Вы тут

Каб школы не засталіся без настаўнікаў


...у сталіцы збіраюцца адрадзіць работу педагагічнага каледжа.

"Якасць гімназічнай адукацыі стане ў наступным навучальным годзе аб'ектам нашай сур'ёзнай увагі", — заявіў падчас гарадскога форуму сталічных педагогаў старшыня Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл МІРОНЧЫК. Кіраўнік сістэмы адукацыі з гонарам адзначыў, што вынікі апошняга навучальнага года пацвердзілі высокую марку сталічнай адукацыі, але, разам з тым, не стаў утойваць і праблемы, якія давядзецца вырашаць педагогам горада.

Скажам, чым не прадмет для гонару: мінскія школьнікі ўжо трынаццаты год лідзіруюць у рэспубліканскіх прадметных алімпіядах па колькасці заваяваных узнагарод. Да таго ж 42 сталічныя школьнікі сталі сёлета прызёрамі і пераможцамі міжнародных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Усё гэта вынік добра наладжанай у горадзе работы педагогаў з адоранай моладдзю. Але адрыў каманды сталічных школьнікаў ад вынікаў каманд з іншых рэгіёнаў няўхільна скарачаецца, і ў апошнія два гады ён дасягнуў, так бы мовіць, крытычнага значэння — у 16 дыпломаў. Зніжаецца і "якасць" дыпломаў: сёлета толькі кожны трэці заваяваны мінскімі школьнікамі дыплом быў першай ступені.

А калі прааналізаваць вынікі ўдзелу сталічных школьнікаў у заключным туры рэспубліканскай алімпіяды, то атрымліваецца, што на агульнакамандны поспех сталічнай сістэмы адукацыі працуе толькі невялікая група гімназій. Амаль 30% дыпломаў атрымалі навучэнцы трох мінскіх гімназій — 1-й, 41-й і 29-й. А ўвогуле больш за палову ўсіх дыпломаў (54,3%) былі заваяваны навучэнцамі дзесяці гарадскіх гімназій.

— Вывучэнне рэйтынгу гімназій за апошнія гады акрэсліла кола ўстаноў, якія па шэрагу пазіцый далёка адсталі ад групы лідараў. І, што нас асабліва трывожыць, з такім становішчам спраў там змірыліся або страцілі здольнасць аб'ектыўна сябе ацэньваць, — з сумам канстатаваў Міхаіл Мірончык.

Як утрымаць інтэлектуальную эліту?

На думку старшыні Камітэта па адукацыі, рэзервы для захавання і ўмацавання вынікаў работы з адоранымі дзецьмі ёсць. Па-першае, трэба ствараць максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця адораных дзяцей менавіта ў сценах той установы адукацыі, дзе заўважылі і выгадавалі талент, каб яны і на трэцяй ступені навучання бачылі перспектывы для свайго развіцця, адчувалі сваю значнасць і запатрабаванасць. Вось тут і патрэбны індывідуальныя адукацыйныя траекторыі, індывідуальны падыход і тэхналогіі індывідуальнага навучання.

Тады і праблема адтоку адораных дзяцей у іншыя навучальныя ўстановы ўзнікаць не будзе.

— Мы неаднаразова ўзнімалі праблему захавання падрыхтаванай інтэлектуальнай эліты, — дадаў Міхаіл Мірончык. — Нават сёлетнія пераможцы міжнародных алімпіяд сталі студэнтамі не толькі нашых ВНУ, а паступілі ў ВНУ краін як бліжняга, так і далёкага замежжа. Лічу, каб сітуацыю змяніць, трэба не толькі даваць вучням бліскучыя веды, але і выхоўваць у навучэнцаў грамадзянскую адказнасць перад настаўнікам, школай, горадам і краінай за рэалізацыю свайго інтэлектуальнага патэнцыялу.

Для выхавання будучай эліты патрэбны кадры вельмі высокай кваліфікацыі. Яны ёсць сярод нашых настаўнікаў і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў. Іх імёны шырока вядомыя: Лаўрыновіч Леанід Іванавіч, Камракоў Барыс Барысавіч, Мазанік Сяргей Аляксандравіч, Хвалюк Віктар Мікалаевіч і іншыя. Але хто прыйдзе ім не змену? Вельмі трапна сказаў не так даўно кіраўнік нашай дзяржавы пра тое, што калі таленавіты хірург не падрыхтаваў сабе падобных, значыць, сваю прафесійную місію ён выканаў не да канца. Мяркую, што ў поўнай ступені гэта тычыцца і настаўніцтва. Тым больш што пытанне пра стварэнне школ "зорных" настаўнікаў ставілася неаднаразова. Лічу, што ўсім нам работу ў гэтым кірунку трэба ўжо не проста актывізаваць, а фарсіраваць. Варта таксама прызнаць, што мы далёка не ў поўнай ступені выкарыстоўваем магчымасці Мінска для прыцягнення знешніх інтэлектуальных рэсурсаў для вырашэння задач па павышэнні якасці адукацыі...

Фізіка ці філалогія? Выбірай...

