Вы тут

Прафесар Эльжбета Смулкова: «Талерантнасць — не значыць абыякавасць»


Гэтую жанчыну ў Беларусі добра ведаюць: першы пасол Рэспублікі Польшча ў нашай краіне пасля набыцця ёю незалежнасці ў 1991 годзе. У нейкім сэнсе рамантыка таго часу была звязана з роднай мовай. А гэта і заклікала да дыпламатычнай работы такіх асоб, як спадарыня Смулкова: яна, мовавед, магла паспрыяць лепшаму паразуменню польскай і беларускай краін. І яна гэта зрабіла. Але пакінула дыпламатыю дзеля таго, каб займацца любімай справай — даследаваць мову і культуру ў тым ліку і нашага народа. У нейкім сэнсе гэта таксама дыпламатыя: спрыяе лепшаму разуменню і, адпаведна, паразуменню.

Адметна тое, што прафесар з Польшчы Эльжбета Смулкова вывучае асаблівасці гаворак памежных тэрыторый. Тых тэрыторый, якія найлепш ілюструюць кантакты паміж людзьмі, народамі. Гэтыя кантакты адпаведна адбіваюцца на мовах. З іншага боку, наадварот, па гаворках можна меркаваць, што адбываецца з людзьмі, як мяняюцца іх характары і светаадчуванне. Пра гэта і пайшла наша размова.

1377511075307_1

1377511075307_1

 

— Польска-беларускае памежжа тычыцца жыхароў дзвюх краін. Ёсць памежжа з польскага боку, а ёсць з беларускага. Жыццё на памежных тэрыторыях, напэўна, уплывае не толькі на мову, але і на характары людзей. Цікава, ці адчуваецца розніца ў людзях, што жывуць на памежжы ў залежнасці ад таго, грамадзянамі якой краіны яны з'яўляюцца?

— Рысай памежжа па-мойму з'яўляецца тое, што людзі, нават калі размаўляюць на сваіх мовах, скажам, адны па-польску, другія ўжываюць беларускую гаворку, то ў іх мову ўсё роўна пранікаюць элементы — словы і нават граматычныя формы, спосаб вымаўлення — з іншай мовы. І гэта з'яўляецца адначасова нейкім элементам, які іх, як людзей, адрознівае; але ў той жа час вялікая супольнасць, носьбітамі мовы якой яны з'яўляюцца фактычна, прыпадабняе да сябе. Так што нейкай вялікай розніцы не будзе. Але будзе розніца, якая выклікана знешнімі абставінамі, дзяржаўнымі ўмовамі. Напрыклад, на памежжы ў Польшчы беларускія гаворкі перапоўнены ўжо цяпер, нават у параўнанні з тымі ранейшымі часамі, калі я пачала гэтым займацца (а гэта амаль палова веку). Яны насычаны паланізмамі ў большай ступені, чым гэта назіраецца ў польскай мове тут, на Беларусі. У Беларусі, акрамя беларускай лексікі і структуры мовы, вялікую ролю пачынае адыгрываць руская. Факт, што ў гарадах больш гавораць па-руску, не можа не адбіцца і на сельскіх жыхарах. Фактычна гэтая розніца ёсць.
У Літве больш выразна захавана польская мова, бо там з канца вайны і па сённяшні дзень ёсць польскія школы... Знешняя розніца адыгрывае ролю, але ёсць увесь час многа супольнага. Аб'ядноўвае таксама тое, што з аднаго і другога боку дзяржаўнай мяжы ёсць балтыйскі субстрат на памежжы, якое я даследую.

— Як на вашу думку, ці адрозніваюцца паміж сабой беларусы з Польшчы і беларусы з Беларусі — па характарах і стаўленні да сваёй роднай культуры?

 

— Гэта пытанне, хутчэй, да псіхолага, чым моваведа. Буду казаць пра сваё адчуванне, зыходзячы з уласнага вопыту, які не можа быць тыповым і які нельга абагульняць. У Беларусі я сустракаюся з беларусамі, якія мяне ўспрымаюць як польку, якая цікавіцца імі, якая іх стараецца разумець. Мне лягчэй з вамі (з беларусамі з Беларусі) быць у кантакце, чым з беларусамі з Польшчы, бо яны маюць нейкі элемент канфлікту як меншасць супраць той большасці, з якой я зыходжу.

— Вы памятаеце час, калі пачыналі свае даследаванні ў Беларусі, — якое тады, гадоў 50 таму, было стаўленне людзей да беларускай мовы ў параўнанні з цяперашнім днём?

— Маё адчуванне залежыць ад асяроддзя, у якім я знаходжуся. Я пачынала сваю стажыроўку сярод моваведаў Акадэміі навук Беларусі. Мы тады паміж сабою толькі па-беларуску кантактавалі, а цяпер выкарыстоўваецца не толькі беларуская. Але заўсёды было так, што калі я на вуліцы, у краме ці ў транспарце нешта сказала па-беларуску, то гэта выклікала пэўнае здзіўленне. Нейкай вялікай розніцы я не бачу. Бачу адну розніцу: калі пасля распаду Савецкага Саюза рэспубліка стала самастойнай краінай, пачаўся працэс беларусізацыі, то больш людзей па-беларуску гаварыла. Мая праца ў якасці пасла давала магчымасць сустракацца з людзьмі ва ўладзе ці дыпламатамі, якія выступалі па-беларуску. Цяпер на з'ездзе славістаў усе афіцыйныя асобы гаварылі па-беларуску. Хацелася б, каб паказвалі прыклад і далей.

