Вы тут

Чатыры ўражанні


Бялград — Натуральнасць і шчырасць бачыцца ва ўсім. Прага — дзіўная, а часам і небяспечная. Вена — горад, дзе паўсюль толькі спекулююць на былой велічы імперыі. Будапешт — дзве душы і шматграннасць характару.

Сонейка, якое так спальвала ў Празе, надакучвала ў Вене і расслабляла ў Будапешце, тут перастала быць нясцерпным і прыемна абагравала — мяккае, лагоднае, зусім бесклапотнае, затуманенае пяшчотай летняга працяглага захаду, але не лянівае — жывое і радаснае. Можа быць, яно падалося мне такім з-за ўсмешкі таго хлопца, што падышоў да нас каля храма святога Савы (першы сербскі архіепіскап і нацыянальны герой, ахоўнік краіны), каб запрасіць на дабрачынны канцэрт. Малады серб нічога не патрабаваў ад нас. Даведаўшыся, што мы турысты і хутка паедзем, прапанаваў набыць паштоўку. Мы выйгралі выяву вячэрняга Бялграда і, думаю, атрымалі самы лепшы сувенір, які толькі можна было прывезці з сербскай сталіцы, — адчуванне пяшчоты і дабрыні.

Сербія

Яно там паўсюль. У тварах і рухах жыхароў, у вулачках і паркавых алеях. Нават у сценах старой крэпасці. Сонейка і не магло там быць іншым, акрамя як вытанчана-лагодным. Узнёсласць і спакой, якія ахутвалі нас у самім Бялградзе і пэўны час пасля яго наведвання, не зруйнавалі нават "жывыя" помнікі вайны 1999 года — разбураныя і аголеныя бамбёжкамі авіяцыі НАТА пабудовы, некаторыя з якіх сербы спецыяльна не рэканструявалі. Усё гэта толькі дадало пачуццё гонару за народ, які, не зважаючы ні на што, застаецца чалавечным і адкрытым.

1377511046392_1

Знаходзячыся на сербскай зямлі, вы ніколі не падумаеце, што ў краіны вялікія эканамічныя праблемы. Гаспадарка дагэтуль не можа цалкам аднавіцца пасля, хаця і не працяглай (78 дзён), але разбуральнай вайны. У Бялградзе цяжка знайсці працу. Але людзі адтуль не з'язджаюць. Жывуць хоць неяк і не скардзяцца. І я іх разумею. Самому захацелася там застацца. Горад з непаўторнай атмасферай, нейкі такі ўвесь утульны. Ты адчуваеш сябе як дома. Быццам і нарадзіўся там, і жыццё пражыў. "Горад для людзей..." — паўтаралі нам. І яно сапраўды так. Шмат паркаў, дзе жыхары проста шпацыруюць ці сядзяць на лавачках, а можа, і гуляюць у шахматы за спецыяльнымі столікамі. Прыемны дзіцячы віск і смех — пастаянны фон для ўсяго, што адбываецца. Замест страшэнных вялізных атракцыёнаў звычайныя дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі ў любым зручным месце — нават каля крапасных сцен. Там не думаюць аб выгадзе ці прэстыжы. Там думаюць аб людзях — абы толькі ім было зручна і спакойна.

Ніхто не хоча падацца лепшым, чым ён ёсць. Натуральнасць і шчырасць бачыцца ва ўсім. Людзі выходзяць на вуліцу, каб адпачыць, пагутарыць са знаёмымі ці пазаймацца спортам, але ні ў якім разе не для таго, каб "паказаць сябе". Адсутнасць гэтай невыноснай "паказушнасці", відаць, і прываблівае мяне больш за ўсё ў цудоўнай краіне. Не кожная нацыя сёння знаходзіць смеласць для такіх паводзін. Ці трэба казаць, што мне хочацца абавязкова туды вярнуцца?

Чэхія

Пяройдзем да храналагічнага парадку вандроўкі. Пачалося ўсё з Чэхіі, якая сустрэла нас знаёмымі словамі, сэнс якіх для беларуса незвычайны. Думаю, шмат хто чуў пра тое, што ў чэхаў шмат сэнсавых перавёртышаў — інакш кажучы, гучаць словы аднолькава, але сэнс маюць супрацьлеглы. У крамах можна было спакойна купіць чэрствы (насамрэч свежы) хлеб ці панюхаць ваняўкі (насамрэч духі), а на вуліцах убачыць жахлівых дзяўчат (па-руску "ужасных", што насамрэч значыць "цудоўных").

