Вы тут

ПАЧАТАК НОВАЙ ЭРЫ ДЛЯ ІРАНА


На выбарах прэзідэнта ў Іране, якія прайшлі 14 чэрвеня, з вялікім адрывам перамог 65-гадовы прадстаўнік рэфарматарскага блока палітычнай эліты, экс-сэкратар Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ірана, былы перамоўца з Захадам па іранскай ядзернай праграме Хасан Раўхані. Усяго ў прэзідэнцкай гонцы прынялі ўдзел 6 кандыдатаў.

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў сталі поўнай нечаканасцю. Паводле ацэнак іранскіх аналітыкаў, пераможца прэзідэнцкай гонкі павінен быў знаходзіцца сярод кандыдатаў-кансерватараў, у ліку якіх асабліва вылучалі двух фаварытаў — былога міністра замежных спраў Алі Акбара Велаяці (заняў шостае месца) і сакратара Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі, цяперашняга перамоўцу з Захадам па іранскай ядзернай праграме Саіда Джалілі (заняў трэцяе месца). Таксама нечаканасцю стала паражэнне яшчэ аднаго фаварыта прэзідэнцкай гонкі — мэра Тэгерана Махамадам Багера Галібафа (заняў другое месца). Лічыцца, што Галібаф на гэтых выбарах быў кандыдатам ад Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі

— найбольш уплывовага органа ваенна-палітычнага кіраўніцтва Ірана, стаўленікам якога быў былы прэзідэнт Махмуд Ахмадзінежад.

На думку іранскіх экспертаў, перамозе Раўхані дапамагла падтрымка двух іншых прадстаўнікоў рэфарматарскага крыла палітыкаў Ірана — экс-прэзідэнтаў краіны Махамада Хатамі (1997 — 2005) і Алі Акбар Хашэмі Рафсанджані (1989 — 1997), папулярных сярод іранскай інтэлігенцыі і моладзі за больш мяккі палітычны курс, які яны праводзілі ў свой час.

Аналізуючы прычыны паражэння кандыдатаў ад кансерватыўнага блока, тэгеранскае выданне "Еtеmааd" ("Вера") прыходзіць да высновы, што адной з прычын паразы кансерватараў была маўклівая згода з неабдуманай палітыкай пераабранага прэзідэнта Махмуда Ахмадзінежада, які пісаў свае праграмныя працы пад лозунгам прыхільнасці кансерватызму, але з-за яго неабдуманых дзеянняў іранскі народ адвярнуўся ад кандыдатаў-кансерватараў і, "апёкшыся малаком, цяпер дзьме на ваду". Такім чынам, Махмуд Ахмадзінежад дыскрэдытаваў палітычны курс кансерватараў, чым і скарысталіся рэфарматары ў сваёй перадвыбарнай кампаніі.

Сапраўды, у спадчыну для Раўхані ад Ахмадзінежада дасталіся стагнуючая эканоміка, высокая інфляцыя, пагроза дэвальвацыі нацыянальнай валюты — іранскага рэала, высокі ўзровень беспрацоўя. Таму, як вынікае з лозунгу самога Раўхані "Я прыйшоў, каб выратаваць эканоміку Ірана", свой прэзідэнцкі тэрмін ён пачне з нармалізацыі сацыяльна-эканамічнага і фінансавага становішча краіны. Праблемы другога плана звязаны з унутры- і знешнепалітычным становішчам Ірана. Унутрыпалітычныя праблемы заключаюцца ў расколе грамадства, які выявіўся падчас прэзідэнцкага праўлення Ахмадзінежада, у асаблівасці, пасля выбараў 2009 года. Раскол закрануў усе палітычныя плыні, абвастрыўшы да крытычнага ўзроўню рознагалоссі паміж імі, што ледзь не вылілася ў рэвалюцыю.

Да праблем знешняй палітыкі адносяцца, перш за ўсё, санкцыі (нафтавае эмбарга) і ізаляцыя ад знешняга свету з-за ўласнай ядзернай праграмы. Таму адной з мэт знешняй палітыкі Ірана з'яўляецца наладжванне стабільных адносін з краінамі Захаду, у тым ліку Еўропай, і арабскімі дзяржавамі. Стаўленне міжнароднай супольнасці да іранскай ядзернай праграмы — адна з галоўных праблем, якая звязана як з эканамічным, так з унутры- і знешнепалітычным блокам праблем, бо менавіта адказ ад згортвання праектаў па ўзбагачэнні ўрану на іранскіх АЭС прывёў да эканамічных санкцый з боку ЗША і, такім чынам, ізаляцыі Ірана ад свету, што ў канчатковым выніку паўплывала на пагаршэнне эканамічнага становішча.

У цэлым, замежныя СМІ і палітычнае кіраўніцтва заходніх краін пазітыўна ацанілі перамогу Раўхані. На думку экспертаў, перамога прадстаўніка рэфарматарскага крыла Раўхані прадэманстравала запатрабаванасць рэформ у грамадстве, што не падтрымала кандыдатаў з жорсткім кансерватыўным палітычным курсам, які звычайна асацыюецца з вярхоўным лідарам Ірана Алі Хаменеі.

На сваёй прэс-канферэнцыі, якая прайшла 17 чэрвеня, Раўхані назваў вынікі выбараў "пачаткам новай эры для Ірана" і паабяцаў, што будзе прытрымлівацца прагматычнага і стрыманага падыходу да наладжвання стасункаў са светам, а таксама будзе імкнуцца знізіць напружанасць ва ўзаемаадносінах з ЗША па пытанні ўласнай ядзернай праграмы. Прадстаўнікі Белага дома ўжо выказалі гатоўнасць весці прамыя перамовы з Іранам на гэты конт. Іран не выключае прамога дыялогу з ЗША, аднак толькі на аснове выканання амерыканскім бокам адпаведных умоў, якія могуць спрыяць стварэнню ўзаемнага даверу паміж краінамі.

Да гэтых умоў адносяцца, перш за ўсё, неўмяшанне ва ўнутраныя справы Ірана і прызнанне ЗША права Тэгерана на валоданне мірным атамам.

Нягледзячы на тое, што сёння Іран не гатовы прыпыніць праграму ўзбагачэння ўрану, Раўхані зацікаўлены ў хуткім завяршэнні перамоў па іранскай ядзернай праграме. Перш за ўсё, гэта дазволіць зняць эканамічныя санкцыі з Ірана і такім чынам палепшыць эканамічнае становішча краіны. Верагодна, у выпадку, калі будзе знойдзена ўзаемакарыснае рашэнне па справе іранскай ядзернай праграмы, Іран можа пайсці на адкрыццё сваёй эканомікі для заходніх інвестыцый. Безумоўна, перамовы наконт іранскай ядзернай праграмы будуць нялёгкімі, але, калі Іран і ЗША дамовяцца па забеспячэнні прымальнага для абодвух бакоў фармату кантролю за тым, каб іранскі мірны атам не ператварыўся ў праграму па стварэнні ядзернай зброі, гэта вельмі істотна паўплывае на рэгіянальныя геапалітычныя працэсы, у якіх Іран будзе займаць зусім не апошняе месца.

 

Арсеній Сівіцкі, кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».