Вы тут

У абласных цэнтрах катастрафічна не хапае прыватнай арэнды


Пра даволі складаную сітуацыю ў сферы прыватнай арэнды расказваюць спецыялісты агенцтваў нерухомасці ўсіх рэгіёнаў Беларусі.

У тых гарадах, дзе прысутнічае моцны мясцовы забудоўшчык, які ўзводзіць не толькі бюджэтнае жыллё для чаргавікоў, але і займаецца долевым будаўніцтвам, сітуацыя крыху лепшае, аднак... Існуе агульная тэндэнцыя, калі буйныя гандлёвыя і іншыя арганізацыі абласных цэнтраў запрашаюць для цяжкай, але высокааплатнай працы работнікаў з перыферыі. Такія работнікі шукаюць прыватнае жыллё. Вось і адбываецца дадатковы ціск на рынак арэнды. А пры ажыятажным попыце цэны растуць. Існуе тут і яшчэ адзін фактар, аб якім мы раскажам крыху пазней.

Амаль самым "танным" рэгіянальным цэнтрам па лініі прыватнай арэнды з'яўляецца Гродна. Тут без вялікіх праблем магчыма знайсці даволі салідную аднапакаёўку за 120—150 долараў за месяц. Яшчэ зімой цэннік такой паслугі пачынаўся з 90—100 долараў. А зараз у лепшых раёнах горада двух- і трохпакаёвыя кватэры здаюцца за 250 долараў. Гэта таму, што арэнднага жылля для ўсіх не хапае. Дэфіцыт і ўсё.

А вось самы маленькі цэннік па арэндзе прысутнічае ў Магілёве.

Тут у спальных раёнах аднапакаёўка каштуе 120—130 долараў, а калі актыўна пашукаць самастойна, то можна знайсці і за 100 долараў. Двухпакаёўкі здаюцца за 160 долараў. Арэнднага жылля і тут не хапае, але попыт пакуль не максімальны, ён толькі набірае вагу.

Даволі вялікі попыт на асобныя жылыя памяшканні прысутнічае ў Віцебску. Больш за ўсіх з-за гэтага пакутуюць мясцовыя студэнты. Каб зняць любую аднапакаёўку ў гэтым горадзе, неабходна заплаціць 150 долараў плюс камунальныя. Цэннік на двухпакаёўкі пачынаецца з 200 долараў.

Неверагодна, але факт. У Гомелі цэннік прыватнай арэнды самы высокі сярод рэгіянальных цэнтраў — праўда, пасля Брэста.Намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра гандлю нерухомасцю "ПАКАДАН" Алеся Кучынская адзначае, што такога складанага становішча, як цяпер, не было на рынку ніколі. Арэнднага жылля не хапае катастрафічна. Попыт перавышае прапанову ў 3—5 разоў. Калі ў студзені двухпакаёвую кватэру можна было адшукаць за 120 долараў, то сёння цэннік арэнды аднапакаёвых кватэр пачынаецца са 150 долараў. Больш-менш "упакаваныя" аднапакаёўкі прапануюць кліентам за 170 і нават за 180 долараў.

Цяпер гаспадары жылля адчуваюць сябе нейкімі азіяцкімі царкамі і карыстаюцца сітуацыяй напоўніцу. Такія дамарошчаныя прадпрымальнікі арганізуюць аўкцыёны сярод будучых кватарантаў, патрабуюць ад іх перадаплату за 6 месяцаў ці нават за год. Амаль ніхто не хоча звязвацца са студэнтамі, сем'ямі з малымі дзецьмі, з маладымі сем'ямі без афіцыйнай рэгістрацыі ці без мясцовай прапіскі. І яшчэ шмат чаго.

Бываюць выпадкі, калі ўласнікі здымных кватэр, робяць з іх прыватны інтэрнат. Тады здаецца не асобная кватэра аднаму кліенту (сям'і), а прапануецца ложка-месца ў кватэры адразу некалькім незнаёмым людзям. Так, цяпер аднапакаёвую кватэру можна здаць адразу 2—3 чалавекам і атрымаць за арэнду ўжо не 150, а 200 ці нават 300 долараў.

На гэтым ажыятажным попыце асобныя людзі сталі рэальна "секчы капусту". А ўвогуле шмат кватэр у горадзе здаецца на суткі.

З "якога боку" з'явіўся на рынку дысбаланс попыту і прапановы? Спадарыня Алеся тлумачыць гэта ў тым ліку і тым, што летась існавала забарона на арэнду кватэр, якія былі пабудаваны з выкарыстаннем ільготных крэдытаў. Калі ў сталіцы доля такіх арэндных кватэр складала каля 5—7 працэнтаў, то ў Гомелі і ў іншых рэгіянальных цэнтрах яна дасягала 40 і больш працэнтаў ад агульнай колькасці здымных памяшканняў. Людзям забаранілі зарабляць грошы на арэндзе такога жылля, але дзяржаўных арэндных дамоў пакуль не пабудавана ў неабходнай колькасці. Дык каму ад гэтага стала лепш? Можа, той маладой сям'і, якая цяпер стане плаціць за арэнду значна больш? Нешта тут не састыкоўваецца...

У Брэсце складваецца ўвогуле парадаксальная сітуацыя. У агенцтвах нерухомасці бюджэтных здымных кватэр амаль няма. Таму тут арэнда аднапакаёўкі пачынаецца з 200 долараў, а двухпакаёўкі каштуюць ужо 250—270 долараў. Але нават і па такім цэнніку здымнага жылля катастрафічна не хапае. Спецыялісты падлічылі, што за 4 апошнія месяцы арэнда стандартных невялікіх кватэр падаражэла на 50—60 долараў.

Сяргей ПАЛІНІН.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.