Вы тут

Як набыць ветрагенератар ці сонечную батарэю?


Прывітанне, паважаныя супрацоўнікі газеты "Звязда"! У мяне да вас вялікая просьба. Сёння часам сустрэнеш паведамленне то пра сонечныя батарэі, то пра ветрагенератар. А што гэта такое — падрабязна не ведаю. Хацеў бы набыць ветрагенератар магутнасцю прыкладна 15-20 кілават. Але якім павінен быць вецер? Пытанні экалогіі ў гэтай сувязі таксама цікавяць. Цікавяць мяне і сонечныя батарэі: устаноўка, што ад іх можна атрымаць? Я ветэран вайны і працы, інвалід другой групы. Ці акупіцца ўсё, калі замаўляць гэта "пад ключ"?

Яўген Паўлавіч ПЛАЎСКІ,
г.п.Глуск Магілёўскай вобласці.

1377592244827_27-6

Каб даць падрабязныя адказы на пытанне чытача, мы звярнуліся ў дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі. Спецыялісты падзякавалі Яўгену Паўлавічу за інтарэс, праяўлены да пытанняў выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі, і далі разгорнутыя тлумачэнні ўсяго, што цікавіла нашага чытача.

"Зараз сапраўды атрымала шырокае распаўсюджванне выкарыстанне такіх відаў узнаўляльных крыніц энергіі, як ветра- і сонечная энергія.

Ветраэнергетыка — галіна энергетыкі, якая спецыялізуецца на пераўтварэнні кінетычнай энергіі руху паветраных мас у атмасферы ў электрычную, механічную, цеплавую ці любую іншую форму энергіі, зручную для выкарыстання. Такое пераўтварэнне можа ажыццяўляцца рознымі агрэгатамі. Напрыклад, ветрагенератарам — для атрымання электрычнай энергіі, ветраком — для пераўтварэння энергіі ветру ў механічную. Пры дапамозе паруса можна выкарыстоўваць энергію паветраных мас для транспарту.

Сёння існуе даволі значны шэраг ветраэнергетычных установак (далей — ВЭУ), якія адрозніваюцца па магутнасці генератара, габарытах, размяшчэнні восі кручэння лопасцяў (гарызантальна- ці вертыкальна восевыя), колькасці гэтых лопасцяў і іншых параметрах. Трэба адзначыць, што пры выбары ВЭУ трэба кіравацца характарыстыкамі мясцовасці, на якой плануецца ўстаноўка ВЭУ, у тым ліку:

— наяўнасцю дастаткова адкрытай прасторы і наяўнасцю перашкод на ёй для руху ветру;

— вышынёй пляцоўкі над узроўнем мора;

— сярэднегадавой хуткасцю ветру на вышыні ротара ВЭУ".

Як распавялі далей спецыялісты, сучасныя ветраўстаноўкі здольныя пачаць выпрацоўваць электраэнергію ўжо пры нязначных хуткасцях паветра (ад 2—3 метраў у секунду), аднак пры выбары канкрэтнага тыпу ВЭУ трэба браць да ўвагі сярэднегадавую хуткасць ветру, пры якой ветраўстаноўка дасягае намінальнай магутнасці (выпрацоўкі электраэнергіі па максімуме).

Варта адзначыць, што, па даных дзяржаўнай сеткі гідраметэаралагічных назіранняў, сярэднегадавы фонавы вецер у Беларусі на вышыні ўстаноўкі датчыкаў напрамку і хуткасці ветру (10—12 метраў) складае 3—4 метры ў секунду. Аднак неабходна ўлічваць, што наяўнасць ветру не пастаянная, што вызначае, адпаведна, і непастаяннасць выпрацоўкі такімі ўстаноўкамі электрычнай энергіі.

"Кошт ВЭУ ў асноўным залежыць ад яе канструкцыі. Так, напрыклад, кошт 1 кВт устаноўленай магутнасці гарызантальнавосевай ВЭУ невялікай магутнасці складае каля 1—2 тысяч долараў у залежнасці ад фірмы-вытворцы і камплектацыі ўстаноўкі. У выпадку прыняцця рашэння аб будаўніцтве ветраэнергетычнай устаноўкі вам неабходна кіравацца дзейнымі тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, у тым ліку такімі дакументамі, як:

—"Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Правілы размяшчэння і праектавання ветраэнергетычных установак";

—"Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Парадак ацэнкі ветраэнергетычнага патэнцыялу пры размяшчэнні ветраэнергетычных установак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".

