Вы тут

Горад, дзе будуць любіць проста так


Застаецца нейкі тыдзень да чарговага тэатральнага фестывалю ў Брэсце. Аматары мастацтва Мельпамены на форумах гадаюць, чым нас парадуюць на гэты раз і ці парадуюць наогул. А ў маім стале назапасілася цэлая шуфляда буклетаў з праграмамі і анонсамі кожнага фэсту за апошнія паўтара дзясятка гадоў.

Калі выпадае мінута, люблю іх праглядаць, успамінаць нейкія спектаклі, што пакінулі след у душы. Бывае добры, а бывае і такі, як спектакль "Скандал з публікай". Адзін эксперыментальны тэатр суседняй дзяржавы падкінуў памяркоўнай брэсцкай публіцы такі сюрпрыз. Быў задуманы сапраўдны скандал, правакацыя: артысты лаяліся, абзывалі гледачоў апошнімі словамі, імкнучыся выклікаць зваротную рэакцыю. Нашы людзі некаторы час былі ў лёгкім шоку, а потым адзін за адным сталі пакідаць залу. Самі ж кіраўнікі трупы патлумачылі, што гэта як паказ высокай моды: усе разумеюць, што з касмічнымі антэнамі на галаве нікуды не пойдзеш, але як мадэрнісцкая тэндэнцыя такі аксесуар можа быць. Ну і няхай будзе, асабліва калі нехта за гэта згодны плаціць.

І ўсё ж тэатр, па маім разуменні, там, дзе здолелі зачапіць за жывое, дзе кранулі душу, а не абмацюкалі са сцэны. Перагортваючы старонкі буклетаў, натыкаюся на спектакль "На дне" з маімі ўласнымі нататкамі на палях. Альбом 2006 года. Няўжо сем гадоў прайшло?! Бо помніцца, нібы справа была мінулай восенню. Спектакль па матывах п'есы Горкага прывёз Невялікі драматычны тэатр Льва Эрэнбурга

з Санкт-Пецярбурга. У ацэнках яго і крытыкі, і гледачы падзяліліся на два процілеглыя лагеры: з аднаго боку, захапленне, з другога — жорсткае непрыманне. Затое абыякавых не засталося. Іх і не магло быць. Маладыя піцерцы паказалі сапраўдны тэатр. Яны былі адзінай камандай на сцэне і прымусілі верыць, што яны аднадумцы. Прымусілі сваёй ігрой: ігралі яны шчыра і самааддана. Тэатр гэты малады, на той час яму не было і дзясятка гадоў. Ён быў створаны на базе выпускнога курса Царскасельскага філіяла Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі тэатральнага мастацтва. Але нягледзечы на ўзрост, артысты паспелі атрымаць шмат тэатральных прэмій па выніках міжнародных фестываляў. Вядома, гэта сучасны тэатр, з навамодных. Але нешта сапраўднае, несумненна, у ім ёсць. Жывая іскрынка душы.

Не ўсе, мабыць, прынялі своеасаблівае прачытанне п'есы Горкага. Горкаўскія героі на сцэне не проста сталі сучаснымі. Яны ўяўляюць сабой не толькі дно жыцця, яны — арганічная частка чалавецтва. Гэтыя людзі толькі лахманамі і адрозніваюцца ад прадстаўнікоў сярэдніх слаёў ды вышэйшага свету. Праблемы, што хвалююць жыхароў бруднай начлежкі, аднолькава актуальныя для ўсіх членаў грамадства. Несімпатычны (паводле п'есы) горкаўскі Клешч тут выглядае проста няўдачнікам, але з душой і сэрцам. Ён вельмі старанна даглядае хворую жонку. Дурнаватая ў горкаўскім творы гандлярка Квашня ў спектаклі паўстае няшчаснай жанчынай, якая ўсё ж верыць у нейкае далёкае прывіднае каханне, што павінна прыехаць хуткім цягніком.

Да гэтай пары помніцца, як артысты рэальна пэцкаліся брудам, абліваліся вадой, пахлёбкай, апельсінавым сокам, — нават даставалася і гледачам у першых радах. Але выглядала ўсё натуральна і праўдзіва, таму і ўзнікаў давер. А яшчэ выканаўцы любілі сваіх герояў і змаглі перадаць долю сімпатыі гледачам. Міжволі пачынаеш спачуваць тым, хто ў гэтых непрыгодных для жыцця трушчобах, з якіх, па сутнасці, няма выйсця, можа падтрымліваць у сабе веру ў нейкае святло. Татарка-карліца, гераіня, якой няма ў п'есе, увесь час расказвае пра цудоўны, фантастычны горад Мекку — горад, дзе нікога не падзяляюць на багатых і бедных, на шчаслівых і няўдачнікаў, дзе ўсіх любяць проста так. Вось дзе сабака закопаны! Кожны адразу згадвае пра сваё, запаветнае. Мала хто, няхай сабе і падсвядома, не імкнецца ў горад, "дзе будуць любіць проста так". Нават калі той горад даводзіцца шукаць на карце іншай душы, там, дзе яго ніколі не было...

Колькі год таму Белгародскі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя Шчэпкіна прывозіў "Гора ад розуму". Спектакль быў зроблены ў класічнай манеры, але вёў гледача за сабой ад першага да апошняга імгнення. І вось дзіва: не вядомы сюжэт Грыбаедава ўспамінаўся падчас дзеі, а тое, як мала ў нашым жыцці любові і разумення, як мала мы любім сваіх блізкіх, як наогул не ўмеем любіць. Вось вам і адказ пра горад, дзе будуць любіць проста так. Яго, відавочна, трэба будаваць, а не проста шукаць. Калі тэатр, класічны ці суперсучасны, прымушае разважаць аб гэтым, то для мяне гэта сапраўдны тэатр.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.