Быхаў стаў сталіцай ХХ юбілейнага Дня беларускага пісьменства і адзначыў яго ў выхадныя дні з размахам. Хваля святочных мерапрыемстваў літаральна захліснула горад і нікога не пакінула абыякавым.
Берагчы спадчыну
Надзвычай прыгожай і стыльнай атрымалася цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства: на галоўную сцэну выйшлі гістарычныя персанажы ў выдатных строях, потым адбылося прадстаўленне ўсіх гарадоў-сталіц беларускага свята, парадаваў канцэрт Магілёўскага аркестра народных інструментаў імя Леаніда Іванова.
Ва ўрачыстым адкрыцці браў удзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр РАДЗЬКОЎ. Ён, дарэчы, з'яўляецца ўраджэнцам Быхаўшчыны і таму лепш за іншых ведае ўсе адметнасці гэтых мясцін.
— Наша пакаленне стварае дзяржаву. Мы павінны яе ўмацаваць і перадаць сваім дзецям у спадчыну, каб яны яе бераглі, — сказаў журналістам Аляксандр Радзькоў. — А ў чым сэнс дзяржавы? У святынях, у гэтым духу. У Быхава ёсць Лудчыцкая вышыня, Баркулабаўскі летапіс, іншыя гістарычныя святыя месцы. Калі мы іх будзем адчуваць, разумець і захоўваць — вось тады мы будзем моцныя як дзяржава.
Дзень 1 верасня, па традыцыі, пачаўся ў Быхаве са святочнай лінейкі ў сярэдняй школе № 1. На ёй прысутнічалі кіраўніцтва вобласці і горада, высокія госці. Акуратныя першакласнікі з букетамі кветак ззялі ўсмешкамі, але не менш радаваліся ўсе школьнікі і педагогі. У сувязі з Днём пісьменнасці будынак школы поўнасцю абнавілі, а ў фае адкрылася выстава інавацый у сферы адукацыі Магілёўскай вобласці.
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі, старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства Анатоль ТОЗІК, які браў удзел у школьных урачыстасцях, ацаніў святочны горад.
— У мяне вельмі добрае ўражанне ад Быхава, — сказаў Анатоль Тозік. — Па-мойму, на працягу года зроблена каласальная праца, і, галоўнае, усё гэта не дарэмна, таму што зроблена для горада і застанецца на заўтра і паслязаўтра. Вельмі шмат новых аб'ектаў, патрэбных людзям. Ну, можа, не хапіла часу, каб усюды новая трава вырасла... Але я мяркую, што гэты дзень надоўга запомніцца быхаўчанам і тым, хто прыехаў сюды, і не толькі з Беларусі.
Дзень адкрыццяў
Магілёўшчына сёлета жыла Днём пісьменства і падрыхтоўкай да яго. Свята адбілася ва ўсіх сферах жыцця, нават у традыцыйных сельскіх скульптурах, якія робяць увосень з саломы. У Магілёўскім раёне, па дарозе з абласнога цэнтра ў Быхаў з саламяных цюкоў зрабілі... раскрытую кнігу, са старонак якой нагадалі вандроўнікам пра беларускае свята 1 верасня.
Аднак на самой справе, усё пачалося ў суботу, 31 жніўня. Нягледзячы на пахмурнае неба і дробных дожджык, жыхары Быхава з дзецьмі сабраліся раніцай на адкрыццё абноўленага кінатэатра «Радзіма». Стары будынак захаваў свой адметны стыль, але ўнутры цалкам сучасны інтэр'ер, кавярня з кавай і папкорнам, утульная зала з мяккімі крэсламі. Дзецям і дарослым раздалі ЗD-акуляры і паказалі рэкламны ролік. Публіка на новыя тэхналогіі рэагавала бурнай радасцю, а квіткі на сеансы (пачыналі з беларускага мультфільма «Прыгоды Несцеркі
») раскупілі на некалькі дзён наперад.
