Вы тут

Дзмітрый Ціхамолаў: "Аднойчы Шумахер пераблытаў мяне з Халкам Хоганам"


Людзі нездарма кажуць: "Добры стырнавы — палова ад поспеху экіпажа". Але быць кіраўніком у спорце надзвычайна складана. Бо трэба адначасова ведаць спартыўную "кухню", быць выдатным менеджарам, дырэктарам і валодаць лідарскімі якасцямі. Усё гэта добра стасуецца з асобай прэзідэнта Беларускай федэрацыі бокса. Калісьці Дзмітрый Ціхамолаў быў паспяховым савецкім баксёрам, удзельнічаў у легендарных баях СССР — ЗША ў 1974 г., але ў алімпійскую зборную так і не трапіў. Цяпер ён марыць прывесці да алімпійскіх медалёў сваіх падапечных. Карэспандэнт "Звязды" сустрэўся з Дзмітрыем Паўлавічам, каб даведацца, ці сапраўды суддзі прадузята ставяцца да беларускіх баксёраў, у чым сакрэт папулярнасці муай-тай і чаму прафесійны бокс падобны да шоу-бізнесу.

Мінскі вулкан

— Беларускія юніёры зусім нядаўна вярнуліся з Ротэрдама, дзе праходзіў моладзевы чэмпіянат свету. Як ацэньваеце выступленне спартсменаў?

— Тры "бронзы" і чатыры пятыя месцы — неблагія вынікі.Трэба разумець, што фактычна за два гады гэтыя 18-гадовыя байцы падужэюць і ўжо змогуць прэтэндаваць на Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанейра. Ва ўсякім выпадку, канкурэнцыя ў асноўнай камандзе будзе.

1377865318289_30-12

— Пасля заканчэння чэмпіянату Еўропы па боксе, які праходзіў у Мінску, прайшло тры месяцы. З якімі эмоцыямі ўспамінаеце хатняе першынство кантынента?

— Гэта быў сапраўдны вулкан. Яркі момант у жыцці, багаты на падзеі, прыгожыя баі, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Усе сыходзяцца на думцы, што наш чэмпіянат быў арганізаваны на вышэйшым узроўні. Напрыклад, у Ратэрдаме было шмат парушэнняў, нязручнасцяў. Гэта датычыцца і размяшчэння, і харчавання. Па апошнім увогуле шмат прэтэнзій. Ледзь не кожны дзень — макарона. А на сняданак — толькі яечня і сыр! І абмежаванні па порцыях. Баксёры хадзілі галоднымі. Хлопцы, якія зганялі вагу, аддавалі свае талоны калегам, каб тыя трохі падсілкаваліся. У нас такога не было. Ніякіх талонаў — прыходзь і еш колькі ўлезе.

Кулуарныя гульні

— У Мінску беларусы здабылі тры "бронзы" і адно "серабро"... якое павінна было быць "золатам". Згодны, што Вазгена Сафар'янца папросту засудзілі?

— Адназначна, гэта быў выйграны бой. Калі дэталёва разглядаць той паядынак, то першы раўнд Вазген выйграў, другі — тактычна граматна аддаў, у трэцім барацьба была роўная. Памылка была толькі ў тым, што, аддаючы другі раўнд, ён дазволіў саперніку злавіць кураж. Няхай ты будзеш менш актыўным у атацы, але важна захоўваць ініцыятыву, асабліва ў канцы раўнда. На апошніх секундах трэба было нанесці некалькі дакладных удараў, але Вазген гэтага не зрабіў. Яшчэ трэба ўлічваць, што суддзі назіраюць за паядынкам з розных бакоў: адзін суддзя бачыць удар, другі — не. Але самы супярэчлівы момант — выяўленне пераможца. Камп'ютар выпадковым чынам улічвае тры судзейскія рашэнні з пяці. Што гэта за праграма? Хто яе напісаў? Як яна працуе? Ніхто не ведае. Уявіце, па занатоўках суддзяў выйграе баксёр у чырвоным кутку — 3:2, а камп'ютар аддае перамогу спартсмену ў сінім кутку — 2:1. Зразумела, што такі расклад не можа нас задавальняць. Трэба пераглядаць гэту сістэму.

