Кастрычніцкая плошча ў цэнтры Быхава ўсё яшчэ нагадвае вялікую будаўнічую пляцоўку. Шмат людзей і тэхнікі задзейнічана дзеля таго, каб 1 верасня дастойна прыняць у абноўленым Быхаве ХХ, юбілейны, Дзень беларускага пісьменства.
Цэнтр свята
Намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Нэла Шунькіна стаіць каля ўвахода на мясцовы стадыён, паблізу ад раённага Цэнтра культуры.
— Гэта будзе асноўная пляцоўка, дзе пройдуць мерапрыемствы Дня пісьменства, — паказвае Нэла Уладзіміраўна. — Тут усталююць галоўную сцэнічную пляцоўку і партэр для гледачоў на 2,5 тысячы чалавек, непасрэдна на зялёным полі стадыёна. Паблізу размесцяцца падворкі гарадоў-сталіц Дня пісьменства, а таксама павільён сродкаў масавай інфармацыі, дзе адбудзецца фестываль прэсы і кнігі.
На бакавінах двух жылых дамоў, якія выходзяць на Кастрычніцкую плошчу, зроблены стыльныя малюнкі з выявамі ўладароў Быхаўскага замка: Яна Караля Хадкевіча і Льва Сапегі. Сучасныя быхаўчане глядзяць на гордыя постаці гістарычных дзеячаў.
На самой плошчы рабочыя робяць пастамент для галоўнай святочнай скульптуры, якая называецца "Баркалабаўскі летапіс". Гэта вялізная кніга са старажытнымі пісьмёнамі, на адной са старонак якой будзе знакаміты абраз Баркалабаўскай Божай Маці.
Праваслаўныя вернікі чакаюць, што арыгінал абраза, які захоўваецца ў жаночым манастыры паблізу аграгарадка Баркалабава Быхаўскага раёна, прывязуць у горад, каб паказаць гасцям захаваную старажытную святыню. Над асноўнай святочнай пляцоўкай праглядаюцца купалы і званіца Свята-Троіцкай царквы, якая знаходзіцца непадалёк і сама па сабе з'яўляецца вельмі прыгожым драўляным будынкам.
Генеральнае прыбіранне
Побач з асноўнай пляцоўкай — Быхаўскі замак, вядомая гісторыка-культурная каштоўнасць. У яго двары таксама працуе шмат людзей і тэхнікі. Ад вуліцы да замка вядзе выкладзеная пліткай дарожка, абапал якой — старадаўнія ліпы і клёны. Руіны асноўнага замкавага будынка ачышчаны, а каля іх выклалі пляцоўку, дзе на свята будзе адбывацца тэатралізаваная дзея з удзелам рыцарскіх клубаў. Вежы, якія планавалі адрэстаўраваць да Дня беларускага пісьменства, яшчэ ў будаўнічых лясах. Але яны накрыты дахамі, на сцены пакладзена тынкоўка.
— Мы не сумняваемся, што ўсё паспеем, — сказала ад імя раённай улады Нэла Шунькіна. — Свята адбудзецца, як і запланавана, 1 верасня.
Увогуле такое ўражанне, што ўвесь горад удзельнічае ў добраўпарадкаванні. Замест рамонтных агароджаў з'яўляюцца новыя клумбы з кветкамі, зялёныя газоны — народ з граблямі і лейкамі выйшаў на генеральнае прыбіранне Быхава да свята.
Увогуле толькі ў раённым цэнтры адрамантавана, прыведзена ў парадак і падрыхтавана да Дня беларускага пісьменства 120 аб'ектаў. Аднак і ў раёне актыўна рыхтуюцца прымаць гасцей: цяпер актыўная работа ідзе на дарогах, якія вядуць да Быхава. Брыгады абразаюць старыя дрэвы, косяць траву абапал дарог, і нават калонкі пафарбавалі ў яркі блакітны колер. Вяскоўцы клапоцяцца пра свае дамы і агароджы. У прыдарожных вёсках буйства колераў і кветак у палісадніках, асабліва яркіх вяргіняў, пакідае прыемнае ўражанне ў вандроўнікаў.
Мастацкі падыход
Павінна блішчэць і квітнець цэнтральная вуліца Леніна, дзе цяпер наводзяць апошні лоск. Двухпавярховыя жылыя дамы адрамантаваны, работы на іх завяршаюцца. Адно з самых сімпатычных, па меркаванні многіх, месца — каля Быхаўскага райвыканкама. На дамах, каля строгага будынка з калонамі намаляваны прыгожыя карціны, дзе прадстаўлены Быхаў старажытны і Быхаў будучага. Апошні пакуль у будаўнічых лясах (што сімвалічна), бо мастакі яшчэ працуюць.
Насупраць, на тэрыторыі дзіцячага садка, навялі парадак з фантанам і старой савецкай скульптурай дзяўчынкі. "Балерыну" і пастамент нанова пафарбавалі.
На вуліцы Леніна з'явіліся расцяжкі, адна з іх парадавала вечнай тэматыкай: "Самае дарагое — жыццё! Беражы яго!" Таксама прыемна адзначыць, што, нягледзячы на рамонт, у Быхаве не пацярпелі зялёныя насаджэнні: горад па-ранейшаму застаўся зялёным.
Кніжныя навінкі
Днямі адкрыўся абноўлены ўнівермаг Быхаўскага раённага спажывецкага таварыства. Акрамя таго, што звонку і ўнутры ўсё стала выглядаць сучасна, тут яшчэ з'явіўся і новы аддзел — "Кнігі".