— Тое, што Дзень пісьменства пачынаецца з адкрыцця кінатэатра, — знакавае мерапрыемства, — сказаў міністр культуры Беларусі Барыс СВЯТЛОЎ. — Кіно, можа, і не самае важнейшае для нас мастацтва, але ўсё ж лідар сярод іншых відаў. А ўвогуле мне падабаюцца гарады, якія рыхтуюцца да вялікіх рэспубліканскіх свят. Я бачу, як мяняецца іх знешні выгляд, як яны становяцца прыгажэйшымі. Я праязджаў па Быхаве — гэта ж зусім іншы горад! Ён і стары, і малады, урачыста сустракае сваіх гасцей.
Увогуле субота стала для Быхава днём адкрыццяў культурных аб'ектаў, якія былі адноўлены, адрамантаваны і прыведзены ў парадак да Дня беларускага пісьменства.
Здабыткі свята
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр РУДНІК відавочна ганарыцца тым, што ўдалося зрабіць сёлета ў Быхаве. Ён расказаў журналістам, што толькі ў райцэнтры было падрыхтавана да свята 129(!) самых розных аб'ектаў. Каштавала гэта 200 мільярдаў рублёў. Пётр Руднік падкрэсліў, што Быхаў заслужыў, каб стаць сталіцай юбілейнага ХХ Дня беларускага пісьменства.
— Сёння трэба звярнуць увагу на гісторыю: той народ, які памятае гісторыю, мае і будучыню, — нагадаў кіраўнік Магілёўскай вобласці.
— А мы яе памятаем. Сёлета ўжо 7 мільярдаў рублёў выдаткавана на рэстаўрацыю старажытнага Быхаўскага замка, і мы не спынімся. А тое, што зроблена ў горадзе, усе аб'екты будуць яшчэ доўгія гады служыць жыхарам Быхава і яго гасцям.
— Галоўнае ў свяце беларускага пісьменства — гэта тое, што Беларусь сцвярджае сваю будучыню ў новых аб'ектах і што мы вельмі ашчадна ставімся да нашай спадчыны, — пракаментавала першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ. — У тым, што мы захоўваем родную мову, але жывём у кантэксце сусветных працэсаў культуры. І наша нацыянальная літаратура, і ўвогуле ўсё, што робіцца ў Беларусі, — гэта прыклад і ўзор таго, як павінна развівацца дзяржава. Я рада і за Магілёўшчыну, і за ўсю родную Беларусь, якая дваццаты год крочыць сваім самастойным і вельмі прыгожым святам.
— Гэта свята аб'ядноўвае ўсё тое, што створана нашымі продкамі, — сказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый МАЛАШКА. — Гэта свята нашай вялікай Культуры, з вялікай літары. Мы маем сваё будучае, таму што па крупінках збіраем тое, што маем і прымнажаем. І Быхаў гэтаму добры прыклад.
Пісьменнікі ў сугуччы
На пасяджэнні міжнароднага «круглага стала» па тэме «Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны» абмяркоўваліся самыя розныя аспекты развіцця нацыянальных літаратур. Напрыклад, хто такі герой нашага часу.
— Герой нашага часу, мне здаецца, гэта чалавек, які жыве разам з намі, — адказаў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь КАРЛЮКЕВІЧ. — Не трэба, з аднаго боку, ідэалізаваць нашага сучасніка, і нас з вамі. А з другога, гэта тыя людзі, якія вельмі шмат уклалі ў здзяйсненні, якія адбыліся ў нашай краіне за апошнія два дзесяцігоддзі.
У пасяджэнні «круглага стала» бралі ўдзел беларускія і замежныя пісьменнікі. Сярод іх была ўкраінка Галіна Тарасюк, творы якой увайшлі ў кнігу Выдавецкага дома «Звязда» «Золотая струна» ў праекце «Сугучча сэрцаў: Беларусь—Украіна».
— Дарагія беларускія сябры і суседзі! — сказала ўкраінская пісьменніца і перакладчыца Галіна ТАРАСЮК. — Я маю вялікае шчасце пабываць на вашым вялікім і знакавым нацыянальным свяце. Душа радуецца, якая прыгожая ваша Беларусь і якія цудоўныя вашы людзі. І я звяртаюся да вас, каб вы любілі сваю дзяржаву, сваю культуру і асабліва родную мову — такую цудоўную, самабытную, звонкую, пяшчотную, прыгожую. Памятайце, што з мовы пачынаецца народ, пачынаецца нацыя.
