Вы тут

Звяртаемся да гінеколага


На пытанні наведвальнікаў сайта www.dоktоrа.bу і чытачоў газеты "Звязда" адказала ўрач акушэр-гінеколаг кабінета паталогіі шыйкі маткі Гузэль ШЫНКЕВІЧ.

— У крыві выяўлены ІgG 1:15. Аналіз мазка (ПЦР) станоўчы. У запісе — хламідыёз. Цяжарнасць праходзіць добра. Як і папярэдняя чатыры гады таму. Зараз — 30 тыдняў. Акушэрка прызначыла азітраміцын мне і мужу — 3 таблеткі (2 у першы дзень і 1 раніцай). Ці дапаможа гэта? Ці можна заразіцца хламідыёзам бытавым шляхам? Ці небяспечна гэта для першага дзіцяці? Якія ёсць рызыкі адносна антыбіётыкаў і самой інфекцыі на гэтым тэрміне цяжарнасці?

— Усіх жанчын, якіх бяруць на ўлік па цяжарнасці, абследуюць на наяўнасць інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам метадам ПЦР. Пры выяўленні хламідый прызначаецца антыбактэрыяльнае лячэнне. Антыбіётыкі з'яўляюцца асноўным сродкам лячэння і прызначаюцца індывідуальна, паводле пратакола вядзення цяжарных жанчын. Азітраміцын — адзін з антыбіётыкаў, рэкамендаваных для лячэння хламідыёзу ў цяжарных. Рызыка ўзнікнення ўнутрывантробнага інфіцыравання плода пры адсутнасці лячэння намнога вышэй, чым рызыка прыёму антыбіётыкаў на вашым тэрміне цяжарнасці. Бытавы шлях перадачы ІППШ не выключаецца, а таму неабходна прытрымлівацца правілаў асабістай гігіены.

— Мне 24 гады. Была аперацыя па выдаленні кісты яечніка. Гісталогія паказала эндаметрыёз. Піла аральныя кантрацэптывы. Урачы кажуць, што калі ёсць схільнасць, значыць, верагодна паўторнае ўзнікненне, і рэкамендуюць нарадзіць. А цяжарнасць і роды ніяк не ўпісваюцца ў асабістыя планы ў бліжэйшай будучыні. Ці ёсць яшчэ якія-небудзь варыянты па папярэджванні ўзнікнення кіст? Якая верагоднасць узнікнення кісты пасля цяжарнасці і няўжо гэта так эфектыўна?

— Эндаметрыёз з'яўляецца гармоназалежным захворваннем, пры якім слізістая абалонка маткі (эндаметрый) разрастаецца ў іншых аддзелах арганізма, дзе ў норме яго не бывае. Гэтае захворванне мае некалькі тэорый развіцця. Раней лічылася, што цяжарнасць вылечвае эндаметрыёз, паколькі яна мінімум на 9 месяцаў прыпыняе гарманальныя хістанні ў жаночым арганізме. Меркавалася, што за гэты час анамальна размешчаныя ачагі эндаметрыёзу паспяваюць зменшыцца і знікнуць, магчыма, назаўсёды. На жаль, даследаванні не пацвердзілі гэта. Падчас цяжарнасці агульны стан можа крыху палепшыцца, аднак пасля родаў ачагі эндаметрыёзу зноў ажываюць. Эндаметрыёз часта суправаджаецца бясплоднасцю. Таму з цяжарнасцю цягнуць не варта.

— 24 гады. Аналіз мачы: лейкацыты 15-20, эрытрацыты 3-4, эпітэлій 6-8, удзельная вага 1019, бялок 0,041, цукар — няма. Цяжарнасць 3 тыдні ад зачацця, 5 — ад апошняй менструацыі. Частае болевае мочаспусканне. Калі падымаюся, цісне на мачавы пузыр. Ці можа гэта быць пазаматачная цяжарнасць? Парайце лекі ад цыстыту, які не нашкодзіць дзіцяці. Цяжарнасць трэцяя.

— Для пацвярджэння факта цяжарнасці неабходна правесці ўльтрагукавое даследаванне. Пры наяўнасці плоднага яйка ў матцы пытанне аб пазаматачнай цяжарнасці знімаецца. Пры паталагічным агульным аналізе мачы прызначаецца аналіз мачы па Нечыпарэнку і пасеў мачы. Калі выстаўляецца дыягназ цыстыту, выкарыстоўваюцца антыбактэрыяльныя прэпараты. Вам неабходна звярнуцца да ўрача.

— Было тры кесаравыя сячэнні. Падчас апошняй аперацыі зрабілі перавязкі труб. Месячныя ў маі і чэрвені былі з затрымкамі, а ў чэрвені я выпіла адну таблетку дыцыёну (кроваспыняльнае). У ліпені месячныя былі як да цяжарнасці. Аднак праз 1,5 тыдня пасля іх завяршэння паказаліся крывяністыя выдзяленні. Часам адчуваю боль у яечніках і адчуваю шоў, калі да яго раптам дакрануцца. Што гэта можа быць?