— Калі параўноўваць судзейства адносна нашых спартсменаў на чэмпіянаце Еўропы і на Алімпіядзе ў Лондане, няма адчування дэжавю?

Абсалютна не. Мала таго, я не ўхваляю выказванні нашых баксёраў пра тое, што на сусветных і кантынентальных першынствах да Беларусі ставяцца прадузята. Некаторым проста зручна спісваць свае няўдачы на несправядлівыя судзейскія рашэнні. І патрыятызм тут зусім не пры чым. Пасля Алімпіяды не раз даводзілася чуць недарэчную здагадку, быццам Азербайджан заплаціў 12 млн долараў за залаты медаль ў суперцяжкай вазе. Ну і дзе "золата"?! Мамедаў так і застаўся з "бронзай" (у баі за "бронзу" азербайджанскі баксёр Теймур Мамедаў перамог беларуса Сяргея Карнеева. — Аўт.). Усё гэта кулуарныя, альбо нават калякулуарныя, гульні. Прафесіяналы гэта разумеюць і не звяртаюць увагі.

Бізнесмен у баксёрскіх пальчатках

— Дзмітрый Паўлавіч, вы — паспяховы бізнесмен. Выкажу здагадку, што прадпрымальніцкая дзейнасць дапамагае кіраваць федэрацыяй бокса...

— Вы маеце рацыю. Па вялікім рахунку бокс — гэта і ёсць вытворчасць. Мы рыхтуем прафесійных баксёраў. Яны ў сваю чаргу павінны максімальна карыстацца магчымасцямі, якія прапануюць ім федэрацыя і Міністэрства спорту. Дык вось, як бізнесмен я дакладна ўяўляю — каму плаціць, каму не плаціць, колькі плаціць, якія межы вызначаць. Калі я прыйшоў на гэтую пасаду, то ўвёў рэйтынг баксёраў, які яны павінны пацвярджаць, каб атрымліваць дадатковае фінансаванне. Важна, каб спартсмены разумелі: толькі плённая праца і адпаведныя вынікі прыносяць матэрыяльны дастатак.

У маладосці, калі я працаваў выкладчыкам ва ўніверсітэце, мне не хапала грошай, і я падпрацоўваў таксістам. А калі скончыў спартыўную кар'еру, быў час, калі разгружаў вагоны з соллю. Жыццё прывучыла цаніць цяжкую працу. Я вельмі хутка адрозніваю гультаёў ад працавітых спартсменаў. А гэта значна палягчае маю задачу. Падапечныя ведаюць, што для мяне няма слова "не". А ёсць "Трэба падумаць, што можна зрабіць". Таму некаторым трэнерам і кіраўнікам спартыўных ведамстваў цяжка са мной весці перамовы. Многія забываюць: акрамя таго, што я прадпрымальнік, я яшчэ і баксёр, і свой прадмет ведаю добра. Мяне вельмі складана ашукаць.

Віск і плясканне ў Лас-Вегасе

— Многія спартсмены пераходзяць у прафесійны бокс, цалкам не рэалізаваўшы сябе на аматарскім узроўні. Вы бачыце ў гэтым праблему?

— Безумоўна. Але ў эліту прафесійнага бокса так ці інакш трапляюць спартсмены, якія сталі паспяховымі ў аматарах. Бо пра сур'ёзныя кантракты можа ісці гаворка толькі тады, калі ты станеш алімпійскім чэмпіёнам, чэмпіёнам свету ці хаця б чэмпіёнам Еўропы. А многія нашы баксёры (я маю на ўвазе беларускіх, расійскіх, украінскіх) чамусьці лічаць, што за мяжой яны будуць атрымліваць большыя грошы, пры гэтым не паказаўшы добрых вынікаў, выступаючы за Радзіму. Яны памыляюцца — і трапляюць у суровыя ўмовы, дзе яскрава прасочваецца тэндэнцыя: можаш — значыць будзеш зарабляць вялікія грошы, не можаш — цябе будуць выкарыстоўваць як гарматнае мяса.

— Прафесійны бокс прыраўноўваецца ледзь не да шоу-бізнесу. Ваша стаўленне да ўсёй гэтай мішуры, якая суправаджае прафесійныя баі?

