Вы тут

Хто білетаў возьме пачак...


...Той нічога ўсё роўна не атрымае. Не ведаю, як у вас, а ў мяне няма шчасця на розныя азартныя гульні. У тым ліку латарэі. А ёсць жа тыя, хто жыць без іх не можа — кожны тыдзень па некалькі білетаў купляе. Часам выйграе. Па 5 тысяч. Але ж выдаткоўвае больш грошай. З аднаго боку, усе латарэі ў нашай краіне дзяржаўныя, а таму грошы быццам бы пойдуць на якую-небудзь добрую справу. З іншага — чалавек, якога ўвесь час "падаграваюць" новымі і новымі прызамі і вялікімі сумамі, спускае грошы на вецер. Пытанне складанае — добра ці дрэнна, каб былі латарэі. Але яны ёсць і збіраюцца развівацца.

Латарэі праз сацыяльныя сеткі?

Мала нам было папяровых лах... прабачце, лататронаў, дык цяпер яшчэ і электронныя зробяць. Прынамсі, плануюць гэта зрабіць. Пакуль што ўнітарнае прадпрыемства "Беларускія латарэі" пачынае прадаваць латарэйныя білеты безнаяўным шляхам праз сістэму "Разлік"

(АРІП). А ў 2014 годзе плануецца ўкараненне тэрміналаў па продажы латарэйных білетаў. Кіраўнік "Беларускіх латарэй" Юрый Бондараў адзначае, што такі від гульні, як электронныя латарэі, сёння імкліва развіваецца, набіраючы папулярнасць ва ўсім свеце. Гэты фармат дазваляе пазбегнуць затратнай працэдуры па вырабе папяровых квіткоў, практычна імгненна вызначае пераможцаў розыгрышу, што зручна як гульцам, так і арганізатарам латарэі. Важна, што ў беларускай электроннай латарэі патэнцыйна змогуць удзельнічаць не толькі грамадзяне нашай краіны, але і замежнікі. Тым больш што "Беларускія латарэі" нават стварылі спецыяльны дадатак для сацыяльнай сеткі Fасеbооk. Плануецца, што тое самае будзе зроблена для сетак "ВКонтакте" і "Одноклассники".

Каб быць аб'ектыўнымі, трэба адзначыць, што сістэма абвяшчэння, якая запрацуе пасля "электранізацыі" латарэй, дазволіць вырашыць праблему з няпамятлівасцю гульцоў. Часам уладальнік латарэйнага білета проста забывае праверыць вынік сваёй гульні. Сярод незабранных прызоў ёсць і вельмі буйныя — 1 мільярд беларускіх рублёў і кватэра ў Мінску. У выніку грашовую суму, якая так і не дачакалася свайго ўладальніка, пералічылі ў бюджэт.

Гарвардскі ўніверсітэт будаваўся за кошт латарэйных грошай

Можа, і сапраўды ёсць карысць ад латарэй, бо намінальна іх мэтамі, як правіла, з'яўляецца фінансаванне важных для грамадства праектаў, адзначыў кіраўнік "Беларускіх латарэй". Сярод заснавальнікаў латарэй, з якімі працуе прадпрыемства, практычна ўсе міністэрствы Беларусі. Напрыклад, Міністэрства культуры з'яўляецца заснавальнікам латарэі "Скарбніца", мэта якой — атрыманне дадатковых сродкаў на правядзенне мерапрыемстваў па ахове гістарычных, культурных каштоўнасцяў; МНС — латарэі "За бяспеку" (для атрымання дадатковых сродкаў на мерапрыемствы па ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару), Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — латарэі "Міласэрнасць" (дадатковыя сродкі на закупку спартыўнага інвентара, фінансавання рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў і на іншыя мэты). Аказваецца, будаўніцтва многіх важных аб'ектаў фінансавалася менавіта за кошт латарэй. Юрый Бондараў прывёў прыклад: "За гэтыя грошы быў пабудаваны Гарвардскі ўніверсітэт. Што тычыцца айчыннай практыкі, то ёсць інфармацыя, што Палац спорту ў Мінску быў пабудаваны за грошы, атрыманыя ад правядзення "Спортлато" да Алімпіяды-80". Дарэчы, Юрый Бондараў паведаміў, што каля 20% сумы сродкаў, выручаных ад правядзення латарэй, накіроўваецца на важнейшыя сацыяльныя праграмы ў рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты (аднаўленне помнікаў, прыродных запаведнікаў, фінансаванне спорту, аказанне фінансавай дапамогі ўстановам для інвалідаў вайны і працы, школам-інтэрнатам і г.д.). Да 50% накіроўваецца на выплату выйгрышаў, частка сродкаў выкарыстоўваецца на пакрыццё выдаткаў па арганізацыі і правядзенні латарэй. "Прадпрыемства з'яўляецца сацыяльна адказным працадаўцам, забяспечваючы працоўнымі месцамі каля 800 чалавек", — сцвярджае дырэктар "Беларускіх латарэй".

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Даведка "Звязды"

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Беларускія латарэі" заснавана ў верасні 1999 года. Заснавальнік — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Асноўны від дзейнасці прадпрыемства — арганізацыя і правядзенне рэспубліканскіх і мясцовых латарэй. З'яўляецца арганізатарам латарэй "Ваша лато", "Пяцёрачка", а таксама розных тыражных, імгненных латарэй і спецыяльных розыгрышаў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.