Вы тут

Працуюць зверху ўніз


Так характарызуе бізнес-супольнасць працу нашых мясцовых улад у дачыненні да развіцця прадпрымальніцтва ў рэгіёнах. Не першы раз ужо гэты факт агучваюць у якасці адной з найвялікшых перашкод на шляху малога і сярэдняга бізнесу. Але ж эканоміка не можа развівацца без прадпрымальніцтва. І як бы там ні было, развіцця яму ўсе жадаюць. Прынамсі вусна. Аднак не толькі. Канкрэтных захадаў таксама хапае. Бізнес удзячны, напрыклад, за Дырэктыву Прэзідэнта № 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці" і Дэкрэт № 6 "Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх пасяленняў, сельскай мясцовасці". Але праблем усё роўна яшчэ шмат застаецца. Літаральна на мінулым тыдні іх агучвалі на Савеце па развіцці прадпрымальніцтва. Яшчэ адно абмеркаванне на тую ж тэму, толькі больш вузкую (яна датычыцца менавіта прадпрымальніцтва ў рэгіёнах), зладзіў днямі Бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя праф. М. С. Куняўскага.

"Лішнія" могуць апынуцца ў малым бізнесе?

Канферэнцыя, зразумела, пачалася з выступленняў прадстаўнікоў Мінэканомікі — ведамства, якое непасрэдна адказвае за развіццё прадпрымальніцтва. Аказваецца, што сёння ёсць дзве тэндэнцыі ў краіне. "З аднаго боку, мы маем стабільнае павелічэнне паказчыкаў малога і сярэдняга бізнесу, — паведамляе Пётр Арушаньянц, намеснік дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі. — Пачынаючы з 2000 года, назіраецца прырост долі ў ВУП (спачатку па 0,5 працэнта, потым 1 працэнт, цяпер 2-2,5% у год). З іншага боку, у межах мадэрнізацыі эканомікі непазбежна адбываецца вызваленне часткі эканамічна актыўнага насельніцтва са сферы буйнога бізнесу ў іншыя сферы. Важна, каб гэтая свабодная працоўная сіла не знікла, не патрапіла ў нейкія невытворчыя сферы, а аказалася ў малым і сярэднім бізнесе. Гэта сёння найбольш перспектыўны сегмент эканомікі, які здольны дзякуючы гнуткасці і мабільнасці прыняць дадатковыя рэсурсы і іх эфектыўна выкарыстоўваць. Прытым зрабіць гэта за кароткі тэрмін". Між іншым, чыноўнік сказаў, што ў наступным годзе можа быць вызвалена каля 135 тысяч чалавек: "Мы падлічылі, што калі колькасць занятых у сегменце павялічыцца на гэтыя 135 тысяч, то да ВУП (звыш таго росту, які адбываецца) дадасца яшчэ 2,6%. А калі мы не далучым гэтае насельніцтва да малога і сярэдняга бізнесу, тады людзі альбо застануцца ў буйным бізнесе і будуць там лішнімі, альбо стануць беспрацоўнымі, а тут пачнуцца ўжо сацыяльныя праблемы".

Пётр Арушаньянц, хаця і лічыць нядрэнным вынікам 58-е месца ў рэйтынгу вядзення бізнесу, упэўнены, што падтрымка бізнесу ў Беларусі павінна ісці ў розных кірунках — і матэрыяльна, і інфармацыйна, і адукацыйна. "Пакуль што абмяркоўваецца, ці ствараць нам нейкую адзіную структуру, падобную да адпаведных у Казахстане і Расіі, цэнтральны суб'ект інфраструктуры, які ўзаемадзейнічае з рэгіянальнымі суб'ектамі (і дзяржаўнымі, і прыватнымі), забяспечвае каардынацыю сеткі інфраструктуры; ці аддаць перавагу кропкавай дапамозе".

