Вы тут

Такая шчырая ігра...


Народны тэатр стаў самым родным для жыхароў Беразіно

Бярэзінскі народны тэатр раённага Дома культуры вядзе адлік сваёй гісторыі з пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Спачатку ён не вылучаўся асаблівым рэпертуарам: спектаклі ставіліся спантанна. Але паступова тэатр умацоўваў свае пазіцыі, а мясцовыя акцёры раслі прафесійна. У 1978-м тэатру прысвоілі ганаровае званне "Народны".

Дзеля каханай...

Мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пытляк узначаліў калектыў у 1995 годзе. Дагэтуль ён працаваў у Рускім драматычным тэатры ў Мінску. Але сталіцу прамяняў на ціхі раённы гарадок дзеля любімай жонкі. З таго часу яму шмат удалося зрабіць. Па-першае, у творчым плане, па — другое выхаваць прыхільнікаў тэатральнага мастацтва. А яшчэ наладзіць у райцэнтры абласны фестываль народных тэатраў "Бярэзінская рампа".

1377255198800_23-6

1377255198800_23-6

 

— Такая думка ўпершыню з'явілася ў мяне ў 1995 годзе. Самадзейныя артысты на той час, як кажуць, варыліся ва ўласным саку, нікуды не выязджалі. А сэнс жыцця творчага чалавека — некуды паехаць, сябе паказаць ды паглядзець на працу сваіх калег, — зазначае Мікалай Мікалаевіч.

Народных тэатраў на Міншчыне шмат, але з іх творчасцю людзі знаёмы бадай што толькі ў родных мясцінах. ЖыхарамМіншчыны ў прыватнасці і рэспублікі ў цэлым іх назвы мала пра што гаварылі.

Ідэю фестывалю, як прызнаўся мой суразмоўца, падказала само жыццё. Яшчэ ў Савецкім Саюзе існавала "Рампа сяброўства",

якая збірала самадзейных артыстаў з краін Прыбалтыкі, Расіі, Беларусі. Варта сказаць, што задума была вельмі ўдалай: "Бярэзінская рампа" стала візітоўкай рэгіёна. Упершыню пробны тэатральны форум правялі ў 1997 годзе. Правялі і зразумелі, што адмовіцца ад яго ўжо немагчыма: вельмі вялікі рэзананс займеў ён у грамадстве, палюбіўся гледачу. Фестываль праходзіць раз у два гады, летась адбыўся дзявяты. Наступны год будзе для "Бярэзінскай рампы" асаблівым — юбілейным. Зазначу, што ахвотных паўдзельнічаць у фестывалі шмат.

— Але мы можам прыняць не больш за 8 тэатраў, — падкрэслівае Мікалай Мікалаевіч. — Ды і гэта для нас многа. Тэатральнае свята доўжыцца тры дні: пятніца, субота, нядзеля. І за гэты час трэба прагледзець не нейкія малыя формы, а паўнацэнныя спектаклі ў паўтары-дзве гадзіны. Акрамя таго, і перапынак нейкі патрэбны, каб людзі змаглі адпачыць, падсілкавацца. Іншых пляцовак, акрамя сцэны Дома культуры, у нас няма. Кожны год удзельнікі мяняюцца, але нейкі касцяк усё ж застаецца, як, напрыклад, Барысаўскі, Слуцкі народныя тэатры, ну і безумоўна, наш як гаспадар. Калі ў нашых калег з'яўляюцца цікавыя пастаноўкі, то, бясспрэчна, яны могуць паказаць іх падчас фестывалю.

— А ці хацелі б, каб фестываль, хросным ці родным бацькам якога вы з'яўляецеся, атрымаў афіцыйны статус міжнароднага?

— На мой погляд, гэта не мяняе сутнасці. Ён у нас і так, лічы, адкрыты для ўсіх. Калі мерапрыемству надаецца статус міжнароднага, то, відаць, трэба мяняць яго фармат, павялічваць колькасць удзельнікаў. А часовыя рамкі і магчымасці, як я казаў, не дазваляюць гэтага зрабіць. Зрэшты, наш тэатр не безыменны, ён мае назву народнага тэатра Бярэзінскага Дома культуры.

На спектакль — сем'ямі і класамі

За гады кіраўніцтва тэатрам Мікалай Пытляк паставіў шмат цудоўных арыгінальных спектакляў па творах беларускіх, рускіх і замежных драматургаў. Вось толькі некалькі : "Жаніцьба Бялугіна" па Астроўскаму, "Бяда ад пяшчотнага сэрца" Салагуба, "Восем любячых жанчын" Рабера Тама, "Вежа" і "Кім" Дударава, "Валянцін і Валянціна" Рошчына. І ўсе яны збіралі аншлагі. Кожная прэм'ера для бярэзінцаў — гэта сапраўднае свята. На спектаклі ходзяць сем'ямі, а настаўнікі прывозяць дзяцей класамі з ўсяго раёна. І трэба бачыць, з якім захапленнем сочаць за дзеяннем на сцэне гледачы, як перажываюць за любімых герояў. А затым яшчэ доўгі час абмяркоўваюць пастаноўку, спрачаюцца. Але ніхто яшчэ не выказаў крытыкі ў адрас самадзейных артыстаў: іх ігра шчырая, самаадданая. І гэта, заўважу, таксама заслуга галоўнага рэжысёра, які змог выхаваць гледача і нават фанатаў тэатральнага мастацтва.

