НІНА


Словы пра сыход мамы маёй – Ніны Глобус

Вароны

У бальніцы мама назірала праз вакно за жыццём варон. Расказвала, як адна варона ўвечары разоў з пяць дзеўбанула ліхтар, ажно пакуль той не загарэўся. Калі запалілася святло, варона радасна закаркала, узнялася і паляцела ў вечаровае неба. Другое здзіўленне ў мамы выклікала варона правадыр, яна прыляцела, гучна каркнула камандзірскім тонам, пяць маладых варон, што сядзелі на дрэве, уадначассе ўзняліся і паляцелі за ёй. “Гляджу праз бальнічнае вакно серыял пра варон! Такое ў мяне цяпер кіно,” – сумным бальнічным голасам казала мне мама.

Туфлі

Калі мы з братам забіралі маці з бальніцы, яна ўжо не магла сама ісці. Я прапанаваў ёй заставацца ў хатніх тэпцях, бо ўсё адно мы яе або на вазку павязём або на руках панясём. Маці загадала абуць яе ў чорныя лакіраваныя чаравічкі. Мірык абуў, і мама абрадвалася. Яна радавалася і ўсміхалася, як малая дзяўчынка.

Ключы

Седзячы за кухонным сталом маці расказала мне, як некалі сустракала Новы 1966 год. Апавяданне падалося мне цікавым і я запісаў яе словы: “Пад Новы год пісьменнік Віктар Дайліда са Слуцка прывёз гуся. Я адмовілася гатаваць. Нават не хацела каб у нашай кватэры збіраліся госці. Мірыку яшчэ і паўгода не споўнілася. Вырашылі занесці гуся да Галі Стральцовай і сустракаць Новы год у яе. Галя паставіла гуся ў духоўку. У яе кватэры сабралася шмат народу. Прыйшоў Валодзя Караткевіч. Прыехаў Гардзіцкі з жонкай. Памятаеш Гардзіцкага? Ён у саюзе пісьменнікаў адказваў за сувязі з замежнымі краінамі. Дайліда быў таксама з жонкай. Я з тваім бацькам рэзала смажанага гуся. Мы сустрэлі Новы год і выйшлі на вуліцу. Наш бацька Чэсь узяў снежку і закінуў яе ў чужое вакно. На вуліцу павыскоквалі п’яныя мужчыны і пасунуліся да нашых біцца. Міша Стральцоў смяяўся, наш бацька рабіў выгляд, што ён не мае аніякага дачынення да кінутай у вакно снежкі. Гардзіцкі з Караткевічам крычалі, што яны ўсіх адлупяць, калі справа дойдзе да сапраўднай мужчынскай бойкі. Ніхто тады не пабіўся, усе вярнуліся даядаць смажанага гуся. Я пайшла да Мірыка. Легла і заснула. Пасярод ночы прачнулася, бо нехта корпаўся ў нашым замку. На пляцоўцы стаяў наш бацька і Валодзя Караткевіч. У бацькі быў ключ ад кватэры Караткевіча, а ў Караткевіча ад нашай кватэры. Як і калі яны памяняліся ключамі? Не зразумела. Раніцай бацька спытаў, ці чула я, як ён прыйшоў. Тады я пераканалася, што таямніца з абменам ключоў застанецца неразгадавнай”.

Ордэн

Мама разам з Мірыкам перадалі мне татавы ордэн і дакументы. Вядома, я ўсё забраў. Настрой быў цяжкі, бо складалася ўражанне, што не толькі маці збіраецца хутка пакінуць наш свет, а яна збіраецца гэта зрабіць разам з Мірыкам.

"Хуткая"

Домработніца выклікала "хуткую дапамогу". Дактары ўгаворвалі маму паехаць у бальніцу, бо ціск быў зусім нізкі. Маці не пагадзілася ехаць і напісала распіску, што адмаўляецца. Я зварыў для мамы моцнай кавы з цукрам. Ні кавы, ні цукру яна даўно не ўжывае, але дактары гэтым разам дазволілі такую салодкую раскошу. Яны нават на гэтым настойвалі. Ціск павысіўся. Мама нават пагадала адной доктарцы на каўнай гушчы.