Што тычыцца выкарыстання сонечнай энергіі… Сонечная батарэя — некалькі аб'яднаных фотаэлектрычных пераўтваральнікаў (фотаэлементаў) — паўправадніковых устройстваў, пераўтвараючых сонечную энергію ў пастаянны электрычны ток.

Энергія можа выкарыстоўвацца як напрамую рознымі спажыўцамі пастаяннага току, так і назапашвацца ў акумулятарных батарэях для далейшага выкарыстання ці пакрыцця пікавай нагрузкі, а таксама пераўтварэння ў пераменны ток напружаннем 220 В для сілкавання падключаных спажыўцоў пераменнага току. Кошт сонечнай электрастанцыі ў залежнасці ад тыпу сонечных элементаў вагаецца ў межах 1,5—5 долараў за 1 Вт устаноўленай магутнасці.

Акрамя гэтага, варта адзначыць, што Нацыянальнай праграмай развіцця мясцовых і ўзнаўляльных энергакрыніц на 2011—2015 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

ад 10.05.2011 № 586, з улікам кліматычных умоў Беларусі ў якасці асноўных кірункаў выкарыстання энергіі Сонца ў рэспубліцы вызначана яе выкарыстанне ў працэсах падагрэву вады і сушкі ў сельскагаспадарчай вытворчасці і для бытавых умоў пры дапамозе геліяводанагравальнікаў і розных геліяўстановак", — гаворыцца ў адказе з дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Паводле метэаралагічных звестак, у Беларусі ў сярэднім 150 дзён у год пахмурныя, 185 — з пераменнай воблачнасцю і 30 — ясныя. А сярэднегадавое паступленне сонечнай энергіі на зямную паверхню з улікам начэй і воблачнасці складае 243 калорыі на 1 квадратны сантыметр у суткі, што эквівалентна 2,8 кВт на квадратны метр у суткі, а з улікам каэфіцыента карыснага дзеяння (каля 12 працэнтаў) — 0,3 кВт на квадратны метр у суткі. Эканамічная мэтазгоднасць укаранення ВЭУ ці сонечнай электрастанцыі, у тым ліку тэрмін іх акупнасці, вызначаецца на падставе адпаведнага тэхніка-эканамічнага абгрунтавання (далей — ТЭА).

"Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць прадаваць вырабленую з узнаўляльных крыніц энергіі электрычную энергію энергазабяспечвальным арганізацыям ДВА "Бел-
энерга". Пры гэтым ім пры распрацоўцы ТЭА неабходна ўлічваць, што:

— у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2010 г. № 204‑З "Аб узнаўляльных крыніцах энергіі", уся прапанаваная электрычная энергія, вырабленая з узнаўляльных крыніц энергіі і якія пастаўляецца вытворцамі ў дзяржаўныя энергетычныя сеткі, гарантавана набываецца дзяржаўнай энергазабяспечвальнай арганізацыяй па стымулюючых тарыфах;

— у адпаведнасці з пастановай Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2011 г № 100 "Аб тарыфах на электрычную энергію, вырабленую з узнаўляльных крыніц энергіі, і прызнанні страціўшым сілу некаторых пастаноў Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь", тарыфы на электрычную энергію, вырабленую ў Рэспубліцы Беларусь з узнаўляльных крыніц энергіі юрыдычнымі асобамі, што не ўваходзяць у састаў дзяржаўнага вытворчага аб'яднання электраэнергетыкі "Белэнерга", і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, што адпускаюць энергазабяспечвальным арганізацыям вышэйзгаданага аб'яднання, устанаўліваюцца на ўзроўні тарыфаў на электрычную энергію для прамысловых і прыраўнаваных да іх спажыўцоў з далучанай магутнасцю да 750 кВт*А, устаноўленых і праіндэксаваных на змяненне курсу беларускага рубля ў адносінах да долара ЗША (у адпаведнасці з пастановай Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2011 г. № 24 "Аб вызначэнні парадку індэксацыі цэн на прыродны газ і тарыфаў на электрычную і цеплавую энергію"). Пры гэтым выкарыстоўваюцца каэфіцыенты:

з выкарыстаннем энергіі ветру:

— першыя дзесяць гадоў са дня ўводу ў эксплуатацыю ўстановак па выкарыстанні ўзнаўляльных крыніц энергіі (далей — установак) — 1,3;

— наступныя дзесяць гадоў эксплуатацыі ўстановак — 0,85;

з выкарыстаннем энергіі сонца:

— першыя дзесяць гадоў са дня ўводу ў эксплуатацыю ўстановак — 3;

— наступныя дзесяць гадоў эксплуатацыі ўстановак — 0,85".

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?