Насупраць увахода ў краму выстаўлены шкляныя вітрыны з кнігамі. Гэта беларускія выданні: ад шыкоўных вялікіх энцыклапедый да мастацкіх кніг, у тым ліку і дзіцячых айчынных аўтараў.
— Так, у наш кніжны аддзел прывезлі сваю прадукцыю беларускія выдавецтвы, — ветліва паказвае прадавец Тамара Радкевіч. — Людзі прыходзяць, цікавяцца, пытаюцца. І будуць набываць абавязкова.
Сярэдні кошт кніг — ад 50 да 100 тысяч рублёў. Самая дарагая кніга — альбом жывапісу — каштуе больш за 700 тысяч рублёў.
— Але паглядзіце, якая яна прыгожая! — паказвае прадавец. — Вельмі карысная рэч для тых, хто шануе беларускае пісьменства.
Святочнае кальцо
Арганізатары так размяшчаюць асноўныя пляцоўкі, каб утварылася святочнае кальцо, па якім будуць рухацца госці Дня беларускага пісьменства.
Каля старажытнага будынка сінагогі будуць выступаць тэатральныя калектывы Магілёўскай вобласці. Можна спыніцца каля кінатэатра "Радзіма": у год свайго 100-гадовага юбілею і ў гонар Дня пісьменства тут набылі апаратуру "ЗD" і будуць паказваць "Кіно маёй краіны". Альбо пацікавіцца фантанам, каля якога ладзіць сустрэчы мясцовая моладзь. 1 верасня на гэтай плошчы прадставяць вядомыя фестывалі Магілёўскай вобласці.
"У здаровым целе — здаровы дух", дарэчы нагадваюць у Быхаве, і арганізуюць да Дня пісьменства спартыўную пляцоўку. Яна з'явіцца ў мікрараёне Быхаў-1, былым ваенным гарадку. Адкрыццё фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, дзе ўжо чакае наведвальнікаў басейн для плавання, — гэта вялікая падзея для жыхароў Быхаўскага раёна.
Сустрэнемся!..
Дарога далей вядзе да Прывакзальнай плошчы, дзе пакуль праязджае толькі цяжкая будаўнічая тэхніка, бо тут поўнай хадой кладуць новы асфальт. Гэтымі днямі завяршаюцца работы на новай аўтастанцыі і капітальны рамонт чыгуначнага вакзала. Будынак вакзала мадэрнізаваны, створаны новыя бытавыя памяшканні і санвузлы (што вельмі важна для вандроўнікаў), адрамантаваны касы.
У Магілёўскім аддзяленні Беларускай чыгункі паведамляюць, што амаль палова сродкаў (а гэта каля 4 мільярдаў рублёў) выдаткавана менавіта на добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі. Тут паклалі новую плітку, разбілі клумбы, зрабілі невялікія зоны адпачынку, усталявалі асвятленне і відэаназіранне.
Аднак галоўным упрыгажэннем прывакзальнай плошчы ў Быхаве павінна стаць скульптура пад назвай "На ростанях": пара маладых людзей, якія ці то сустракаюцца, ці то развітваюцца (у залежнасці ад вашага настрою і бачання), і хлопец трымае ў руках стос кніг беларускіх класікаў.
Горад не пазнаць
Людзі, якія прыязджаюць у госці да быхаўскіх сваякоў і сяброў, кажуць, што проста не пазнаюць горад.
— У такой правінцыі прыемна жыць! — зайздросціць расіянка.
Мужчынская палова Быхава горда хваліць добрыя дарогі.
— Новы асфальт на нашых дарогах яшчэ блішчыць, — радуюцца аўтааматары.
Жанчынам вельмі падабаюцца крамы, у якія цяпер прыемна зайсці. Дзеці вяртаюцца дадому напрыканцы канікул і радуюцца пераменам.
— Мне падабаецца, што робяць новыя помнікі, — расказвае 16-гадовая ліцэістка Алена, якая, трымаючы ў руках руль веласіпеда, разглядае гістарычныя малюнкі на сценах дамоў. — Я вырасла ў Быхаве, і мой горад стаў вельмі прыгожы.
— Мне хочацца пажадаць гасцям Дня беларускага пісьменства самых прыемных уражанняў, і пабольш — сказала намеснік старшыні райвыканкама Нэла Шунькіна. — Каб кожны ўбачыў у нас у Быхаве нешта новае і цікавае, што захацелася б увасобіць у сябе дома, на сваёй зямлі.
Быхаў прэтэндуе стаць адным з галоўных турыстычных цэнтраў Беларусі. Такое меркаванне выказаў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, які правёў учора ў Быхаве пасяджэнне Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства.
Паводле слоў віцэ-прэм'ера, работы яшчэ, вядома, засталося вельмі шмат, але ўсё, што было запланавана, зроблена, і нават больш, таму няма ніякага сумнення, што ўсе будаўнічыя работы і работы па добраўпарадкаванні горада будуць завершаны ў тэрмін. "Усе, у тым ліку самі гараджане, працуюць з вялікім энтузіязмам. Яны разумеюць, што ў выніку ў Быхаве зменіцца якасць і ўзровень жыцця, з'явяцца сур'ёзныя перспектывы для развіцця. Важна таксама ўсё, што будзе зроблена, захаваць і кожны год прымнажаць", — падкрэсліў Анатоль Тозік.
Ілона Іванова. Фота аўтара.
Быхаў.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.