Тата

Раніцай маці апранулася па-святочнаму. Яна нібыта перапрашала за папярэднія трывогі з “хуткай”. Усё цяжкае папярэдняе я не стаў з ёй абмяркоўваць. Парадаваўся за яе добры выгляд і настрой. Ад маці я паехаў на татаву магілу, дзе слёзна папрасіў яго не спяшацца забіраць да сябе нашу Ніну Глобус.

Сон

Мама расказала мне свой сон, у якім я з нейкай Вольгай раблю літаратурны праект. У мяне з гэтай Вольгаю ёсць нейкае памяшканне, накшталт студыі. Мама папрасіла ключ ад студыі, але я ніякага ключа ёй не даў. У сне мама на мяне пакрыўдзілася, што пашкадаваў ключ. Яна расказвала пра крыўду, а я глядзеў на яе карычневыя зубы. У мамы заўсёды былі вялікія белыя і роўныя зубы. Мне яны вельмі падабаліся. Я нават ганарыўся прыгажосцю маміных зубоў. Цяпер яны зусім старыя. Мірык прапаноўваў памяняць маме зубы, але калі мы спахапіліся, было запозна, бо ў мамы зусім слабенькае сэрдца: мяняць зубы з такім сэрдцам небяспечна.

"Montroig"

Патэлефанаваў маці з кавярні "Montroig". Калі я ў адпачынку, заўсёды тэлефаную маме з кавярні Montroig". Такая завядзёнка. Голас у мамы бадзёры, і яна радасна сказала, што любіць мяне. Пацікавілася, ці хутка вернецца Ядзя з Італіі. Я запэўніў маму, што Ядзя вернецца хутка. На тым і развіталіся. Нават не папытаўся, што ёй прывезці з Барселоны, бо ведаю – парфуму.

Сэрдца

Раніцай семнадцатага ліпеня ўся наша сям'я моцна перахвалявалася. Прапала мама. Домработніца зайшла ў бацькоўскую кватэру, а тамака пуста. Знайшлася мама ў рэанімацыі другой мінскай бальніцы. Уночы ёй стала кепска з сэрдцам. Яна выклікала дактароў, што завезлі яе на аперацыйны стол і дасталі тромб. З рэанімацыйнай палаты мама мне патэлефанавала, калі я ўжо ехаў у тую бальніцу. Доктарка сказала, што бліжэйшыя пару дзён маці будзе адпачываць пасля перанесенага інфаркта, і да яе нікога не пусцяць. Усё патрэбане – ваду, сок, сурвэткі ёй занесла Ядзя.

Халат

З рэанімацыі патэлефанавала мама. Сказала, што ёй зрабілі не адну а дзве аперацыі. Цяпер яна пачуваецца крыху лепей, і трэба каб я прынёс ёй станік, трусы, майку, халат, зубную шчотку, пасту і мыла. Мыла яна папрасіла дзіцячае. Мама сказала, што з дому яе забралі голай з іголкай кропельніцы ў руцэ. Так голай яна і праляжала цэлы тыдзень, а цяпер ёй трэба халат. Я папытаў ці трэба ёй кубак. Сказала, што нейкі кубак ёй далі.

Лён

У мамы з’явіліся пролежні. Алена пашыла з льнянога ручніка пляскаты мяшок, у які засыпалася льняное семя. Мяшок разам з гарэлкай і празрыстым дзіцячым шампунем я занёс у бальніцу. Настойваць на сустрэчы з мамаю не стаў, перадаў пакунак медсястры і пайшоў на працу. За працоўнымі турботамі крыху забываешшся пра павольны сыход мамы, і не так балюча.