Найбольш сур'ёзныя змяненні ў арганізацыі і змесце адукацыйнага працэсу ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі адбудуцца ў новым навучальным годзе на трэцяй ступені ў сувязі з увядзеннем вывучэння асобных прадметаў на павышаным ўзроўні. Прыкладна восем гадоў таму ў сталіцы дыферэнцыраваным навучаннем на старшай ступені школы былі ахоплены 82% навучэнцаў. На павышаным і паглыбленым узроўнях прадметы вывучаліся больш чым у 90% устаноў. Класы фізіка-матэматычнай накіраванасці былі ў 70 установах адукацыі, а хіміка-біялагічныя класы — у 23.

З 1 верасня ў Мінску па новых вучэбных планах будуць працаваць 94 дзесятыя класы, або трэцяя частка ад іх агульнай колькасці, у тым ліку 37 фізіка-матэматычных класаў, 5 класаў хіміка-біялагічнай накіраванасці, 39 — філалагічнай і 8 — грамадазнаўчай. А ў 169 дзясятых класах усе прадметы будуць вывучацца на базавым узроўні. Аднак так званыя "профільныя" класы размеркаваліся па горадзе нераўнамерна (ёсць раёны, дзе адсутнічаюць, скажам, фізіка-матэматычныя класы або класы грамадазнаўчай накіраванасці), паколькі для адкрыцця такіх класаў патрабавалася наяўнасць развітой адукацыйнай інфраструктуры, педагагічных кадраў і зацікаўленасць з боку вучняў і іх бацькоў.

— Каб атрымаць станоўчы адукацыйны эфект, неабходна вывучаць запыты старшакласнікаў і іх бацькоў і распрацаваць парадак і крытэрыі прыёму ў класы з павышаным узроўнем навучання прадметаў, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі Міхаіл Мірончык. — А што тычыцца павышэння якасці і эфектыўнасці факультатыўных заняткаў у школах, то тут, мяркую, перш за ўсё, трэба змяніць псіхалогію і настаўнікаў, і кіраўнікоў установы адукацыі: факультатывы павінны быць не сродкам для павелічэння заработнай платы педагогам, а магчымасцю для навучэнцаў рэалізаваць іх права на развіццё інтарэсаў і здольнасцяў.

Чаму не затрымліваюцца маладыя педагогі?

Адукацыйны працэс у сталічных установах адукацыі ажыццяўляюць сёння 30,7 тысячы педагагічных работнікаў. 89,3% педагогаў, якія працуюць ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, маюць вышэйшую педагагічную адукацыю. Разам з тым, у горадзе канстатуюць высокую змяняльнасць маладых настаўнікаў — 45% штогод! Хвалюе кіраўніцтва сталічнай сістэмы адукацыі і адсутнасць ахвотных паступаць на педагагічныя спецыяльнасці.

— Заўтра можа скласціся сітуацыя, калі ў школу не прыйдуць дыпламаваныя настаўнікі матэматыкі, фізікі, пачатковых класаў і іншыя. Праблема — у нізкім сацыяльным статусе настаўніка. Таму горад выходзіць з ініцыятывай адрадзіць у сталіцы педагагічны каледж, дзе будуць рыхтаваць настаўнікаў пачатковай школы і выхавальнікаў для дашкольных устаноў, — паведаміў Міхаіл Мірончык.

Між іншым, у дашкольных установах горада вышэйшую спецыяльную педагагічную адукацыю маюць толькі 30,3% педагогаў...

Яшчэ адна праблема — змяняльнасць кіраўніцкіх кадраў. У апошнія гады яна ўзрасла па ўсіх катэгорыях кіраўнікоў.

— Безумоўна, ратацыя непазбежная, а прыход моладзі ў сферу кіравання — працэс натуральны і неабходны, — лічыць кіраўнік сістэмы адукацыі. — Маладыя кіраўнікі — мабільныя, па-добраму амбіцыёзныя, адчувальныя да ўсяго новага. Аднак часта гэтыя якасці нават не паспяваюць атрымаць свайго развіцця. Найбольш трывожная сітуацыя складваецца з намеснікамі дырэктараў па выхаваўчай рабоце, дзе летась змяніўся кожны чацвёрты з іх. Як наступства — такі ж высокі паказчык змяняльнасці спецыялістаў, якія знаходзяцца ў непасрэдным іх падпарадкаванні. Пагадзіцеся, што у такой сітуацыі наўрад ці можна сур'ёзна паўплываць на якасць і вынікі выхаваўчага працэсу.

Міхаіл Мірончык паведаміў, што з гэтага навучальнага года ў Мінску стартуе праект "Электронная школа", які дазволіць аптымізаваць унутрышкольны дакументаабарот. Педагогі змогуць у рэжыме анлайн прасочваць індывідуальную траекторыю навучання школьнікаў, а бацькі атрымаюць рэальную карціну вучэбных дасягненняў свайго дзіцяці. Новы ІТ-праект патрабуе ад кіраўнікоў высокага ўзроўню валодання інфармацыйнымі тэхналогіямі, але актыўнай зацікаўленасці з боку кіраўніцкіх кадраў авалодваць імі не назіраецца.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.