Вы тут

Глен Хэнлан: "У камандных відах спорту няма асобных герояў. І я не чараўнік"


Вяртання канадскага трэнера ў беларускую зборную, здаецца, чакалі ўсе: кіраўнікі хакейнай федэрацыі, самі спартсмены, заўзятары. А ён, як і належыць прафесіяналу, прыляцеў — і адразу ўзяўся за работу. Хутка выбраў асістэнтаў (імі сталі Эдуард Занкавец і Алег Мікульчык), пачаў прагляд хакеістаў і не забыў сустрэцца з прэсай. Размову з журналістамі Хэнлан пачаў на рускай мове: "Я рады вярнуцца дадому і пачаць работу з беларускімі гульцамі". Харызматычная ўсмешка, крыху самаіроніі і высокая канцэнтрацыя прафесіяналізму — гэта, напэўна, і ёсць рэцэпт добрай гутаркі.

Правераныя байцы vs навабранцы

"Па вяртанні ў Мінск я заўважыў, што ўмовы ў хакеі сталі лепш. З іншага боку, пагоршыліся вынікі, але гэта няцяжка патлумачыць. Зараз у камандзе змена пакаленняў. Многія вопытныя хакеісты скончылі спартыўную кар'еру, а маладыя спартсмены яшчэ не паспелі сябе праявіць. І трэба сказаць вялікі дзякуй Андрэю Скабелку, які адважыўся ўзяць у зборную шмат маладых гульцоў. Бо заўсёды прасцей працаваць з праверанымі "байцамі". Цяпер шмат што будзе залежаць ад таго, наколькі хутка будуць прагрэсаваць навабранцы. Мяне часта пытаюцца пра стаўленне да "Дынама"…

Хачу сказаць, што мне вельмі імпануюць трэнеры гэтага хакейнага клуба — Алег Мікульчык, Аляксандр Андрыеўскі, Любамір Покавіч. Яны ведаюць, як правільна працаваць з хакеістамі. Упэўнены, што маладыя гульцы будуць развівацца, удасканальвацца, выступаючы за клуб у КХЛ. А гэта вельмі карысна для зборнай".

Аснова каманды

"Безумоўна, касцяк зборнай будуць складаць хакеісты-легіянеры. Я ўжо перамовіўся з некаторымі хлопцамі, і ўсе яны шчаслівыя вярнуцца ў каманду. Трэба разумець, што яны маюць патрэбу ў асаблівай увазе з боку трэнераў. Да іх патрэбен асаблівы падыход. І, вядома, трэба выказваць павагу да гэтых гульцоў, якія ўжо шмат чаго дасягнулі ў сваёй кар'еры. Менавіта тады яны будуць адчуваць асаблівую адказнасць за сваю каманду. Дарэчы, сустракаўся з Джэфам Платам. І ён вельмі хоча выступаць за беларускую зборную. Таму гэтаму хакеісту трэба працаваць удвая больш, каб з поўным правам атрымаць сваё месца ў камандзе. Ведаеце, натуралізацыя — гэта вельмі складанае рашэнне. Але калі форвард чатыры гады гуляе за адзін клуб і сапраўды горача жадае выступаць за нацыянальную зборную, гэта шмат пра што гаворыць. Ведаю, што Джэф старанна ўдасканальвае сваю рускую мову, таму, паверце, яму не будзе дазволена размаўляць у камандзе па-англійску. Хіба толькі са мной <І>(усміхаецца) . Між іншым, я і сам вывучаю рускую мову, займаюся чатыры разы на тыдзень!".

Міхаіл Грабоўскі: прыедзе ці не прыедзе?

"У апошнія дні шмат шуміхі вакол новага кантракта Міхаіла Грабоўскага. Вядома, я быў бы больш рады, калі б ён перайшоў у мінскае "Дынама". Але натуральна, што гулец такога ўзроўню, як Грабоўскі, хоча выступаць у НХЛ. Трэба паважаць рашэнне хакеіста, бо, выбіраючы каманду, ён кіраваўся не памерам зарплаты, а тым, дзе ён будзе больш шчаслівым. Трэнер "Вашынгтона" аддае перавагу атакуючаму хакею, таму Міхаілу ў новай камандзе будзе камфортна. Сезон вельмі доўгі, я чакаю, што Грабоўскі зможа пагуляць у адным звяне з Аляксандрам Авечкіным. Безумоўна, цяпер больш складана разважаць, ці прыедзе Міхаіл падтрымаць зборную на хатнім чэмпіянаце, але, трэба адзначыць, нацыянальная каманда кожнай краіны сустракаецца з падобнай праблемай. Спадзяюся, нам пашчасціць".

Быць камандай — значыць думаць і адчуваць аднолькава

"Я быў вельмі разгублены, калі пачуў, што чэмпіянат свету хочуць перанесці з Беларусі. Напэўна, вышэйшае кіраўніцтва не ведае, наколькі любяць хакей у гэтай краіне, наколькі тут неверагодныя заўзятары і цудоўныя ўмовы. Шчыра кажучы, ні на адным папярэднім планетарным першынстве я не бачыў такіх выдатных магчымасцяў! Таму мы з задавальненнем будзем чакаць на "Мінск-Арэне" замежных гасцей, каб яны адчулі абсалютна адмысловую атмасферу гэтага месца. Што датычыцца нашых задач на чэмпіянат… Скажу так: я мару стаяць за спінамі сваіх хлопцаў у чвэрцьфінальным матчы. Таму зараз буду рабіць усё магчымае, каб да сусветнага форуму хакеісты былі добра падрыхтаванымі. Каб запоўніць алімпійскую паўзу, магчыма, правядзём некалькі выставачных матчаў. Але перш за ўсё трэба стварыць у зборнай спрыяльную атмасферу, дзякуючы якой гульцы пачнуць думаць і адчуваць аднолькава. Менавіта гэта і значыць — быць камандай!".

Сапраўдны баец

"Зусім хутка гадавіна катастрофы яраслаўскага "Лакаматыва", у якой загінуў Руслан Салей. У мяне засталося шмат добрых успамінаў пра гэтага ўнікальнага спартсмена. Але асабліва часта я ўспамінаю адзін выпадак. У адказным матчы ён правёў дзве хвіліны ў меншасці і вярнуўся на лаўку вельмі стомленым. Я запытаўся: "Ты як? Зможаш працягваць?". Руслан не адказаў "так" ці "не", а проста паглядзеў на мяне і сказаў: "Ніколі не пытайся, ці ў парадку я. Я заўсёды гатовы гуляць". Ён вельмі любіў хакей і быў сапраўдным байцом. Упэўнены, Руслан мог бы стаць вялікім трэнерам. У яго было ўсё для гэтага".

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.