— У нас няма праблем з выканаўцамі любога жанру, кірунку — класічны гэта рэпертуар ці сучасны. Зрэшты, пытанняў такіх ніколі не ўзнікала, і, мне здаецца, іх не будзе. Ахвотных удзельнічаць у спектаклі намнога больш, чым ёсць роляў, — распавёўМікалай Пытляк. — І самае складанае ў тым, што ўсе хочуць быць Гамлетам ці вялікім сацыяльным героем. Я заўсёды тлумачу, што драматургі не могуць ствараць столькі галоўных герояў, каб усім хапіла, што няма маленькіх роляў, ёсць маленькія выканаўцы. І акцёры мяне разумеюць, пагаджаюцца іграць ролі незалежна ад таго, колькі там слоў ці рэплік.

Узрост самадзейных артыстаў — ад 11 да 75 гадоў. Гэта і пенсіянеры, і сантэхнікі, і механікі, і інжынеры, і настаўнікі. Словам, прадстаўнікі ўсіх сацыяльных груп. Нейкай вузкай накіраванасці па падборы акцёраў (напрыклад, інтэлігенцыі) няма. Мікалай Пытляк не прыхільнік такіх метадаў. Але часам кажуць, што ў яго "кіношны" падбор акцёраў. Ды мастацкі кіраўнік сцвярджае, што гэта, хутчэй, інтуіцыя: " Адчуваю, што чалавек можа. Не люблю слова "зоркі". Ёсць вельмі арганічныя выканаўцы, якія разумеюць, як данесці да людзей думку, ідэю. Але з усімі трэба працаваць", — упэўнены Мікалай Мікалаевіч.

У планах Мікалая Пытляка паставіць спектакль толькі з падлеткамі і дзецьмі па п'есе Людмілы Разумоўскай "Хачу дамоў". Твор прысвечаны памяці спявачкі Янкі Дзягілевай, якая ў 30 гадоў пайшла з жыцця. П'еса драматычная, сацыяльна вострая. Яна — пра дзяцей, што жылі ў Піцеры на гарышчах, у падвалах. Фінал яе трагічны: амаль усе беспрытульнікі ў канцы гінуць. "Гэта такая Рэспубліка ШКІД, але ў іншым праяўленні, — гаворыць Пытляк. — Тэма вельмі цікавая і да канца не раскрытая, але вельмі цяжкая псіхалагічна. Я правёў перамовы з бацькамі, маўляў, пачытайце, скажыце, не траўмірую вашых дзяцей? Азнаёміцца з тэкстам — адно, а вось унікнуць у сітуацыю, адчуць яе на сабе — іншая справа".

Якія мецэнаты ў глыбінцы?..

Да Кастрычніцкай рэвалюцыі амаль ці не ў кожнага тэатра быў свой мецэнат. Падтрымліваць тэатры было пачэсна і прэстыжна. Сённяшнія алігархі ўкладваюць грошы ў футбольныя клубы, яхты, нерухомасць за мяжой... Ці спрабаваў Пытляк знайсці "свайго мільярдэра"?

— Няма такіх у нашым раёне. А калі ездзіць на пошукі ў Мінск, то не застанецца часу на творчасць, — жартуе мой суразмоўца. — Вядома, знаходзім спонсараў на правядзенне масавых мерапрыемстваў, каб штосьці закупіць, паколькі бюджэтных сродкаў не хапае. Гэта звычайна мясцовыя прадпрыемствы, арганізацыі, прыватныя асобы. Гэта разавая дапамога. Па вялікім рахунку, наш тэатр не мае патрэбы ў штодзённай падтрымцы, мы нармальна выконваем сваю справу. Але нам, акрамя фестывалю, хацелася б з'ездзіць туды, куды нас запрашаюць, ды не ўсе могуць заплаціць за візу 80 еўра. Апошні раз, калі ляталі ў Калінінград, нам дапамог аплаціць дарогу аддзел па справах моладзі. Дэкарацыі з сабой не вазілі — папярэдне дамовіліся з калегамі, каб дапамаглі іх зрабіць.

— Тэатральнае мастацтва — клопатная справа і не вельмі прыбытковая. Не хацелася ўсё кінуць, знайсці іншы занятак? — пытаюся ў Мікалая Мікалаевіча.

— Я ўжо прывык, што вялікіх грошай не было і не будзе. Зрэшты, колькі ні дай, усё роўна іх не хапае, па меры паступлення з'яўляюцца новыя запыты. Ды не ў грошах шчасце. Я чалавек з той эпохі, калі меркантыльныя справы менш за ўсё цікавілі.

Дадам, што творчую працу нельга перавесці на тоны надоенага малака і гектары зааранага поля. Яна каштуе інтэлектуальных высілкаў, нерваў і нават жыцця.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».