— Верагодна, у вас быў авуляторны сіндром. У сярэдзіне цыкла (13-14-ы дзень ад пачатку месячных) у жанчын адбываецца авуляцыя, якая часам суправаджаецца крывяністымі выдзяленнямі на працягу 3-4 дзён і болем у нізе жывата. Гэта абсалютна бяспечна. Але вам неабходна зрабіць ультрагукавое даследаванне органаў малога таза для выключэння іншых паталогій. Аднаўленне адчувальнасці скуры ў вобласці рубца пасля аперацыі кесарава сячэння адбываецца індывідуальна. У вас было тры аперацыі — магчыма і больш працяглае аднаўленне. Пакажыцеся хірургу для выключэння іншай паталогіі.

— Чацвёрты месяц у маці — боль у паху. Медыкі кажуць, каб яна звярнулася ў Мінск. З чаго пачаць?

— Вашай маці неабходна кансультацыя гінеколага, хірурга і тэрапеўта. Трэба зрабіць ультрагукавое даследаванне органаў малога таза, брушной поласці, здаць аналізы крыві і мачы. У Мінску гэта можна прайсці ў гарадскіх паліклініках, у тым ліку на платнай аснове, камерцыйных медыцынскіх цэнтрах.

— 28 гадоў, Мінск. Хацела б атрымаць кансультацыю па магчымасці цяжарнасці. 14,5 года таму мне зрабілі трансплантацыю правай долі печані ад жывога донара па прычыне хваробы Вільсана-Канавалава. Прымаю прэпараты — адваграф, урсасан, медрол. З лістапада 2012 года мы з мужам не засцерагаемся. Аналізы крыві і мачы ў норме. Здавала аналізы на гармоны, прайшла мікрабіялагічнае даследаванне. У мужа — варыкацэле з абодвух бакоў. Урач нічога не прызначыў. Аналіз спермаграмы ў норме.

— Пры адсутнасці цяжарнасці на працягу паўгода-года рэгулярнага палавога жыцця без кантрацэпцыі ўстанаўліваецца дыягназ бясплоднасці. Далейшае абследаванне жанчына павінна праходзіць у спецыялізаваных цэнтрах, дзе прымаюць спецыялісты гэтага профілю. Напрыклад, у РНПЦ "Маці і дзіця". У сувязі з цяжкай экстрагенітальнай паталогіяй вам неабходна атрымаць заключэнне аб магчымасці цяжарнасці. Варыкацэле, пры адсутнасці змяненняў у аналізе спермы, не з'яўляецца проціпаказаннем да цяжарнасці.

— 18 гадоў. Затрымка — тыдзень. Два тэсты былі адмоўнымі. Калі трэці будзе станоўчым, то на якім тэрміне можна рабіць вакуум? Куды лепш звяртацца, што для гэтага патрэбна? А калі цяжарнасці няма, то з чым можа быць звязана затрымка?

— Па такіх пытаннях заўсёды неабходна звяртацца да гінеколага па месцы жыхарства. Зараз ёсць магчымасць правядзення больш ашчаднага перарывання цяжарнасці на раннім тэрміне — медыкаментозны аборт. Гэта метад перарывання цяжарнасці спецыяльнымі прэпаратамі без траўматычнага ўваходу ў поласць маткі на тэрміне да 3 тыдняў цяжарнасці. Такі метад праводзіцца на платнай аснове. Мае проціпаказанні. Прычын, па якіх магла мець месца затрымка месячных, шмат: цяжарнасць, кісты яечнікаў, парушэнне менструальнага цыкла, стрэс, перамена клімату і інш. Вам неабходна даабследавацца — атрымаць кансультацыю гінеколага, зрабіць ультрагук органаў малога таза, здаць кроў на гармоны, прайсці кальпаскапію.

— 25 гадоў. Парваўся прэзерватыў. Цыкл — 25 дзён. Выпіла таблетку эскапелу. Падобная сітуацыя была ў лютым — парваўся прэзерватыў, тады выпіла пасцінор. Цыкл не збіўся. Гэта, напэўна, ударная доза гармонаў за апошнія некалькі месяцаў. Але так атрымалася. Сама вельмі перажываю. Буду запісвацца да гінеколага, але хацела б папытацца і тут...

— Пры актыўным палавым жыцці лепш карыстацца аральнымі кантрацэптывамі. Для гэтага, сапраўды, звярніцеся да свайго ўрача-гінеколага па месцы жыхарства. Пры частым выкарыстанні прэпаратаў экстраннай посткаітальнай кантрацэпцыі цыкл можа парушыцца. Усё індывідуальна.