Эканоміцы варта прыняць гарызантальнае палажэнне

Кацярына Чарняўская, намеснік начальніка ўпраўлення рэгіянальнага развіцця і навакольнага асяроддзя Мінэканомікі, вярнулася да тэмы планаў: "Пры наяўнасці бачання кожнай канкрэтнай тэрыторыяй перспектыў свайго развіцця можна казаць аб магчымасці прыцягнення інвестыцый, стварэння новых прадпрыемстваў, новых працоўных месцаў, а значыць, і павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Тады прасцей будзе складаць перспектыўныя праграмы, якія будуць візітоўкай рэгіёна для інвестара". Аднак Жанна Тарасевіч, сустаршыня праўлення, дырэктар БСПН імя Куняўскага, звярнула ўвагу на тое, што "рэгіёны чакаюць, пакуль ім давядуць паказчыкі "зверху", працуюць "зверху ўніз". Для прыкладу, у Германіі, па яе словах, працуюць больш "гарызантальна". Там і канцэпцыі развіцця на ўзроўні рэгіёнаў практычна не маюць колькасных паказчыкаў: "Яны адлюстроўваюць якасныя параметры развіцця. Мясцовыя органы вызначаюць кірунак развіцця. А далей на аснове гэтага прымаюцца канкрэтныя захады", — распавядае Жанна Тарасевіч і заяўляе, што ў нас, на жаль, пакуль няма нават паняцця "канкурэнцыя рэгіёнаў". Акрамя таго, "у нас рэгіянальнае развіццё зводзіцца, перш за ўсё, на датацыі. У еўрапейскім заканадаўстве існуе забарона на субсідыі. Ёсць, зразумела, выключэнні. Але там проста так грошы не раздаюць. Там стымулююць да развіцця. І мы павінны памятаць, што ўступаючы ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, у інтаграцыйныя аб'яднанні мы таксама бяром на сябе пэўныя абавязацельствы па зніжэнні ўзроўню субсідзіравання".

Шукаем рашучых прадпрымальнікаў

"На мой погляд, калі размова ідзе пра павышэнне ролі малога бізнесу ў развіцці рэгіёнаў, то мы маем на ўвазе не тое, каб іх стала больш (гэта таксама важна, але сёння гэта ўжо не праблема), а каб гэтыя суб'екты больш актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні валавога рэгіянальнага прадукту", — сцвярджае Таццяна Быкава, кандыдат эканамічных навук, дацэнт. Яна лічыць, што развіццё вытворчага прадпрымальніцтва — дастаткова складаны працэс, "бо для гэтага патрэбны вялікія рэсурсы, бо вельмі высокі ўзровень канкурэнцыі. І асмеліцца на стварэнне сваёй, нават нязначнай, вытворчасці можа не кожны". Перашкодамі на шляху будучага і цяперашняга бізнесмена спецыяліст, як і многія, лічыць высокія падаткі, адсутнасць доступу да вытворчых плошчаў. "Табе не патрэбна было памяшканне 15 гадоў, а на шаснаццаты раптам спатрэбілася, і ты гатовы забіць прадпрыемства, якое развіваецца, — звярнулася фігуральна Таццяна Быкава да дзяржаўных уласнікаў. — Неабходна, каб адбывалася рэструктурызацыя ўласнасці на карысць больш эфектыўнага ўласніка. Іначай аб доўгатэрміновых інвестыцыях размова ісці не будзе. Арандаванае не развіваюць, а "выкачваюць" з яго ўсё магчымае".

Непакоіць спецыяліста зноў-такі недаступнасць фінансавых рэсурсаў: "Нягледзячы на тое, што колькасць банкаў, іх філіялаў расце, не ўмеюць яны, на жаль, працаваць з суб'ектамі малога прадпрымальніцтва. Вельмі высокія стаўкі па крэдытных прадуктах". Аднак на гэты выпад адказаў Георгій Бадзей, ганаровы старшыня праўлення БСПН імя Куняўскага. Ён звярнуў увагу на тое, што "наязджаць" на банкі, на яго думку, несправядліва, паколькі іх стаўкі зыходзяць з рэальнага стану эканомікі краіны.

***

Уладзімір Карагін, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, падчас дыскусіі сказаў: "Сусвет сёння прырастае менавіта рэгіянальным развіццём. Не сталічным росквітам, якім нікога не здзівіш. Вышэйшым пілатажам з'яўляецца развіццё бізнесу ў рэгіёнах". Добрая метафара. Пакуль пішам планы, праходзіць час, — і мы зноў адстаём. Зноў толькі планы, планы. Гэта ўсё паўтараецца, як мантры. Але ж эфект ад таго наўрад ці які будзе. А высакакласнымі пілотамі становяцца толькі на практыцы. Тэарэтычнай базы ўжо хопіць — дзякуй Богу, усе чытаць умеюць.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.