1377511049745_2

Аднак неспадзяванкі на гэтым не скончыліся. Пасля доўгай, цікавай, але вельмі стамляльнай экскурсіі па Празе апетыт разгуляўся не на жарт. Зразумела, што ўвечары проста беглі ў рэстаран. Па-першае, хацелася паспрабаваць знакамітае чэшскае піва, а па-другое, нарэшце паесці. Дзякуй Богу, што здагадаліся заказваць ежу адной порцыяй на дваіх. Ужо пасля велічэзнай талеркі смачнага супу-пюрэ можна было і скончыць трапезу. Але тут нам з жонкай прынеслі салату. У меню было пазначана: "Салата... з кавалачкамі курыцы". Бачылі б вы тыя "кавалачкі"! Не схлушу, калі скажу, што гэта былі дзве вялікія адбіўныя.
Тут нам стала страшна, бо "на гарачае" мы заказалі рабрынкі, а на тое, што страва важыць 900 грамаў, неяк не звярнулі ўвагі. Думалі, што будзе як у нашых рэстаранах... Памыліліся. Адным словам, ледзь з'елі. Вельмі дапамагло насамрэч смачнае, мяккае і прыемнае чэшскае піва. Добра, што яшчэ не ўзялі легендарнае "вяпрукова калена" (па-нашаму проста рулька). Даю параду тым, хто будзе ў Чэхіі, ды ўвогуле амаль у любой еўрапейскай краіне: не заказвайце шмат, бо порцыі вельмі вялікія. Мой знаёмы з Прагі (з якім я, зразумела, сустрэўся, аказаўшыся ў чэшскай сталіцы) пасля пасмяяўся з мяне і сказаў: "Мы заўсёды заказваем што-небудзь адно — ці салату, ці суп. Гэтага хапае".

Толькі не думайце, што Прага мне запомнілася выключна ежай. Не. Гэта сапраўды цудоўны горад. Прыгожы, але занадта перапоўнены турыстамі. Каралеўскія палацы і паркі, вузкія гарадскія вулачкі — усё гэта, безумоўна, прыцягвае. Адно толькі, што цяжка на вуліцы чэха сустрэць — паўсюль разнамоўныя гіды са стракатымі турыстычнымі групамі. Кажуць нават, што адна немаленькая (мякка кажучы) амерыканка засела паміж дзвюх сцен на самай вузкай у Еўропе вуліцы, якая рэгулюецца святлафорам (сантыметраў 60-70 у шырыню). Каб выцягнуць яе, спатрэбілася дапамога выратавальнікаў. Вось такая яна дзіўная, а часам і небяспечная Прага.

Аўстрыя

Велічныя збудаванні часоў Аўстра-Венгерскай імперыі спачатку ўражвалі. Але вельмі хутка Вена стала для мяне адным суцэльным расчараваннем. Не ведаю, чаму сталіцу Аўстрыі называюць "горадам закаханых". Сапраўды, там ёсць на што паглядзець. Але асаблівай рамантыкі ў горадзе не адчуваецца: прыгожая архітэктура нівеліруецца суцэльным засіллем шматлікіх крамак і магазінаў. Забіты гандлем дух рамантыкі, якім сапраўды быў напоўнены горад раней, застаўся, відаць, толькі на шматлікіх паштоўках і сувенірах з выявай любімай імператрыцы Елізаветы Баварскай. Sіssі (так называлі яе родныя і сябры) разам са сваім каханым мужам, імператарам Францам Іосіфам І засталіся ў сусветнай гісторыі не толькі як аб'яднальнікі Аўстрыі і Венгрыі, але і як самая рамантычная пара блакітнай крыві.

1377511052851_3

А сёння Вена — горад, дзе паўсюль толькі спекулююць на былой велічы імперыі. Ды нават на фашысцкім мінулым спрабуюць зарабіць: маю на ўвазе шматлікія антыкварныя крамы, дзе прадаюць розныя рэчы, якія некалі паадбіралі немцы ў яўрэяў. Зразумела, што, хто ведае, туды ніколі не заходзіць. Таму і закрываюцца паціху тыя крамы.

На вуліцы вы амаль не сустрэнеце аўстрыйцаў. Тым больш вы іх не ўбачыце сярод гандляроў, афіцыянтаў і гэтак далей. Гэтыя месцы заняты эмігрантамі з розных краін. Аўстрыйцы альбо папіваюць знакамітую венскую каву ў рэстаранчыках (бо можна без асаблівага напружвання жыць на сацыяльныя дапамогі ад дзяржавы), альбо заняты менш пыльнай працай з усімі сацыяльнымі гарантыямі. Горад дарагі. Заробкі там вялікія. Але эмігранты, якія пражывуць там хоць палову жыцця, ніколі не будуць прызнаны "за сваіх" і могуць у выніку нават на мізэрную пенсію не напрацаваць. Аднак гэта не ўчора і не пазаўчора такая сітуацыя намалявалася. Тое цягнецца здавён. Самі аўстрыйцы ніколі нічога не рабілі — толькі карысталіся. Аб гэтым нам расказала гід, якая сама жыве там ужо 30 гадоў. Яе дарослы сын не захацеў застацца ў гэтай краіне, знайшоў сабе нявесту ў Расіі і вярнуўся на радзіму. А жанчына, вядома ж, не можа пакінуць свайго мужа-аўстрыйца...