Хадунок

Паабяцаў Мірыку, што ў сыботу схаджу да маці ў бальніцу і не схадзіў. Пайшоў у другі бок, пайшоў купляць белы халат. Крама са спецадзеннем была зачыненая. Непадалёк ад яе некалі была бібліятэка, дзе маці працавала. Я вырашыў зайсці ў бібліятэку, каб проста пастаяць сярод нашых  любімых кніжак. Мне ясна ўяўлялася размова з бібліятэкаркай пра маці, пра далёкія гады. Бібліятэкі я не знайшоў. У пустых памяшканнях ішоў рамонт. Я нават не стаў пытацца пра бібліятэку будтрэста нумар чатыры. Пастаяў крыху пад вокнамі, сцішыўся. Тут і пайшоў дождж. Пакуль я бег да метро, крыху вымак. У майстэрні пераапрануўся ў сухое і выпіў гарачай кавы. Чытаў. Прыслухоўваўся да сябе. Ці не захварэў? Здаецца, абыйшлося. Сіл ісці да маці ў бальніцу не знайшоў, бо ноч не спаў. У вачах усё стаяла бальнічная палата… Мама запатрабавала сабе тапкі. Яна ўсё спадзяецца на папраўку.  Мы з Мірыкам прынеслі ёй тапкі і хадунок. Медсястра вельмі здзівілася, што мы прынеслі хадунок. Не хацела нас пускаць у палату, але мы сказалі, што хадунок патрэбен для псіхалагічнай падтрымкі. Пусціла. У палаце два ложкі. Я паглядзеў на сівую жанчыну, і падумаў, што мама змянілася да непазнавальнасці. Я не адразу зразумеў, што гэта зусім іншы чалавек. Маці спала на баку, накрытая прасцінай амаль з галавою. Яна спала і цяжка дыхала. Жанчына сказала, што трэба маму пабудзіць. Мы адмаўляліся, але яна настойвала. Пачала крычаць: “Алена Ўладзіміраўна, да Вас прыйшлі! Прачынайцеся! Яна Вас чакала! Вы павінны пабудзіць яе…” Мірык сказаў, што наша мама – Ніна Ўладзіміраўна. Ён пабудзіў маму, яна павярнулася да мяне і спытала: “Як ты? Кот цябе не крыўдзіць?” Дзеці – Юля, Коля і Вова з’ехалі на мора ў Літву, а мне ў кватэры пакінулі сваю котку Сару. Я сказаў, што кот мяне не крыўдзіць. Мама паскардзілася, што яе ўвесь час ванітуе. Ад салодкіх ёгуртаў, што прынёс Мірык яна адмовілася. Мы пакінулі каля ложка хадунок і тапкі. Усю ноч мне бачылася бальнічная палата з хворай маці. Не спалася, і я чытаў мярзотныя дзённікі савецкага кіношніка Нагібіна.

Плач

Каб не плакаць, не рыдаць і не крычаць, я выходжу на сярэдзіну майстэрні. Моцна заплюшчваю вочы і раскрываю рот. Не крычу. Стаю ціха. Крык бязгучна сыходзіць з мяне. Робіцца крыху лягчэй, нібыта выкрычаўся і выплакаўся. Можна зноў ісці ў бальніцу да маці, якая слабне і атдаляецца ад мяне ў незварот.

Любоў

Сыходзіць, прападае вялікая любоў, з якой мама да мяне ставіцца. Ніхто мяне так не любіў і не стане любіць, як любіць яна. Ад страты матчынай любові асабліва балюча, нібыта гэты боль вылучаны ў нейкую сваеасаблівую пакуту. Зрэшты, так яно і ёсць.

Страх

Баюся застацца без маці; падобны страх узнікаў у самым далёкім дзяцінстве, калі я баяўся заблукаць у лесе, на які павольна і несупынна апускаецца ноч.

