Вы тут

"Самастрэл" з крывога люстэрка


"Гляджуся ў цябе, як у люстэрка/ Да галавакружэння/ І бачу ў ім каханне тваё/ І думаю пра яго/ Давай не бачыць дробнага/ У адлюстраванні/ Каханне бывае доўгім/ А жыццё яшчэ даўжэй"... Так некалі спяваў наш вядомы зямляк Юрый Антонаў. Калі ў гэтых прыгожых радках зараз памяняць слова "тваё" на "сваё", песню ў нейкім сэнсе, напэўна, можна будзе назваць гімнам сучасных дзяўчат, якія вельмі любяць... фатаграфаваць самі сябе ў люстэрку. Праўда, падыходзіць на ўсе сто працэнтаў?..

Зразумела, масавай гэтая з'ява стала толькі з развіццём сучаснай тэхнікі. Напэўна, рэдкая дзяўчына займалася такім "самастрэлам" падчас панавання стужкавых фотаапаратаў, калі плёнку трэба было праяўляць, а фота друкаваць… Ды і здымкі потым далей за ўласны архіў не ішлі. Іншая справа сёння: літаральна некалькі секунд, і ты — "сама сабе зорка". Тут і зараз. Такая прыгожая, смелая і крэатыўная… Але што тая тэхніка, сучасныя магчымасці? Што іх вінаваціць, калі гэта толькі сродак. Можа, нехта такім чынам і хваліцца сваім новым айфонам ці добрай камерай, але такіх, пэўна ж, няшмат. Нейкі "злом" у галаве здараецца зусім на іншым узроўні…

Самая распаўсюджаная версія "самастрэлаў" дзяўчат з дапамогай люстэрка — жаданне "запратакаліраваць" сваю прыгажосць. Маўляў, мадэляў здымаюць прафесійныя фатографы. А што ж нам, простым, але не менш прыгожым смяротным рабіць? Вось і даводзіцца неяк самастойна вырашаць праблему. Прыгажосць не павінна прапасці проста так!.. Усё б нічога (ну, хоча дзяўчына мець такое ўласнае "партфоліа", мае права!), каб не адна акалічнасць. Гэтыя здымкі потым "зліваюцца" ў сацыяльныя сеткі. Гавораць, што цяперашняя моладзь у нейкім сэнсе знявечаная інтэрнэтам: калі цябе там няма, ты — нуль. Значыць, трэба абавязкова пакінуць "свой след" у гісторыі, а потым як мага часцей абнаўляць статусы, прыцягваць увагу любым спосабам, каб падтрымаць інтарэс да сваёй асобы. Таму часта фатаграфіі, пра якія мы гаворым, адносяцца да, скажам так, спецыфічнага жанру — ад лёгкай эротыкі да фактычна парнаграфіі…

1377769493675_29-6

Адкуль у людзей імкненне паказаць сваю аголенасць усяму свету? Даводзілася сустракаць розныя тлумачэнні гэтай з'яве. Напрыклад, што нам (не ў якасці прыкладу папярэднікам) не хапае душэўнай блізкасці. Дабрабыт з'явіўся, але сапраўдныя чалавечыя пачуцці, эмоцыі зніклі. Спатканні пад Месяцам замяніла перапіска па электроннай пошце, на змену каханню прыйшоў секс па тэлефоне… Мы машынальна адказваем па сто разоў на дзень па мабільным тэлефоне дзяжурнымі фразамі і не бачым вачэй суразмоўцы… Відавочна, з‑за гэтага на падсвядомым узроўні праз гэтую публічную аголенасць цела спрабуе "гаварыць" душа? Што мы папросту сталі эгаістамі. Нас абсалютна не цікавіць чужое меркаванне, нам ні за што не сорамна. Ёсць толькі "я". І, вядома, гэтае "я" — самае прыгожае, вартае, каб на яго абавязкова глядзелі іншыя. Глядзелі і зайздросцілі. Найперш, несумненна, маладому целу, прывабнай знешнасці. Зайздросцілі "да галавакружэння". Нездарма ж ёсць выраз, што ў інтэрнэце непрыгожых няма. І гэты эгаізм, снабізм часам адыгрываюць з дзяўчатамі вельмі злы жарт. Фатаграфуюцца, скажам, у ванным пакоі, а на заднім плане ў кадры за такой "каралевай прыгажосці" — унітаз… Ці швабра з анучай… Ці ў люстэрку відаць сапраўдны бардак у пакоі. Як там ва ўсё той жа вышэйзгаданай песні Юрыя Антонава: "Давай не бачыць дробнага"? Люстэрка відавочна становіцца крывым…

Не падумайце, асабіста я зусім не супраць такіх дзявочых "самастрэлаў". Імі не грэбуюць нават сусветна вядомыя "зоркі". Падавалася б, гэта пры іх магчымасцях? Напрыклад, сярод іншых у сеціве "засвяцілася" і сусветна вядомая актрыса Скарлет Ёхансан: сама сябе зняла на камеру мабільнага тэлефона, лежачы аголенай у ложку, а потым дэманстратыўна распранулася ў ванным пакоі перад люстэркам. Улічваючы апошнюю моду сярод знакамітасцяў на такога кшталту здымкі, "закінуць" іх у інтэрнэт магла, што найбольш верагодна, і сама Скарлет

. Літаральна апошні прыклад: у купальніку перад люстэркам сама сябе зняла пышнагрудая Ганна Семяновіч. Я не ў тым сэнсе, што яна таксама выдатная актрыса… Ну, што тут скажаш: дзяўчынкі — яны паўсюдна дзяўчынкі… І гэта толькі два прыклады, адабраныя па прынцыпе "зямляцтва": абедзве названыя асобы маюць беларускія карані. Хаця сама з'ява — інтэрнацыянальная, яна мае сваіх прыхільнікаў паўсюдна.

…Іншая справа, што фатаграфіі павінны быць прыгожымі. А дзяўчатам, здараецца, не дапамагае нават добрая тэхніка: часам не пакідае ўражанне, што ўсё знята на "тапак". Я ўжо не кажу пра штучнае выпінанне розных "філейных" частак, позы "паралітыка" і вылупленыя вочы з надзіманымі вуснамі… Гламур — страшэнная сіла. Такі вось "след у гісторыі"…

Як там было ў Антонава: "Каханне бывае доўгім/А жыццё яшчэ даўжэй"?.. Іншымі словамі, тое, што сёння забаўляе і падаецца цалкам нармальным, праз некаторы час можа набыць зусім іншы сэнс. Толькі змяніць нешта ўжо будзе нельга, і гэты самы "самастрэл" вернецца да неабачлівай асобы "прывітаннем" з крывога люстэрка…

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».