Расійскі пісьменнік (дарэчы, ураджэнец Магілёўшчыны) і мецэнат Валерый КАЗАКОЎ традыцыйна прыязджае ў Беларусь на Дзень пісьменства.
— Вельмі прыемна, што свята вандруе з аднаго месца ў іншае, — сказаў Валерый. — Яно паказвае ўсю палітру друкаванага слова і ўваскрашае культуру маленькіх беларускіх гарадоў. Я ўпэўнены, што ў вяках застануцца бібліятэкі, а не помнікі нейкім царам. Увесь свет ужо дзве тысячы гадоў бядуе ад таго, што страціў Александрыйскую бібліятэку. А не па адным помніку рымскім імператарам ніхто галаву попелам не пасыпае. Таму дзякуй Богу, што ў Беларусі ёсць такое свята — Дзень пісьменства.
Вершы і іх чытальнікі
У Быхаве адкрылі абноўлены раённы Цэнтр культуры — вельмі сучасны і прыгожы будынак. У ім знайшлося месца і раённай бібліятэцы, і зале спартыўнай барацьбы. Адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар ураджэнца Быхаўшчыны Барыса Стральцова. Ён быў вядомым журналістам, пісьменнікам, выкладчыкам і навукоўцам, і сімвалічна, што сродкі на мемарыяльную дошку сабралі ў рэдакцыях беларускіх газет.
А на сцэне цэнтра культуры гучаў верш і другога магіляўчаніна Міхася Стральцова. Школьнікі з усяго Быхаўскага раёна прыходзілі праз спаборніцтва ў навучальных установах, каб два дзясяткі лепшых прыехалі ў райцэнтр на фінал — конкурса юных пытальнікаў «Жывая класіка».
— Мне 10 гадоў, і беларуская мова мне падабаецца, таму што яна цікавая, і... гэта мая родная мова, — расказвала дзяўчынка.
Дарэчы, у зале падчас конкурсу «Жывая класіка» не было куды яблыку ўпасці. Падобна на тое, што чытанне вершаў у вялікіх аўдыторыях зноў становіцца модным. Не выключана, што конкурсы юных чытальнікаў стануць папулярнымі ва ўсёй краіне і дазволяць дзецям адчуць прыгажосць беларускіх вершаў і роднай мовы ўвогуле.
Спачатку было слова
Галоўны герой свята — друкаванае слова. Людзі маглі пазнаёміцца з новымі беларускімі выданнямі на фестывалі кнігі і прэсы, які разгарнуўся каля галоўнай сцэнічнай пляцоўкі. Там была выстава і выдавецкага дома «Звязда».
Госці юбілейнага Дня беларускага пісьменства расказалі пра тое, што ў нашым цяперашнім матэрыяльным свеце слова ўсё ж такі не страчвае сваёй важнасці.
— Друкаванае слова заўсёды мела важнае значэнне для нашчадкаў, — сказаў Валерый Малашка. — І сёння гэтая важнасць не знікла. Няхай друкаванае слова сёння ўжо на электронных носьбітах, але гэта ёсць слова, якое будзе трансліраваць нашу культуру тым, хто будзе жыць пасля нас.
— Ёсць каштоўнасць увогуле ў слова, — сказаў Алесь Карлюкевіч. — Ёсць каштоўнасць у слова, за якім стаіць думка. А ўсё астатняе — гэта тэхналогіі, з якімі слова прыходзіць да чытача, чалавека думаючага. Жадаю ўсім быць уважлівым да слова, вельмі ашчадным у яго выкарыстанні. Думаць пра тое, як гэта слова адгукнецца ў грамадстве.
— Усё пачынаецца са слова, — выказаў сваё меркаванне Барыс Святлоў. — Якія ні былі б носьбіты, няхай і лічбавыя — а заўтра мы яшчэ далей прасунемся ў тэхнічным кірунку, але ж слова пісьмовае будзе асновай любой культуры. І, вядома ж, нашай беларускай.
