Вы тут

Як засцерагчы дзяцей ад непрыемнасцяў на дарогах?


Летнія канікулы адлічваюць свае апошнія дні. Крыху больш чым праз тыдзень на заняткі адправяцца сотні тысяч школьнікаў. Цяпер жа многія з іх паступова вяртаюцца дадому пасля доўгага адпачынку ў вёсцы. Гэты час лічыцца ў інспектараў дарожнага руху адным з самых напружаных: усё-такі дзеці, знаходзячыся па-за межамі вялікіх гарадоў, адвыклі ад імклівасці іх вуліц. А наперадзе ў школьнікаў яшчэ штодзённыя падарожжы з дому на заняткі і назад. Дык як жа засцерагчы дзяцей ад непрыемнасцяў на дарогах?

— З 26 жніўня па 6 верасня ў краіне, па традыцыі, будзе праводзіцца комплекс мерапрыемстваў "Увага — дзеці!". Мы заклікаем кіроўцаў аўтатранспарту ездзіць у гэты час з уключаным бліжнім святлом фар, каб школьнік мог бачыць аўтамабіль здалёк, — гаворыць старшы інспектар па асобых даручэннях упраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Ганна Банадык.

З пачатку года на беларускіх дарогах загінулі 13 дзяцей, а яшчэ 261 юны ўдзельнік дарожнага руху атрымаў траўмы. Увогуле зараз супрацоўнікі ДАІ назіраюць дзіўную тэндэнцыю. Калі яшчэ сем-восем гадоў таму два з кожных трох ДТЗ адбываліся па неабачлівасці дзяцей, то зараз гэтую сумную пальму першынства перахапілі кіроўцы. Гэта сведчыць аб тым, што школьнікі пачалі больш свядома паводзіць сябе на праезнай частцы.

У кожнай школе абавязковымі сталі куткі бяспечнага руху, дзе на стэндах намалявана схема мікрараёна з найбольш бяспечнымі маршрутамі дадому. Гэтыя шляхі пракладаюцца з улікам таго, каб вучні пераходзілі як мага менш дарог.

Сёлета школьнікаў у першы вераснёвы тыдзень чакаюць спецыяльныя лінейкі і пазакласныя гадзіны, на якіх інспектары яшчэ раз нагадаюць дзецям правілы дарожнага руху. Але цяпер вучням тлумачаць не толькі абавязкі пешахода, але і пасажыра. Яно і не дзіўна: знайсці сям'ю, дзе б не было аўтамабіля, з кожным годам усё складаней. Ды вось толькі бацькі часам грэбуюць правіламі: возяць маленькіх сыноў ці дачок без спецыяльных аўтакрэслаў ці ўвогуле на руках, не прышпільваюць іх рамянямі бяспекі на заднім сядзенні. А расплачваюцца за гэтую неахайнасць дзеці... Не забываюцца інспектары і на юных кіроўцаў.

— Калі мы ўводзілі некалькі гадоў таму абавязковае атрыманне правоў на кіраванне мапедамі, то з гэтай нагоды ў наш адрас гучала шмат крытыкі, — працягвае Ганна Банадык. — Аднак сёння мы бачым, што гэтае рашэнне было правільным, бо дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам непаўналетніх кіроўцаў можна зараз пералічыць на пальцах.

Інспектары нават узялі на ўзбраенне тактыку пакватэрнага абходу юных вадзіцеляў. У прысутнасці бацькоў такія кіроўцы ставяць подпіс пад папярэджаннем, што яны валодаюць сродкам павышанай небяспекі.

Супрацоўнікі ДАІ гавораць без залішняга пафасу: правілы дарожнага руху напісаны крывёй тых, хто іх парушае. Таму найлепшы спосаб засцерагчы сябе ад непрыемнасцяў на дарозе — быць пільным і сумленным.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Пра гэта ў нашай гутарцы з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.

Эканоміка

Разбіраем інвестпраграму Мінска на бягучы год

Разбіраем інвестпраграму Мінска на бягучы год

Яна ў гэтым годзе на 20 % «таннейшая», чым у папярэднім.

Культура

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Прыгажуні-гераіні паралельна — выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага.

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.