Вы тут

ФАКТЫ, ПАДЗЕІ, НАВІНЫ


Вызначаны тыпавыя праекты жылых дамоў пад дзяржзаказ

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі падрыхтавала пералік тыпавых праектаў жылых дамоў, якія рэкамендуюцца для будаўніцтва па прынцыпе дзяржзаказу. Аб гэтым заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня рабочай групы па праблемных пытаннях у будаўнічай галіне Андрэй Кабякоў на чарговым пасяджэнні групы.

Цяпер у абласцях неабходна па кожным прапанаваным праекце жылога дома пралічыць рэсурсавым метадам кошт квадратнага метра на жнівень гэтага года з улікам заработнай платы будаўнікоў і нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва. "Гэта неабходна для таго, каб мы мелі ўяўленне аб рэальным кошце жылля для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама для вызначэння нарматыву кошту квадратнага метра для крэдытавання грамадзян. Акрамя таго, улічваючы атрыманыя цэны, мясцовыя органы ўлады змогуць рэгуляваць, якое жыллё па прынцыпе дзяржзаказу ім варта ўзводзіць у сябе ў рэгіёнах", — сказаў Андрэй Кабякоў.

Сяргей ПАЛІНІН.

Дэпазіт з фіксаванай стаўкай — 33% гадавых

Беларусбанк з 27 жніўня пачаў прыём грашовых сродкаў у беларускіх рублях ва ўклад "Гарантаваны даход" тэрмінам на 35 дзён, паведамілі рэдакцыі ў прэс-службе буйнейшага банка Беларусі.

Па новым дэпазіце мінімальная сума ўкладу — 100 тысяч рублёў, а даход — у памеры 33% гадавых. Стаўка даходу па такім дэпазіце фіксаваная, дзе папаўненне ўкладу не прадугледжана. Прыбытак далучаецца да рэшты ўкладу ў дзень заканчэння тэрміну захоўвання. Па заканчэнні 35 дзён робіцца аўтаматычная пралангацыя на аналагічны перыяд.

Пасля пралангацыі па ўкладзе дазваляюцца расходныя аперацыі ў межах астатку капіталізаванага даходу.

У сталіцы здаецца ў арэнду каля 42 тысяч кватэр

На пачатак жніўня на ўліку ў падатковых органах Мінска ў якасці кватэраздатчыкаў афіцыйна зарэгістравана 41706 фізічных асоб, што на 5422 чалавекі больш, чым за аналагічны перыяд летась.

Ад гэтай катэгорыі плацельшчыкаў у даход бюджэту паступіла 26,1 млрд рублёў падатку, што на 9,6 млрд рублёў больш у параўнанні з адпаведным перыядам 2012 года. Тэмп росту паступленняў у фактычных цэнах склаў 158%, паведамілі рэдакцыі ў прэс-службе падатковай галіны. За 7 месяцаў гэтага года ў дачыненні да вышэйназванай катэгорыі фізічных асоб праведзена 557 праверак, а выніковасць іх склала 99,8% (556 праверак).

Пасля такіх кантрольных мерапрыемстваў у бюджэт паступіла 315,5 млн рублёў, або 1,2% ад агульнай сумы добраахвотных паступленняў плацельшчыкаў за здачу кватэр.

Сярэдняя хатняя гаспадарка "з'ядае" ў месяц каля 6 млн рублёў

Паводле вынікаў выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, у І паўгоддзі наяўныя рэсурсы ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 5 996,1 тысячы рублёў у месяц, у разліку на члена хатняй гаспадаркі — 2 513 тысяч рублёў у месяц, паведамілі рэдакцыі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы на 17,5% перавысілі ўзровень тых жа наяўных рэсурсаў сельскіх жыхароў і склалі, адпаведна, 2 614,9 тысячы і 2 224,7 тысячы рублёў у месяц. Сёлета ў першым паўгоддзі доля хатніх гаспадарак з узроўнем сярэднедушавых наяўных рэсурсаў ніжэй за бюджэт пражытковага мінімуму (нацыянальнай рысы малазабяспечанасці) склала 4,2%, у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — 3,5%, у сельскіх населеных пунктах — 6,1%.

