Вы тут

Адчуць сябе крыху "не з гэтага часу"


Самотны жнівеньскі вечар ахутвае прахалодай. Дзённыя турботы паціху сыходзяць у нябыт, і нарэшце можна расслабіцца і ўдыхнуць на поўныя грудзі. У такі час любы занятак становіцца маленькім цудам: ці то прыемны шпацыр па ціхіх вулачках, ці то кубачак духмянай гарбаты ў кавярні, ці прагляд старога добрага кіно.

Сталічны Чырвоны дворык, што знаходзіцца па адрасе Рэвалюцыйная, 7, ужо не першы сезон з'яўляецца адным з улюбёных месцаў адпачынку маладых (і не толькі) мінчан. Тут, у адным са старых кварталаў Мінска

, літаральна адчуваецца подых мінулых дзесяцігоддзяў. Сама атмасфера гэтай цеснай пляцоўкі паміж старых чырвоных будынкаў, упрыгожаных ужо ў сучаснасці ненавязлівымі графіці, спрыяе таму, каб адчуць сябе крыху "не з гэтага часу". А яшчэ супрацоўнікі фотастудыі, што знаходзіцца тут, час ад часу арганізоўваюць розныя тэматычныя вечарыны і прагляды старых кінастужак. Наўпрост на вуліцы. Душэўна і абсалютна бясплатна.

Я завітала ў Чырвоны дворык, калі паказвалі кароткаметражкі з першай "зоркай" рускага кінематографа Верай Халоднай. "Сябры, падрыхтуйце вашы насоўкі, сэрцы, фракі, кацялкі, пенснэ і бальныя пантофлі — мы зноўку вяртаемся да цёмных алеяў і жарсцяў Чароўнай Эпохі", — запрашалі арганізатары. Гледачоў спачатку было няшмат, толькі некалькі дзяўчат прымасціліся на парапеце ў баку ад імправізаванай "кіназалы". Каля адной са сцен ужо стаяў экран, насупраць выставілі некалькі радоў крэслаў. Каля экрана — нешта падобнае да сінтэзатара і піяніна, якому, як сцвярджалі арганізатары, каля сотні гадоў. Інструменты стаялі не проста "для антуражу": ігра на іх павінна была суправаджаць "нямое" кіно.

Тым часам пачалі збірацца людзі, пераважна моладзь. Але была і маладая мама з груднічком на руках, і сталага веку бабуля з хлопчыкам — пэўна, унукам. Амаль усе прыходзілі кампаніямі, віталіся. Сядалі на расстаўленыя крэслы, бардзюры, проста на траву, караскаліся на пажарную лесвіцу. Нехта прадбачлівы прыхапіў гумовыя дыванкі і пледы, гарбату ў тэрмасах і печыва. За некалькі хвілін дворык напоўніўся не менш як паўсотняй чалавек.

І вось пачалася дзея. На экране замігцелі цітры: паказвалі стужку "Маўчы, сум... маўчы" 1918 года. Трагічная чорна-белая гісторыя цыркачоў, бедных вулічных музыкантаў, млявых прыгажунь і жорсткіх багацеяў суправаджалася ігрой на сінтэзатары, стагадовым фано, кларнеце, а дапамагала ім сучасная камп'ютарная музыка, якая ўдала падкрэслівала драматычныя моманты карціны. Я адчувала сябе адначасова быццам бы ў тэатры (бо глядзела сапраўдны шэдэўр мастацтва) і ў цёплай сяброўскай кампаніі, хоць не ведала ніводнага чалавека навокал. Аказваецца, стварыць утульную атмасферу так проста.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.