— Друкаванае слова — гэта найвышэйшая каштоўнасць, бо ўсё пачынаецца са слова, з думкі, — лічыць Лілія Ананіч. — Мы сёння ў нашай краіне выдаём амаль што 4 кнігі на кожнага жыхара Беларусі — гэта найлепшы паказчык на постсавецкай прасторы. Леташні год па ініцыятыве нашага Прэзідэнта быў абвешчаны Год кнігі, і для нас ён не заканчваецца. Мне здаецца, што наогул усё, што робіцца гэтымі гадамі дзяржавай, сцвярджае: падмурак друкаванага слова будзе і надалей моцным. І на ніве друкаванага слова, духоўнасці будуць квітнець і новыя тэхналогіі, якія мы бачылі ў новым ЗD-кінатэатры, і будуць выдавацца новыя кнігі на іншых носьбітах. Але самае галоўнае, што мы разам ствараем будучыню нашай роднай Беларусі.
На доўгую памяць
Відаць, быхаўскія людзі маюць сваё лобі ў нябеснай канцылярыі. Калі субота прайшла хоць і ў святочным настроі, але ў шэрай перадвосеньскай дымцы, то ў нядзелю, насуперак усім змрочным прагнозам, у небе Магілёўскай вобласці заззяла сонейка.
Калі шчыра, то свята ў Быхаве літаральна закружыла галаву. Праграма юбілейнага Дня беларускага пісьменства была настолькі насычанай, што ўбачыць усё было проста немагчыма. Прычым кожны мог абраць асабліва цікавае для сябе.
Манументальная скульптура «Баркулабаўскі летапіс» на Кастрычніцкай плошчы стала месцам паломніцтва адразу пасля цырымоніі адкрыцця. Каля прыгожай і вялізнай кнігі бясконца тоўпіўся народ, узброены камерамі і фотаапаратамі, дзеля здымка на памяць. Госці Быхава наведвалі старажытныя помнікі архітэктуры. Часткова і сінагога, і Быхаўскі замак былі зацягнуты палатном дзеля эстэтычнага выгляду святочных пляцовак.
Каля сінагогі выступалі тэатральныя калектывы са спектаклямі, у тым ліку і на яўрэйскую тэматыку. Там жа адбылася цырымонія перадачы значнай сумы грошай ад Расійскага яўрэйскага кангрэса на першыя крокі ў рэстаўрацыі сінагогі, якая можа стаць музеем яўрэйскай культуры ў будучым. На замкавым падворку можна было ўбачыць рыцараў, у адрэстаўраваныя вежы стаяла чарга на агляд археалагічнай экспазіцыі.
Беларускія гарады, якія станавіліся сталіцамі Дня беларускага пісьменства, прадставілі свае экспазіцыі з усім лепшым і цікавым. Але ўсіх «перамог» Мсціслаў, дзе, як і было абяцана, у вялікім акварыуме з дыстыляванай вадой былі выстаўлены фрагмент даспеха і шлема пачатку ХVІ стагоддзя, знойдзеных нядаўна ў рацэ Віхра. Тое, што гэты старажытны горад штогод прымае «Рыцарскі фэст», мясцовае кіраўніцтва лічыць шчаслівым супадзеннем. Народ тоўпіўся каля сенсацыйнай знаходкі, а гісторык і сенатар Ігар МАРЗАЛЮК паведаміў, што археолагі на гэтым тыдні вяртаюцца на Мсціслаўшчыну працаваць.
Духоўны пажытак
Падворкі на цэнтральнай вуліцы былі цалкам святочныя: вернісажы і батлейкі, вышыванкі і карункі, народныя і сучасныя рамёствы, смачная ежа і напоі, канцэрты народных калектываў. Аднак тут знайшлося месца і для літаратурнай творчасці. Нават там, дзе гандлявалі толькі прысмакамі, знаходзілі куточак для таго, каб выставіць кнігі. Напрыклад, торт у выглядзе кнігі — таксама даніна Дню пісьменства.
