Вы тут

Вышэйшая адукацыя: скарачаць або змяняць падыходы?


Сярод усіх аспектаў сацыяльнай палітыкі беларускай дзяржавы, мабыць, ніводзін не выклікаў у апошні час такіх спрэчак, як развіццё вышэйшай адукацыі

І гэта не дзіўна. Бо, хоць з пункту гледжання сацыялогіі найбольш значнай часткай сацыяльнай сферы з'яўляецца пенсійнае забеспячэнне грамадзян, адукацыя непарыўна звязана з будучыняй грамадства, з лёсам найбольш актыўнай сацыяльнай групы — беларускай моладзі. Акрамя таго, калі ў дачыненні да пенсійнай сістэмы пазіцыя дзяржавы з'яўляецца больш чым адназначнай, то па пытанні развіцця вышэйшай адукацыі адзінства пазіцый не назіраецца.

Якія толькі думкі ні выказваліся з нагоды вышэйшай адукацыі ў Беларусі! З аднаго боку, грамадства чула шматлікія заявы пра тое, што неабходна скараціць даступнасць вышэйшай адукацыі, каб прывесці падрыхтоўку кадраў у адпаведнасць са структурай рынку працы. Асабліва паслядоўна гэтую лінію праводзіў урад.

З другога боку, не прайшла міма ўвагі і крытыка з боку кіраўніка дзяржавы на адрас беларускіх ВНУ. Крытыка гэтая тычылася, у першую чаргу, высокага кошту адукацыйных паслуг, гэта значыць, па сутнасці, недастатковай іх даступнасці для насельніцтва.

Як той казаў, разбярэмся.

Прыхільнікі скарачэння вышэйшай адукацыі звяртаюць увагу, у асноўным, на дзве рэчы. Па-першае, на тое, што гэта дарагое задавальненне. Атрыманне вышэйшай адукацыі вялікай колькасцю маладых людзей патрабуе вялікіх выдаткаў на прадастаўленне адукацыйных паслуг з боку дзяржавы. Ацэнкі, агучаныя Міністэрствам адукацыі Беларусі ў пачатку 2013 года, паказваюць, што нават тыя сумы, якія плацяць студэнты платнай формы навучання, пакрываюць толькі крыху больш за 40% выдаткаў ВНУ і дзяржавы на прадастаўленне адукацыі.

Акрамя таго, негатыўны эканамічны вынік складаецца з таго, што адпаведная колькасць працаздольных маладых людзей і дзяўчат, атрымліваючы адукацыю, не прысутнічаюць на рынку працы і не ўносяць свой уклад у эканамічны рост.

Аднак яшчэ больш значным, ключавым аргументам прыхільнікаў скарачэння вышэйшай адукацыі з'яўляецца ўказанне на так званую структурную неадпаведнасць паміж вынікамі дзейнасці сістэмы адукацыі і рынкам працы. Перш за ўсё, маецца на ўвазе тое, што ў краіне адбываецца "перавытворчасць" выпускнікоў па пэўных спецыяльнасцях і ўзроўні кваліфікацыі, у той час як па цэлым шэрагу іншых спецыяльнасцяў (гаворка ідзе найперш аб рабочых спецыяльнасцях) назіраецца востры дэфіцыт кадраў, які падрывае канкурэнтаздольнасць галін. У якасці аднаго з прыкладаў такога становішча спраў прыводзяць якраз Беларусь, дзе, як вядома, маецца "лішак" эканамістаў, менеджараў, юрыстаў, журналістаў, а таксама перакладчыкаў, настаўнікаў і іншых гуманітарыяў, на фоне "дэфіцыту" сталяроў, электрыкаў, будаўнікоў і гэтак далей.