Спажывецкія расходы ў І паўгоддзі 2013 года склалі ў разліку на хатнюю гаспадарку 4 406,5 тысячы рублёў у месяц. У структуры спажывецкіх расходаў хатніх гаспадарак доля выдаткаў на харчаванне склала 41,7%, на куплю нехарчовых тавараў — 37%, на аплату паслуг 18,6%. У студзені — чэрвені сёлета разліковая велічыня бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва склала 980,1 тыс. рублёў у месяц.

Да ведама

Наяўныя рэсурсы — гэта грашовыя сродкі хатніх гаспадарак, кошт спажытых прадуктаў харчавання, вырабленых у асабістай падсобнай гаспадарцы, за мінусам матэрыяльных выдаткаў на іх вытворчасць і кошт атрыманых у натуральнай форме льгот і выплат.

Спажывецкімі выдаткамі лічацца грашовыя выдаткі хатніх гаспадарак на харчаванне, куплю алкагольных напояў, нехарчовых тавараў і аплату паслуг. У склад спажывецкіх выдаткаў не ўключаюцца падаткі і страхавыя ўзносы, матэрыяльная дапамога і іншыя выдаткі, не звязаныя са спажываннем, а таксама выдаткі, звязаныя з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі ў асабістай падсобнай гаспадарцы і назапашваннем (уклады ў банкі, купля нерухомасці, замежнай валюты і гэтак далей).

Сяргей КУРКАЧ.

У "хуткай" загінулі з-за ліхача

Упраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да вадзіцеля грузавога аўтамабіля, які ўрэзаўся ў машыну хуткай медыцынскай дапамогі на аўтадарозе Віцебск — Полацк. У выніку гэтага дарожна-транспартнага здарэння загінулі 4 чалавекі, 1 пацярпеў.

— У ходзе папярэдняга следства зафіксавана парушэнне кіроўцам грузавога аўтамабіля DАF патрабаванняў адразу некалькіх пунктаў правілаў дарожнага руху. Следчымі высветлена, што ён, кіруючы тэхнічна спраўным аўтацягніком, перавысіў дапушчальную хуткасць руху на 9 кіламетраў у гадзіну. У выніку кіроўца не справіўся з кіраваннем аўтацягніка, аўто выехаў на ўзбочыну і ўчыніў наезд на аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі, які стаяў там, — паведаміла Іна Гарбачова, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.

Канчатковае абвінавачванне кіроўцу грузавога аўтамабіля прад'яўлена па ч. 3 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх або больш асоб). Абвінавачаны ўзяты пад варту.

У сувязі са шматлікасцю і складанасцю праведзеных у рамках расследавання экспертыз, тэрмін следства па крымінальнай справе падаўжаўся да 3-х месяцаў. Матэрыялы крымінальнай справы перададзены ў пракуратуру Віцебскай вобласці для накіравання ў суд.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Ішла з працы, упала ў калодзеж

Такое здарэнне адбылося ў сталіцы па вуліцы Жылуновіча каля паловы дзясятай вечара.

Як высветлілася, 29-гадовы майстар аддзелачных работ вярталася з працы і ўпала ў адкрыты каналізацыйны калодзеж глыбінёй 10 метраў. Калі на месца прыбылі сталічныя выратавальнікі, пацярпелая знаходзілася на яго дне ў прытомнасці. Даставаць жанчыну давялося пры дапамозе альпінісцкага рыштунку. Потым яе даставілі ў бальніцу з папярэднім дыягназам "лёгкая чэрапна-мазгавая траўма, закрыты пералом абедзвюх ног".

Сяргей РАСОЛЬКА.

Трое ў лодцы... без сродкаў выратавання

На мінулым тыдні на Брэстчыне патанула трое рыбакоў. Усе трагедыі маюць падобныя абставіны. Мужчыны лавілі рыбу з лодак без выратавальных камізэлек. Акрамя таго, паводле інфармацыі таварыства выратавання на водах, усе трое перад рыбалкай прымалі моцныя напоі.

Так, у Ганцавіцкім раёне ўпаў з лодкі і патануў 48-гадовы жыхар Баранавічаў, у Пінскім — 60-гадовы рыбак з вёскі Ладараж. А ў Лунінецкім раёне на Прыпяці ў адной лодцы памясціліся адразу трое рыбакоў. Усе яны былі без сродкаў выратавання. Добра "адзначыўшы" пачатак рыбалкі, выплылі на сярэдзіну ракі. Лодка ў нейкі момант перавярнулася, адзін з прыяцеляў выплыць не здолеў.

Яна СВЕТАВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».