Вы тут

Ваенная бяспека саюзнай дзяржавы


У перыяд з 20 па 26 верасня на тэрыторыі дзвюх краін пройдзе сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі "Захад-2013". Напярэдадні маштабных мерапрыемстваў абарончага характару міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Юрый ЖАДОБІН азнаёміў прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ з пытаннямі падрыхтоўкі і правядзення будучай падзеі.

— "Захад-2013" — вучэнне абарончага характару, якое пацвярджае курс Рэспублікі Беларусь на ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі і прыхільнасць саюзніцкім абавязацельствам з Расійскай Федэрацыяй, — падкрэсліў міністр абароны. — У надыходзячым навучальным годзе гэтае мерапрыемства для нас з'яўляецца галоўным.

Нагадаем, што сумесныя маштабныя вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі праводзяцца ў адпаведнасці з рашэннем кіраўнікоў дзвюх дзяржаў, прынятым па выніках сумеснага аператыўна-стратэгічнага вучэння "Захад-2009". У 2011 годзе падобнае вучэнне пад назвай "Шчыт Саюза — 2011" прайшло на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Увогуле такія мерапрыемствы адбываюцца з перыядычнасцю раз на два гады.

Задуму вучэння, якое сёлета праводзіцца і на тэрыторыі нашай краіны, зацвердзіў Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Пры вызначэнні задумы цяперашняга вучэння ўлічваліся сучасныя падыходы да прымянення войскаў (сіл), вопыт узброеных канфліктаў, якія адбыліся ў апошнія гады, мерапрыемствы аператыўнай падрыхтоўкі, а таксама формы і спосабы прымянення войскаў, выпрацаваныя ва ўзброеных сілах дзвюх дзяржаў.

— Зыходзячы з тых падзей, якія сёння адбываюцца на Блізкім Усходзе, у аснову задумы пакладзены адзін з падобных варыянтаў узнікнення крызіснай сітуацыі, якая звязана з узрастаннем актыўнасці незаконных узброеных фарміраванняў, міжнародных тэрарыстычных арганізацый і наёмніцкіх структур, — зазначыў Юрый Жадобін. — Пры гэтым ваюючыя бакі ўмоўна размешчаны ў межах рэальных рубяжоў Рэспублікі Беларусь і трох прылеглых абласцей Расійскай Федэрацыі.

З аднаго боку — "чырвоныя", якія ўключаюць у сябе Беларусь, Расію і краіны, што ўдзельнічаюць у дагаворы аб калектыўнай бяспецы. З другога боку — "сінія", кааліцыя зацікаўленых дзяржаў пад сімвалічнымі назвамі. Прычынамі абвастрэння абстаноўкі з'яўляецца імкненне "сініх" дабіцца пагаршэння сацыяльна-палітычнай абстаноўкі "чырвоных" — нашай рэспублікі. Дарэчы, па падобным сцэнарыі пачыналіся ўсе ўзброеныя канфлікты апошніх гадоў. У сваю чаргу Рэспубліка Беларусь імкнецца не дапусціць развязвання ўзброенага канфлікту, дэстабілізацыі абстаноўкі ў рэгіёне. А Расійская Федэрацыі і дзяржавы — члены АДКБ у адпаведнасці з дзейнай нарматыўна-прававой базай аказваюць ёй палітычную, фінансавую і ваенна-тэхнічную падтрымку.

— Такім чынам, вучэнне накіравана, перш за ўсё, на праверку функцыянавання сістэмы сумеснай абароны Саюзнай дзяржавы, яе здольнасці вырашаць задачы забеспячэння нацыянальнай і рэгіянальнай бяспекі, — дадаў генерал-лейтэнант. — Зыходзячы з задумы правядзення вучэння, вызначана яго тэма — "Падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы".

Абстаноўка на вучэнні "Захад-2013" будзе створана такім чынам, каб практычна задзейнічаць максімальную колькасць органаў ваеннага кіравання. У аснову розыгрышаў тактычных эпізодаў пакладзены варыянты сумесных дзеянняў беларускіх і расійскіх воінскіх часцей і падраздзяленняў, што ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, пры ахове і абароне ваенных аб'ектаў, ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп праціўніка і незаконных узброеных фарміраванняў, а таксама наступстваў аварый тэхнагеннага характару.

Практычныя дзеянні органаў ваеннага кіравання і войскаў адбудуцца на шасці беларускіх палігонах: Брэсцкім, Гожскім, Асіповіцкім, Абуз-Лясноўскім, Барысаўскім і Даманаўскім. Будуць задзейнічаны і палігоны Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

Як лічыць міністр абароны, у ходзе вучэння трэба будзе ўдасканаліць аператыўную сумяшчальнасць штабаў, спалучэнне перспектыўных сістэм упраўлення войскамі і зброяй, апрабаваць палажэнні новых статутных дакументаў, распрацаваных узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, забяспечыць практыкай камандуючых, камандзіраў штабоў у планаванні мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі абстаноўкі.

У прыватнасці, падчас вучэння "Захад-2013" будуць адпрацоўвацца дзеянні войскаў па прыкрыцці дзяржаўнай мяжы, па падтрымцы рэжыму надзвычайнага становішча ў прымежным раёне, вядзенні контрдыверсійнай барацьбы, ажыццяўленні пошуку, блакіроўкі і знішчэння выяўленых дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў у раёнах адказнасці. Пройдуць мерапрыемствы і па супрацьпаветраным прыкрыцці пунктаў кіравання, важных ваенных аб'ектаў, авіяцыйным прыкрыцці манеўру сіламі і сродкамі вайсковых часцей на маршрутах, ахова важных ваенных аб'ектаў, адбудуцца тактычныя вучэнні з падраздзяленнямі ракетных войскаў і артылерыі.

— Вучэнне пройдзе ў два этапы, — расказаў Юрый Жадобін. — На першым этапе Аб'яднаным камандаваннем рэгіянальнай групоўкі войскаў мяркуецца ажыццявіць планаванне яе прымянення, кіраванне войскамі (сіламі) у ходзе завяршэння разгортвання войскаў, ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў, нарастання групоўкі ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў. На другім этапе плануецца адпрацаваць пытанні кіравання войскамі ў ходзе правядзення мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі абстаноўкі ў інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Асаблівасць вучэння — удзел у ім возьмуць не толькі вайскоўцы з Беларусі і Расіі, а і ваенныя з Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Агульная колькасць асабовага складу — каля 12 900 чалавек. На расійскай тэрыторыі ў вучэнні ад Узброеных Сіл Беларусі возьмуць удзел каля 200 прадстаўнікоў 103-й асобнай мабільнай брыгады.

Будзе задзейнічана каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі. У тым ліку каля 70 танкаў, звыш 50 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 50 самалётаў і верталётаў. Выпрабаванні палігонамі пройдуць як ужо прынятыя на ўзбраенне ўзоры зброі, так і тыя, што знаходзяцца на эксперыментальнай стадыі.

За актыўнай фазай вучэння "Захад-2013" будуць назіраць прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных краін і ваенныя назіральнікі з Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.