— Давайце будзем шчырымі, бокс — гэта кроў. Як бы не ставіліся да таго ці іншага баксёра гледачы, яны чакаюць, што паядынак скончыцца накаўтам. Гэта ж гладыятарскія баі. Цалкам перадаць гэтую надзвычайную атмасферу можа хіба толькі Lаs Vеgаs MGM Grаnd Аrеnа, дзе адбываюцца так званыя "чэмпіёнскія баі". Уявіце, 25 тысяч гледачоў! І ўсе "хварэюць" за аднаго ці другога — гудзяць, свішчуць, пляскаюць у далоні і вар'яцеюць ад захаплення. Ніколі не заўважаў у гэтым чагосьці дрэннага (задумліва). Адкройце любы сайт, прысвечаны прафесійнаму боксу. Пачынаеш чытаць — зацягвае, забываешся на працу. Вядома, можна проста глядзець баі, ведаць імёны чэмпіёнаў, але, каб глыбока разумець бокс, трэба валодаць больш падрабязнай інфармацыяй. Напрыклад, усе ведаюць Майка Тайсана. Аднак мала хто чуў, пра яго трэнера Коста Д'амата, які адзіны, хто зразумеў, што гэты хлопец не здольны баксіраваць дванаццаць раўндаў, але за тры адарве галаву любому. Вось Д'амата і стаў мэтанакіравана рабіць з яго вельмі хуткага баксёра. Памёр трэнер, і Тайсан стаў прайграваць. Вось вам і гісторыя. І падобных у прафесійным боксе вялікае мноства.

"Правялі эксперымент — жахнуліся"

— Ці справядліва будзе сцвярджаць, што зараз ў Беларусі муай-тай больш папулярны за класічны бокс?

— Думаю, так. Я ўжо не раз адзначаў, што класічны бокс пакутуе праз недастатковасць ведаў нашых трэнераў. Што казаць, калі некаторыя спецыялісты не здольны патлумачыць звычайнаму чалавеку розніцу паміж тайскім і класічным боксам.

— Муай-тай часта называюць "крывавым спортам". Атрымліваецца, ён больш траўматычны за класічны бокс?

— Безумоўна. Што такое муай-тай? Бі куды хочаш і як хочаш. Стукні нагой наводмаш у ніжнюю сківіцу — і гатовы. Класічны ж бокс дакладна рэгламентуе зону ўдараў — толькі корпус і ніжняя частка твару. Але ў тайскім боксе ёсць і станоўчыя моманты. Мне падабаецца яго філасофія і тое, як трэнеры яе выкладаюць. Яны шмат чытаюць, праводзяць разнастайныя рытуалы, яны вераць ва ўсё гэта! А нашы трэнеры, на жаль, мала што ведаюць пра свой від спорту. Запытай у іх, чаму лорд Байран, Джэк Лондан ці Эрнест Хемінгуэй займаліся боксам, хіба адкажуць?! А гэта гісторыя бокса. Але і з практыкай ёсць каласальныя праблемы. Аднойчы ў нас праводзіў семінар вядомы расійскі спецыяліст Васіль Філімонаў, які чытае лекцыі ў Міжнароднай акадэміі бокса. Мы папрасілі яго правесці невялікі эксперымент. Васіль Іванавіч даў заданне ўдзельнікам семінара — прадэманстраваць на баксёрах практыкаванні для адпрацоўкі пэўных дзеянняў. Гэта быў жах! Трэнеры элементарна не ведалі, як паставіць удар, як павінны стаяць ногі і куды трэба пераносіць вагу цела. А яны ж атрымалі вышэйшую спартыўную адукацыю! Значыць, такія патрабаванні былі да залікаў і іспытаў. Таму цяпер мы актыўна ўзаемадзейнічаем з універсітэтам фізкультуры: уносім пэўныя змены у вучэбную праграму. Мая думка — трэба рабіць больш жорсткімі патрабаванні да абітурыентаў. Падрыхтоўка трэнерскіх кадраў не павінна быць канвеерам.