Ёгурт

Доктар сказаў, што мы можам прынесці маме стравы, якія яна любіць. У краме я сказаў, што трэба браць ёгурт пусты, без дадаткаў, на што Мірык заўважыў, што маме можна ўжо не баяцца свайго дыябету. З майго правага вечна хворага вока выкацілася сляза.

Пекла

Калі гляджу на маці, у мяне адчуванне, што мы з ёю ў пекле. Яна пакутуе, я таксама ўвесь змучаны. Калі сыходжу з бальніцы, дык увесь час чакаю званка, з весткай пра яе смерць. Даводзіцца хавацца ў творчасць, у маляванне. Малюючы, я згадаў яе ўспамін пра дзяцінства і дзедаву кузню. Маленькая Ніна Глобус прыходзіла да свайго дзеда – Яна Александровіча ў кузню, і там ён варыў ёй – любімай унучцы – яечка ў жалезным кубку. Яечка зваранае ў дзедавай кузні грэла маю маму праз усё жыццё. Але за цёплым яечкам паўставала вогненнае пекла. Кузню ў Александровічаў забралі бальшавікі, але фашысты кузню вярнулі. Калі карнікі палілі нашу вёску Старую Рудзіцу, дзеда – Яна Леапольдавіча Александровіча, яны спалілі жыўцом у зачыненым гумне… Усё гэтае пекла маці пакідае мне, яна сыходзіць, а пекла застаецца, і я яго малюю ў тры фарбы – белая, чорная і вогненна-чырвоная.

Ядзя

Мама ўжо не можа гаварыць. Як казаў у такіх выпадках тата, у чалавека пачало забіраць мову. Ядзя сказала, што трэба нашу Ніначку Глобус прымушаць піць, трэба паіць яе з лыжачкі, трэба з ёю гаварыць. Усё так. Разумею, але ў мяне няма сілы глядзець на маці, якая пазірае на наш свет ужо толькі адным блакітным вочкам. Сіл няма… Спаць не магу… Ляжу і думаю пра яе, пра нашу пакутніцу маці… Заўтра абавязкова праведаю, занясу бацькаву кнігу найлепшых апавяданняў – “Песня”.

Два словы

Раніцай 8 жніўня напісаў два словы: “Мамы няма…”

Рэчы

У бальніцы мне выдалі маміны рэчы ў цалафанавых пакетах блакітным і белым. У адным з іх была паперка з запісам: “Глобус Н. В. Памерла 08.08.13 г. у 03-00”.

Доктарка

Доктарка, якая адказвала за палату энтэнсіўнай тэрапіі, дзе памерла мама, выглядае як Дон Кіхот. Высокая, сухая, стрункая, з маскай глыбокай журбы на твары яна штодня сутыкаецца з подыхамі смерці. Яна змагаецца са смерцю, як іспанскі рыцар з непераможнымі веліканамі. Яна ведае словы суцяшэння. Я ёй удзячны, бо яна зрабіла шмат, каб маме было крышку лягчэй у апошія дні і гадзіны.

Апошнія словы

Апошняе, што я пачуў ад мамы: “Слабасць. Зусім я саслабела. Зусім слабая…” Апошняе, што я ёй сказаў: “Ма, я цябе люблю…”

Развітанне

У суботу 10 жніўня мы ў крэматорыі развіталіся з мамаю…

Музейныя рэчы

Мама дажыла да таго паважнага веку, калі вакол яе стала шмат музейных рэчаў. Школы і ліцэі папрасілі ў яе татавы рукапісы і ўзнагароды. На яе дачы стаяў стол Уладзіміра Караткевіча. У фотаальбоме былі арыгінальныя здымкі Івана Мележа і Міхася Стральцова. Калі ўсе гэтыя музейныя рэчы зрабіліся запатрабаванымі, мама і пакінула нас.

