15 студзеня, пятніца

Вы тут

Быць спадкаемцамі пакалення Пераможцаў


Кожны раз, калі набліжаецца Дзень Перамогі, наша грамадства ўспамінае пра ветэранаў, беды вайны і гонар пераможцаў. І гэта, зразумела, правільна і неабходна. Але жывых ветэранаў становіцца ўсё менш, беды вайны аказваюцца ўсё далей ад нас, а проста ганарыцца Перамогай, якую здабывалі не мы, становіцца неяк няёмка.

Усе краіны, якія лічаць сябе безумоўнымі спадкаемцамі Вялікай Перамогі 1945 года (а гэта, перш за ўсё, Беларусь і Расія) стаяць перад тварам сур'ёзнай, складанай праблемы — праблемы разумення Перамогі ці, што тое ж самае, узнаўлення яе сэнсу. Бо сэнс як прадукт разумення — гэта, перш за ўсё, правільная сувязь паміж знакамі і рэальнасцю нашай дзейнасці. А гэта значыць, што кожнае пакаленне разумее Вялікую Перамогу наноў і тое ж трэба рабіць нам.

Сучасная беларуская дзяржаўнасць непарыўна звязана з гэтай сусветна-гістарычнай падзеяй. Сувязь, вядома ж, замацавана ў зацверджанай на рэферэндуме даце Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — 3 ліпеня, у гадавіну вызвалення Мінска ад нацысцкіх войскаў. Аднак гэтая сувязь таксама ўпісана ў аналы сусветнай гісторыі рукой міністра замежных спраў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Кузьмы Венядзіктавіча Кісялёва

, які падпісаў ад імя нашай краіны Статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у 1945 годзе. Дзякуючы гэтаму дзеянню Беларусь увайшла ў лік краін-заснавальніц ААН і афіцыйна стала суб'ектам сусветнай палітыкі, гэта значыць, адбылася як дзяржава. Таму для Беларусі праблема разумення Вялікай Перамогі мае прынцыповае значэнне.

У чым складаецца сусветна-гістарычны сэнс Перамогі над нацызмам з пункту гледжання сучаснай сітуацыі на нашай планеце?

Перш за ўсё, у тым, што любыя формы грамадскага ладу, пабудаваныя на аснове ідэі расавай, нацыянальнай, рэлігійнай і іншай выключнасці, абарочваюцца людажэрствам і варварствам і будуць выклікаць агульную нянавісць народаў. Менавіта нацыстам належыць аўтарства геніяльнага ў сваім родзе тэрміна "жыццё, не вартае жыць" (lеbеnsunwurtіgе Lеbеn) і бліскучай у сваім родзе практыкі прымянення гэтага тэрміна ў палітыцы. Аднак гэтая гісторыя непасрэдна тычыцца і сучаснага свету. Мы бачым, што ў пэўных колах ёсць вельмі моцнае жаданне арганізаваць выхад з глабальнага крызісу, створанага пераважна гэтымі ж коламі, за кошт спіхвання абсалютнай большасці насельніцтва планеты ў архаіку (накшталт Лівіі ці Сірыі) або проста галодную смерць (накшталт Самалі, Эфіопіі і іншых краін Афрыкі ). І хоць ідэалогія "выбраных" дапускае і нават мае на ўвазе транснацыянальны яе характар, наўрад ці сацыяльны расізм (у форме, перш за ўсё, "алігархічнага інтэрнацыяналу") можна лічыць менш пагрозлівым, чым расізм на нацыянальнай ці іншай глебе.

Другі найважнейшы аспект сэнсу Вялікай Перамогі ў тым, што любыя віды светабудовы, створаныя на падставе ідэі глабальнага панавання, таксама абарочваюцца людажэрствам і варварствам і, больш за тое, у канчатковым выніку, з'яўляюцца неаддзельнымі ад расізму. Нацысты хацелі заваяваць і заняволіць не толькі планету Зямля, але ўвесь Сусвет — менавіта такі размах прэтэнзій абгрунтоўвала вядомая дактрына "спадчыны продкаў". У сучасным свеце стаўкі ў барацьбе таксама ніяк не меншыя: той, хто першым ажыццявіць індустрыялізацыю на аснове новага тэхналагічнага ўкладу, будзе не толькі дамінаваць у свеце, але і стане гаспадаром будучыні, уключаючы такія яе аспекты, як асваенне космасу, новых відаў энергіі і гэтак далей. Аднак сёння з'явілася вельмі небяспечная новая опцыя: замест таго, каб выбівацца наперад у тэхналагічнай гонцы, ці не прасцей заняцца прыгнётам здольнасці іншых у ёй удзельнічаць? Калі мы адказваем на пытанне сцвярджальна, то лагічным з'яўляецца фарміраванне глабальнай дыктатуры варварства, накіраванай супраць сусветнага развіцця.