Іншапланецяне з СССР

— Дзмітрый Паўлавіч, можаце ўспомніць свае першыя ўражанні, калі трапілі ў ЗША ў складзе савецкай зборнай па боксе?

Вядома, тады мы ўспрымалі гэту краіну як іншасвет. У сваю чаргу амерыканцы таксама прымалі нас ледзь не за іншапланецян. Усе ведалі абрэвіятуру з назвай нашай краіны, якую можна было пабачыць у нас на спартыўных касцюмах, падыходзілі, пыталіся пра Савецкі Саюз. Бо ўсе веды пра СССР у мясцовых жыхароў зводзіліся да Чайкоўскага, Дастаеўскага, Масквы і мядзведзяў. Тое, што ў Савецкі Саюз уваходзіць 15 рэспублік, тое, што ў нас ёсць чыгунка, аўтамабільныя магістралі, тое, што мы таксама слухаем амерыканскую музыку і чытаем амерыканскіх пісьменнікаў, — усё гэта трэба было тлумачыць. Дарэчы, час ад часу мне і цяпер даводзіцца тлумачыць замежнікам, з якой я краіны. Гадоў дзесяць таму зноў-такі ў ЗША быў забаўны выпадак. Да мяне падышоў цёмнаскуры хлопец і запытаўся, дзе знаходзіцца Беларусь. Я намаляваў яму карту, дзе пазначыў суседнія краіны — Польшу, Расію... Ён доўга углядваўся ў малюнак, намагаўся нешта зразумець, а потым спытаў: "У вас ёсць такія, як я, — цёмнаскурыя?". Я кажу: "Так. І нават маленькія дзеткі". На што ён робіць характэрны жэст і кажа: "Класная краіна!" (смяецца).

— Вас часта параўноўваюць з вядомым амерыканскім рэстлерам і акцёрам Халкам Хоганам. Адкуль узяўся такі незвычайны імідж?

— Гэта вельмі забаўная гісторыя (смяецца). Аднойчы на вечарынцы сябры параўналі мяне з Халкам Хоганам. І яшчэ дадалі: "А былі б у цябе больш доўгія валасы і пышныя вусы — зусім адзін твар!". У выніку з мяне ўзялі абяцанне адрасціць валасы і вусы. Адрасціў, надзеў бандану, сфатаграваўся. Калі побач пакласці два здымкі — мой і амерыканца, то, здаецца, не вельмі падобны, а калі паасобку, пэўнае падабенства ёсць. А потым мяне пачалі блытаць з Хоганам. Аднойчы ў Маскве да мяне падышоў хлопец і пачаў размаўляць па-англійску, называючы мяне Халкам. Я падыграў, сказаў, што яго брат. Але самы адметны выпадак здарыўся ў Берліне. Наведваў бой Клічко. Стаю на чырвонай дарожцы, чакаю сяброў, навокал — папарацы, "зоркі" шоу-бізнесу і спорту. І тут пад'язджае Міхаэль Шумахер. Падбягае, ляпае па плячы і кажа: "Прывітанне, Халк. Як справы?". Здзіўлена адказваю: "Нармальна". Ён: "Ну, добра. Паразмаўляем яшчэ падчас бою" (смяецца).

— Як трымаеце сябе ў тонусе?

— Кожную раніцу мінімум паўгадзіны раблю зарадку. Акрамя гэтага, некалькі разоў на тыдзень дазваляю сабе больш сур'ёзныя нагрузкі — практыкаванні з баксёрскім мяшком ці актыўныя прагулкі з сабакамі. У мяне дзве сярэднеазіяцкія аўчаркі, альбо, па-навуковаму, алабаі. Вельмі добрыя ахоўнікі і напарнікі па прабежцы (усміхаецца). Увогуле я не дрыжу над сваім здароўем. Вядома, думаю пра пэўныя абмежаванні ў харчаванні, фізічных нагрузках, адпачынку... Але насамрэч думаць трэба менш. Нядаўна ўнучка раніцай папрасіла мяне забраць яе з дзіцячага садка. Я адказаў ёй: "Шмат працы. Я падумаю". На што пачуў геніяльны па сваёй мудрасці адказ: "А ты не думай — забяры".

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. 

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.