1377511077234_2

1377511077234_2

 

— А паводле стасункаў з простымі людзьмі што адчуваецца?

— Простыя людзі, якія жывуць на вёсцы і якія не ўспрымаюць мяне як чужога, будуць ужываць сваю гаворку. Яна таксама мае уплыў расійскі ці польскі, але гавораць людзі, галоўным чынам, па-свойму. У горадзе ўсё ж такі па-іншаму, у сувязі з тым, што заўсёды быў аванс або ў кірунку польскай мовы, або ў кірунку расейскай. Я памятаю такое здарэнне: сустрэла ў нейкай гасцініцы чужую жанчыну, якая там працавала. Напэўна, прыбіральшчыцай была. І яна гаварыла на класічнай трасянцы. У сувязі з гэтым я загаварыла з ёй па-беларуску, бо думала, што ёй так будзе лягчэй. І гэта яе пакрыўдзіла так, што яна наогул перастала са мною размаўляць...

— Беларускі характар — вельмі загадкавы, нават для нас саміх... І часам здаецца, што стан мовы ад гэтага характару таксама залежыць. Бо цяжка ўявіць, каб ад роднай мовы адмовіліся палякі, нашы суседзі з Украіны сваю мову адстойваюць. Вы родам з Львоўшчыны, ведаеце характары людзей — польскіх, украінскіх, беларускіх. Якая роля характару народа, менталітэту ў моўным пытанні?

— Я зыходжу з таго становішча, што чалавецтва амаль што цэлага свету аднолькавае. Ёсць элементы культурныя ці гістарычныя, якія ўплываюць на даўнія адрозненні, што выпрацаваліся гісторыяй. Некаторыя эмацыянальныя рысы адрозніваюць людзей. Я назіраю розніцу паміж палякамі са Львова і палякамі з Вільнюса ці з Беларусі, але каб патлумачыць сутнасць гэтай розніцы, то трэба быць не толькі моваведам, але псіхолагам...

— Вы казалі, што каб чымсьці займацца (даследаваць), трэба гэта моцна любіць. На што параіце звярнуць увагу (даследаваць, цікавіцца) нам у беларускай культуры, каб атрымаць стымул любові?

— Я думаю, што вы можаце знайсці многае ў аўтэнтычнай гісторыі беларускіх зямель. У пісьменнасці, у нават пісьменнасці сучаснай. Я калісьці была вельмі ўражана, калі мне маладая студэнтка сказала, што яна не чытае Быкава, бо яе не цікавіць беларуская літаратура. А я кажу: "А ты хоць адну кнігу яго ўзяла ў рукі?.. Вазьмі і пабачыш, ці можна гэта не любіць..." Я захапляюся творчасцю розных пісьменнікаў. У вас жа ў 1920-я гады былі цудоўныя літаратары! Гэта не праўда, што ў Беларусі толькі Купала і Колас. Пачытайце ранняга Дубоўку!.. Мяркую, што з-за гістарычных умоў беларуская культура не мела стымулу паказаць сябе. А калі пакажаце, то ёсць чым пахваліцца: і архаікай цікавай, і пэўнай моўнай спецыфікай, і добразычлівасцю людзей. Многа гаворыцца адносна беларускай талерантнасці. Яна ёсць. Але талерантнасць — не значыць абыякавасць. ... Я маю шмат знаёмых сярод простых вясковых людзей, якія вельмі цэняць сваё. Напрыклад, сярод польскіх беларусаў. Калі я пачынала працу, вельмі часта сустракалася з такім акрэсленнем: "Мы папросту гаворым". Цяпер мала хто скажа "папросту", цяпер гавораць "па-свойму". Разумеючы: гэта наша мова. Гэта наша родная мова. Так што ўзровень свядомасці, на маю думку, расце. Калісь гаварылі пра феномен "тутэйшых", чаму прысвечана Купалава драма. Слова "тутэйшыя" жывучае, але адначасова намнога часцей ужо сустракаем акрэсленне "беларусы".

Для таго, каб знайсці ўласную тоеснасць, ёсць гісторыя. У ёй знойдуцца адказы. І падказкі. Для мяне, як для даследчыка, з'яўляецца істотным, што на працягу не аднаго стагоддзя, калі беларуская шляхта альбо паланізавалася альбо русіфікавалася з-за нейкіх сацыяльных авансаў, з беларускай мовай заставаўся просты вясковы народ. Дзякуючы гэтаму народу беларуская мова трывае, яна перажыла за стагоддзі ўсе перыяды неспрыяльныя для яе развіцця, гэта самае галоўнае. Тое, што мова жыве — факт паказальны. Значыць, яна мае пэўную каштоўнасць для людзей.

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.