Трэці аспект сэнсу Вялікай Перамогі, актуальны для сучаснай міжнароднай сітуацыі, у тым, што ўсялякія спробы падладжвацца пад тых, хто выступае супраць сусветнага развіцця, дрэнна заканчваюцца. Лакальныя палітычныя саюзы, альянсы, кампрамісы магчымыя і неабходныя. Аднак будавацца яны могуць толькі на аснове дакладнага і цвёрдага разумення інтарэсаў суверэннага развіцця, у тым ліку — у іх супрацьпастаўленні іншым інтарэсам. Калабарацыянізм як ідэалогія і пазіцыя заўсёды вядзе да паразы.

Чацвёрты аспект сэнсу Вялікай Перамогі з'яўляецца спецыфічным менавіта для сучаснай Беларусі. І заключаецца ён у тым, што рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і канкрэтна тэрыторыя нашай краіны ніколі не застаецца ў баку ад глабальных працэсаў. "Хто валодае Усходняй Еўропай, той валодае Хартлендам, хто валодае Хартлендам, той валодае Сусветным востравам, хто валодае Сусветным востравам, той валодае светам", — так абвяшчае вядомая і заўсёды актуальная геапалітычная максіма. Таму спадзявацца на тое, каб застацца ў баку ад узрушэнняў — палітычна-вайсковых, эканамічных ці іншых — Беларусь не можа. Швейцарыя ці Швецыя, ці якая-небудзь лацінаамерыканская краіна — магчыма, але не Беларусь. Адзіны шлях у гэтай сітуацыі — прыняць удзел у глабальнай тэхналагічнай гонцы і ўзаемадзейнічаць з іншымі краінамі на аснове платформы сусветнага развіцця. Падобна да таго, як Мінск здолеў прапанаваць экспарт інстытутаў развіцця для Венесуэлы, Кітая і зусім нядаўна — Інданезіі, у бліжэйшыя месяцы Беларусь павінна стаць ініцыятарам распрацоўкі праграмы развіцця і рэіндустрыалізацыі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Нарэшце, пяты і, магчыма, галоўны аспект сэнсу Вялікай Перамогі заключаецца ў тым, што сілы, якія робяць стаўку на падзел чалавецтва і спынення развіцця, урэшце непазбежна прайграюць. Гэтыя сілы могуць дамагчыся дамінавання, нават вельмі працяглага дамінавання. Але да тых часоў, пакуль існуе чалавек з яго імкненнем да годнасці, свабоднага выбару паміж дабром і злом, да пазнання нязведанага і стварэння прыгожага, ідэалогія расізму, глабальнай гегемоніі і дэградацыі не можа перамагчы.

Разумець гэта, верыць у гэта і дзейнічаць адпаведна гэтаму — святы абавязак усіх, хто жадае лічыць сябе паўнапраўнымі нашчадкамі пакалення Пераможцаў.

Юрый Царык, палітычны аналітык, кіраўнік Беларускай групы развіцця.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?

Культура

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак  і лічыў адзіным багаццем кнігі

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак і лічыў адзіным багаццем кнігі

Вось ужо дзесяць гадоў, як пісьменнік Янка Сіпакоў застаўся ў сваіх кнігах — і тых, што падарыў, а найперш, у тых, што напісаў... А споўнілася б яму сёння 85 гадоў.

Грамадства

Як прайсці тэхагляд ва ўмовах ажыятажу?

Як прайсці тэхагляд ва ўмовах ажыятажу?

«Ахвотных настолькі многа, што скончыліся бланкі».