— 22 гады, не раджала. Выявілі хранічны цэрвіцыт, які лячыла поліжынаксам. Эрозію прапануюць прыпячы. Ці трэба гэта рабіць? Эрозія крываточыла, сярэдніх памераў.

— Эрозіі шыйкі маткі ў жанчын, якія не раджалі, не прыпякаюцца. Да 22-24 гадоў эрозія шыйкі маткі — гэта прыроджаная эктапія гарманальнага характару, што з'яўляецца варыянтам нормы. Пры выяўленні хранічнага цэрвіцыту неабходна абследавацца на ІППШ метадам ПЦР, а таксама здаць пасевы з похвы з адчувальнасцю на антыбіётыкі. Пасля прайсці курс супрацьзапаленчага лячэння згодна з антыбіётыкаграмай. У далейшым трэба назірацца ў гінеколага. Штогод праводзіць цыталагічнае даследаванне, кальпаскапію і біяпсію пры неабходнасці.

— 23 гады. Год таму паставілі дыягназ "дэрмоідная кіста яечніка". Вырашыла зрабіць лапараскапію. Але ў бясплатнай клініцы трэба чакаць каля года. Гатова зрабіць і ў платнай, але куды звярнуцца?

— Ва ўсіх клініках Мінска ёсць аддзяленні платных паслуг. Вы можаце звярнуцца ў адну з клінік і атрымаць поўную кансультацыю аб неабходнасці і магчымасці правядзення лапараскапіі.

— 39 гадоў. Мінск. За маткай — кіста (трохкамернае эханегатыўнае ўтварэнне) 61х28х41, справа за маткай утварэнне 67х59х63, структура неаднародная, у каляматачным асяроддзі — свабодная вадкасць 45х19х41. Заключэнне: кіста левага і правага яечніка. Субмукозная міёма маткі або паліп эндаметрыя, кісты эндацэрвікса. Аналіз на анкамаркер: СА 125. Чым мне гэта пагражае? Якія аперацыі мне паказаны? Калі маркер будзе больш за 30 — гэта рак?

— Пры такім дыягназе будзе праведзена гістэраскапія з дыягнастычным выскрабаннем. У далейшым пры захаванні кіст — перадаперацыйнае абследаванне паводле пратакола. Аб'ём аперацыі і спосаб доступу вызначаецца хірургам. Норма СА 125<35.

— 19 гадоў. Кіста правага яечніка. Яна вырасла за месяц да 6 см. Кіста пастаянна турбуе — баліць, коле. Урач сказала праверыць кісту праз 2 месяцы. Але я адчуваю пастаянны боль. Мне здаецца, яна за гэты час можа лопнуць. Парайце, калі ласка, добрага гінеколага ў Мінску.

— Калі вас не задавальняе ваш гінеколаг, вы можаце перавесціся да іншага ўрача жаночай кансультацыі або прыйсці на прыём непасрэдна да яе загадчыка. Можаце звярнуцца ў камерцыйны медцэнтр або ў РНПЦ "Маці і дзіця", іншыя клінікі, у якіх на платнай аснове прымае ўрач-гінеколаг.

— Неабходна зрабіць лапараскапію яечнікаў. Гэта платная працэдура?

— Па накіраванні ўчастковага гінеколага лапараскапічнае ўмяшанне выконваецца бясплатна.

— Па якой прычыне можа крываточыць шыйка маткі? Не могуць паставіць дыягназ.

— Вам неабходна звярнуцца ў спецыялізаваны кабінет — кабінет паталогіі шыйкі маткі жаночай кансультацыі. Неабходна правесці пашыраную кальпаскапію, прыцэльную біяпсію. І тады вам паставяць дыягназ, прызначаць лячэнне.

— Гомельская вобласць. 43 гады. Апошнія чатыры гады адчуваю сябе не надта добра. Прыступы недахвату паветра, цямнее ў вачах, зямля знікае з-пад ног. Збой у менструальным цыкле. У абласным цэнтры шлюбу і сям'і геніколаг-эндакрынолаг паставіў дыягназ алігаменарэі ў перыменапаўзе, клімактэрычны сіндром. Прызначылі фемастон. Ці можна абысціся без гармонатэрапіі? Чула пра клімактаплан, трансверол расліннага паходжання.

— Лячэннем жанчын у перыменапаўзе займаюцца гінеколагі-эндакрынолагі. Прызначаны вам гарманальны прэпарат замяшчае вашаму арганізму тыя гармоны, якіх яму не хапае ў гэты ўзроставы перыяд. Магчыма выкарыстанне раслінных і гамеапатычных сродкаў. Калі вы адчуеце заўважнае паляпшэнне стану на фоне прыёму раслінных прэпаратаў — прымайце іх.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»