Суцяшэнні

Пасля сядзення за жалобным сталом, я вырашыў прайсціся па горадзе. На выхадзе з метро незнаёмы хлопец высока над галавою ўзняў ражок з марозівам і сказаў: “Паглядзіце! Я тут сяджу на сонцы і напоўніцу адчуваю асалоду жыцця!” – “Які ты малайчынка!” – сказаў я маладому аматару ружовага марозіва і пайшоў у бок свайго дома. Пакуль я дайшоў да скрыжавання, сонца прапала, узняўся вецер, і над маім домам навісла цёмная хмара. Пад светлафорам стаяў іншы незнаёмы хлопец, які спытаў у мяне: “Як думаеце, моцна ўлупіць?” – “Моцна! Таму я і пабягу на чырвонае святло…” Не паспеў я забегчы ў дом, як з неба пасыпаліся буйныя кроплі. Стоячы ў пад’ездзе, падумаў, што ў маім абліччы нешта ўсё ж выдае несуцешны боль, таму нават чужыя людзі спрабуюць мяне падтрымліваць сваёй увагай. Яны не ведаюць пра маё развітанне з мамай, але бачаць боль і суцяшаюць самымі простымі і неабавязковымі словамі.

Муха

Убачыў на ваконнай раме муху. Звычайная шэрая жнівеньская муха грэлась на сонцы. Падумалася з нейкай малапераадольнай крыўдай: муха жыве, а мамы маёй няма. Раней так думаў толькі пра людзей, маўляў гэты глюганосы няздара псуе паветра, а тата мой таленавіты ляжыць у кальварыйскім пяску. Цяпер азліўся на муху, і думкі пра муху больш пякучыя, чым пра кепскіх людзей. Адназначна, больш пякучыя.

Кальварыя

Цяпер на Кальварыйскіх могілках знайшоў спачын і прах маці маёй –  Ніны Глобус. Далакопаў не знайшлося. Давялося самому выкопваць яму, хаваць важкую скарбонку з попелам і ставіць крыж. Добра, што мне дапамагаў брат. Штыкавая рыдлёўка была досыць вострай, таму лом і шуфаль не спатрэбіліся. Падхаванне маці да бацькі прайло сціпла і ўрачыста, без лішніх вачэй і словаў.

Сцішванне

Закапаў прах маці ў сухую, шэрую, поўную камянёў зямлю і захацелася сцішыцца. Захацелася маўчаць як даўжэй, каб нікога не патрывожыць сваім уздрыгваннем у няпэўным голасе. Толькі маўчаць не атрымалася. Трэба было ехаць, ісці на працу, размаўляць і рабіць выгляд, што нічога страшнага не адбылося, што ўсё нармальна і час ідзе сваім заўсёдным ходам.

Скаргі

Маці няма, і няма каму паскардзіцца на боль. Гэта мне баліць, тое ные, тут калоціцца… Маці выслухоўвала скаргі, і мне рабілася лягчэй. Яна нібыта забірала сабе частку маіх хваробаў і боляў, нібыта іх несла паперадзе мяне і ведала паратункі ад шмат якіх нягодаў. Цяпер я не магу падзяліць свой боль, нават маленечкую яго частку няма каму перадаць, а яшчэ я адчуў, як да майго болю паціху пачаў дадавацца і боль маіх дзяцей.

Віншаванне

Маці – першы чалавек, хто раніцай віншаваў мяне з днём нараджэння. Гэтага страчанага назаўсёды віншавання мне будзе моцна не ставаць, заўсёды.

Адам ГЛОБУС.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Каля мільёна чалавек атрымала падтрымку ў выглядзе прадуктовых набораў, ваўчараў, якія можна было «атаварыць», грашовых сродкаў, дастаўкі прадуктаў на дом, а таксама простай размовы па тэлефоне «гарачай лініі» са спецыялістам.

Грамадства

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Вядома, што гульня здольная захапіць усю ўвагу чалавека і не адпускаць яе доўгі час.

Культура

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

У Ташкенце прайшлі Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і ІV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана — падмурак новага Рэнесансу».

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.