Вы тут

Абнаўленне формы і зместу


Больш за тысячу чалавек прынялі ўдзел у абласной канферэнцыі педагагічных работнікаў, што адбылася ў Барысаве. На форуме падведзены вынікі мінулага навучальнага года, вызначаны праблемы і перспектывы далейшага развіцця сістэмы адукацыі вобласці.

Удзельнікі форуму звярнулі асаблівую ўвагу на маладых спецыялістаў, іх замацаванне, забеспячэнне жыллём, аказанне адраснай матэрыяльнай падтрымкі. Абмеркавалі яны і цесную сувязь мадэрнізацыі з аптымізацыяй сістэмы адукацыі. Сёлета на Міншчыне закрыюцца 29 устаноў адукацыі, а 24 будуць рэарганізаваны. Адначасова ў Салігорску адкрыецца новая школа на 720 месцаў, у структуру вобласці ўвойдзе і Мінскі

дзяржаўны каледж харчовай прамысловасці. "Мадэрнізацыя прадугледжвае скарачэнне неэфектыўных расходаў з дапамогай пазабюджэтнай дзейнасці, уцягнення ў гаспадарчую дзейнасць будынкаў навучальных устаноў, якія вызвалілі, рэалізацыі адукацыйных праграм дарослага насельніцтва. Бясспрэчна, гэта і абнаўленне зместу адукацыі", — падкрэсліла начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак.

Што датычыцца аптымізацыі (і, адпаведна, скарачэнняў), то яна ў сферы адукацыі будзе працягвацца. "Але ніякай трагедыі тут няма. У Стаўбцоўскім раёне ў адной са школ у класе займаюцца два чалавекі. Пра якасную адукацыю тут не можа ісці размова. Закрыццё школ — вымушаная мера, але мы стараемся, каб яе наступствы не былі балючымі для дзяцей, бацькоў, педагогаў, — заўважыў губернатар Барыс Батура. — Для школьнікаў арганізаваны падвоз да месца вучобы, а практычна ўсе настаўнікі працаўладкаваны".

На думку кіраўніка сталічнага рэгіёна, педагогі павінны змяніць падыходы ў навучанні матэматыцы, рускай літаратуры, гісторыі. Ёсць нават выкладчыкі, якія сцвярджаюць, што не варта выкарыстоўваць творы класікаў — Гогаля, Лермантава, трэба выкарыстоўваць герояў сучаснай літаратуры, якія нібы бліжэй дзецям. "Але як можна палюбіць літаратуру і гісторыю, не ведаючы іх?" — пацікавіўся губернатар.

Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч параўнаў Мінскую вобласць з інавацыйнай пляцоўкай, дзе пастаянна развіваюцца рацыяналізатарства, вынаходніцтва, тэхнічная творчасць і прадпрымальніцтва. У рэгіёне створаны і паспяхова працуюць школьныя бізнес-кампаніі. І гэта правільны кірунак, таму што якасць адукацыі — не толькі вынікі вучобы, але і ўмовы, якія маюць на ўвазе комплекснае развіццё.

Міністр падкрэсліў, што перад сістэмай адукацыі вобласці стаіць задача ствараць рэсурсныя цэнтры па кірунках эканамічнай дзейнасці, актывізаваць работу па ўкараненні распрацовак юных вынаходнікаў. Сёлета ў 71 бізнес-кампаніі працуюць звыш 5 тыс. дзяцей. За 2012–2013 навучальны год зароблена звыш 137 млн. рублёў. Частка сродкаў пайшла на зарплату юным бізнесменам.

Сяргей Маскевіч азнаёміўся з крэатыўнымі ідэямі і распрацоўкамі навучэнцаў. Напрыклад, у Капыльскім прафесійным каледжы пашылі сумку-трансформер, якая з дапамогай простых аперацый пераўтвараецца ў плашч. І такіх творчых распрацовак шмат. У рэспубліканскім конкурсе прадпрымальніцкіх ідэй "Мая ініцыятыва" лепшай стала работа Наталлі Чуйко з гімназіі № 1 Дзяржынска, якая дазволіла сістэматызаваць беларускі акраверш і падрыхтаваць да выдання спецыяльны паэтычны зборнік. На другім месцы работаПаўла Блінца і Яўгена Шаліка з сярэдняй школы № 3 Клецка па выкарыстанні ў якасці мікраскопа звычайнай ВЭБ-камеры. У намінацыі "Лепшы бізнес-план інавацыйнага праекта" пераможцам стаў жыхар Чэрвеня Ягор Невяроўскі з прапановамі па развядзенні пекінскіх качак у хатніх умовах.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?