Дарэчы, у цэнтры горада, у дамах старой пабудовы, дзе кватэры вельмі вялікія і дарагія, людзі жывуць без вады і прыбіральні. Ваду можна ўзяць толькі ўнізе, у пад'ездзе, з краніка ад крыніцы (у Вене паўсюль такія, нават на вуліцах — можна проста падыходзіць да аўтаматаў і набіраць чысцюткую ваду ды піць). Прыбіральня таксама агульная. Але жыхары згаджаюцца на гэта з-за шыкоўных кватэр.

Яшчэ адным расчараваннем была для мяне адсутнасць павагі да Моцарта, які жыў і пісаў музыку менавіта ў Вене. Ён глядзеў на нас са шматлікіх сувеніраў: парасонаў, паштовак, магніцікаў, бірулек, нават знакамітых (і вельмі дарагіх) цукерак. Але адшукаць, напрыклад, дыск з яго музыкай ці што-небудзь падобнага кшталту амаль немагчыма. Я ўжо не кажу пра тое, каб наведаць невялічкі канцэрт. Не, зразумела, можна схадзіць у оперны тэатр, але ж страшна падумаць, колькі гэта будзе каштаваць. Ды чаго тут разважаць, калі самы вядомы помнік геніяльнаму кампазітару стаіць наводшыбе былога імперскага саду Бурггартэн, і турыстычныя групы туды нават не заводзяць. Нам толькі сказалі, што можна туды пайсці, што мы, зразумела, і зрабілі ў вольны час.

Венгрыя

Будапешт, як дзяўчына, прыгожы і ўдзень, і ўначы. Не, ну сапраўды немагчыма вызначыць, калі венгерская сталіца падабаецца больш: у спякотны дзень, калі здаецца, што ўсё вакол абцягнута нейкім дымам ці туманам, а насамрэч цябе проста бесперапынку слепіць сонца; ці ўначы, калі ты плывеш па Дунаі на караблі і мутная, цёмная, амаль чорная вада гіпнатызуе цябе ды не дае спакойна атрымліваць асалоду ад начных краявідаў горада, адпачываючы пад халаднаватым пасля спёкі ветрыкам.

1377511055360_4

Буда і Пешт шмат гадоў былі асобнымі гарадамі. І толькі ў ХІХ стагоддзі іх аб'ядналі ў адзіны Будапешт. Але так і засталося ў горада дзве душы. Не, нават тры, бо яшчэ была Обуда (гэта значыць, старая Буда). Дарэчы, яшчэ адно цікавае падабенства ў параўнанні з дзяўчынай — шматграннасць характару... Будайскія горы і пешцкая раўніна разам утвараюць прыгожае спалучэнне не толькі прыроды, але і гістарычных эпох. Напэўна, заўсёды будзе немагчыма да канца высветліць усе архітэктурныя стылі і кірункі, якія выкарыстоўваліся ў забудове горада, бо яны тут набывалі адразу нейкае сваё аблічча, не падобнае ні на што, узведзенае дагэтуль. Напрыклад, Рыбацкі бастыён, створаны ў неараманскім стылі, хутчэй, нагадвае ўмацаванні і ўпрыгажэнні якога-небудзь усходняга палаца. Але, можа быць, я проста не вельмі дасведчаны ў тонкасцях архітэктуры. У любым выпадку, я здольны ацаніць прыгажость будынка венгерскага парламента — адначасова велізарнага і лёгкага, як любая готыка. Асабліва цудоўна ён выглядае ў начной падсветцы.

Але знакаміты венгерскі парламент не толькі сваім будынкам (палова якога, між іншым, здаецца ў арэнду для канферэнцый, бо некалі парламент быў двухпалатным, а цяпер другая частка не выкарыстоўваецца па прызначэнні). Ледзь не нацыянальным бедствам з'яўляецца колькасць дэпутатаў заканадаўчага органа — 386. Гэта пры тым, што колькасць насельніцтва прыкладна роўная адпаведнай беларускай лічбе — каля 10 мільёнаў чалавек (для параўнання: у нашым Нацыянальным сходзе 174 члены). І амаль чатыры сотні венграў, часцей за ўсё, не могуць ні аб чым дамовіцца. Відаць, менталітэт такі...

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара.

Мінск — Прага — Вена — Будапешт — Бялград — Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Како Шанэль сцвярджала, што чым горшыя справы ў жанчыны, тым лепш яна павінна выглядаць.

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.