Вы тут

Калі не па-брацку, дык хоць бы па-людску


...Некалі спытай любога падлетка: «Чалавек чалавеку — хто?» Ён з ходу адчаканіць: «Сябар, таварыш і брат!» Ужо потым, падросшы, дзіця зразумее, што ў такім вось статусе можа быць абмежаваная колькасць людзей. А ўсе астатнія? Як трэба ставіцца адно да аднаго незнаёмым — на вуліцы, у аўтобусе, краме, нейкай установе?

Гэтыя пытанні, напэўна, толькі збянтэжылі б таго падлетка. Ды і дарослых яны могуць загнаць у тупік. Хоць адказ тут, здавалася б, просты: кожнаму хочацца, каб незнаёмы чалавек ставіўся да яго калі не па-брацку, то хоць бы па-людску. Мая старэнькая маці, напрыклад, едучы ў запоўненым транспарце, заўсёды пыталася ў іншых, ці зручна ім.

Што ж цяпер тыя іншыя? Бяруся сцвярджаць: для большасці самае галоўнае — як мага хутчэй заняць свабоднае месца, потым «папрацаваць» плячыма, локцямі і каленямі, каб зручней уладкавацца і, нарэшце, ужо нават не закрываючыся кніжкамі-газетамі, «адключыцца» — ва ўпор не бачыць ні старых, ні жанчын, ні дзяцей.

Для ілюстрацыі, што называецца, малюнкі з натуры, якіх толькі ў Мінску за дзень назбіраецца сотні. Пад святлафорам на перакрыжаванні стаіць бабулька ў акулярах-тэлескопах і з кіёчкам — чакае зялёнага агеньчыка. Ён загараецца. Старэнькая асцярожна ступае з тратуара на праезную частку, але нават некалькіх крокаў зрабіць не паспявае: перад ёю (на адлегласці некалькіх сантыметраў!) праносіцца велізарная іншамарка. Бабулька ад нечаканасці проста слупянее! І... гэта шчасце яе, бо за той машынай як з ланцуга зрываюцца іншыя... сем.

Гэта проста цуд, што жанчына не разгубілася (можа, прывычная?) і перайшла дарогу потым. З процілеглага боку, на святлафоры ўсё яшчэ гарэў зялёны агеньчык, якога, як і самой бабулі, «не бачылі» кіроўцы васьмі (!) машын.

Мне падаецца, што назваць іх толькі парушальнікамі дарожнага руху — мала. Яны — самыя натуральныя нягоднікі, хамы...

І каб толькі яны. Для жыхароў мікрараёна Уручча-6 самы кароткі шлях да метро — пехам, праз парк. Там, што натуральна, любяць гуляць маладыя бацькі і бабулі-дзядулі з дзеткамі... Ну няхай яны, малыя, тупаюць па дарожцы... Няўжо цяжка адкаціць каляску ўбок?

У выніку людзі з клункамі ў руках вымушаны абыходзіць гэтыя «барыкады» па газоне. Да бацькоў немаўлят чамусьці не даходзіць, што яны не паважаюць іншых, што яны замінаюць ім.

І ў метро, праз адносна свабодны вагон, здараецца, не прайсці, каб не наткнуцца на выстаўленыя ногі. Здаровыя дзецюкі мала таго, што ў гарачыню паздымалі з сябе ледзь не ўсё — сарочкі, штаны, прыстойны абутак — дык яшчэ і вагонныя лаўкі імкнуцца ператварыць у пляжны тапчан ці шэзлонг.

Змешаныя пачуцці апаноўваюць мяне калі бачу, як паводзяць сябе маладыя мужчыны, якія едуць разам з дзяўчатамі. Бывае, што дзяўчаты ўстаюць — прапануюць старэйшым месца. Хлопцы ж застаюцца сядзець. Ім пры гэтым зусім не сорамна. А яшчэ ў транспарце стала нормай заняць месца самому, а побач пасадзіць малое... На тое, каб узяць яго на калені, а заадно павучыць, наяве паказаць дзіцяці, як трэба паважаць старэйшых, як саступаць месца, розуму не хапае. Што потым вырастае з дзяцей?.. Яшчэ адзін малюнак. Канцавая станцыя метро. Падыходзіць цягнік. Я — каля самых дзвярэй вагона. Але ж, калі дзверы расчыняюцца, перада мной узнікае дзяўчо гадоў 14. Міжволі і лёгенька пасунуўшы яе, каб зайсці ў вагон першым, пачуў: «Ты бачыў? Ён піхнуў мяне!». Дзяўчынка абуралася, скардзілася свайму такому ж юнаму спадарожніку... Той, праўда, нічога не сказаў ёй. Але ж, падалося, ведаў, як паводзіць сябе са старэйшымі, каго трэба прапускаць наперад.

А паспрабуй каму-небудзь зрабіць заўвагу...

Па-першае, цябе ўмомант змяшаюць з брудам... Як правіла, пры поўным маўчанні прысутных. Значыць, яны, гэтыя прысутныя, згодныя з хамамі?

Неяк разам са мной у вагоне метро ехалі дзве дзяўчынкі. З паводзінамі адной з іх яшчэ можна было мірыцца, а вось другая паводзіла сябе развязна... Не вытрымаў — зрабіў заўвагу і зусім не чакаў, што пасля гэтага на месца паставяць... мяне. «Не чапайце дзіця! — загадаў, прынамсі, мужчына майго ж веку. — У яго ёсць бацькі, настаўнікі... Няхай яны і выхоўваюць... Не ваша гэта справа».

Хто-небудзь можа сказаць, што я вельмі ўразлівы чалавек. Пагаджуся, але толькі часткова. Бо падобныя, скажам так, непрыгожыя выпадкі абураюць усіх маіх знаёмых самага рознага ўзросту. Паглядзіце, што робіцца ў людных месцах. Усюды — яскравая дэманстрацыя грэблівага стаўлення асобных людзей да грамадства, да правілаў агульнага, супольнага жыцця. У адной з газет прачытаў, што дарослага чалавека ў электрычцы ўдарылі толькі за тое, што ён... усміхаўся, у другой — егер абураўся, што людзі цяпер «б'юць усё, што бяжыць, ляціць і коціцца», што яны, людзі, больш небяспечныя за самых драпежных звяроў.

Не буду займацца ідэалізацыяй мінулага: хамаў, нахабнікаў, нягоднікаў, асоб з крымінальнымі схільнасцямі, людзей амаральных хапала ва ўсе часы. Але неабыякавасці, бяруся сцвярджаць, раней было значна больш, чым цяпер.

Што крыўдна, як падаецца, гэта мала каго хвалюе. Мы верым у Бога (вунь колькі цэркваў пабудавалі!), а яго запаведзі парушаем на кожным кроку...

«Чалавек чалавеку воўк», — гаварылі жыхары старажытнага Рыма. Можа, і занадта жорстка, але гэтак тады было. Пасля чаго магутная Рымская імперыя пачала імкліва развальвацца. Мы такім шляхам не пойдзем, але ж падумаць над пытаннем, хто мы адзін аднаму, ніколі не будзе лішнім.

Генадзь ШЭРШАНЬ.
г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».