Аднак перш чым пераходзіць да аналізу ўласна беларускай сітуацыі, было б нядрэнна ўявіць, якую ж ролю адыгрывае сістэма адукацыі ў грамадскім узнаўленні і развіцці. Абстрагуючыся ад такіх тонкіх матэрый, як выхаванне паўнавартаснага чалавека, функцыю вышэйшай адукацыі можна звесці да падрыхтоўкі кадраў для эканомікі. Пры гэтым відавочна, што цяперашняя сістэма адукацыі рыхтуе кадры для будучай эканомікі — той, якая будзе праз 4-5 гадоў.

Якім чынам атрымліваецца ўяўленне пра тое, якой будзе эканоміка праз такі прамежак часу? Як правіла, на падставе даволі лінейных мадэляў, якія выкарыстоўваюцца для прагназавання развіцця рынку працы. Падобныя мадэлі забяспечваюць улік натуральнага руху насельніцтва (выбыцця працоўнай сілы ў сілу ўзроставага і іншых фактараў), а таксама тых эканамічных тэндэнцый, якія відавочныя ўжо на сённяшні дзень.

З працай падобнага роду заўсёды ўзнікае шэраг зразумелых пытанняў метадычнага і метадалагічнага характару. Як быць з новымі эканамічнымі тэндэнцыямі? Якім чынам могуць быць улічаны прарывы ў навуцы і тэхналогіі, якія могуць быць здзейснены за 4-5 гадоў? Якім чынам магчыма ўлічыць выбуховы рост тых ці іншых сектараў эканомікі?

Але пры спробах іх вырашэння ўзнікаюць яшчэ больш складаныя, фундаментальныя пытанні. Ці павінна наогул сістэма адукацыі толькі падладжвацца пад эканамічныя тэндэнцыі? Што рабіць, напрыклад, калі эканоміка краіны пачала дэградаваць? Ці павінна сістэма адукацыі абслугоўваць эканамічную дэградацыю краіны і падладжвацца пад яе? І калі павінна, то як жа можа ўзнікнуць дадатковы рэсурс, які дазволіць выйсці са стагнацыі і рэцэсіі? І дзе магчыма будзе ўзяць кадры, калі эканоміка пачне расці пад дзеяннем вонкавых абставін?

Практыка краін Захаду і перадавыя напрацоўкі спецыялістаў краін постсавецкай прасторы пераканаўча паказваюць, што паспяховае спалучэнне работы сістэмы адукацыі з развіццём эканомікі краіны магчыма толькі на аснове лідарскай ролі адукацыі. Менавіта адукацыя ў цесным узаемадзеянні з навукай і прамысловасцю не толькі забяспечвае эканоміку першакласнымі кадрамі, але і сама стварае новыя напрамкі эканамічнага развіцця. Безумоўна, для таго, каб адукацыя выконвала гэтую ролю, неабходна яе адмысловая арганізацыя. Але да таго, як такая арганізацыя зможа паўстаць, трэба дакладнае разуменне таго, што менавіта будучыня з'яўляецца прычынай цяперашняга.

Адпаведна, правільная пастаноўка праблемы развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі ў Беларусі немагчымая вакол "лёсавызначальных" пытанняў у духу "трэба нам больш студэнтаў і выпускнікоў ВНУ і менш выпускнікоў ПТВ ці наадварот?".

Правільная пастаноўка гэтай праблемы можа ажыццяўляцца толькі вакол пытання: як зрабіць адукацыю ў саюзе з навукай і прамысловасцю асноўным рухальным механізмам эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь?

Пытанні эканоміі, правільнага размеркавання рабочай сілы паміж галінамі пры гэтым, безумоўна, вельмі важныя, асабліва — для невялікай і небагатай рэсурсамі беларускай эканомікі. Аднак іх ні ў якім разе нельга выкарыстоўваць для таго, каб адмаўляцца ад развіцця сістэмы адукацыі як такой. Развіццё адукацыі павінна ажыццяўляцца, зыходзячы з меркаванняў найлепшага вырашэння тых задач, якія вырашае менавіта адукацыя.

Юрый ЦАРЫК,

палітычны аналітык, кіраўнік
Беларускай групы развіцця.

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.