На вялікай пляцоўцы на вуліцы Леніна выступалі паэты і выканаўцы песень. Касцюковіцкая паэтка Святлана ДАСЬКОВА вельмі хвалявалася перад выступленнем: яна вярнулася на радзіму пасля пэўнага перыяду жыцця ў Маскве і свае вершы піша на рускай і беларускай мовах.
— Так шчыра спляліся дзве мовы, як стужкі, у іхнім спляценні няма там разладу, а толькі душу закрануць сантыменты..., — чытала Святлана пяшчотным голасам і расказвала, што Дзень беларускага пісьменства для яе з'яўляецца асаблівым святам і выклікае добрыя пачуцці.
Адна з самых удалых вулічных кніжных акцый — буккросінг, арганізаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя Леніна. Калі казаць проста, то гэта бясплатны абмен кнігамі: можна проста так узяць кнігу і можна падараваць для іншых сваю. Дэвіз буккросінгу — «Прачытаў сам — перадай іншаму». У Быхаў бібліятэкары прывезлі шмат добрых кніг і замежных, і беларускіх аўтараў.
— Мне падабаецца чытаць на беларускай мове, — сказала быхаўчанка Галіна, якая ўзяла сабе кнігу твораў Івана Шамякіна. — Я па прафесіі бухгалтар, але школу ў Быхаве заканчвала беларускую, так што веды засталіся. Мне падабаюцца кнігі і падабаецца гэтае свята. Скажу вам шчыра, я такога вялікага і добрага фэсту ў Быхаве не памятаю. У маім жыцці яно здарылася ўпершыню, і няхай будзе не апошнім!
З надзеяй на сустрэчу
У Быхаве адбылася яшчэ адна значная для горада падзея: на Прывакзальнай плошчы ўрачыста адкрыліся абноўленыя чыгуначная і аўтамабільная станцыі. Духавы аркестр і ансамбль барабаншчыц і мажарэтак адпавядаў важнасці моманту. Таму што будынкі вакзалаў — мара пасажыраў: светлыя, сучасныя, камфортныя. На навакольнай тэрыторыі ўсё зроблена стыльна: лавы з ліццём, вялікія круглыя гадзіннікі на пероне, стройны рад каштанаў каля рэек. І новы цягнік прыбыў з Магілёва.
Але цэнтр плошчы — гэта скульптура магілёўскага аўтара Андрэя Вараб'ёва, неверагодна прыгожая, якая выклікае эмоцыі ў людзей. «На ростанях» малады чалавек абдымае дзяўчыну, яна нават адарвалася ад зямлі. Кветкавы букет, ад пачуццяў заплюшчаныя вочы, стос кніжак беларускіх класікаў у руках хлопца. На адным баку скульптуры напісана слова «сустрэча», на іншым — «развітанне». Кожны бачыць сваё.
— Развітанне і сустрэча — адно немагчыма без іншага, і гэта ёсць наша жыццё, — тлумачыць філасофію твора Андрэй Вараб'ёў. — Хаця гэта біяграфічная праца, бо ў мяне было такое развітанне.
— Ой, я чытала беларускіх пісьменнікаў з гэтага стоса кніг, — дзяўчына перабірае пальцамі знаёмыя прозвішчы на скульптуры. — Вядома ж, Купалу і Коласа я ведаю. Іншых яшчэ буду чытаць. Але мне падаецца, што чытаць кнігі гэты хлопец будзе ў адзіноце: яны з дзяўчынай развітваюцца.
Маладыя людзі, якія бралі ўдзел у адкрыцці скульптуры, бачаць у постацях скульптурнай кампазіцыі, хутчэй, развітанне. Падлеткі зрабілі на плошчы перфоманс: навокал скульптуры абдымаліся пары. Але ўсё ж такі з надзеяй на сустрэчу ў Быхаве, дзе не забудуцца на роднае слова. У горадзе, які выдатным Днём беларускага пісьменства натхніў сваіх гасцей і сваіх жыхароў на новае культурнае жыццё.
Ілона ІВАНОВА.
г. Быхаў.
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.