорск і Салігорскі раён былі аб'яднаны ў адну тэрытарыяльную адзінку. Так, буйны прамысловы цэнтр і сярэдні аграрны раён атрымалі другое дыханне. І вынікі не прымусілі сябе чакаць. За калійшчыкамі, чыя прадукцыя паляпшае ўраджайнасць хлебных ніў у многіх краінах свету, пачалі падцягвацца і салігорскія сельгасвытворцы.

За апошнія пяць гадоў яны атрымліваюць ураджаі, да якіх смела можна дадаць прыметнік "рэкордныя". Сёння цяжка паверыць, што ў 2008 годзе аграрыі Салігорскага раёна ўпершыню атрымалі ўраджайнасць у 100 тысяч тон збожжавых. Тады гэта сапраўды была перамога. Перамога над умовамі надвор'я, над сабой, але галоўнае, гэтая перамога дазволіла паверыць у сябе. Сёння ў Салігорскага раёна новая мэта — 200 тысяч тон збожжавых. І яна, безумоўна, будзе дасягнута. Таму што ёсць арыенцір, ёсць неабходная тэхніка (чаго варты той факт, што за пяць гадоў на 80% абноўлены сельскагаспадарчы парк!).

Пяць гадоў таму сталіца беларускіх шахцёраў атрымала ў падарунак спартыўна-відовішчны комплекс з лядовай арэнай, а таксама "Парк чатырох стыхій". Былі добраўпарадкаваны многія тэрыторыі, праведзена рэканструкцыя на праспекце Міра, вуліцах Леніна і Казлова, бульвары Шахцёраў. І вось новы юбілей — 55-годдзе. Салігорск атрымаў у падарунак абноўленую вуліцу Кастрычніцкую. Амаль тры гады і сорак мільярдаў рублёў спатрэбілася будаўнікам для яе рэканструкцыі.

У хуткім часе такімі ж стануць у шахцёрскім горадзе вуліцы Набярэжная, Васкрасенская, Падольская і іншыя, значная частка 15-га мікрараёна і ўвесь 5-ы Мікрараён. Там поўным ходам ідзе абнаўленне... Але самы галоўны падарунак атрымаюць жыхары новых салігорскіх мікрараёнаў. Гэта будзе вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа, які гасцінна расчыніць свае дзверы для 720 школьнікаў і 320 дашкалят. З бюджэту на гэтыя мэты выдзелена 100 мільярдаў рублёў, большая частка з якіх ужо засвоена будаўнікамі.

А яшчэ ў Салігорску будуюць гіпермаркеты. Цяпер сюды па пакупкі едуць з бліжэйшых раёнаў. Чаму? Таму што з'явілася канкурэнцыя. Работнікі гандлю прыцягваюць пакупнікоў шырокім асартыментам тавараў, рознымі акцыямі, зніжкамі, пашырэннем відаў прадукцыі ўласнай вытворчасці. У гараджан зараз ёсць выбар! Нехта па звычцы ходзіць на рынак або ў бліжэйшы да дома магазін, хтосьці спяшаецца ў супермаркет, які спецыялізуецца на продажы рыбы і морапрадуктаў, а іншы адпраўляецца ў гіпермаркет, які робіць стаўку на здаровае харчаванне. Зараз і ў Салігорску могуць задаволіць запыты самых пераборлівых пакупнікоў.

Чаму ўсё гэта стала магчымым? Таму што ў Салігорску, на мой погляд, сфарміравана каманда сапраўдных прафесіяналаў-кіраўнікоў. Ведаю, што ў першы год сумеснай працы старшыня Салігорскага райвыканкама Аляксандр Рымашэўскі і старшыня Салігорскага раённага Савета дэпутатаў Лідзія Клішэвіч аб'ехалі ўсе сельскія населеныя пункты (а іх 168!). Пасля гэтага разам абмеркавалі, як наводзіць парадак на зямлі і як добраўпарадкоўваць гэтыя вёскі, многія з якіх сёння ўжо называюцца аграгарадкамі.

Ведаю, якую вялікую дапамогу раённым уладам аказваюць працоўныя калектывы буйных салігорскіх прадпрыемстваў, і ў першую чаргу, гэта адкрытае акцыянернае таварыства "Беларуськалій", вытворчы гігант не толькі Салігорска, але і ўсёй Беларусі.

Салігорску — 55. Шмат ужо зроблена. Але наперадзе — новыя гарызонты. Няхай усе мары стануць рэальнасцю, а кожны год дадае ў кнігу гісторыі і жыцця сталіцы шахцёраў новую слаўную старонку. І няхай салігорцы заўсёды ганарацца сваім горадам, які яны па праве лічаць лепшым на зямлі.

Таіса Данілевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?