Вы тут

Сучасным дзецям — «разумную» школу


Для кіраўніка 1 «А» новай сталічнай сярэдняй школы № 51 Ганны ДУБНАВІЦКАЙ і некаторых яе падапечных навучальны год пачаўся крыху раней, чым у многіх: з рэпетыцыі першай школьнай лінейкі. У Ганны Мікалаеўны 24 першакласнікі. Хоць яна ўжо і пазнаёмілася з імі, прызнаецца, што адчувае хваляванне напярэдадні навучальнага года. Па словах маладой настаўніцы, якая трапіла сюды па размеркаванні пасля ўніверсітэта, будучыя першакласнікі з задавальненнем удзельнічаюць у падрыхтоўцы свайго першага школьнага свята і з нецярпеннем чакаюць паходу ў школу.

1377900661905_1

 

Яно і не дзіўна: ад аднаго выгляду навучальнай ўстановы, што сёлета адкрываецца ў мікрараёне Лошыца — 4, самому хочацца ўзяць заплечнік і вярнуцца ў першы клас. Новенькі будынак школы лёгка пазнаць: ён вылучаецца сярод забудовы мікрараёна сваімі яркімі колерамі. Унутры — таксама цёплыя сонечныя колеры, а яшчэ — прастор.З 1 верасня ў Мінску стартуе новы праект — «Электронная школа

». Удзельнічаюць у ім 11 устаноў адукацыі, сярод якіх і школа № 51. Праект прадугледжвае пераход да электроннага дакументаабароту. Напрыклад, з'явяцца электронны журнал і дзённік.

1377900663372_2

 

Такім чынам будзе наладжана і індывідуальная работа з вучнямі, і віртуальны дыялог настаўнікаў з бацькамі. Настаўнік зможа патлумачыць, чаму ён паставіў тую ці іншую адзнаку, накіраваць дадатковыя заданні ў выглядзе прымацаваных файлаў, спасылкі на электронныя падручнікі і іншыя рэсурсы для школьніка. Бацькі, у сваю чаргу, таксама змогуць задаць пытанне педагогу.

Яшчэ адна навінка — электронная карта, якая адначасова будзе служыць і электронным пропускам, і сродкам безнаяўнай аплаты. З яе дапамогай вучні змогуць праходзіць на тэрыторыю школы, аплачваць харчаванне ў школьнай сталовай, карыстацца школьнай бібліятэкай, а са з'яўленнем электроннага праязнога — ездзіць у грамадскім транспарце. Сёння ў некалькіх школах існуе толькі сістэма электронных прахадных. Новая сістэма павінна «выхаваць» адказнасць у школьнікаў за свае дзеянні. Калі праект «Электронная школа» «прыжывецца» ў сталіцы, у хуткім часе яго падхопяць і рэгіёны.Сам навучальны працэс у 51-й школе таксама будзе арганізаваны ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Акрамя абсталяваных для старэйшых вучняў кабінетаў інфарматыкі, тут ёсць і камп'ютарныя класы для малодшых: у іх настаўнікі могуць праводзіць факультатывы з выкарыстаннем новых тэхналогій — тым больш што з камп'ютарамі сёння на «ты» і дашкаляты. Ёсць тут нават кабінет інтэрактыўнага апытання, у якім імгненна можна атрымаць вынік той ці іншай апытанкі, а таксама шэсць лінгафонных класаў для вывучэння замежных моў.

1377900665243_3

 

У новай высокатэхналагічнай школе вучні не будуць пазбаўлены і неабходнага «класічнага» абсталявання. Да іх паслуг — вялікія спартыўныя залы (гімнастычная, трэнажорная, харэаграфічная), вялікая і малая актавыя залы, канферэнц-зала, сталовая... Ёсць і медкабінет — з кіслароднымі кактэйлямі і дыягнастычным апаратам, які вымярае ціск, пульс і вызначае аб'ём фізічнай нагрузкі, неабходнай для кожнага вучня. Дарэчы, увогуле ўстанова можа прыняць 765 навучэнцаў. Сёлета ж на першую лінейку прыйдуць каля 500 дзяцей і 35 педагогаў, з якіх двое маладых спецыялістаў і 17 настаўнікаў вышэйшай і першай катэгорыі.

Новая школа яшчэ толькі пачынае сваё жыццё, а планы ў яе адміністрацыі дзесьці ўжо далёка наперад і, пэўна, здольныя ахапіць схільнасці і інтарэсы ўсіх навучэнцаў. Апроч таго, што ўхіл у 51-й сярэдняй школе будзе зроблены на матэматыку, тут збіраюцца развіваць таксама турызм і скалалажанне (усталяваць скаладром) і нават заснаваць сваё школьнае тэлебачанне. А пакуль што перад вучнямі і педагогамі стаіць іншая задача — закласці моцны падмурак у новым храме ведаў. Ці варта казаць, што яны адчуваюць вялікае хваляванне і не менш вялікую адказнасць. Але яны ўпэўнены: усё ў іх атрымаецца.

— Калі мы рэпеціравалі першую лінейку, у небе з'явіліся дзве вясёлкі. Я думаю, гэта добры знак, — усміхаецца намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Кацярына Фёдарава.

Што ж, няхай шлях новай школы, яе вучняў і педагогаў будзе такім жа — добрым ды вясёлкавым.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Загаловак у газеце: Сучасным дзецям — «разумную» школу, або Каб «матэматыкі» ў «горы» маглі пайсці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?